21191.fb2
Ён настойваў:
- Ну, прызнайся. Гэтай скацiне так бы пасавалi прыгожыя рогi! Гэта было б так пацешна, так пацешна! Дабрадзею Суры! Ну, ну, шаноўная, мне, мне, асаблiва мне ты можаш у гэтым прызнацца.
Ён нацiскаў на гэтае "мне", бо лiчыў, што калi б ёй калiсьцi зажадалася здрадзiць Суры, яна б зрабiла гэта з iм, з Лёе, i ён дрыжаў ад асалоды ў прадчуваннi такога прызнання, упэўнены, што, калi б цнота гэтае жанчыны не была настолькi непарушная, ён бы ўжо раней авалодаў ёй.
Але яна не адказвала, а ўсё хiхiкала, быццам згадаўшы штосьцi вельмi пацешнае.
А i самога Лёе пачало трэсцi ад думкi, што ён мог бы зрабiць Суры рагатым! Якi жарт! Вось дык штука! Папраўдзе, якая добрая штука!
Ён лапатаў памiж прыступамi смеху:
- Небарака Суры, небарака Суры, ах, яго галава акурат прыдатная для такой аздобы, прыдатная, прыдатная!
А панi Лёе, насмяяўшыся да слёз i траха не закрычаўшы, курчылася пад коўдрай.
Лёе паўтараў:
- Хутчэй прызнавайся, прызнавайся. Скажы праўду. Ты ж разумееш, што мне, мне гэта не можа быць непрыемна.
Яна ледзь дыхаючы прамармытала: "Ага".
Муж настойваў:
- Што, што, ага. Прашу цябе, кажы.
Яна трохi сцiшыла смех, пацягнулася вуснамi да вуха Лёе, якi падрыхтаваўся да прыемнага прызнання, i шапнула:
- Праўда... я здрадзiла яму.
Ён адчуў, як ледзяныя дрыжыкi пранялi яго да касцей, i збянтэжана заенчыў:
- Ты... ты... яму... здрадзiла... да канца?
Яна яшчэ думала, што мужу было вельмi прыемна, i адказала:
- Ага... да канца... дарэшты.
Ён мусiў сесцi ў ложку, так ён здзiвiўся, так яму раптам заняло дых, так яго скаланула, нiбы толькi-толькi даведаўся, што рагаты ён сам.
Спачатку ён нiчога не сказаў, пасля, праз некалькi хвiлiн, адно выцiснуў: "Ах!"
Яна перастала смяяцца, занадта позна зразумеўшы памылку.
Лёе ўрэшце спытаўся:
- З кiм?
I яна адказала:
- З хлопцам.
Ён раптам павярнуўся да яе i суха сказаў:
- Я разумею, што не з кухаркай. Я пытаюся, з якiм хлопцам, ты чуеш?
Яна маўчала. Ён схапiў коўдру, у якой яна была схавала галаву, i адкiнуў на сярэдзiну ложка, паўтарыўшы:
- Я хачу ведаць, з якiм хлопцам.
Тады яна тужлiва вымавiла:
- Я хацела пасмяяцца.
Але яго трэсла ад гневу:
- Што? Як? Хацела пасмяяцца? Дык, значыць, ты насмiхалася з мяне? Але з мяне кпiны не строяць, чуеш? Як завуць хлопца?
Яна нерухома ляжала на спiне i маўчала.
Ён узяў яе за руку i моцна сцiснуў:
- Ты мяне чуеш цi не? Я патрабую, каб ты адказвала, калi я з табой размаўляю.
Тады яна нервова вымавiла:
- Мне здаецца, што ты звар'яцеў, не чапай мяне!
Ён калацiўся ад лютасцi i з роспачы не ведаў, што казаць. Ён штомоцы затрос яе i паўтарыў:
- Ты чуеш? Ты чуеш мяне?
Яна нечакана рванулася, каб вызвалiцца, i кончыкамi пальцаў зачапiла мужаў нос. Той палiчыў, што яму стукнулi, раз'юшыўся i ўмiг абрынуўся на жонку.
Ён трымаў яе пад сабой, з усяе моцы даваў поўху i крычаў:
- На, на, на, вось табе, вось, жабрачка, курва, курва!
Нарэшце, зняможаны, знясiлены, ён падняўся i пайшоў да камоды, каб налiць сабе салодкага аранжаду, бо чуў у целе такую стому, што ў кожную хвiлiну мог знепрытомнець.
А яна плакала, залiвалася слязамi ў ложку, зразумеўшы, што праз адну памылку загубiла ўсё сваё шчасце.
I, яшчэ ў слязах, яна пралепятала:
- Паслухай, Антуан, iдзi да мяне, я цябе ашукала, ты зараз усё зразумееш, паслухай.
I, падрыхтаваная да абароны, гатовая апраўдвацца i хiтрыць, яна крыху ўзняла раскудлачаную галаву ў каптуры набакiр.