21396.fb2
Але Барбара тут жа зноў яго крыўдзіла, хоць яўна не наўмысна. Са смакам з'ядаючы яйцо з келіха, яна казала:
— Паспрабуй есці яйцо так. Мне здаецца, што есці яйцо без прыправаў проста нудна.
Пасля паўзы Гендрык пытаўся ветліва, але ўнутрана сумеўшыся ад раздражнення:
— Ці можна скіраваць тваю ўвагу на адну рэч, дарагая?
Яна адказвала:
— Але ж ну вядома.
І тады Гендрык, барабанячы пальцамі па стале, высока падымаў падбародак і сціскаў губы, адразу робячыся падобным на гувернантку.
— Твая наіўная і прэтэнцыёзная манера, — казаў ён павольна, — здзіўляцца альбо насміхацца, калі іншы робіць нешта не так, як прынята ў доме ў твайго бацькі альбо ў бабулі, здзівіла б, а можа, і адпрэчыла любога, хто не настолькі вывучыў цябе, як я.
Вочы ў Барбары, якія толькі што свяціліся радасцю, рабіліся задуменнымі і выпрабавальнымі. Пасля паўзы яна ціха цікавілася:
— Чаму ты раптам загаварыў пра гэта?
Ён адказваў, усё яшчэ строга барабанячы пальцамі па стале:
— Усюды прынята есці яйцо са шкарлупы і з соллю. На віле ў Брукнера яйцо ядуць з келіха з шасцю рознымі прыправамі. Напэўна, гэта вельмі арыгінальна. Але я не бачу прычыны смяяцца з чалавека, які непрывычны да такой арыгінальнасці.
Барбара маўчала, здзіўлена пахістваючы галавою, і ўставала. Ён глядзеў ёй услед, калі яна сваёй нядбалай паходкай, крыху падвалакаючы ногі, павольна рухалася па пакоі. Раптам яму прыходзіла ў галаву: "Дзіўна, на ёй высокія боцікі, якія мне так падабаюцца, але на яе нагах яны мяне не ўражваюць так, як мне трэба. На ёй боцікі — гэта проста частка спартыўнага касцюма. На Джульеце яны — нешта зусім іншае..."
Думаючы пры Барбары пра Джульету, ён адчуваў злосную задаволенасць і помсту за ўсе крыўды.
"Ездзі сабе вярхом, — думаў ён з'едліва, — рабі сабе кактэйлі з яец! А ты вось і не ведаеш, каго я сёння сустрэну перад рэпетыцыяй!"
І пакуль Барбара горда і моўчкі пакідала пакой, ён адчуваў перамогу мужа, які ашуквае сваю жонку і ганарыцца тым, што робіць гэта так спрытна.
Ужо праз тыдзень пасля вяртання Гендрык зноў сустрэўся са сваёй Чорнай Венерай. Яна чакала яго ўвечары каля тэатра. З якім трапятаннем, з якім жахам ён уздрыгнуў, калі з падваротні яго гукнуў сіплы, такі знаёмы голас:
— Гайнц!
Імя, якога ён саромеўся, ад якога адмовіўся... Але было соладка да жудасці пачуць яго з вуснаў негрыцянкі. Тым не меней ён прымусіў сябе груба яе абарваць:
— Што ты сабе дазваляеш? Ты за мной сачыла?
У адказ яна пакепліва махнула прыгожай моцнай рукой:
— Ша-ша, радасць мая! Будзеш выдурнівацца, я прыйду ў тэатр і нараблю скандалу!
Яму не дапамагло цыканне.
— Ты рашыла мяне шантажаваць?
Яна выскалілася:
— А то ж бо не!
І заблішчалі яе зубы і вочы.
Яе шырокая ўсмешка была настолькі подлая, што яму страшна зрабілася, ён адчуў, што супроцьстаяць ёй немагчыма. Ён заштурхнуў Джульету ў пад'езд, баючыся, што нехта можа прайсці міма і ўбачыць яго ў такой кампаніі. Так, прынцэса Тэбаб выглядла не вельмі прэзентабельна. Фетравая шапачка, глыбока насунутая на лоб, заношаны цесны жакецік былі таго самага ярка-зялёнага колеру, што і высокія бліскучыя боцікі. Вакол шыі боўталася боа з брудных раскашлачаных белых пёраў. Над гэтым жалю вартым уборам цямнеў шырокі твар з тоўстымі абветранымі губамі і сплюснyтым носам.
— Колькі табе? — рэзка спытаўся ён. — У мяне самаго цяпер няма грошай...
Яна адказала амаль шальмавата:
— Грашыма не адкупішся, малпачка ты мая цукровая. Ты павінен бываць у мяне.
— Што гэта табе ў глузды ўбілася? — прамармытаў ён дрыготкімі губмі. — Я жанаты...
Але яна строга абарвала яго:
— Не мялі лухты, баран. Спадарыня жонка не можа табе даць таго, што табе зараз трэба. Я назірала за ёю, тваёю Барбарай.
(Адкуль яна ведала яе імя? Нявінная акалічнасць — што яна ведала яе імя, напоўніла Гендрыка асаблівым страхам.)
— Не з яе пер'ечкам за высцігі брацца, — дадала прынцэса Тэбаб, дзіка зіркаючы.
У Гендрыка ад страху на лобе выступіў халодны пот, калі ён падумаў, што чарнамазіна аблае Барбару, дачку Брукнера, "качкай-нязграбай". Але Джульета яўна не схілялася да працягу гэтай тэарэтычнай гутаркі. Грозным тонам, які патрабаваў неадкладнага адказу, яна сказала:
— Дык калі ж ты прыйдзеш да мяне?
У пакойчыку пад дахам, шэрым і зусім пустым, упрыгожаным толькі рэпрадукцыяй рафаэлеўскай мадонны, якая толькі падкрэслівала галечу і нэндзy, зноў пачаліся страшныя экзэрсісы, якія раней выконваліся на фоне дэкарацый буржуазнага пакоя ў кватэры консуліхі Мёнкебэрг. Малады сужэнец зноў дыхаў чужым, але і родным пахам, настоеным на самых танных парфумах, змешаным з дыханнем джунгляў. Ён зноў слухаўся грубага гаўклівага голасу, хлапкоў, рытмічнага прытопу настаўніцы. Тут ён зноў дэкламаваў французскія вершы, калі, стогнучы ад стомы, падаў на цвёрдыя нары, якія служылі ложкам дачцэ правадыра. Але цяпер гэтыя змрочныя ігрышчы, якім Гёфген, як і раней, аддаваўся двойчы на тыдзень, прыводзілі да новай, агіднай кульмінацыі, якой раней не бывала. Калі ўсё канчалася і фройляйн Джульета пакідала свайго задаволенага і змардаванага вучня ў спакоі, Гендрык у гэтай каморцы, перад гэтай жанчынай заводзіў гаворку пра сваю жонку Барбару.
Тое, што ён крыў ад сціпла-выпрабавальнай і раўніва-напружанай цікаўнасці сваёй прыяцелькі Геды фон Гэрцфэльд, тое, што ён крыў ад сяброўскай цікаўнасці свайго аднадумцы Ота Ульрыхса, у тым якраз ён і прызнаваўся Чорнай Венеры, якая адна і толькі адна магла зваць яго Гайнцам: ён спавядаўся ёй, як пакутаваў праз Барбару, з ёй і толькі з ёю ён прымушаў сябе быць шчырым. Ён нічога не хаваў ад яе, нават сваёй ганьбы. Калі фройляйн Мартэнс даведалася пра ягонае фіяска ў ложку, пра яго мужчынскую ганьбу, яна рагатала доўга, груба, ад шчырай душы. Гендрык курчыўся ад гэтага рогату, ён быў яму страшнейшы за самыя страшныя лупцоўкі. А дачка правадыра выскалялася:
— Ну, калі гэта так, салодзенькі мой, калі яно і праўда ўсё так, дык не чакай ад сваёй красуні нейкай там павагі.
Ён расказаў ёй пра ранішнія Барбарыны "канкуры", якія яму здаваліся выклікам; ён скардзіўся на ганарыстыя экстравагантнасці.
— Робіць сабе кактэйлі з сырых яец з дзесяццю вострымі соўсамі і глядзіць на мяне зверху ўніз толькі таму, што я сваё яйцо ем, як звычайны смяротны, з талеркі. Усё ў маёй кватэры павінна быць такое, як у доме яе бацькі і бабулі. Яна нават забараніла мне ўзяць слугою майго маленькага Бёка. Такі мілы і такі мне верны, з ім бы яна не магла згаварыцца супроць мяне. Але не — ці ж бо яна вытрывае ў доме такога чалавека? Вось яна і прыдумляе розныя зачэпкі і божыцца, што маленькі Бёк не можа трымаць у доме парадку, а сама ж яго нават на вочы не бачыла! Ён столькі гадоў мой касцюмер, і я магу прысягнуць, што парадак ён трымае ідэальны. І вось мы ўзялі нейкую апоўзлую старэчу, якая дваццаць гадоў служыла ў генераліхі, каб толькі нічога не мяняць у жыцці дачкі тайнага радцы.
Усё гэта Чорная Венера выслухоўвала з вялікай цярплівасцю, яна прыняла да ведаму, што Барбара круціцца ў прыстойных гамбургскіх колах ("у тайных саветнікаў і дырэктароў банкаў", — з нянавісцю сказаў Гендрык), куды яго, актора Гёфгена і на парог не пускалі, альбо запрашалі Барбару "з мужам". Ад такога пыніжэння ён адмаўляўся. Барбара наведвала месцы, якія былі яму чужыя альбо варожыя, — універсітэты, салоны. Яна бясконца пісала і атрымлівала пісьмы, а Гендрык нават не ведаў, з кім гэта яна ў такіх цесных стасунках. На ўсё гэта ён горка скардзіўся сваёй Чорнай Венеры. Ён пытаўся ў Джульеты, што яна думае, ці няма ў тых лістах, якія Барбара пасылае бацьку, генералісе альбо падазронаму сябру маладосці Себасцьяну, чаго-небудзь абразлівага для яго, Гендрыка. Прынцэса Тэбаб не магла яго супакоіць на гэты конт.
— А напэўна ж яна здзекуецца з мяне! — усклікнуў Гендрык. — Калі б сумленне ў яе было чыстае, яна паказала б мне хоць адзін з тых лістоў. А яна ніколі нічога не паказвае.
Гэта асабліва мучыла Гендрыка і асабліва яго прыніжала — ён жа колькі бо разоў паказваў Барбары лісты, якія атрымліваў ад маці, фраў Бэлы.
— Але годзе, больш яна не ўбачыць ніводнага, — заявіў ён чорнай дачцэ правадыра. — Навошта мне расхінаць перад ёю ўсю душу, калі ў яе ад мяне спрэс адны тайны? У дадатак ёй хапае нахабства смяяцца з пісьмаў маёй маці.
І сапраўды, Барбара смяялася ад душы, калі Гендрык паказаў ёй пісьмо, у якім фраў Гёфген паведамляла, як закончыліся апошнія заручыны Ёзі. "Мы ўсе вельмі радыя, што ўсё закончылася так удала", — пісала бедная маці. І тут Барбара доўга смяялася. Зрэшты, Гендрык і сам павесяліўся: у той час ён таксама лічыў гэтае месца ў матчыным пісьме вельмі смешным. Крыўда прыйшла пазней, калі ён усё прыгадаў, спавядаючыся Чорнай Венеры.
— У яе сям'і ўсё святое! — усклікнуў ён. — Пра фраў генераліху і яе ларнетку слова жывога не скажы. А з маёй маці можна смяяцца колькі ўлезе.