22716.fb2
3. Шпаркая арганізацыя іх не можа не выклікаць трывогу... Вельмі многа кадравых вопытных армейскіх афіцэраў...»
Ні ў якае параўнанне не йшоў гэты талковы даклад з «адчапной» цыдулкай рэўкамаўца - каракулі на замусоленым аркушыку, няроўна вырваным з сярэдзіны школьнага сшытка. Можа, яшчэ і таму прыемна было камісару перачытваць Лебедзева, што працэс гэты па часе акурат супадаў з выпіваннем шклянкі гарбаты (сумяшчалася фізічнае з духоўным); канчалася гарбата - дачытвалася апошняя старонка, і трэба было брацца за Кецку, стараючыся хоць між радкоў штосьці вывудзіць.
«Во время проведения реквизиционных обязанностей, - нязграбна пісаў Кецка, - падчас правядзення рэквізацыйных абавязкаў за вёскаю Кажушкі Вызнянскай воласці ў лясным масіве адбыўся ўзброены напад пад покрывам цемнаты. Двое таварышаў былі забіты на месцы, трое патрапілі ў палон разам з падводай, коньмі і рэквізіцыяй. Тав. Кецку (пісаў пра сябе ў трэцяй асобе) удалося здзейсніць уцёкі («совершить побег»), аб чым тав. Кецка адразу ж далажыў у Вызне савецкім органам, а таксама звязаўся па тэлефоне-апараце з г. Слуцак...»
Не тое што няпраўда - усё так і магло быць, як паведамляў рэўкамавец. Але сам дух гэтай запіскі... Губмян прыплюшчваў блізарукія вочы - паўставала перад ім белае поле, падфарбаванае чырванню марознай раніцы... Сабакі носяцца адзін за адным каля падводы... Паводзіны Кецкі толькі дурню могуць не падацца падазронымі. Зрэшты, чорт з ім: такіх Кецкаў, якія толькі і мараць пусціць нам кулю ў спіну, палова ў савецкіх органах, а ў арміі яшчэ болей. Няма з каго дужа выбіраць. Вось калі скончыцца вайна, перамелецца ўсё, наладзіцца, тады і пачнём закасаўшы рукавы адбіраць, фільтраваць, раз'ясняць, «аць»... «яць»...
Прачытаўшы ўсё ўважліва, Губмян устаў і пацягнуўся - дрыжыкі прайшлі па спіне, ад холаду, здалося, нават далоні пакрыліся цыпкамі. Цяпер бы заваліцца ў цёплы ложак, пад пярыну... Пад пярыну! Аддыхнеш тут, зараз! Галоўнае, злавала, што вораг несур'ёзны, а на яго трэба траціць сілы, і нервы, і час. Адна справа ваяваць з белымі ці з палякамі і другая - з «беларускім нацыянальным рухам», ды самое гэтае словаспалучэнне абсурднае!.. Прыйшло на розум параўнанне чалавека, які дужаўся з быком, перамог яго, прысеў адпачыць, а тут круціцца пад нагамі шчанюк і не кусаецца, а назаляе...
Каб выглядаць на выступленні бадзёрым, камісар прымусіў сябе зрабіць зарадку, папрысядаў - рукі ў бакі, рукі ўперад. Дастаў з шафкі сухія халодныя парцянкі, прытанцоўваючы на ледзяной падлозе, пераматаў - сваімі, бруднымі і мокрымі, пачысціў збольшага боты... Крутнуўся на абцасіках на сто восемдзесят градусаў перад пабітым люстэркам, стараючыся ўбачыць сваю спіну, - барада варушылася ад паветранага струменя... Паправіў акуляры, узяў пад паху папкі з паперамі і цвёрдым крокам, не забыўшы прымкнуць на ключ дзверы, выйшаў на калідор. Па лесвіцы, прыступкі якой былі цямнейшыя па краях і светлыя пасярэдзіне - след ад дывановай дарожкі, - спусціўся на першы паверх.
У былой рэстарацыі, а цяпер проста сталоўцы, яго ўжо чакалі. Усе былі ў зборы, чалавек дваццаць, камісары, камандзіры і яшчэ нейкія людзі ў цывільным, невядомыя камісару. Таварышы, якія прысутнічалі на расстрэле вёскі, трымаліся разам: быў тут сярдзіты хлапчук у сваім галіфэ, былі Кецка з Лебедзевым.
Калі ляпнулі дзверы без пнеўматычнай спружыны і паказаўся таварыш Губмян, загрымелі, застукалі крэслы і табурэткі, заскрыпелі скураныя тужуркі і хромавыя боты. Усе падняліся. Губмян прабег да стала, знарок для яго падрыхтаванага, нават графін з вадою і шклянку не забылі і завостраны на іголку аловак з чыстым аркушыкам паперы - прыемная клапатлівасць!
У вялікім гулкім «рэстаране» халадрыга была яшчэ горшая, чым у «люксе»; зрэшты, як слова «люкс» у дачыненні да камісаравага цяперашняга нумара гучала іранічна, так і слова «рэстаран» у дачыненні да гэтай пустой і гулкай, абрабаванай залі. Толькі на вокнах тут нейкім цудам захаваліся рэшткі былое раскошы - цяжкія шторы з цёмна-ліловага, як высахлы атрамант, бархату, ды яшчэ пад самай столлю вісела мёртвая, без свечак і электрычных лямпачак, люстра-жырандоля, якая ацалела, па ўсім відаць, таму толькі, што не знайшлося такой высокай лесвіцы. Іншая справа - як дасюль нікому не прыйшло ў галаву проста расстраляць яе?..
- Прашу садзіцца, таварышы!
Ізноў, заскрыпеўшы і загрукаўшы, уселіся.
Губмян пераставіў месцамі графін і шклянку, кінуў на стол папкі. Хуткім паглядам акінуў зборышча... Стрымаў уздых - колькі ні даводзілася выступаць яму на падобных сходках, ніколі не мог пазбавіцца патаемнай, недзе ў падкорных глыбінях сваіх камісарскіх мазгоў заселай думкі: і як гэтае войска, з такіх людзей сабранае, існуе, трымаецца, ды яшчэ й перамагае?! Міжволі паверыш правадырам-аракулам, таму ж прыдуркавата-рамантычна-набожнаму Луначарскаму, што бальшавіцкая справа - святая, тое ж хрысціянства, сам Бог над ёй апякуецца...
- Так я вас поздравляю! - сваім непамысным, да якога ніяк нельга было прывыкнуць, голасам выкрыкнуў Губмян. - Віншую - пад носам у нас, на прыгранічнай тэрыторыі, пры патуранні з нашага боку поўным ходам фарміруецца рэгулярнае войска! А нам хоць бы хны, мы не дбаем! Вось тут, - гучна ляпнуў адной з папак аб край стала, - для ўсіх нас вялікі сюрпрыз! Вось тут вот для нас, таварышы, наступныя звесткі! Вы ведаеце, што французы - не палякі, а французы! - сочаць за ўсімі гэтымі падзеямі? Вы ведаеце, што яны толькі таго і чакаюць, калі слуцкая банда, якую ніхто з вас не ўспрыняў і не ўспрымае ўсур'ёз, разрасцецца і ўмацуецца тут? Калі яна аформіцца ў армію? Калі яна створыць мясцовыя органы ўлады і тады афіцыйна зможа запрасіць ваеннай падмогі той жа Антанты? Вы ўсведамляеце, наколькі ўсё гэта сур'ёзна?
Памаўчаў. Змяіныя, тоўстымі лінзамі акуляраў павялічаныя, вочы пранізвалі ўнураных паплечнікаў.
- Да вас даходзіць, што на гэтым кавалачку зямлі[9] вырашаецца цяпер не толькі лёс савецкай улады ў Беларусі, але, магчыма, і лёс Усходняй Эўропы?
- Ды колькі можна: Эўропа, Эўропа! - што мы ўсё зырымся на тую Эўропу?! - не вытрымаў, ведаючы, што за маладосць яму даруецца, хлапчук-камандзір, які сядзеў за першым сталом побач з Лебедзевым.
Так і атрымалася. Камісар не зрабіў яму заўвагі, як бы і не было рэплікі, а працягваў далей:
- ...А мы сваімі ўласнымі рукамі памагаем гэты кавалачак зямлі ўмацоўваць, усяляк садзейнічаем стварэнню гэтага плацдарма, які зможа прыняць дэсант акупантаў...
- Ды які яшчэ дэсант?! - ізноў вылузнуўся, раздражнёна перабіў хлапчук (усё правільна, раз не цыкнулі - павялічвай націск, замацоўвай поспех!). - Які дэсант, калі тут не тое што мора, а і рэчкі людскай няма!
- Дэсант, таварыш Санін, - мякка адказаў Губмян, пра сябе адзначыўшы рыфму, - гэта любым чынам, у тым ліку і сухапутным, з'яўленне войск на тэрыторыі праціўніка для баявых дзеянняў. Папрашу не перабіваць больш. Значыць, так. На чым я спыніўся?.. («На кавалачку зямлі!» - голас з залі.) Усё правільна. Таму мушу аб'явіць вам, каб вы раз і назаўсёды забылі пра перамір'е. Яно для палякаў, але не для нас. Нам перадыху не будзе да таго часу, - пацягнула камісара на патэтыку, - пакуль хоць адзін вораг савецкай улады будзе таптаць нашую зямлю і дыхаць нашым паветрам! Вось так. Усе вы ведаеце пра апошнія падзеі. Адбыўся напад на атрад харчнарыхтоўкі, загінулі нашы таварышы... Банда адчувае сваю беспакаранасць... Таксама двое нашых таварышаў пабывалі ў іхнім палоне. Я азнаёміўся з дакладамі, выслухаў расказы вусныя - звесткі, якія мне перадалі, не могуць не трывожыць. Нельга закрываць вочы на тое, што бандыты даволі хутка і паводле ўсіх ваенных правілаў арганізоўваюцца - тут трэба аддаць ім належнае... Узначальваюць іх вопытныя белагвардзейскія афіцэры. Хоць і не ў адкрытую, спадцішка, але несумненна іх падтрымліваюць палякі - лепш так скажам: палякам выгадна, каб мы распыляліся на трэцюю сілу. Адзін з галоўных бандыцкіх козыраў - гэта адсутнасць страху перад справядлівым пакараннем. У любы момант, як толькі мы на іх націснем, яны спакойна пяройдуць на занятую палякамі тэрыторыю і дадуць сябе інтэрніраваць...
- Ды нашая гэта тэрыторыя! - сярдзіты таварыш Санін падняўся рэзка, чхаць ён хацеў на тое, што зрабілі яму заўвагу. Гэта ў яго, такога маладога камандзіра ўзвода, быў «пам-нач-камам» геройскі Мішка, баявы таварыш, з якім столькі з'елі разам кашы, прайшлі агонь і ваду: фарсіравалі Сіваш, секлі белякоў пад Кахоўкаю, грамілі Дзянікіна, Урангеля і Булак-Балаховіча - і нідзе не ўзяла друга куля, пакуль не загінуў на роўным месцы ад подлай рукі (падумаць толькі!) беларускай нацыяналістычнай сволачы! Таварыша Саніна проста трэсла ўсяго ад прагі помсты і класавай нянавісці. Эпізод у вёсцы толькі раздражніў яго: слюнцяй Губмян, дваіх усяго расстралялі і аднаго ўзялі палоннага! - ды дзесяць, сто паганых кулацкіх жыццяў пакласці за кожнага нашага! - мне б волю, у мяне б кулямёты не прастойвалі б, не замярзала б, як сёння, у «кажухах» вада!
Таварыш Санін нервова абшморгнуў кіцель, расправіў «хвосцікі» складак ззаду пад рэменем:
- Што мы чакаем?! Чаму спыніліся?! Гнаць трэба к... мацеры і белапалякаў, і ўсіх разам!
Губмян, слухаючы, зняў акуляры, і тут у вачах яго, як ні дзіўна, паявілася штось чалавечае. Яўна яму падабаўся Санін, па душы была гэтая нецярпячка, гэты запал - у правільным рытме б'ецца маладое сэрца, па-бальшавіцку мысліць юная галава.
- А як з нейтральнай зонаю? - паддражніў ён.
- Пляваць на яе!
- Пляваць... Я ўжо гутарыў тут з байцамі - не толькі таварыш Санін, а і многія гарачыя выказваюць незадавальненне. Ірвуцца ў бой! З такім пылам палякаў трэба было біць... Спяшаюцца папярод бацькі ў пекла, забываючы, што мы зусім яшчэ маладая дзяржава, не настолькі акрэплая, каб не лічыцца са шматлікімі ворагамі. Да таго ж ёсць такая рэч, як міжнародная палітыка. Можна, і прасцей за ўсё, наступаць, але бываюць выпадкі, калі трэба ўмець і адступіць. І таму, пакуль вядуцца ў Рызе перамовы нашага пасла таварыша Іофе з палякамі...
- Вечныя палякі!..
- Наконт палякаў, таварыш Санін, таксама папрашу не гарачыцца. Так, яшчэ ўчора гэта былі нашыя заклятыя ворагі, а сёння з імі падпісаны мір, і ў нас ёсць магчымасць пераключыцца на ворагаў іншых. Што да семежаўскай банды, дык тут самі палякі наўрад ці зацікаўлены мець пад бокам трэцюю сілу, тут яны нам хутчэй саюзнікі... Ужо адно тое, што яны не пакінулі ім зброю, якая была б павернута супраць нас, ды і цяпер не даюць, аб чымсьці ды сведчыць; за адно гэта ім варта дзякуй сказаць. І яшчэ - па самых дакладных звестках палякі згодныя ўпусціць нас у нейтральную зону для ачысткі яе ад бандытаў. На трое сутак. Хопіць нам трох сутак?
- Хопіць!
- І адных хопіць!
- Яшчэ і застанецца!..
- А пакуль што? Сядзець склаўшы рукі? - І таварыш Санін, у пацверджанне сваіх слоў, апусціўся на табурэтку і склаў рукі.
- Хто сказаў сядзець? Пакуль мы хоць і вымушаны прытрымлівацца гэтага дурнога становішча нейтральнай паласы, але бяздзейнічаць нельга ні ў якім разе! Працы ўсім хопіць, - казаў Губмян, пастукваючы злёгку папкай аб стол. - Шырэй праводзіць работу з насельніцтвам. Выяўляць і караць вышэйшай мераю бандыцкіх саўдзельнікаў, якія пастаўляюць у Семежава прадукты і фураж. Самім больш рашуча праводзіць рэквізіцыі, бо тут прамая сувязь - чым больш забярэм мы, тым менш дастанецца бандытам. На месцах ствараць камбеды, народную міліцыю, узброеныя атрады самааховы з беднякоў. Помніць, што прапаганда - другая наша зброя! Трэба дзе можна тлумачыць насельніцтву пра непераможнасць Чырвонай Арміі, пра яе аграмадны тэхнічны і людскі патэнцыял. Акцэнтаваць увагу на тым, што зверствы і здзекі нясуць палякі, немцы і мясцовыя бандыты, але не мы. Канечне, абяцаць поўную амністыю ўсім, хто прызнае савецкую ўладу і здасць зброю - тут важна паабяцаць, а потым разбярэмся. Контрразведцы і ЧК асаблівую ўвагу надаць кампраметацыі кіраўнікоў бандфарміравання. Правесці гутаркі з людзьмі, якія іх ведаюць, па магчымасці арыштоўваць у поўным складзе іхнія сем'і і трымаць пад замком да таго часу, пакуль з бандай не будзе пакончана. Усяляк кампраметаваць іх як «абаронцаў», «беларускіх герояў» - расказваць пра п'янства сярод іх, распусту іхнюю; яшчэ лепш арганізаваць пару-тройку начных пагромаў, з расстрэламі, і зваліць потым на іх, як было ў Эстоніі, дзе мы выконвалі дырэктыву таварыша Леніна[10]...
Дабраўшыся да Леніна, Губмян спатыкнуўся раптам і вырашыў закругляць «палітінфармацыю».
- Усё! - выкрыкнуў звонка. - Ёсць пытанні? - няма пытанняў! Тады ўсе свабодныя. Камандзірам правесці тлумачальныя гутаркі з радавым саставам. Таварышу Кецку - застацца.
Усе, акрамя Кецкі, пачалі выходзіць.
- Ян Калікставіч! - паклікаў Губмян, свабодна вымавіўшы дзіўнае гэтае словаспалучэнне, і на яго голас спыніўся статны ваенны (форма сядзела на ім як улітая), з густой русявай чупрынаю, з адкрытым, дабрадушным, тыповым польска-славянскім тварам. Спыніўся, страявым крокам падышоў да стала, за якім ці то стаяў, ці то ўжо сядзеў Губмян.
- Слухаю вас, таварыш камісар, - сказаў Ян Калікставіч Ольскі, начальнік «тройкі» АГПУ 16-й арміі. Ветлівы, гжэчны, перад Губмянам ён не смірна стаяў, а на «паўсагнутых», каб не падавацца занадта высокім, каб не падкрэсліваць так яўна гэтую розніцу паміж сабой, спрытным і ладным, і нягеглым, дохленькім таварышам камісарам. Плечы ўтуліў, прыгорбіўся, сашчапіў на жываце белыя, дарма што холад, далоні (якімі ў 37-м будзе закрываць ашалелы ад жаху твар, калі самога нарэшце прыставяць да заляпанай крывёю і мазгамі ўчарашніх яго ахвяр сценкі менскага падвала).
- Я вас слухаю, таварыш Губмян.
- Распарадзіцеся, каб прывялі гэтага хлопчыка, арыштанта. Ці, яшчэ лепш, самі гэта зрабіце.
Ольскі, хоць і схіліў галаву ў знак згоды і таго, што ўсё зразумеў, але, вопытам навучаны, ён ніколі не кідаўся выконваць начальніцкія даручэнні, лішні раз не перапытаўшы. Таму, на хаду ўжо, ён павярнуўся і ўдакладніў:
- Прывесці сюды?
- Проста сюды.
Ян Калікставіч выйшаў, асцярожна і мякка, як кот, ступаючы, і дзверы прычыніў за сабой асцярожна, не ляпнулі яны, як за іншымі.
Кецка стаяў і назіраў, як з таго боку, ад вуліцы, бегае па падаконніку сярдзіты голуб.
- ... І ад вас, чалавека мясцовага, тутэйшага, мы найбольш чакаем дапамогі - вы слухаеце мяне? Падыдзіце сюды!
Кецка ўздрыгнуў - Губмян даўно ўжо звяртаўся да яго, а ён праслухаў. Павалокся да стала, зачапіўшы па дарозе крэсла, якое ледзь паспеў падхапіць, каб не грукнулася аб падлогу. Стаў перад таварышам камісарам па другі бок стала, вінавата перамінаючыся з нагі на нагу. Яму было сорамна за свой нехлямяжы выгляд, асабліва ў параўнанні з іншымі камандзірамі і начальнікамі; сам ён не паспеў ні пагаліцца, ні хоць бы нават апаласнуцца збольшага хоць халоднай вадою. Яму здавалася, што і пах ад яго ідзе нячысты, таму не толькі ад яго няўважлівасці, а і ад гэтага таксама крывіцца зараз Губмян.
Сярод складзеных стосам папак Кецка пазнаў і сваю - ваенкаматаўскую, па сіняй папераю абклееным карэньчыку. Губмян тым часам, як на асадку, пахукаў на кончык алоўка.