21396.fb2
— Наш Гёфген — гэта сапраўдны мужчына, паверце мне! Геній, другога такога пашукай — ні ў Парыжы, ні ў Галівудзе! Такі спрадвечна-германскі дух, такі адкрыты, просты і сумленны! Я ведала яго яшчэ калі во-о-о такім хлопчкам бегаў. — І яна паказала рукою, якім маленькім бегаў Гендрык, калі яна, мільянерыха, ігнаравала на кёльнскіх дабрачынных распродажах ягоную маці. — Цудоўны юнак! — сказала яна яшчэ і так сэнсоўна паглядзела на Ляру, што той у паніцы даў лататы.
Гендрыку Гёфгену можна было б даць гадоў пяцьдзесят; але было яму толькі трыццаць дзевяць — неверагодна малады для такой высокай пасады. Бледны твар з акулярамі ў рагавой аправе выяўляў той каменны спакой, які ўмеюць напускаць на сябе нервовыя і вельмі славалюбныя асобы, ведаючы, што за імі назіраюць збоку. Голы чэрап быў самай высакароднай формы. На аплылым, бледнашэрым твары кідалася ў вочы перанапружаная, чуллівая і пакутлівая рыса, якая прабягала ад высока ўскінутых светлых броваў да запалых скроняў; апрача таго кідкія абрысы моцнага падбародка, які ён насіў ганарыста прыўздзёрта, так што прыгожая лінія паміж вухам і падбародкам толькі падкрэслівала адвагу і ўладарнасць. На шырокіх і бледных вуснах застыла шматзначная, адначасова пакеплівая і як бы ахвочая да спагады ўсмешка. За вялікімі люстранымі шкельцамі акуляраў ягоныя вочы мала калі можна было разгледзець: а калі ж, — дык адразу было відаць, што яны, пры ўсёй сваёй пільнасці, былі халодныя, як лёд, і пры ўсёй меланхалічнасці — жорсткія і калючыя. Гэтыя з зеленавата-шэрым адлівам вочы нагадвалі каштоўныя камяні, вельмі каштоўныя, якія, аднак, прыносяць няшчасце; і разам з тым нагадвалі прагныя вочы злой і небяспечнай рыбіны. — Усе дамы і большасць мужчын прызнавалі, што Гендрык Гёфген быў не толькі значны і надзвычай спрытны, але і варты подзіву, прыгожы мужчына. Па яго сабранай, з усвядомлена разлічанай прывабнасцю амаль застылай паставе і дарагім фраку можна было бачыць, што ён быў адназначна тлуставаты, асабліва ў вобласці клубоў і задняй часткі.
— Зрэшты, я павінен павіншаваць вас з вашым Гамлетам, дарагі мой, — сказаў міністр прапаганды. — Фантастычнае дасягненне. Нямецкая сцэна можа ганарыцца вамі.
Гёфген крыху схіліў галаву, злёгку прыбраўшы да грудзей прыгожы падбародак: пад высокім бліскучым каўняром адкрыліся складкі шыі.
— Хто не можа справіцца з Гамлетам, той не варты называцца артыстам. — У голасе прагучала элегантная сціпласць.
Міністрy заставалася толькі канстатаваць:
— Вы сэрцам прачулі ўсю трагедыю.
Незвычайнае ўзрушэнне прабегла па зале.
У вялікіх сярэдніх дзвярах паявіліся генерал авіяцыі і яго жонка, былая актрыса Лота Ліндэнталь: бура воплескаў і гром воклічаў прывіталі іх. Праз людскі калідор, з якога несліся крыкі захаплення, велічна ступала светлазорная пара. Ніводзін цар ніколі не меў такога шыкоўнага выхаду. Энтузіязм, здавалася, ліўся цераз берагі: кожны з дзвюх тысячаў экзальтаваных гасцей як мага гучнейшым крыкам і воплескамі хацеў засведчыць іншым і прэм'ер-міністру асабіста, што ён шчырым сэрцам прымае свята саракатрохгоддзя прэм'ер-міністра, нацыі і дзяржавы. Крычалі: "Гох!", "Хайль!" і "Віншуем!". Кідалі кветкі, якія фраў Лота лавіла з грацыёзнай годнасцю. Аркестр граў вялікі туш. Міністр прапаганды пазелянеў ад злосці і нянавісці; але на гэта ніхто не звярнуў увагі, можа, акрамя толькі Гендрыка Гёфгена. Гэты стаяў нерухома: ён чакаў свайго патрона ў сабранай, вабна стрункай паставе.
Заключалі пары — у якіх фантастычных строях гэтым разам з'явіцца таўстун. А таго акyрат собіла пакакетнічаць аскетызмам, і ён уразіў грамадскасць вельмі сціплым уборам. Бутэлечна-зялёная літоўка на ім глядзелася амаль як строгага крою хатняя куртка. На грудзях блішчала толькі зусім невялікая срэбраная ордэнская зорка. У шэрых штанах яго ногі — звычайна ён хаваў іх пад доўгім поламі плашча — здаваліся асабліва магутнымі: быццам дзве калоны, на якіх ён паволі рухаўся. Каласальныя памеры і манстрозная таўшчэзнасць нібыта створаныя былі дзеля таго, каб наганяць на ўсіх жудасць і багавейную пашану — прынамсі, смяяцца з яго нікому рызыкі не ставала: у самага адважнага смех застываў у горле, калі ён уяўляў сабе, колькі крыві пралівалася па кожным кіўку гэтага мяса-сальнага монстра і колькі яшчэ пральецца ў яго гонар. На кароткай, мясістай шыі яго масіўная галава здавалася як бы аблітай чырвоным сокам: галава Цэзара, з якое злупілі скуру. На гэтым твары больш не было нічога чалавечага — нешта бясформнае з сырога мяса.
Прэм'ер-міністр велічна праносіў праз распраменены натоўп свой трыбух, велізарны выгін якога пераходзіў у грудзі. Прэм'ер-міністр выскаляўся.
Яго жонка Лота не выскалялася, яна раздорвала ўсмешкі, — ну, чыстая каралева Луіза, з галавы да ног. І яе сукенка, каштоўнасць якое склала прадмет дыскусіі дам, была пры ўсёй пампезнасці простая: гладка абцяканая, з блішчастай срэбнай тканіны, яна плаўна пераходзіла ў па-каралеўску доўгі шлейф. А брыльянтавая дыядэма на залаціста-жоўтых валасах, перлы і смарагды на грудзях сваёй вагой і бліскучасцю перабіралі ўсё, чым толькі яшчэ можна было пазахапляцца на гэтым раскошным раўце. Грандыёзныя каштоўнасці правінцыйнай актрысы цягнулі на мільёны: гэтым яна была абавязана галантарэйнасці свайго сужэнца, які ахвотна бічаваў у публічных прамовах пышналюбства і карумпаванасць рэспубліканскіх міністраў і бургамістраў, і вернасці некалькіх забяспечаных і вылучаных падданых. Фраў Лота ўмела прымаць такія знакі ўвагі з грацыёзнай прастатой і з той непрэнтэнцыёзнай палкасцю, якая прыносіла ёй славу наіўнай і мацярынскай, вартай шанавання жонкі. Яна лічылася бескарыслівай, непадкупна чыстай. Яна ўвасобіла ў сабе ідэал нямецкай жанчыны. У яе былі вялікія, круглыя, крыху выпуклыя каровіныя вочы вільготнапрамяністага блакіту; прыгожыя русыя валасы і снежна-белыя грудзі.
Зрэшты, ужо і яна была крыху таўсманая — што зробіш, у прэм'ерскім палацы кармілі хлебасольна і шырока. Расказвалі пра яе, з подзівам, што яна час ад часу заступалася перад мужам за яўрэяў з прыстойных колаў — праўда, тым не меней яўрэі касякамі валілі ў канцлагеры. Называлі яе добрым анёлам прэм'ер-міністра; а тым часам пачвара не падабрэла ад яе саветніцтва. Адной з яе самых славутых роляў была лэдзі Мілфорд з шылераўскіх "Падстyпства і кахання": утрыманка магута, якая ўжо больш не пераносіла бляску каштоўнасцяў і блізкасці князя, як даведалася, чым аплачваліся тыя каштоўныя камяні. Выступаючы ў дзяржаўным тэатры апошні раз, яна іграла Міну фон Барнгэльм: яна яшчэ раз дэкламавала, перш чым перабралася ў палац генерала ад авіяцыі, радкі паэта, якога яе муж і ягоныя прысцяжныя крэатуры цкавалі б і пераследавалі, калі б ён жыў сёння ў Германіі. Пры ёй абмяркоўвалі самыя жудасныя таямніцы татальнай дзяржавы: яна па-мацярынску ўсміхалася. Раніцай, калі яна какетліва падражнівала мужа, заглядваючы яму цераз плячо, яна бачыла перад ім на пісьмовым стале ў стылі рэнесанс смяротныя прыгаворы — і ён падпісваў іх; а ўвечары яна ўжо дэманстравала свае белыя грудзі і залацістую прычоску на оперных прэм'ерах альбо за прыгожымі сталамі выбраных, што былі ўдастоеныя знаёмства з ёю. Яна была недатыкальная, ніякіх нападак; бо нічога не падазравала, бо была сентыментальная. Яна думала, што ўсё гэта ад любові народа, калі дзве тысячы славалюбцаў, прадажнікаў і снобаў рабілі столькі гвалту ў яе гонар. Яна ішла праз гэты бляск і раздорвала ўсмешкі — больш яна нічога ніколі не дарыла. Яна на поўным сур'ёзе думала, што сам бог ёй удабразычыў, даўшы аж столькі каштоўнасцяў. Недахоп фантазіі і розуму бараніў яе ад думак пра будучыню, якая, магчыма, будзе мала падобая на гэтую прыгожую цяпершчыну. Ужо тое, як яна ступала, падняўшы галаву, аблітая святлом і агульным захапленнем, не дапускала ў яе сэрца ніякага сумнення ў трываласці гэтай чарадзейнай казкі. Ніколі — так яна думала ўпэўнена — ніколі не праміне гэты бляск; ніколі замучаныя не спомсцяцца, ніколі цемра не праглыне яе.
Усё яшчэ гралі туш, гэтак жа гучна і бездакорна; усё яшчэ доўжыўся лямант ушанавання. Тым часам Лота і таўстун наблізіліся да міністра прапаганды і Гёфгена. Трое мужчын нядбала падкінулі рукі, што мела азначаць цырымонію прывітання. Пасля Гёфген з сур'ёзным і ўнутраным смехам схіліўся над ручкай вялікай дамы, якую ён часта ціскаў на сцэне... І вось яны стаялі тут, аддадзеныя палючай цікаўнасці выбранай публічнасці: чатыры магуты гэтай краіны, чатыры трымальнікі ўлады, чатыры камедыянты — шэф рэкламы, спецыяліст па смяротных прысудах і бамбавозах, замужняя сентыменталка і пусты інтрыган. Выбраная публічнасць назірала, як таўстун паляпаў гера дырэктара па плячы, аж хрyснyла, і з нейкім парасячым смехам спрытаўся:
— Ну, як пажываеш, Мэфіста?
З эстэтычнага пункту бачання сітуацыя была для Гёфгена выйгрышная: побач з шыракамеснай парай ён глядзеўся статна, а побач са скасабочаным рэкламным карлікам — росла і станіста. Зрэшты, яго твар, якім худым і фатальным ён ні быў, ствараў нейкую пацешлівую процілегласць тром астатнім тварам вакол яго: з пачуццёвымі скронямі і моцным падбародкам ён удаваў на аблічча чалавека, які пажыў і папакутаваў; а твар ягонага заступніка быў расплылай маскай; а ў сентыментальнай — мордачкай поўнай дурноты, а ў прапагандыста — скажонай храпай.
Сентыменталка са шчырадушным позіркам сказала інспектару, да якога яна насіла ў грудзях тайную — ну, хай і не такое ўжо тайную — сімпатыю:
— Я ж вам яшчэ і не казала, Гендрык, у якім захапленні я ад вашага Гамлета.
Ён моўчкі паціснуў ёй руку, падступіўшыся пры гэтым на крок бліжэй да яе, і зрабіў спробу паглядзець на яе гэтак сама душэўна, як яно ў яе ішло само па сабе ад прыроды. Спроба не ўдалася: яго рыбіныя вочы не былі здольныя на пяшчотную цеплыню. Таму ён зрабіў сур'ёзны, амаль нават крыху злосны, афіцыйны твар і прамармытаў:
— Я хацеў бы сказаць колькі слоў, — і павысіў голас, у якім быў яркі, бездакорна пастаўлены металёвы тон, чутны і зразумелы амаль ва ўсіх кутках залы. — Гер прэм'ер-міністр! Вашы светласці, эксэленцы, мае дамы і панове! Мы гордыя — так, мы ганарымся і радуемся, што гэтае свята сёння ў гэтым доме мы можам правесці з вамі, гер прэм'ер-міністр, і з вашай цудоўнай жонкай...
На першым яго слове ажыўленая гаворка двухтысячнай зборні абмоўкла. У поўнай цішыні, у цнотнай нерухомасці ўсе слухалі доўгую, патэтычную і пошлую віншавальную прамову, якую казаў дырэктар, сенатар і дзяржаўны сакратар свайму прэм'ер-міністру. Усе вочы былі на Гендрыку Гёфгене. Усе захапляліся ім. Ён быў ад улады. Ён быў саўдзельны яе лоску — пакуль лоск трымаўся. З яе прадстаўнікоў ён быў адзін з самых вытанчаных і ўвішных. Яго голас вытачаў з нагоды сорак трэцяй гадавіны яго гаспадара самыя ашаламляльныя нюансы. Ён падняў падбародак, вочы свяціліся, ашчадлівыя і смелыя жэсты былі прыгожыя і ўрачыстыя. І ён старанна пазбягаў простых слоў. Скальпаваны Цэзар, шэф рэкламы і тая каровінавокая, здавалася, за тым толькі і сачылі, каб з яго вуснаў плыла толькі хлусня і нічога апрача хлусні: гэтага патрабавала нейкая тайная змова, якая павязала ўсіх як у гэтай зале, так і ва ўсёй краіне.
Ужо калі ён у бравурна ўзнёслым тэмпе набліжаўся да канца прамовы, адна прыгожанькая, амаль яшчэ дзіця, мілавідая дама — жонка вядомага кінарэжысёра, — якая сціпленька стаяла ў глыбіні залы, шапнула сваёй суседцы:
— Калі ён закончыць, трэба будзе падысці і паціснуць яму руку. Фантастыка! Я даўно яго ведаю, яшчэ з Гамбурга. Вясёлы быў час! І якую ж кар'еру зрабіў чалавек!
У апошнія гады сусветнай вайны і ў першыя пасля лістападаўскай рэвалюцыі літаратурны тэатр у Германіі меў выдатную кан'юнктуру. У гэты час, нягледзячы на цяжкае эканамічнае становішча краіны, y дырэктара Оскара Х. Кроге ўсё ішло выдатна. Ён кіраваў камерным тэатрам у Франкфурце-на-Майне: у цеснай, поўнай добрага настрою падваліне інтымна збіралася інтэлектуальная грамадскасць горада і перш за ўсё задзірыстая, разварушаная падзеямі, ахвочая да дыскусій і апладысментаў моладзь пасля прэм'ераў п'ес Вэдэкінда альбо Стрындбэрга, Геарга Кайзера, Штэрнгайма, Фрыца фон Унру, Газэнклевера альбо Толера. Оскар Х. Кроге, які і сам быў эсэіст і папісваў гімнічныя вершы, успрымаў тэатр як установу з маральнымі функцыямі: сцэна павінна памкнуць новае пакаленне да ідэалаў, пра якія тады думалі, што вось і прабіў час іх здзяйснення, — да ідэалаў свабоды, справядлівасці, міру. Оскар Х. Кроге быў патэтычны, даверлівы і наіўны. У нядзелю перад дзённым спектаклем па п'есе Талстога альбо Рабіндраната Тагора, ён даваў казань перад сваёй парафіяй. Часта гучала слова "чалавецтва"; маладым людзям, якія таўкліся ў партэры, ён з надрывам кідаў: "Будзьце мужныя, браты мае!" — і пажынаў бурy апладысментаў, калі заканчваў словамі Шылера: "Абдыміцеся, мільёны!"
Оскара Х. Кроге вельмі любілі і шанавалі ў Франкфурце-на-Майне і ўсюды, дзе цікавіліся смелымі эксперыментамі інтэлектуальна-духоўнага тэатра. Яго ясны твар з высокім маршчыністым лобам, віхурыстай сівай грывай і дабрадушнымі, разумнымі вачыма за акулярамі ў вузкай залатой аправе часта можна было бачыць на авангардысцкіх рэвю, а тое нават і ў вялікіх ілюстраваных часопісах. Оскар Х. Кроге належаў да самых актыўных і ўдачлівых барацьбітоў на перадавой лініі драматычнага экспрэсіянізму.
Несумненна было памылкай — і ён сам гэта неўзабаве зразумеў, — пакінуць свой поўны настраёвасці тэатрык у Франкфурце. Гамбургскі мастацкі тэатр, месца дырэктара ў якім яму прапанавлі ў 1923 годзе, быў, вядома, большы. Таму ён згадзіўся. Але гамбургская публіка была не такая кідкая на палкія і прэтэнцыёзныя экспрыменты, як адпаведна выхаванае кола тонкіх знаўцаў камернага выканаўства ў Франкфурце. У Гамбургскім мастацкім Кроге быў вымушаны ставіць, апрача рэчаў, блізкіх яго сэрцу, усё яшчэ і "Выкраданне сабінянак" і "Пансіён Шэлер". Ад гэтага ён пакутаваў. Кожнай пятніцы, калі зацвярджаўся рэпертуарны план наступнага тыдня, вяліся зацятыя бітвы з герам Шміцам, распарадчым дырэктарам тэатра. Шміц хацеў больш забаваў і ходкіх баевікоў, бо яны давалі манету; а Кроге настойваў на мастацкім рэпертуары. Часцей за ўсё Шміц, а зрэшты ён шчыра і сардэчна дружыў з Кроге і захапляўся ім, быў вымушаны саступаць. Мастацкі тэатр трымаўся мастацкага ж рэпертуару, што, вядома, адбівалася на яго прыбытковасці не ў лепшы бок.
Кроге скардзіўся на індэферэнтнасць гамбургскай моладзі ў прыватнасці і на бездухоўнасць грамадскасці наогул, — яна цуралася ўсяго новага і высокага.
— І куды яно ўсё падзелася! — горка бедаваў ён. — У 1919 годзе яшчэ стрымгалоў бегалі на Стрындбэрга і Вэдэкінда; у 1926-м — усім падавай аперэту.
Оскар Х. Кроге быў чалавек патрабавальны, але без дару прадбачання. А то ж бо ці скардзіўся б ён у 1926 годзе, калі б мог уявіць сабе год 1936-ы?
— Добрыя рэчы сёння не цягнуць, — бурчаў ён. — Нават на "Ткачах" учора зала была паўпустая.
— І ўсё-такі мы выкрyчваемся.
Дырэктар Шміц спрабаваў суцешыць сябра: надта ж бо засмуцілі яго горасныя складкі на дабрадушным, дзіцяча-старым кашэчым твары Кроге, хоць ён і сам меў усе падставы трывожыцца і некалькі маршчын ужо леглі на яго мясісты ружовы твар.
— Але як! — Кроге ніяк не даваўся на суцяшэнні. — Як мы выкрyчваемся? Даводзіцца запрашаць славутых гастралёраў з Берліна — як сёння ўвечары, напрыклад, — каб Гамбyрг хадзіў да нас.
Геда фон Гэрцфэльд — старая Крогава сяброўка і супрацоўніца, яшчэ ў Франкфурце яна была яго дарадчыцай, тэатральным крытыкам і актрысай, сказала:
— Зноў ты ўсё бачыш у чорным святле, Оскар! Зрэшты, якая ў тым ганьба, што мы запрасілі Дорy Марцін, яна цудоўная, а ўвогуле, Гамбург ходзіць і на Гёфгена.
Называючы прозвішча Гёфгена, фраў фон Гэрцфэльд разумна і пяшчотна ўсміхнулася. Па яе вялікім матава прыпудраным насастым твары з вялікімі, журботна-разумнымі ж вачыма пад залацістымі брывамі прабегла лёгенькае ззянне.
— Гёфгену мы пераплачваем, — буркліва сказаў Кроге.
— Але ж і Марцін, зрэшты, таксама, — пярэчыў Шміц. — Супроць яе чараў і шалёнага поспеху не скажу нічога, але тысяча марак за выхад, згадзіся, — гэта ўжо крышачку ці не занадта.
— Капрызы берлінскіх зорак, — пагардліва зазначыла Геда.
Яна ніколі не працавала ў Берліне і бажылася, што ненавідзіць берлінскую сцэну.
— Тысяча марак у месяц Гёфгену — таксама завышана, — выпаліў Кроге. — І з якога такога часу яму раптам тысяча? — з выклікам спытаўся ён у Шміца. — Плацілі васемсот, і таго было больш чым досыць.
— А што рабіць? — перапрасіўся Шміц. — Уварваўся ў кабінет, сеў мне на калені...
Фраў фон Гэрцфэльд з пацехай заўважыла, што Шміц пачырванеў, расказваючы пра гэта.
— Ён казытаў мне падбародак і ўвесь час паўтараў адно: павінна быць тысяча марак! Тысяча, даражэнькі! Гэта такая кругленькая сума! Што было рабіць, Кроге? Ну, самі скажыце!
Гэта быў звычайны Гёфгенаў прыёмчык: калі яму быў патрэбен аванс альбо падвышка ў ганарары, ён бурай урываўся ў кабінет Шміца. Ён разыгрываў мілыя капрызы, добра ведаючы, што нехлямяжы таўстун Шміц не выстаіць, калі пакудлаціць яму валасы альбо тыцнуць пальцам у жывот. А калі заходзіцца аж пра тысячу, тут можна і на калені ўмасціцца: пачырванеўшы, Шміц прызнаўся і ў гэтым.
— Ай, усё гэта глупства! — Кроге гнеўна і заклапочана пакруціў галавою. — Па сутнасці, Гёфген — дурны блазан. Усё ў ім фальшывае, пачынаючы з яго літаратурных густаў і канчаючы так званым камунізмам. Ён не мастак, ён камедыянт.
— Што ты маеш супроць нашага Гендрыка? — фраў фон Гэрцфэльд змусіла сябе на іранічны тон; насамрэч ёй было не да іроніі, калі яна гаварыла пра Гёфгена, чый добра зрэжысераваны шарм не пакідаў яе раўнадушнай. — Ён наша найярчэйшая зорка. Парадуемся, калі яго не перацягнуць у Берлін.
— А і не дужа бедаваў бы, — сказаў Кроге. — Проста вопытны правінцыйны актор, у глыбіні душы, думаю, ён і сам гэта добра ведае.
— А куды гэта ён сёння падзеўся? — спытаўся Шміц, на што фраў фон Гэрцфэльд ціха ў нос хіхікнула: