20187.fb2 Маўглi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 27

Маўглi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 27

Амаль палова чарады ўбачыла пастку, у якую трапiлi iх браты, крута павярнула ўбок i кiнулася ў ваду там, дзе цяснiна станавiлася шырэйшаю i пераходзiла ў крутыя берагi. Iхнi шалёны брэх i пагрозы "лясной малпе", якая давяла iх да такой ганьбы, змешвалiся з выццём i гырканнем сабак, якiх караў Маленькi Народ. Заставацца на беразе пагражала смерцю, i ўсе сабакi зразумелi гэта. Чараду зносiла па цячэннi ўсё далей i далей, да Затокi Мiру, але нават i туды сярдзiты Маленькi Народ ляцеў за сабакамi i заганяў iх у ваду.

Маўглi чуў голас бясхвостага важака, якi загадваў сваiм не адступаць i знiшчыць усiх сiянiйскiх ваўкоў.

- Хтосьцi забiвае ў цемры ззаду нас! - забрахаў адзiн з сабак. - Вада тут памутнела!

Маўглi нырнуў, кiнуўшыся ўперад, як выдра, зацягнуў сабаку пад ваду раней, чым той паспеў разявiць зяпу, i цёмныя, маслянiстыя плямы паплылi па Затоцы Мiру, калi цела сабакi, перавярнуўшыся на бок, выплыла з вады. Сабакi хацелi павярнуць назад, але плынь зносiла iх унiз. Маленькi Народ джалiў у галовы i вушы, а поклiч Сiянiйскай Чарады гучаў усё мацней i мацней у надыходзячай цемры. Маўглi зноў нырнуў, i зноў адзiн сабака пайшоў пад ваду i выплыў мёртвы, i зноў узняўся шум у тыле чарады - адны гарланiлi, што лепш выйсцi на бераг, другiя патрабавалi, каб важак вёў iх назад у Дэкан, астатнiя крычалi, каб Маўглi паказаўся iм i даў сябе забiць.

- Калi яны выходзяць бiцца, дык становяцца ў два разы больш злосныя i крыклiвыя, - сказаў Каа. - Астатняе зробяць твае браты там, унiзе. Маленькi Народ паляцеў на начлег, i я таксама пайду адсюль. Я не памагаю ваўкам.

Па беразе прабег воўк на трох нагах; ён то прытанцоўваў, то прыпадаў бокам да зямлi, то выгiнаў спiну i падскокваў футы на два ўгору, быццам забаўляўся са сваiмi ваўчанятамi. Гэта быў чужынец Вантала. Ён нi разу не вымавiў нi слова, але не спыняў свае страшныя скокi на вачах у сабак.

Сабакi доўга прабылi ў вадзе i ледзьве плылi: iхнiя шкуры намоклi i пацяжэлi, калматыя хвасты набрынялi, як губкi, а самi яны так стамiлiся i аслабелi, што моўчкi пазiралi на два палаючыя вокi, што неадступна праводзiлi iх.

- Кепскае гэта паляванне, - сказаў нарэшце адзiн з сабак.

- Добрага палявання! - сказаў Маўглi. Ён смела выскачыў з вады побач з iм i ўсадзiў доўгi нож яму пад лапатку, ды так, што сабака нават не аскiрзнуўся.

- Гэта ты, чалавек-воўк? - спытаў Вантала з берага.

- Запытайся ў мёртвых, Чужынец, - адказаў Маўглi. - Хiба яны не плывуць унiз па рацэ? Я ўволю накармiў гэтых сабак граззю, я ашукаў iх сярод белага дня, а iхнi важак застаўся без хваста, але ўсё ж i на тваю долю яшчэ хопiць. Куды iх гнаць?

- Я пачакаю, - сказаў Вантала. - Уся доўгая ноч перада мною, там паглядзiм.

Усё блiжэй i блiжэй чуўся брэх сiянiйскiх ваўкоў:

- За Чараду, за ўсю Чараду мы прымаем бой!

I нарэшце лукавiна Вайнгангi вынесла рудых сабак на пяскi i водмелi насупраць Сiянiйскiх Пячор.

Тут яны зразумелi сваю памылку. Iм трэба было выбрацца з вады раней i напасцi на ваўкоў на беразе. Цяпер было занадта позна. Па ўсёй водмелi свяцiлiся палаючыя вочы, i, апрача страшнага пхiялу, што не сцiхаў ад самага захаду сонца, у джунглях не чуваць было нi гуку. Збоку здавалася, быццам Вантала ўпрошвае сабак выйсцi на бераг. I важак сабак крыкнуў iм:

- Павярнiцеся i нападайце!

Уся чарада кiнулася да берага, расплюхваючы i распырскваючы мелкую ваду, так што паверхня Вайнгангi закiпела пенаю i вялiкiя хвалi пайшлi па рацэ, быццам узнятыя параходам. Маўглi рынуўся ў бойку, калоў i рэзаў сабак, што, збiўшыся ў кучу, нiбы хваля, павалiлi на ўзбярэжны пясок.

I пачалася доўгая бiтва.

Ваўкi бiлiся на мокрым чырвоным пяску, памiж пераблытанымi каранямi дрэў, у кустах, у гушчары травы, бо нават i цяпер сабак было двое на аднаго ваўка. Але ворагi-ваўкi бiлiся не на жыццё, а на смерць, i бiлiся не адны толькi шыракагрудыя, iкластыя паляўнiчыя, але i ваўчыцы з дзiкiмi вачамi бiлiся за сваiх ваўчанят, а сям-там побач з iмi i аднагадовае ваўчаня, яшчэ не пералiнялае i ўсё кудлатае, таксама хапала зубамi i тузала ворага. Трэба вам сказаць, што воўк звычайна хапае за горла або за бок, а сабакi больш кусаюць за ногi, таму, пакуль сабакi валтузiлiся ў вадзе i вымушаны былi высока трымаць галаву, перавага была на баку ваўкоў; на сушы ваўкам даводзiлася туга, але i ў вадзе i на сушы нож Маўглi падымаўся i бiў аднолькава.

Чацвёрка прабiлася да Маўглi на дапамогу. Шэры Брат, прыпаўшы да каленяў хлопчыка, баранiў яго жывот, астатнiя трое ахоўвалi яго спiну i бакi або стаялi над iм, калi раз'юшаны сабака, з выццём кiдаючыся проста на нож, скачком збiваў Маўглi з ног. А далей усё змяшалася, збiлася ў кучу, якая кiдалася справа налева i злева направа па беразе. Адзiн раз Маўглi мелькам бачыў Акелу: на яго з двух бакоў населi сабакi, а сам ён учапiўся бяззубымi скiвiцамi ў сцягно трэцяга.

Ноч мiнала, i шпаркi, галавакружны бег на месцы ўсё паскараўся. Сабакi прытамiлiся i ўжо баялiся нападаць на дужэйшых ваўкоў, хоць яшчэ i не асмельвалiся ратавацца ўцёкамi; але Маўглi адчуваў, што наблiжаецца канец, i задавольваўся тым, што выводзiў сабак са строю. Аднагадовыя ваўкi цяпер нападалi смялей, можна было ўздыхнуць вальней, i ўжо адзiн бляск нажа прымушаў сабак кiдацца наўцёкi.

- Мяса абгрызена амаль да касцей! - прахрыпеў Шэры Брат.

- Але косцi яшчэ трэба разгрызцi, - адказаў яму Маўглi. - Вось як робiцца ў нас у джунглях! - Чырвонае лязо нажа слiзганула, як полымя, па баку сабакi, сцёгны якога знiклi пад ваўком, што навалiўся на яго.

- Мая здабыча! - агрызнуўся воўк i зморшчыў нос. - Пакiнь яе мне!

- Няўжо табе ўсё яшчэ мала, Чужынец? - сказаў Маўглi.

Вантала быў страшэнна пашматаны, але трымаў сабаку, нiбы ў цiсках, i той не мог паварушыцца.

- Клянуся буйвалам, што выкупiў мяне, - зларадна смеючыся, крыкнуў Маўглi, - гэта Куртаты!

I сапраўды, гэта быў вялiкi цёмна-руды важак.

Адзiн з сабак падскочыў на дапамогу важаку, але, перш чым яго зубы ўпiлiся ў бок Ванталы, нож Маўглi ўжо тырчаў у яго грудзях, а Шэры Брат дакончыў астатняе.

- Вось як робiцца ў нас у джунглях! - сказаў Маўглi.

Вантала не адказаў нi слова, толькi скiвiцы старога адзiнца сцiскалiся ўсё мацней i мацней, па меры таго як жыццё пакiдала яго. Сабака ўздрыгнуў, апусцiў галаву i замёр. Вантала замёр над iм.

- Цiшэй! Доўг Крывi сплачаны! - сказаў Маўглi. - Праспявай сваю песню, Вантала!

- Ён больш не выйдзе на паляванне, - сказаў Шэры Брат. - I Акела таксама маўчыць, ужо даўно.

- Мы разгрызлi косцi! - прагрымеў Пхао, сын Пхаоны. - Яны ўцякаюць! Забiвайце, забiвайце iх, Паляўнiчыя Вольнага Народа!

Сабакi адзiн за другiм крадком разбягалiся з пацямнелых ад крывi водмеляў да ракi, у густыя джунглi, уверх па цячэннi або ўнiз па цячэннi - туды, дзе дарога была свабодная.

- Доўг! Доўг! -крыкнуў Маўглi. - Плацiце Доўг! Яны забiлi Акелу! Няхай нiводзiн з iх не выйдзе адсюль жывы!

Ён памчаўся да берага з нажом у руцэ, каб не даць уцячы нiводнаму сабаку, якi адважыўся б кiнуцца ў раку. Але тут з-пад гары мёртвых целаў паказалася галава i пярэднiя лапы Акелы, i Маўглi апусцiўся перад iм на каленi.

- Хiба я не казаў, што гэта будзе мой апошнi бой? - прашаптаў Акела. Слаўнае было паляванне. А як ты, Маленькi Брат?

- Я жывы, Акела...

- Хай будзе так. Я памiраю, i я хацеў бы... хацеў бы памерцi блiжэй да цябе, Маленькi Брат.

Маўглi палажыў страшную, усю ў ранах, галаву Акелы сабе на каленi i абхапiў рукамi яго скусаную шыю.

- Даўно мiнулi часы, калi жывы быў Шэр-Хан, а чалавечае дзiцяня качалася голае ў пыле, - кашляючы, сказаў Акела.

- Не, не, я воўк! Я адной крывi з Вольным Народам! - усклiкнуў Маўглi. Не па сваёй волi я стаў чалавекам!

- Ты чалавек, Маленькi Брат, ваўчаня, узгадаванае мною. Ты чалавек, iнакш Чарада ўцякала б ад Дзiкiх Сабак. Табе я абавязаны жыццём, а сёння ты выратаваў усю Чараду, як я калiсьцi выратаваў цябе. Хiба ты не памятаеш? Цяпер сплачаны ўсе даўгi. Iдзi да свайго народа. Кажу табе яшчэ раз, зрэнка майго вока, паляванне скончана. Iдзi да свайго народа.

- Я не пайду. Я пачну хадзiць на паляванне ў джунглях адзiн. Я ўжо казаў.

- Пасля лета прыходзяць дажджы, а пасля дажджоў - вясна. Iдзi, пакуль цябе не прымусяць пайсцi. Iдзi да свайго народа. Iдзi да чалавека. Больш мне няма чаго табе сказаць. Цяпер буду гаварыць са сваiмi. Маленькi Брат, можаш ты падняць мяне на ногi? Я ж таксама Важак Вольнага Народа.

Вельмi асцярожна i ласкава Маўглi аберуч абхапiў Акелу i падняў яго на ногi, а воўк глыбока ўздыхнуў i пачаў Песню Смерцi, якую павiнен спяваць кожны важак памiраючы. Песня станавiлася ўсё больш i больш гучнай, гучала ўсё мацней i мацней, прагрымела далёка за ракой, а калi замоўкла апошняе "Добрага палявання!", Акела выслабанiўся на момант з рук Маўглi, падскочыў у паветра i ўпаў мёртвы на сваю апошнюю, страшную здабычу.

Маўглi сядзеў, звесiўшы галаву на каленi, забыўшы пра ўсё, а тым часам апошняга з параненых сабак дагналi i прыкончылi бязлiтасныя ваўчыцы. Паступова крыкi зацiхлi, i ваўкi, кульгаючы, вярнулiся лiчыць мёртвых. Пятнаццаць ваўкоў з Чарады, а з iмi шэсць ваўчыц ляжалi мёртвыя каля ракi, i з усiх астатнiх не было нiводнага, якi б нi быў не паранены. Маўглi праседзеў усю ноч, да халоднага свiтанку. Вiльготная ад крывi пыса Пхао легла яму на руку, i Маўглi адсунуўся, каб той мог бачыць распасцёртае цела Акелы.

- Добрага палявання! - сказаў Пхао, быццам Акела быў яшчэ жывы, а потым павярнуўся i кiнуў цераз пакусанае плячо астатнiм: - Выйце, сабакi! Сёння памёр Воўк!