20187.fb2 Маўглi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Маўглi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

- Уу-х! - уздыхнуў Балу, зноў апынуўшыся сярод нерухомых дрэў. - Нiколi больш не буду прасiць дапамогi ў Каа! - I ён увесь скалануўся з галавы да ног.

- Каа ведае больш за нас, - уся калоцячыся, сказала Багiра. - Яшчэ крышку, i я падалася б проста да яго ў пашчу.

- Шмат хто пойдзе туды, перш чым месяц узыдзе яшчэ раз, - адказаў Балу. Ён добра папалюе - на свой лад.

- Але што ўсё гэта азначае? - спытаў Маўглi, якi нiчога не ведаў пра гiпнатычную сiлу змяi. - Я толькi бачыў вялiкую змяю, якая выпiсвала для чагосьцi кругi па зямлi, пакуль не сцямнела. I нос у Каа быў увесь разбiты. Ха-ха!

- Маўглi, - сярдзiта сказала Багiра, - нос ён разбiў, ратуючы цябе, гэтак жа як мае вушы, бакi i лапы, плечы i шыя Балу былi пакусаны, калi мы ратавалi цябе. Балу i Багiры цяжка будзе хадзiць на паляванне.

- Гэта дробязi, - сказаў Балу. - Затое дзiцяня зноў з намi!

- Праўда, але гэта нам дорага каштавала: праз яго мы былi зранены, патрацiлi столькi часу, не схадзiлi на паляванне, заплацiлi ўласнай скурай - у мяне выскублена ўся спiна - i нават нашым гонарам. Бо, не забывай пра гэта, мне, чорнай пантэры, давялося прасiць дапамогi ў Каа, i мы з Балу страцiлi розум, як малыя птушаняты, калi ўбачылi Танец Голаду. А ўсё таму, што ты гуляў з Бандар-Логамi!

- Праўда, усё гэта праўда, - сказаў Маўглi засмучана. - Я кепскае дзiцяня, i ў жываце ў мяне горка.

- Мф! Што гаворыць Закон Джунгляў, Балу?

Балу зусiм не хацеў новых непрыемнасцей для Маўглi, але з Законам не жартуюць, i таму ён прабурчаў:

- Гора не вызваляе ад пакарання. Толькi не забудзь, Багiра, што ён яшчэ малы!

- Не забуду. Але ён нарабiў бяды, i цяпер трэба яго набiць. Маўглi, што ты на гэта скажаш?

- Нiчога! Я вiнаваты. А вы абое паранены. Гэта толькi справядлiва.

Багiра дала яму з дзесятак плескачоў, лёгенькiх, на думку пантэры (яны нават не разбудзiлi б яе ўласнае дзiцяня), але для сямiгадовага хлопчыка гэта была суровая лупцоўка, ад якой кожны рад быў бы пазбавiцца. Калi ўсё скончылася, Маўглi чхнуў i моўчкi падняўся на ногi.

- А цяпер, - сказала Багiра, - залазь мне на спiну, Маленькi Брат, i мы рушым дадому.

Адным з прывабных бакоў Закону Джунгляў з'яўляецца тое, што пасля пакарання заканчваюцца ўсе разлiкi. Пасля яго не бывае нiякiх прыдзiрак.

Маўглi апусцiў галаву на спiну Багiры i заснуў так моцна, што нават не прачнуўся, калi яго паклалi на зямлю ў роднай бярлозе.

"ТЫГР, ТЫГР!"

Пасля бойкi на Скале Рады Маўглi пайшоў з воўчага логава i спусцiўся ўнiз, да палеткаў, дзе жылi людзi, але не застаўся там - джунглi былi занадта блiзка, а ён ведаў, што на Радзе нажыў сабе не аднаго лютага ворага. I таму ён пабег далей, трымаючыся дарогi па дне далiны, i адмахаў каля дваццацi мiляў роўнай рыссю, пакуль не дабраўся да мясцiн, якiх яшчэ не ведаў. Тут пачыналася шырокая раўнiна, усыпаная скаламi i зрэзаная ярамi. На адным краi раўнiны стаяла маленькая вёсачка, з другога канца густыя джунглi дугой падыходзiлi да самага выгану i адразу абрывалiся, быццам зрэзаныя матыкай. Па ўсёй раўнiне пасвiлiся каровы i буйвалы, i хлопчыкi, што пiльнавалi статак, убачыўшы Маўглi, уцяклi з крыкам, а бяздомныя рудыя сабакi, якiх заўсёды многа каля кожнай iндыйскай вёскi, узнялi брэх. Маўглi пайшоў далей, бо быў галодны, i калi дайшоў да вясковай аколiцы, дык убачыў, што вялiкi цярновы куст, якiм на змярканнi загароджваюць вароты, адсунуты ўбок.

- Гм! - сказаў Маўглi (ён не ўпершыню натыкаўся на такiя загароды ў час сваiх начных вылазак у пошуках ежы). - Значыцца, людзi i тут баяцца Народа Джунгляў!

Ён сеў каля варотаў, i як толькi за вароты выйшаў чалавек, усхапiўся на ногi, разявiў рот i паказаў на яго пальцам, паказаў, што хоча есцi. Чалавек паглядзеў на яго, пабег назад па адзiнай вясковай вулiцы i паклiкаў жраца высокага i тоўстага чалавека, апранутага ва ўсё белае, з чырвоным i жоўтым знакам на лбе. Жрэц падышоў да варотаў, а за iм прыбегла не менш сотнi жыхароў вёскi: яны вылуплiвалi вочы, балбаталi, крычалi i паказвалi на Маўглi пальцамi.

"Якiя яны няветлiвыя, гэтыя людзi! - сказаў сам сабе Маўглi. - Толькi шэрыя малпы гэтак сябе паводзяць". I, адкiнуўшы назад свае доўгiя валасы, ён панура зiрнуў на натоўп.

- А чаго тут баяцца? - сказаў жрэц. - Бачыце знакi ў яго на руках i нагах? Гэта воўчыя ўкусы. Ён воўчы прыёмыш i прыбег да нас з джунгляў.

Гуляючы з Маўглi, ваўчаняты даволi часта кусалi яго мацней, чым хацелi, i рукi i ногi хлопчыка былi спрэс усыпаны белымi шрамамi. Але Маўглi нiколi ў жыццi не назваў бы гэтыя шрамы ўкусамi: ён добра ведаў, якiя бываюць сапраўдныя ўкусы.

- Вой! Вой! - сказалi ў адзiн голас дзве-тры кабеты. - Увесь пакусаны ваўкамi, бедненькi! Прыгожы хлопчык. Вочы ў яго, як агеньчыкi. Дапраўды, Месуа, ён вельмi падобны на твайго сына, якога схапiў тыгр.

- Дайце мне зiрнуць, - сказала жанчына з цяжкiмi медзянымi бранзалетамi на запясцях i шчыкалатках i, пазiраючы з-пад далонi, паглядзела на Маўглi. - Ага, вельмi падобны! Ён худзейшы, затое з твару вылiты мой сын.

Жрэц быў чалавек хiтры i ведаў, што муж Месуi - адзiн з найпершых вясковых багацеяў. I таму ён узняў вочы да неба i ўрачыста прамовiў:

- Што джунглi ўзялi, тое джунглi i аддалi. Вазьмi хлопчыка да сябе ў дом, сястра мая, i не забывайся аказваць пашану жрацу, перад якiм адкрыта ўся будучыня чалавека.

"Клянуся буйвалам, якi выкупiў мяне, - падумаў Маўглi, - усё гэта вельмi нагадвае тое, як мяне аглядала Чарада! Што ж, калi я чалавек, дык буду чалавекам".

Натоўп расступiўся, i жанчына зрабiла Маўглi знак, каб ён iшоў за ёю ў хацiну, дзе стаяў чырвоны лакiраваны ложак. А яшчэ там было шмат рэчаў: вялiкая глiняная пасудзiна для збожжа, аздобленая пацешным выпуклым узорам, з паўтузiн медных кацялкоў для прыгатавання ежы, бажок у маленькай нiшы i на сцяне - сапраўднае люстэрка, якое можна купiць на вясковым кiрмашы за восем цэнтаў.

Жанчына дала Маўглi ўволю малака i кавалачак хлеба, потым паклала руку яму на галаву i зазiрнула ў вочы; ёй усё-такi думалася, што, магчыма, гэта i сапраўды яе родны сын вярнуўся з джунгляў, куды яго знёс тыгр. I яна паклiкала:

- Натху! О Натху!

Маўглi нiчым не паказаў, што гэтае iмя ямў знаёма.

- Хiба ты забыўся пра той дзень, калi я падарыла табе новыя чаравiкi? Яна дакранулася да яго ступнi, цвёрдай, амаль як рог. - Не, - сказала яна засмучана, - гэтыя ногi нiколi не ведалi чаравiкаў. Але ты вельмi падобны на майго Натху i будзеш маiм сынам.

Маўглi зрабiлася нядобра, бо ён дагэтуль нiколi не бываў у чалавечым доме. Але, паглядзеўшы на саламяную страху, хлопчык убачыў, што зможа яе разабраць, калi захоча выбрацца на волю, i што акно не замыкаецца.

"Якая карысць быць чалавекам, калi не разумееш чалавечай гаворкi? - сказаў ён сам сабе. - Тут я гэтакi ж дурны i нямы, як чалавек у нас у джунглях. Трэба навучыцца iхняй мове".

Нездарма, жывучы з ваўкамi, ён навучыўся пераймаць баявы поклiч аленяў у джунглях i рохканне дзiкоў. Як толькi Месуа гаварыла якое-небудзь слова, Маўглi вельмi падобна паўтараў яго за ёю i яшчэ да змяркання завучыў назвы шмат якiх рэчаў у хацiне.

Надышоў час спаць, але Маўглi нiзашто не хацеў лажыцца ў хацiне, падобнай на пастку для пантэры, i калi зачынiлi дзверы, ён выскачыў у акно.

- Не чапай яго, - сказаў муж Месуi. - Не забывайся, што ён яшчэ нiколi не спаў на ложку. Калi ён i праўда пасланы нам замест сына, ён нiкуды не ўцячэ.

I Маўглi расцягнуўся сярод высокай чыстай травы на краi поля. Але не паспеў ён заплюшчыць вочы, як нечы мяккi шэры нос штурхнуў яго ў шыю.

- Фу! - сказаў Шэры Брат (гэта быў старэйшы з дзiцянят Мацi Ваўчыхi). Варта было дзеля гэтага бегчы за табою дваццаць мiляў! Ад цябе пахне дымам i хлявом - зусiм як ад чалавека. Прачнiся, Маленькi Брат, я прынёс табе навiны.

- Цi ўсе здаровы ў джунглях? - спытаў Маўглi, абдымаючы яго.

- Усе, апрача ваўкоў, якiх абсмалiла Чырвоная Кветка. Цяпер слухай. Шэр-Хан пайшоў на паляванне ў далёкiя лясы, пакуль не загоiцца яго шкура, - ён увесь у апёках. Ён пакляўся, што кiне твае косцi ў раку, як вернецца.

- Ну, гэта мы яшчэ пабачым. Я таксама ў сiм-тым пакляўся. Аднак навiны заўсёды прыемна пачуць. Я стамiўся сёння, вельмi стамiўся ад усяго новага, Шэры Брат, але ты мне заўсёды расказвай, што ведаеш новага.

- Ты не забудзешся, што ты воўк? Людзi не прымусяць цябе забыцца пра нас? - трывожна спытаў Шэры Брат.

- Нiколi! Я нiколi не забуду, што люблю цябе i ўсiх у нашай пячоры. Але не забуду i таго, што мяне прагналi з Чарады...

- ...i што цябе могуць прагнаць з другой чарады, Маленькi Брат. Людзi ёсць людзi, i гаворка iх падобная на гаворку жаб у сажалцы. Калi я прыйду сюды зноў, буду чакаць цябе ў бамбуку на краi выгану.

На працягу трох месяцаў пасля гэтай ночы Маўглi амаль не выходзiў за вясковыя вароты, гэтак ён быў заняты вывучэннем характару i звычак людзей. Перш за ўсё яму давялося надзець павязку вакол бёдраў, што вельмi яму замiнала, потым, незразумела навошта, навучыцца лiчыць грошы, потым араць зямлю, у чым ён не бачыў карысцi. Вясковыя дзецi ўвесь час дражнiлi яго. На шчасце, Закон Джунгляў навучыў Маўглi стрымлiвацца, бо ў джунглях ад гэтага залежыць жыццё. Але калi дзецi дражнiлi яго за тое, што ён не хацеў гуляць з iмi або запускаць змея, або за тое, што ён не так вымаўляў якое-небудзь слова, адна толькi думка, што ганебна для паляўнiчага забiваць маленькiх, бездапаможных дзiцянят, не дазваляла яму схапiць i разарваць iх напалам.

Маўглi сам не ведаў сваёй сiлы. У джунглях ён адчуваў сябе куды слабейшым за звяроў, а ў вёсцы людзi казалi, што ён дужы, як бугай. Ён не разумеў, што такое страх, i калi вясковы жрэц сказаў яму, што бог у храме разгневаецца на Маўглi, калi ён будзе красцi ў жраца салодкiя плады манга, Маўглi схапiў статую бажка, прывалок яе да жраца ў дом i папрасiў зрабiць так, каб бог разгневаўся i Маўглi можна было б пабiцца з iм. Спакуса была вялiкая, але жрэц не даў ходу гаворцы, а мужу Месуi давялося заплацiць нямала серабра, каб супакоiць бога.

Апрача таго, Маўглi зусiм не разбiраўся ў той рознiцы памiж людзьмi, якую стварае каста. Калi асёл ганчара звалiўся ў яму, Маўглi выцягнуў яго за хвост i дапамог скласцi гаршкi для адпраўкi на рынак у Канхiвару. Гэта было ўжо зусiм кепска, бо ганчар належаў да нiжэйшай касты, а пра асла i гаварыць няма чаго. Калi жрэц пачаў сварыцца на Маўглi, той прыгразiў, што пасадзiць i яго на асла, i жрэц сказаў мужу Месуi, што сама лепш - як найхутчэй знайсцi Маўглi якi-небудзь занятак. Пасля гэтага вясковы стараста загадаў Маўглi iсцi заўтра ранiцай на пашу пiльнаваць буйвалаў. Больш за ўсiх быў задаволены гэтым Маўглi. У той жа вечар, лiчачы сябе ўжо на службе ў вёскi, ён далучыўся да гурту, што збiраўся кожны вечар на каменнай пляцоўцы пад вялiкай смакоўнiцай. Гэта быў вясковы клуб, куды сыходзiлiся папалiць i стараста, i цырульнiк, i вартаўнiк, якiя ведалi ўсе да адной вясковыя плёткi, i стары Балдзео, вясковы паляўнiчы, што меў ангельскi мушкет. Малпы сядзелi i гаманiлi на верхнiх галiнах смакоўнiцы, а ў нары пад пляцоўкай жыла кобра, якой кожны вечар ставiлi сподачак малака, бо яна лiчылася свяшчэннай. Старыя садзiлiся вакол дрэва, гаманiлi да позняй ночы i палiлi тытунь з вялiкiх кальянаў. Яны расказвалi дзiвосныя гiсторыi пра людзей, багоў i зданi, а Балдзео расказваў яшчэ больш дзiвосныя гiсторыi пра звычкi звяроў у джунглях, так што ў хлопчыкаў, што сядзелi за кругам, дух займала. Больш за ўсё расказвалi пра звяроў, бо джунглi падыходзiлi да самай вёскi. Аленi i дзiкi травiлi пасевы, i час ад часу ў змроку тыгр хапаў чалавека на вачах ва ўсiх, ледзь не каля саменькiх вясковых варотаў.