22007.fb2
- Ну што, куме Булiго, чакаем сыночка? I калi яму будзе дазволена паказацца на свет?
- У канцы месяца, пане Флёр'е, дзякуй, пане Флёр'е.
Дзядзька Булiго ўвесь свяцiўся ад радасцi, ён нiколi б сабе не дазволiў даць Люсьену плескача па азадку цi назваць жабянём, як гэта рабiў пан Буфардзье. Люсьен ненавiдзеў пана Буфардзье - за тое, што той быў такi брыдкi. А калi бачыў дзядзьку Булiго, на душы ў яго рабiлася так пяшчотна i яму хацелася быць добрым. Аднойчы, калi яны вярталiся са шпацыра, тата ўзяў Люсьена сабе на каленi i растлумачыў, што такое начальнiк. Люсьену было цiкава, як тата размаўляе з рабочымi на заводзе, i тата паказаў. Голас у яго вельмi змянiўся.
- А я таксама буду начальнiк? - спытаўся Люсьен.
- Вядома, дзеля гэтага я цябе i зрабiў.
- А кiм я буду кiраваць?
- Ну, калi я памру, ты зробiшся гаспадаром майго завода i будзеш кiраваць маiмi рабочымi.
- Але ж яны таксама памруць.
- Ну, значыць, ты будзеш кiраваць iх дзецьмi, i табе трэба будзе навучыцца рабiць гэта так, каб яны цябе слухалiся i любiлi.
- Тата, а што трэба рабiць, каб мяне любiлi?
Тата крыху задумаўся i сказаў:
- Перш за ўсё ты павiнен ведаць усiх на iмя.
Люсьен быў гэтым глыбока ўсхваляваны, i калi да iх у дом прыбег сын майстра Марэля, каб паведамiць, што яго бацьку адсекла два пальцы, Люсьен гутарыў з iм сур'ёзным спагадлiвым голасам i глядзеў проста ў вочы, называючы хлопца па прозвiшчы. Мама сказала, што ганарыцца сваiм сынулькам, бо ён такi добры i чулы.
Потым быў падпiсаны мiр, тата кожны вечар уголас чытаў газету, усе гаманiлi пра расейцаў, нямецкi ўрад i перадзелы, i тата паказваў Люсьену на карце краiны; Люсьен правёў сама нудны год у сваiм жыццi - яму больш падабалася, калi была вайна; цяпер жа ва ўсiх быў бесклапотны выгляд, i агеньчыкi, што гарэлi ў вачах у панi Кафэн, пагаслi. У кастрычнiку 1919 года панi Флёр'е аддала Люсьена ў школу св. Ёзэфа, дзе ён меў вучыцца экстэрнам.
У кабiнеце абата Жэрамэ было цёпла, Люсьен стаяў побач з абатавым крэслам, трымаў рукi за спiнай i мужна нудзiўся. "Хутка ўжо мама пойдзе?" - думаў ён. Але панi Флёр'е не збiралася пакуль што iсцi. Яна сядзела на самым краёчку зялёнага фатэля, наставiўшы на абата ёмiстыя грудзi, i гаманiла тым спешлiвым i меладычным галасочкам, якi ўзнiкаў у яе заўсёды, калi яна злавалася i не хацела гэтага паказаць. Абат гаварыў марудна, прамоўленыя iм словы здавалiся намнога даўжэйшымi, чым у другiх людзей, нiбыта раней, чым iх вымавiць, ён абсмоктваў iх, як цукровыя ледзяшы. Ён тлумачыў маме, што Люсьен добры, ветлiвы i працавiты хлопчык, але страшэнна да ўсяго абыякавы, i панi Флёр'е адказвала, што гэта вельмi яе засмучае, бо яна спадзявалася, што перамена ў асяроддзi пойдзе на карысць яе сыну. Яна спытала, цi гуляе ён, прынамсi, на перапынках.
- На жаль, панi, не, - адказаў абат, - нават гульнi, здаецца, яго не цiкавяць.
Люсьен падумаў: "Яны гутараць пра мяне". Яны - гэта былi дзве дарослыя асобы, i ён складаў прадмет iх гамонкi, як вайна, нямецкi ўрад цi Пуанкарэ; яны гаманiлi важнымi галасамi i выказвалi наконт яго розныя меркаваннi. Але нават гэтая думка не парадавала Люсьена. Яго вушы гудзелi ад пявучых мамiных слоў i лiпкiх, абсмоктаных слоў абата, i яму хацелася плакаць. На шчасце, пачуўся званок, i яго адпусцiлi. Але на ўроку геаграфii ён адчуваў сябе яшчэ ўзбуджана i папрасiўся ў абата Жакена схадзiць у прыбiральню: яму вельмi карцела парухацца.
Свежасць, самота i добры пах прыбiральнi адразу яго супакоiлi. I хоць яму зусiм не хацелася, ён сеў дзеля ачысткi сумлення на кукiшкi i, падняўшы голаў, пачаў чытаць надпiсы, якiмi былi скрэмзаны дзверы. Сiнiм алоўкам нехта на iх напiсаў: "Барато - клоп". Люсьен усмiхнуўся: сапраўды, Барато клоп, ён такi малюпасенькi, i кажуць, зусiм ужо болей не вырасце цi вельмi трошкi, бо бацька ў яго карантыш, ледзь не карлiк. Люсьен падумаў, цi чытаў гэты надпiс Барато, i вырашыў, што яшчэ не: iначай ён быў бы выцерты. Барато наслiнiў бы палец i цёр, цёр бы словы, пакуль бы яны не знiклi. Люсьен павесялеў, уявiўшы, як а чацвёртай гадзiне Барато прыйдзе ў прыбiральню, спусцiць свае маленькiя аксамiтныя майткi i прачытае: "Барато - клоп". Можа, ён нiколi раней не задумваўся, што ён такi маленькi. Люсьен даў сабе слова з першага ж перапынку заўтрашнiм ранкам называць Барато клапом. Ён устаў i на правай сцяне прачытаў другi надпiс, зроблены тым самым сiнiм алоўкам: "Люсьен Флёр'е - шардзiна". Ён старанна выцер яго i вярнуўся ў клас. "Сапраўды, - падумаў ён, азiраючы прыяцеляў, - яны ўсе нiжэйшыя за мяне". I яму зрабiлася няёмка.
"Шардзiна".
Люсьен сядзеў за сваiм маленькiм пiсьмовым столiкам з чырвонага дрэва. Жэрмена была ў кухнi, мама яшчэ не вярнулася. Каб выправiць арфаграфiю, ён напiсаў на чыстай паперы: "Жардзiна". Але слова здалося надта знаёмым i не выклiкала нiякага ўражання. Ён клiкнуў:
- Жэрмена, Жэрмена, дарагая!
- Ну што вам яшчэ? - спытала Жэрмена.
- Жэрмена, я хачу, каб вы напiсалi на гэтай паперы: "Люсьен Флёр'е жардзiна".
- Ды вы здурнелi, пане Люсьен?
Люсьен абняў яе за шыю рукамi.
- Ну, Жэрмена, Жэрменачка, ну, калi ласка.
Жэрмена засмяялася i выцерла зашмальцаваныя пальцы аб фартух. Пакуль яна пiсала, Люсьен стараўся на яе не глядзець, а потым адразу схапiў лiст, панёс яго ў спальню i доўга там разглядаў. Почырк у Жэрмены быў востры, i Люсьену здавалася, што нечый сухi голас кажа яму ў самае вуха: "Жардзiна". Ён падумаў: "Я высокi". Яго душыў сорам: ён быў гэткi ж высокi, як Барато - карапуз, i iншыя з гэтага кпiлi ў яго за спiнай. Перад iм нiбыта раскрылi лёс: дагэтуль ён лiчыў натуральным, што яму даводзiцца глядзець на сяброў зверху ўнiз. Але цяпер раптам ён быў нiбыта асуджаны на ўсю рэшту жыцця - быць высокiм. Увечары ён запытаўся ў таты, цi можна паменшаць, калi захочаш гэтага з усяе сiлы. Але пан Флёр'е адказаў, што не: у iх сям'i ўсе былi высокiя i дужыя i Люсьен яшчэ падрасце. Люсьен быў у роспачы.
Калi мацi паклала яго ў ложак i падаткнула коўдрай, ён пачакаў, пакуль яна выйдзе, устаў i падышоў да люстра. "Я высокi", - падумаў ён. Але глядзецца ў люстра было дарэмна: там нiчога было не вiдно, ён быў нi высокi, нi нiзкi. Ён прыўзняў крыху начную сарочку i зiрнуў на свае ногi; яму ўявiлася, як Касцiль кажа Эбрару: "Ты глянь, якiя ў жардзiны даўжэзныя ногi". Гэта яго рассмяшыла. Але ў пакоi было холадна, i Люсьена перасмыкнула. I адразу нехта сказаў: "У жардзiны гусiная скура!" Тады Люсьен высока задраў падол, i яны ўбачылi яго пуп i ўсе прычындалы, а ён хутка пабег да ложка i шмыгнуў пад коўдру. Сунуўшы руку пад сарочку, ён падумаў, што Касцiль яго бачыць i кажа: "Гэй, вы паглядзiце, што робiць гэтая жардзiна!" Ён круцiўся i варочаўся ў ложку i мармытаў пад нос: "Жардзiна, жардзiна", - пакуль пад пальцамi не пачало трошкi свярбець i пячы.
Наступнымi днямi яму ўвесь час рупiла папрасiцца ў абата перасесцi на заднюю парту. Гэтае жаданне яго мучыла праз Касцiля, Вiнкельмана i Буасэ, якiя сядзелi ззаду i зырылiся яму ў карак. Люсьен добра адчуваў свой карак, але бачыць яго не мог i часта зусiм забываў. I калi ён, стараючыся як мага лепш адказаць абату, чытаў на памяць маналог Дона Дыегi, iншыя, седзячы ззаду, глядзелi яму ў карак i маглi цiха хiхiкаць, думаючы: "Якi ён у яго худы, аж дзве жылiны тырчаць". Люсьен высiльваўся, напаўняючы свой голас пачуццем, каб выказаць Дона Дыегава абурэнне, - са сваiм голасам ён рабiў усё, што хацеў, але карак тым часам заставаўся на месцы, спакойны i невыразны, як у таго, хто адпачывае, i Басэ яго бачыў. Перасесцi Люсьен усё ж не рашыўся, бо апошняя лава прызначалася лайдакам, але лапаткi i патылiца яму ўвесь час свярбелi, i ён безупынку чухаўся.
Люсьен прыдумаў новую гульню: ранiцай, адзiн, як дарослы, падмываючыся ў прыбiральнi, ён любiў уяўляць, што за iм хто-небудзь падглядае ў замочную шчылiну: Касцiль, цi Жэрмена, цi дзядзька Булiго. Тады ён нiбы незнарок пачынаў паварочвацца то так, то сяк, каб яго ўбачылi з усiх бакоў, а часам ставаў на карачкi i, павярнуўшыся да дзвярэй задам, выпiнаў яго, каб ён зрабiўся круглы i смешны; а пан Буфардзье быццам па-воўчы падкрадваўся, каб прыставiць яму клiзму-анэму. Аднойчы, седзячы ў прыбiральнi, Люсьен пачуў нейкае шорганне: гэта Жэрмена вашчыла ў калiдоры буфет. Сэрца ў яго спынiлася, ён цiха адчынiў дзверы i выйшаў са спушчанымi на пяты штанамi i задранаю да паяснiцы кашуляй. Каб не страцiць раўнавагi, ён вымушаны быў рухацца невялiкiмi скачкамi. Жэрмена зiрнула на яго безудзельным вокам.
- Вы чаго гэта - бегаеце ў мяху? - спытала яна.
Люсьен гнеўна падцягнуў штаны, кiнуўся ў спальню i ўпаў на ложак.
Панi Флёр'е была глыбока засмучаная, яна часта казала мужу:
- Ён жа быў такi мiлы, такi зграбненькi, калi быў маленькi, а цяпер, ты толькi зiрнi, якi няўклюда. Ну цi ж гэта не прыкра!
Пан Флёр'е кiдаў на Люсьена няўцямны позiрк i адказваў:
- Гэта ўзроставае.
Люсьен не ведаў, куды падзець сваё цела: што б ён нi рабiў, у яго ўвесь час было ўражанне, што цела сунецца адразу ва ўсе бакi, прычым абсалютна насуперак яго волi.
Люсьену падабалася ўяўляць, што ён нябачны, i ўрэшце ён займеў звычку падглядаць у замочныя шчылiны - каб адпомсцiць iншым i каб пабачыць цiшком, як яны складзены. Аднойчы ён убачыў мацi, калi яна падмывалася. Яна сядзела на бiдэ i нiбыта спала; вядома, яна зусiм не думала ў гэты час нi пра сваё цела, нi нават пра выраз аблiчча; яна i не здагадвалася, што за ёй назiраюць. Вяхотка сама па сабе гуляла па гэтым забытым целе, рухi былi марудныя, млявыя, i здавалася, яна вось-вось зараз спынiцца. Мацi нацерла вяхотку мылам, i яе рука знiкла мiж ног. Твар у яе быў спакойны, амаль журботны; вядома, яна думала пра нешта зусiм iншае - можа быць, пра выхаванне Люсьна цi пра пана Пуанкарэ. Але ў той самы час яна была гэтай грузнай ружовай масай, гэтым вялiзным целам, што грувасцiлася на фаянсавым бiдэ.
Другi раз, зняўшы пантофлi, Люсьен пацiху ўзышоў да паддашка, дзе жыла Жэрмена. Ён убачыў служанку ў доўгай зялёнай сарочцы, што спадала да самых пят; Жэрмена прычэсвалася перад маленькiм люстэркам i млява ўсмiхалася свайму адбiтку. Люсьена разабраў такi жудасны смех, што ён ледзь паспеў подбегам спусцiцца назад. У салоне ён таксама пачаў усмiхацца i курчыць грымасы перад вялiкiм люстрам, але ўрэшце яго апанаваў нечуваны страх.
Неўзабаве Люсьен ужо цалкам пагрузiўся ў дрымоту. Праўда, гэтага нiхто не заўважыў, апроч панi Кафэн, якая цяпер называла яго сваiм "спячым прыгажуном". Нейкi вялiкi паветравы камяк, якi Люсьен не мог нi праглынуць, анi выплюнуць, безупынку распiнаў яму рот: гэта быў яго позех. Калi ён заставаўся адзiн, камяк рос усярэдзiне i прыязна лашчыў гартань i язык, рот разяўляўся шырока-шырока, i слёзы цяклi па шчоках: гэта былi вельмi прыемныя хвiлiны. I хоць цяпер яго ўжо не так забаўляла, калi ён сядзеў у прыбiральнi, затое яму вельмi падабалася чхаць - гэта яго абуджала: нейкае iмгненне ён глядзеў вакол усмешлiвым позiркам i потым зноў засынаў. Люсьен навучыўся распазнаваць розныя вiды сну: узiмку ён садзiўся каля камiна i нахiляўся галавой да агню; калi галава чырванела i добра падпражвалася - з яе раптам усё вылятала; ён называў гэта "засынаць галавой". А ранiцай у нядзелю ён залазiў у ванну i, наадварот, - засынаў праз ногi: ён паволi апускаўся ў ваду, i сон цiхiм плёхкатам падымаўся па яго нагах i сцёгнах. Цела засынала i здавалася пад вадой зусiм белым, надзьмутым, нiбы паветравы шар, i было падобнае да варанай курыцы, а над iм плавала бялявая галава, поўная вучоных словаў: тэмп, тэмпера, тамплiер, сейсмiка, iканаборац. На ўроку сон быў празрысты i рассечаны маланкамi: "А што, па-вашаму, ён мог зрабiць супраць трох?" Першы: Люсьен Флёр'е. "Што такое трэцяе саслоўе: нiшто". Першы: Люсьен Флёр'е, другi: Вiнкельман. Па алгебры першы быў Пэльро, у яго было толькi адно яйцо, другое не апусцiлася; ён браў па два су за пагляд i дзесяць - каб дакрануцца. Люсьен даў дзесяць, пасля завагаўся, нерашуча працягнуў руку, але так i пайшоў, не памацаўшы. Потым яго мучыў такi жорсткi дакор, што ён часам не мог заснуць больш за гадзiну. Геалогiя ў яго iшла горш за гiсторыю: першы Вiнкельман, другi Флёр'е. Па нядзелях ён разам з Касцiлем i Вiнкельманам выпраўляўся на шпацыр на роварах. Ровары кацiлi па мучным пыле сярод рудых палёў, што стагналi ад спёкi; дужыя Люсьенавы ногi жвава круцiлi педалi, але санлiвы дарожны пах удараў у галаву, ён прыпадаў да руля, i вочы ў яго рабiлiся зусiм ружовыя i самi заплюшчвалiся. Тройчы Люсьен даставаў першы прыз за руплiвасць. Яго ўзнагароджвалi "Фабiолай, або Рэлiгiяй катакомбаў", "Духам хрысцiянства" i "Жыццём кардынала Лавiжры". Пасля летнiх канiкулаў Касцiль навучыў усiх дзвюм выдатным песням - "Мецскi артылерыст" i "De Profundis Morpionihus". Люсьен вырашыў яго пераплюнуць i, прачытаўшы ў бацькавай Медыцынскай энцыклапедыi артыкул пра "Матку", падрабязна растлумачыў таварышам, як у жанчын усё зроблена, зрабiўшы нават на дошцы малюнак; Касцiль заявiў, што гэта паскудства, але пасля яны не маглi без рогату чуць пра трубы, i Люсьен з задавальненнем думаў, што ва ўсёй Францыi не знайсцi вучня другога класа цi нават класа рыторыкi, якi гэтак жа добра, як ён, ведаў бы жаночыя органы.
Пераезд Флёр'е ў Парыж быў успышкаю магнiю. Кiнатэатры, аўтамабiлi, вулiцы не давалi Люсьену заснуць. Ён навучыўся адрознiваць "вуазэн" ад "пакарда", "хiспана-сюiза" ад "ролс-ройса" i пры выпадку любiў гаманiць пра машыны з нiзкай пасадкай; ужо болей за год ён хадзiў у доўгiх штанах. Каб узнагародзiць сына за паспяховае заканчэнне першай паловы цыкла на ступень бакалаўра, бацька паслаў яго ў Англiю; Люсьен убачыў разбухлыя ад вады лугi i белыя скалы, пазаймаўся боксам з Джонам Латымерам i навучыўся плаваць на адным баку, але аднойчы ранкам ён прачнуўся ў былой дрымоце, i ўсё пачалося зноў: у Парыж ён вярнуўся заснулы. У падрыхтоўчым класе матэматыкi ў лiцэi Кандрасэ было трыццаць сем вучняў. Восем сярод iх лiчылi, што паспелi ўжо набрацца розуму, былi сапраўдныя вiсусы i да астатнiх ставiлiся звысоку, як да малявак. Вiсусы пагарджалi Люсьенам да першага лiстапада, але ў дзень Усiх Святых Люсьен пайшоў на шпацыр з сама вялiкiм вiсусам, Гары, i неяк мiж iншым падзялiўся з iм сваiмi шырокiмi анатамiчнымi ведамi. Гары быў ашаломлены. У банду вiсусаў Люсьен не ўвайшоў, таму што бацькi не дазвалялi яму гуляць па вечарах, але цяпер яго адносiны з iмi былi як у роўнага з роўнымi.
Кожны чацвер да iх на вулiду Райнуар прыходзiла снедаць цётка Берта з сынам. Яна вельмi растаўсцела, зрабiлася сумная i ўвесь час уздыхала, але рукi i твар у яе па-ранейшаму заставалiся гладкiя, белыя, i Люсьену хацелася ўбачыць яе распранутаю. Кладучыся спаць, ён уяўляў, што гэта было быццам зiмнiм вечарам у Булонскiм лесе i быццам яе знайшлi голую на якой-небудзь прасецы, яна дрыжала, скрыжаваўшы на грудзях рукi, i ў яе была гусiная скура, а нейкi падслепаваты прахожы кратаў яе кiйком i казаў: "Што гэта яшчэ тут такое?" Са сваiм стрыечным братам Люсьен не заўсёды ладзiў: Рыры быў цяпер прыгожы i нават крыху занадта зграбны малады чалавек, ён вывучаў фiласофiю ў Лаканалi, але нiчога не разумеў у матэматыцы. Люсьен не мог пазбавiцца ад думкi, што Рыры, якому мiнула сем гадоў, усё яшчэ клаў у штаны, а потым хадзiў, шырока, як качка, раскiрэчыўшы ногi, i гэтак бязвiнна казаў, пазiраючы светлымi вачыма на маму: "Ды ну, мама, нiчога я не зрабiў, ну праўда". Люсьену было брыдка браць Рыры за руку. Але ён стараўся быць з братам прыязны i тлумачыў яму свае заданнi па матэматыцы; яму часта даводзiлася перамагаць сябе, каб не раззлавацца, бо Рыры быў надта няцямлiвы. Але Люсьен нiколi не даваў сабе волi i захоўваў роўны i вельмi спакойны тон. Панi Флёр'е лiчыла, што ў Люсьена шмат далiкатнасцi, але цётка Берта нiякай удзячнасцi яму не выказвала. Калi ён прапаноўваў растлумачыць Рыры якi-небудзь урок, яна чырванела i, ёрзаючы на крэсле, адказвала:
- Ды не, не, ты вельмi добры, мiлы Люсьен, але Рыры ўжо вялiкi. Ён i сам усё можа, калi захоча; не трэба, каб ён прывыкаў разлiчваць на iншых.
Аднойчы панi Флёр'е нечакана сказала Люсьену:
- Можа быць, ты думаеш, што Рыры табе ўдзячны за ўсё, што ты робiш? Дык вось, мой маленькi, - не; ён кажа, што ты задзiраеш нос, Мне гэта твая цётка Берта сказала.
Мацi гаварыла вельмi мiлагучным тонам i з вельмi лагодным выглядам, i Люсьен зразумеў, што яна шалее ад гневу. Гэта яго цьмяна заiнтрыгавала, але ён не знайшоў, што адказаць. Назаўтра i паслязаўтра ён быў вельмi заняты ўрокамi, i гэта гiсторыя вылецела ў яго з галавы.
Але ў нядзелю ранiцай ён раптам адклаў пяро i падумаў: "Хiба я задзiраю нос?" Была адзiнаццатая гадзiна, Люсьен сядзеў за сталом i глядзеў на ружовых чалавечкаў на крэтоне, якiмi былi абабiтыя сцены; ён адчуваў на левай шчацэ сухую, запыленую цеплыню першага красавiцкага сонца i на правай - густое, цяжкае цяпло радыятара. "Хiба я задзiраю нос?" Адказаць было цяжка. Люсьен пастараўся прыгадаць сваю апошнюю сустрэчу з Рыры i бесстаронне ацанiць свае паводзiны. Ён схiлiўся тады да Рыры i з усмешкай прамовiў: "Цямiш? Калi не цямiш, стары, дык не бойся, так i скажы, - мы зараз усё ўладзiм". Крыху пазней, зрабiўшы памылку ў нейкiх надта ўжо далiкатных разважаннях, ён хмыкнуў: "Часам i са мною здараецца". Гэты выраз ён наследаваў ад свайго бацькi i лiчыў яго вельмi забаўным. Але ўвогуле ўсё гэта было не варта трох грошаў. Люсьен зноў падумаў: "Хiба я задзiраў нос, калi казаў яму гэта?" Ён так доўга шукаў адказу, што раптам перад iм узнiкла нешта белае, круглае i мяккае, як абрывак воблака: гэта была тая думка, што ўзнiкла ў яго ў той дзень, - ён сказаў: "Цямiш?" - i яна сядзела ў яго ў галаве, хоць ён не мог нi ўсвядомiць яе, нi апiсаць. Ён зрабiў адчайнае намаганне ўбачыць гэтае воблака, але нечакана адчуў, як некуды падае ўнiз галавой, i апынуўся ў густым тумане; ён нават сам быў гэтым туманам, гэтым белым, вiльготным, гарачым мроiвам, ад якога пахнула пральняй. Яму хацелася вырвацца з воблака, адступiць назад, але смуга не адпускала. Ён падумаў: "Гэта я, Люсьен Флёр'е, я ў сваiм пакоi, я раблю задачу па фiзiцы, сёння нядзеля". Але думкi раставалi ў мроiве i рабiлiся такiя ж самыя белыя. Ён схамянуўся i пачаў пiльна разглядаць чалавечкаў на шпалерах: дзве пастушкi, два пастухi i Амур. Потым знянацку сказаў сам сабе: "Я... я..." - нешта ледзь чутна шчоўкнула, i ён прачнуўся ад доўгага сну.
Нiчога прыемнага ў гэтым не было: пастухi адразу адскочылi назад, i Люсьену здалося, што ён глядзiць на iх у перакулены бiнокль. Замест былога млявага здзiўлення, якое было такiм мяккiм i так салодка хуталася ў свае ж складкi, цяпер узнiкла вельмi бадзёранькая, няўпэўненасць, якая пыталася: "Хто я?"
"Хто я? Я гляджу на стол, гляджу на сшытак. Мяне зваць Люсьен Флёр'е, але гэта толькi iмя. Я задзiраю нос. Цi не задзiраю носа. Чорт, у гэтым няма нiякага сэнсу.