22007.fb2 Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

- Да другога класа.

- Тады ўсё ясна, - сказаў Лемардан, - ты проста страцiў корань. Чытаў Барэса?

- Чытаў - "Калету Бадош".

- Гэта не тое, - раздражнёна сказаў Лемардан. - Я ўвечары прынясу табе "Страчаны корань": дакладна твая гiсторыя. Там знойдзеш i сваю бяду, i як ад яе збавiцца.

Кнiга была ў зялёным скураным пераплёце. На першай старонцы гатычнымi лiтарамi было выбiта: "ех libris Андрэ Лемардана". Люсьен быў уражаны: яму нават у галаву не прыходзiла, што апроч прозвiшча ў Лемардана можа быць яшчэ i iмя.

Чытаць ён пачаў з вялiкiм недаверам: ужо столькi разоў яму спрабавалi растлумачыць яго асобу, столькi разоў пазычалi кнiгi, гаворачы: "На, пачытай, гэта якраз пра цябе". З сумнаю ўсмешкай Люсьен падумаў, што ён зусiм не той, каго можна было б раскласцi вось так - у некалькiх фразах. Эдыпаў комплекс, Збянтэжанасць - якiя ўсё гэта дзiцячыя глупствы i як усё гэта далёка! Але ўжо з першых старонак ён адчуў зацiкаўленасць: сама галоўнае, гэта была не псiхалогiя - псiхалогiяй Люсьен быў сыты па горла, - юнакi, пра якiх расказваў Барэс, былi не нейкiя абстрактныя тыпы цi дэкласаваныя элементы накшталт Рэмбо i Верлена, гэта былi не хворыя, падобныя да гультаяватых венскiх паненак, з якiмi рабiў свае псiхааналiтычныя вопыты Фрэйд. Барэс пачынаў з таго, што апiсваў iх асяроддзе, сям'ю: усе яны атрымалi добрае выхаванне, у правiнцыi, у трывалых традыцыях; i нарэшце Люсьен палiчыў, што да яго вельмi падобны Стурэль. "Значыць, усё так i ёсць, - падумаў ён, - я страцiў корань". Ён падумаў пра маральнае здароўе сямейства Флёр'е, здароўе, якое можна набыць толькi ў вёсцы, пра iх фiзiчную сiлу (яго дзед згiнаў бронзавую манету ўсяго двума пальцамi); ён з хваляваннем успомнiў ферольскiя ўсходы - як ён уставаў, па-воўчы, каб не пабудзiць бацькоў, краўся на вулiцу, сядаў на ровар i - вось ужо яго ахiнаў сваёю мяккай вынегай мiлы краявiд Iль-дэ-Франса. "Я заўжды ненавiдзеў Парыж", - з пачуццём падумаў ён. Потым ён узяўся чытаць "Сад Берэнiчэ"; час ад часу ён адкладаў кнiгу ўбок i, уперыўшыся вачыма ў пустату, пачынаў разважаць: вось iзноў яму прапануюць характар i нейкi лёс, сродак унiкнуць невычэрпнага словаблудства свядомасцi, метад вызначыць i ацанiць сябе. Але наколькi больш за Фрэйдавых гнюсных i юрлiвых жывёлiн яму падабалася гэтая поўная вясковымi пахамi неўсведамлёнасць, якую яму падносiў Барэс. I каб авалодаць такiм падарункам, Люсьену трэба было спачатку адкiнуць бясплённае i небяспечнае самаўзiранне, пачаць вывучаць зямныя i падземныя скарбы Фероля: ён мусiць адкрыць сабе сэнс хвалiстых узгоркаў, што спускаюцца да Сэрнеты, павярнуцца душой да гiсторыi i геаграфii чалавецтва. Цi нават прасцей - ён павiнен вярнуцца ў Фероль, жыць там, i ён зноў убачыць каля сваiх ног гэты родны, бяскрыўдны i такi жыццятворны край, яго бязмежныя нiвы i раскiданыя мiж iмi лясы, крынiцы i травы, гэты сiлкавальны гумус, з якога Люсьен зможа нарэшце ўзяць неабходную сiлу, каб зрабiцца начальнiкам. Пасля такiх летуценняў Люсьен адчуваў сябе ўзбударажана, i часам яму нават пачынала здавацца, што ён таксама знайшоў свой шлях. Цяпер, моўчкi седзячы побач з Мод i агарнуўшы яе за талiю рукою, ён чуў, як у iм гучаць, звiняць словы, урыўкi фраз: "аднавiць традыцыю", "зямля i тыя, хто ў ёй спачыў", - гэта былi глыбокiя, важкiя, бяздонныя словы. "Як усё гэта вабiць", - думаў Люсьен i ўсё ж не адважваўся паверыць: надта ўжо часта яму даводзiлася пасля адчуваць расчараванне. Ён выказаў сваю засцярожанасць Лемардану:

- Каб яно было так, дык усё было б надта проста.

- Мiлы мой, - адказаў Лемардан, - людзi адразу нiколi не вераць у тое, чаго яны хочуць: гэта трэба выпрабаваць на сабе.

Ён задумаўся крыху i дадаў:

- Табе варта было б пахадзiць з намi.

Люсьен пагадзiўся ўсёю душой, але не прамiнуў зазначыць, што захоўвае за сабой права быць вольным.

- Я прыйду, - сказаў ён, - але гэта мяне нi да чаго не абавязвае, Спачатку я хачу паглядзець i падумаць.

Таварыскасць юных камелотаў* зачаравала Люсьена; яны сустрэлi яго сардэчна i проста, i ён адразу адчуў сябе ў iх кампанii раскавана.

* Каралеўскiя камелоты - былая арганiзацыя французскiх раялiстаў.

Неўзабаве ён ведаў ужо ўсю Лемарданаву "банду", чалавек дваццаць студэнтаў, якiя амаль пагалоўна хадзiлi ў аксамiтных берэтах. Iх сходы адбывалiся на другiм паверсе ў пiўной "Пальдэр", дзе яны гулялi ў брыдж i на бiльярдзе. Люсьен пачаў часта завiтваць у пiўную i хутка ўразумеў, што яны яго прынялi, бо заўжды сустракалi крыкамi: "А, вось i наш прыгажун!" цi: "Да нас прыйшоў сапраўдны француз Флёр'е!" Але больш за ўсё Люсьена падкупляў iх вясёлы настрой: у iх не было нiякага педантызму, анi варожасцi, i пра палiтыку яны гаманiлi не часта. Проста спявалi, смяялiся, незласлiва шумелi цi скандавалi лозунгi ў гонар студэнцкай моладзi. Нават сам Лемардан, нiколi не забываючы пра сваю кiраўнiчую ролю, якую ў яго, зрэшты, нiхто не асмельваўся аспрэчваць, - i той дазваляў сабе ўсмiхнуцца. Люсьен жа болей маўчаў, ён блукаў позiркам па гэтых шумлiвых i мускулiстых юнаках i думаў: "Вось яна, сiла". Седзячы сярод iх, ён паступова адкрываў сабе праўдзiвы сэнс маладосцi; ён быў, аказваецца, зусiм не ў той штучнай зграбнасцi, якую гэтак цанiў Бержэр; маладосць - гэта была будучыня Францыi. Дый, зрэшты, у Лемарданавых прыяцеляў ужо не было зыбкага юнацкага шарму: гэта былi дарослыя людзi i многiя нават паспелi вырасцiць бараду. Пры ўважлiвым позiрку ў iх можна было разгледзець пэўную сваяцкую крэўнасдь: усе яны пакончылi з хiстаннямi i няўпэўненасцю свайго ўзросту, iм нiчога не заставалася зведаць, яны былi цалкам сфармаваныя i акрэсленыя асобы. Спачатку iх легкадумныя i грубаватыя жарты крыху шакавалi Люсьена: яны выглядалi зусiм неабдуманымi. Калi Рэмi паведамiў, што панi Дзюбюс, жонцы лiдэра радыкалаў, грузавiком адрэзала ногi, Люсьен чакаў, што хлопцы перш за ўсё выявяць хоць невялiкае спачуванне да свайго няшчаснага сапернiка. Але яны ажно зайшлiся ад смеху i, лопаючы сабе па ляжках, выкрыквалi: "Так ёй, старой чучцы!" i: "Малайчына шафёр!" Люсьен адчуў сябе трошкi нiякавата, але раптам уразумеў, што гэты вялiкi ачышчальны смех быў iх адмаўленнем: яны чулi небяспеку сваёй барацьбы i, не чакаючы нi ад каго подленькага шкадавання, не пакiдалi яму месца i ў сабе. Люсьен засмяяўся таксама. Пацiху-патроху свавольствы хлопцаў пачалi паўставаць перад iм у сапраўдным святле: пустымi яны здавалiся толькi звонку, па сутнасцi ж - гэта было сцверджанне пэўнага права; iх перакананнi былi настолькi глыбокiя, настолькi непахiсныя, што давалi iм права выглядаць фрывольна i са смехам, з кпiнамi ўспрымаць i адкiдаць прэч усё неiстотнае. Памiж чорным гумарам Шарля Мара i жартачкамi Дэсперо, напрыклад (а той цягаў у кiшэнi стары абрывак прэзерватыва, называючы яго Блюмавай крайняю плоццю), была толькi рознiца ва ўзроўнi.

У студзенi ва ўнiверсiтэце было аб'яўлена ўрачыстае пасяджэнне, падчас якога мелася адбыцца пасвячэнне ў ступень ганаровага доктара навук двух шведскiх мiнералогаў.

- Пабачыш, якi сёння будзе вясёленькi гвалт, - сказаў Лемардан, перадаючы Люсьену запрашальную картку.

Галоўная канферэнц-зала была напакавана бiтком. I калi Люсьен убачыў, як з гукамi "Марсельезы" ў яе ўвайшлi прэзiдэнт рэспублiкi i рэктар, яго сэрца моцна забiлася i ён спалохаўся за сяброў. Але амаль у той жа момант некалькi юнакоў паўскоквалi з месцаў i пачалi крычаць. Люсьену было прыемна пазнаць сярод iх Рэмi: той быў чырвоны, як памiдор, i, адбiваючыся ад двух мужыкоў, якiя цягнулi яго за пiнжак, гарлаў: "Францыя для французаў!" Але асаблiва прыемна было назiраць за адным пажылым панам, якi з выглядам шкадлiвага дзiцяцi дзьмуў у маленькую дудку. "Як гэта здорава", - падумаў Люсьен. Ён да душы ўпiваўся гэтым незвычайным спалучэннем упартай сур'ёзнасцi i шумлiвай гарэзлiвасцi, што дазваляла маладым здавацца больш сталымi i надавала старэйшым гэткую хлапечую чартаўшчынку. Люсьен паспрабаваў таксама адпусцiць пару жартаў, i некалькi разоў у яго атрымалася вельмi ўдала. А калi ён крыкнуў пра Эрыо: "Калi гэты памрэ ў сваiм ложку - значыць, Бога болей няма!" - ён адчуў, як у iм запаляецца святая нянавiсць. Ён моцна сашчапiў зубы i пачуў сябе гэткiм жа ўпэўненым, гэткiм жа згуртаваным, гэткiм жа дужым, як Рэмi цi Дэсперо. "Лемардан мае рацыю, - падумаў ён, - гэта трэба выпрабаваць на сабе, толькi так".

Неўзабаве ён навучыўся не паддавацца дыскусiям; Гiгар, якi быў усяго толькi рэспублiканец, засыпаў яго заўвагамi, i Люсьен спачатку яго ветлiва слухаў, але пасля - адключаўся. Гiгар усё гаварыў i гаварыў, а Люсьен ужо нават не глядзеў на яго: ён разгладжваў на штанах складку цi пазiраў на дзяўчат, забаўляючыся цыгарэтным дымком i выпускаючы з яго колцы. Праўда, ён усё роўна крыху яшчэ чуў Гiгаравы словы, але раптам яны страчвалi вагу i слiзгалi па iм, здаючыся нiкчэмнымi i пустымi. Нарэшце Гiгар, вельмi ўражаны, змаўкаў таксама.

Люсьен расказаў пра сваiх новых сяброў бацькам, i пан Флёр'е запытаўся, цi не збiраецца ён таксама пайсцi ў камелоты. Люсьен завагаўся i сур'ёзна сказаў:

- Мяне спакушае гэтая думка, яна сапраўды вельмi мяне спакушае.

- Люсьен, прашу цябе, не рабi гэтага, - пачала малiць мацi, - яны такiя неспакойныя, а няшчасцю нядоўга здарыцца. Цi ты хочаш, каб цябе аддубасiлi цi пасадзiлi ў турму?

Люсьен адказаў непакорнай усмешкай, i пан Флёр'е яго падтрымаў.

- Дарагая, дай яму вырашаць самому, - ласкава прамовiў ён, - няхай робiць, як сам думае; праз гэта таксама трэба прайсцi.

З гэтага дня, як здалося Люсьену, бацькi пачалi ставiцца да яго з пэўнай павагай. I ўсё-такi ён не рашаўся; апошнiя тыднi яго шмат чаму навучылi: ён перабiраў у памяцi лагодную бацькаву зацiкаўленасць, трывогi панi Флёр'е, з кожным днём усё большую пашану ў Гiгара, Лемарданаў напор, нецярплiвасць Рэмi i, кiваючы галавой, казаў сабе: "Гэта не жартачкi!" Ён меў доўгую размову з Лемарданам, i той выдатна зразумеў яго довады, пагадзiўшыся, што спяшацца не варта. У Люсьена яшчэ здаралiся прыступы нуды: часам, калi ён сядзеў на лаве ў кавярнi, у яго ўзнiкала ўражанне, што ён усяго толькi дрыготкая студзянiстая кашыца, i шумлiвая сумятня камелотаў здавалася яму абсурднай. Але ў iншыя моманты ён адчуваў сябе цвёрдым i важкiм, як камень, i быў амаль шчаслiвы.

У бандзе яму пачувалася ўсё лацвей i прывольней. I аднойчы ён праспяваў "Рэбекiна вяселле", якое пачуў на мiнулых канiкулах ад Эбрара. Хлопцы заявiлi, што гэта было вельмi пацешна. Тады, натхнiўшыся, Люсьен выдаў некалькi з'едлiвых заўваг у адрас жыдоў i сказаў пра Берлiяка, якi быў вялiкi жмiнда:

- А я вось i думаў увесь час: i чаго гэта ён такi скупенда, гэта ж немагчыма быць гэткiм скупендам. А потым сцямiў: ён жа з iхняга племя.

Усе зарагаталi, i Люсьена раптам ахапiла гарачая ўзбуджанасць: ён адчуў сапраўдную нянавiсць да ўсiх жыдоў, i ўспамiн пра Берлiяка быў яму глыбока непрыемны. Лемардан зiрнуў яму ў вочы i сказаў:

- Ты сумленны француз.

Потым хлопцы часта прасiлi Люсьена: "Ану, Флёр'е, раскажы нам якую фацэцiю пра жыдоў", - i Люсьен расказваў жыдоўскiя гiсторыi, якiя некалi чуў ад бацькi; варта яму было пачаць з адмысловаю iнтанацыяй: "Зустрракае аднойцы Лефi Плюма..." - i сяброў ужо апаноўвала весялосць. Аднойчы Рэмi з Патнотрам расказалi, як сустрэлi на набярэжнай Сены аднаго алжырскага жыда i як той жудасна напалохаўся, калi яны рушылi на яго з такiм выглядам, нiбыта збiраюцца скiнуць у ваду.

- Я тады падумаў сабе, - сказаў пад канец Рэмi, - шкада, што з намi няма Флёр'е.

- А можа, якраз i добра, што не было, - перапынiў яго Дэсперо, - а то ён мог бы сапраўды шпурлянуць яго ў раку.

Люсьен не меў сабе роўных вызначаць жыдоў па адной толькi форме носа. Калi яны гулялi з Гiгарам, ён штурхаў яго локцем i цiха казаў:

- Толькi не азiрайся: той карантышка-таўстун, ззаду, - з iхнiх.

- Ну i ну, - здзiўляўся Гiгар, - ды ў цябе на iх нюх!

Фанi таксама цярпець не магла жыдоў. Аднойчы ў чацвер, калi яны ўсе чацвёра сядзелi ў пакоi ў Мод, Люсьен заспяваў "Рэбекiна вяселле". Фанi памiрала ад смеху i ледзь выцiскала з сябе: "Вой, хопiць, хопiць, бо я зараз нацурчу ў штаны", - а калi ён скончыў, зiрнула на яго шчаслiвым i амаль пяшчотным поглядам.

У пiўной "Пальдэр" з Люсьена нарэшце пачалi на гэту тэму пакеплiваць. Кожны дзень знаходзiўся нехта, хто нiбы незнарок прамаўляў: "Наш Флёр'е, якi так любiць жыдоў..." або: "Леон Блюм, вялiкi Люсьенаў сябар..." - а ўсе астатнiя, затаiўшы подых i разявiўшы рот, з захапленнем чакалi. Люсьен чырванеў i, грукнуўшы па стале, крычаў: "Ну, вашу так!.." - i ўсе заходзiлiся ад смеху, кажучы: "Во пайшоў, во пайшоў! Ды не пайшоў: пабег!"

Люсьен часта хадзiў з хлопцамi на розныя палiтычныя сходы, дзе чуў прафесара Клода i Максiма Рэал дэль Сарта. Вучоба праз такiя новыя абавязкi, вядома, крыху цярпела, але таму што, як бы там нi было, разлiчваць на поспех ва ўступных экзаменах у Цэнтральную Вышэйшую школу Люсьену ў той год не даводзiлася, то i пан Флёр'е глядзеў на ўсё гэта памяркоўна.

- Нiчога, - казаў ён жонцы. - трэба нарэшце i яму навучыцца мужчынскай прафесii.

Пасля падобных сходаў галава ў Люсьена i ягоных сяброў гарэла, i яны пачыналi выкiдаць розныя хлапечыя штучкi. Аднойчы, гуляючы ўдзесяцёх па Сэнт-Андрэ-Дэзар, яны напаткалi нейкага невысокага смуглявага мужычка, якi пераходзiў вулiцу, чытаючы "Юманiтэ". Яны прыцiснулi яго да сцяны, i Рэмi загадаў:

- Ану, кiнь газету.

Тып хацеў быў занатурыцца, але Дэсперо шмыгнуў яму за спiну i ўзяў рукамi ў замок, а Лемардан магутнаю пяцярнёй выдраў газету ў яго з рук. Усё гэта выглядала дужа пацешна. Мужычок пачаў разлютавана дрыгаць у паветры нагамi i з нейкай дзiўнаю iнтанацыяй закрычаў: "Пусцiце мяне, пусцiце мяне!" - а Лемардан тымчасам спакойна раздзiраў газету на кавалкi. Аднак калi Дэсперо выпусцiў тыпчыка, справа пачала псавацца: той кiнуўся на Лемардана i збiраўся ўжо яго ўдарыць, але Рэмi своечасова ўляпiў яму добрага грымака амаль у самае вуха. Тып адляцеў да сцяны i, зiрнуўшы на ўсiх злым вокам, прамовiў:

- Паскудныя французы!

- Паўтары, што ты сказаў, - халодным голасам спытаў Маршэсо.

Люсьен зразумеў, што зараз адбудзецца што-небудзь кепскае: Маршэсо не дапускаў жартаў, калi гаворка заходзiла пра Францыю.

- Паскудныя французы! - зноў прамовiў чужынец.

У той жа момант на яго абрушыўся жудасны ўдар. Мужык схiлiў галаву, рынуўся наперад i загарлаў:

- Паскудныя французы, буржуi паскудныя, каб вы падохлi ўсе, усе, усе! - i яшчэ цэлы паток розных нечуваных абраз, з такою нянавiсцю, якой Люсьен раней не мог сабе ўявiць.

Тады хлопцы страцiлi астатняе цярпенне i вымушаны былi ўзяцца за мужычка ўсёй талакой, каб задаць яму добрага дыхту. Праз пэўны час яны нарэшце яго пусцiлi: тып прывалiўся да сцяны i ледзь стаяў на нагах, ад удара кулаком у яго зацякло правае вока. Стамiўшыся бiць, хлопцы стаялi вакол i чакалi, калi ён упадзе. Але тып скрывiў рот i плюнуў.

- Паскудныя французы. - прамовiў ён.