22716.fb2
Толькі пра свайго камандзіра і гаварылі цяпер байцы на прыцішэлай плошчы. Выплывалі падрабязнасці. Глухой цёмнай ноччу, далёка за Семежавам, бяссонныя брыгадныя контрразведчыкі на чале з Мірановічам перахапілі сляпога дзеда, у якога камандзір палка быў на кватэры і які служыў за сувязнога - стары і сляпы, што з такога ўзяць, у каго такі выкліча падазронасць... Пры сляпым адшукаўся ліст (вельмі хутка выраслы ў фантазіях у «пакет з найважнымі дакументамі»), адрасаваны вызнянскаму рэўкамаўцу Кастусю Кецку, той самай гадзюцы, што навяла бальшавікоў на вёску, з-за каго «столькі бязьвінных людзей палегла!»...
Знаходзіліся, канечне, паміж салдатаў і разумнейшыя, больш уніклівыя - гэтыя ўсё дапытваліся, што ж там за такі пакет, хто яго бачыў ці чытаў і што за «сакрэты» мог перадаваць Чайка?[11] Але іх не слухалі. Сам факт, што вось і ў нас усё як у людзей, а цяпер ужо і свой здраднік, - прывабнасць гэтага факту была мацней за жаданне «праўды дабіцца»; цяпер калі б хто і аб'явіў вось зараз, што Чайка невінаваты, што ніякі ён не шпіён, дык не захацелі б і верыць, расчараваныя былі б.
А так усё ясна. Усё растлумачылася, усё ўлеглася, як більярдныя шары ў лузы, у галовах. Шпіёны, здраднікі кругом - вось чаму няма ладу! Але разбяруцца, навядуць парадак, каму трэба, хто за гэтым сачыць прыстаўлены...
- ...І вінаватыя будуць строга пакараны! - ужо раніцай выступаў каля штаба Жаўрыд, як у казцы ператварыўшыся ў сябе ранейшага: «жалезнага», валявога, мудрага і непахіснага. - Па нашых звестках бальшавікі рыхтуюць на нас поўнамаштабную аблаву, палякі далі дазвол на ўваход у нейтральную зону... Так што пра вольніцу і разгільдзяйства з гэтага моманту забудзьце - вольніцы канец! У вас будзе новы камандзір, Антон Сокал-Кутылоўскі, герой германскай вайны, ваяваў разам з Дзянікіным...
- Гу-у-ура! - прывычна рэагавалі паслухмяныя цяпер бунтаўшчыкі.
Так малой крывёю была атрымана першая сур'ёзная перамога - над сваімі, пры дапамозе першай ахвяры - ад рук сваіх, і дзякуючы здрадніку, зноў жа ўласнымі рукамі і злепленаму.
Вельмі дарэчы прыйшлася, дапасавалася да ўсяго смерць Піліпчука. Урачыстае адпяванне яго павінна было паставіць у гісторыі бунту апошнюю кропку, стаць актам прымірэння, замацаваць гэтую перамогу на ўнутраным фронце, засведчыць, што ў брыгадзе навек цяпер настаюць мір, згода і дысцыпліна.
Пасля адпявання труну з целам яго, пакрытым бел-чырвона-белым сцягам, вынеслі з царквы. Было ветрана, пахмурна, вецер кружыў сухія лёгкія сняжынкі, якія падалі на твар нябожчыка і не раставалі. Цягнуў «са святымі ўпакой» бацюшка. Сярод іншых узвышалася постаць Чуба. У руцэ ён трымаў тоўстую свечку, аплаўлены воск з якой капаў яму на бот, другой хрысціўся размашыста і строга. Тая ж урачыстая, спакойная заміранасць была на яго твары, як і на нядаўнім асвячэнні зброі, тая ж упэўненасць, што ўсё вакол правільна, як і належыць, што займаюцца вось людзі пільнай, патрэбнай справаю: асвячаюць, адпяваюць...
Дзяніс, памужнелы і нават пастарэлы за той кароткі час, пакуль быў у палоне, маўклівы з таго часу, прашыўся бліжэй да труны і таксама ў апошні раз паглядзеў - на таго, каму ўжо нічога не раскажа. Ні пра Лізку, ні пра дзядзьку Ладуся, ні пра свой палон... Ён марудна ўкленчыў на стылы дол і дакрануўся вуснамі да сябравага лба. Непадалёку выкапана была магілка, жоўты пясок хутка пакрываўся белым снегам.
А другі, кім ахвяравалі дзеля «сьвятой справы», нічога гэтага бачыць не мог.
У цёмным глухім катушку, які ахоўваў звонку вартавы, на саломе ў кутку ён спаў сабе, закруціўшыся з галавою ў шынель, як пшаніцу прадаўшы. Ці то ад таго, што халоднае, здаровае было паветра, ці ад таго, што не высыпаўся апошнімі днямі, а цяпер такая нагода, ці проста з той прычыны, калі чалавек зняволены па першым часе адчувае дзіўную палёгку, перастаючы залежаць ад самога сябе, - але яму даўно, ды ні разу, колькі ён у гэтым Семежаве, так спакойна, так па-дзіцячы соладка не спалася...
Аднак жа адразу прачнуўся, як толькі на двары сказалі штосьці голасам Мірановіча. Прачнуўся і сеў.
Бухнулі дзверы, расчыніліся, але ў катушку святлей не стала. У цемры чуваць было сапенне Мірановіча. Потым ён запаліў лямпу. Яна асвятліла яму твар, і Чайка не пазнаў яго. Упершыню Мірановіч быў непаголены, шчаціна расла кусцікамі, а сам твар выглядаў стомленым і азызлым... Калі ж Мірановіч нарэшце загаварыў, да Чайкі дайшло, што няверны сябрук яго проста п'яны - як цэп, у адкрытую ўжо дазволіў сабе расслабіцца пасля так удала праведзенай «аперацыі».
- Павал, на, вазьмі, - паклаў Мірановіч маўзер побач з Чайкам на салому. Чайка не ўзяў яго. - Бяры і йдзі куды хочаш.
- Усё, не трэба я больш?
Чайка падняўся. Мірановіч стаяў насупраць яго, апусціўшы галаву. На фуражцы блішчэў, растаючы, снег.
- Не трэба. Цябе там судзіць хочуць і таму падобнае... А я гэтага рабіць не збіраюся! Бо, - ён уздыхнуў цяжка, галава, ці што, балела, - бо люблю цябе і паважаю...
- Можа, заплач яшчэ? Сапраўды - такога нарошне не прыдумаеш!..
Чайка абіраў ад асцюкоў на сабе шынель.
- Да чырвоных не йдзі, - закурваючы, вучыў Мірановіч, - палякі цябе самі не возьмуць. Гэта за мяжу добра было б куды! У Эўропе дзе-небудзь...
Гэтыя клапатлівыя настаўленні і смешна было слухаць, і раздражнялі яны.
- Вы адпускаеце мяне, я правільна разумею?
- Ну, вы! Адпусцяць яны! Я адпускаю. Рызыкуючы сваёй шкураю, дарэчы...
- Бедненькі, - паспачуваў Чайка. Мысам бота падкалупнуў маўзер, падсунуў да Мірановіча. - Забяры!
- Павал, не крыўдуй. Калі-небудзь ты ўсё зразумееш і яшчэ мне дзякуй скажаш. Ці дзецям маім, ці магілцы маёй...
- Заплач! - Чайка, зашпільваючы на хаду шынель, пайшоў да дзвярэй.
- Куды, куды - так жа не робіцца... Дай мне выйсці, а ты вылезеш праз дах.
Мірановіч які б п'яны ні быў і ў якім бы сентыментальным настроі ні знаходзіўся, а галавы не губляў. Канечне, страхуецца! Быў здраднік - уцёк здраднік, ні да чога не дакапаешся, хоць і шыта ўсё белымі ніткамі.
Контрразведчык яшчэ пачакаў крыху. Няйначай хацеў і не адважваўся прапанаваць Чайку абняцца напаследак.
- Ну, бывай, Павал, не думай пра мяне кепска, - і выйшаў хутка, хоць і занесла трохі яго ў дзвярах.
На двары ён загаварыў з вартавым.
Нізкі, чаратом крыты дах быў над самай галавою. Чайка стукнуў у яго кулаком, прабіў дзірку. Пачаў расшыраць яе. Пасыпалася за каўнер труха... Прыкра было і ад гэтага, а яшчэ больш ад самой сітуацыі, што вось ён, здаровы дзяцюк, герой, «кавалер», вымушаны такім займацца. Разам з пацярухай праз дзірку сачылася і начное святло.
Расшырыўшы свой лаз, Чайка падцягнуўся на слабенькай, шашалем пабітай кроквіне - але яго вытрымала; вылез, віхляючы целам, на дах. Саскочыў на зямлю па другі бок хлеўчыка, у нечы двор. Знарок рабіў усё свабодна, без аніякай асцярогі, і, канечне, гэтыя яго дзеянні нарабілі шуму, хіба што глухі іх не ўчуў бы і не насцярожыўся б на іх. І ботамі гопнуў, саскокваючы, і сабака ў чужым двары зайшоўся брэхам. Аднак Мірановіч не столькі, здаецца, забіраў увагу вартавога, колькі проста папярэдзіў яго: стой спакойна і нічому не здзіўляйся, усё ідзе як трэба...
Ніхто не аклікнуў уцекача. Чайка пайшоў паўз сцяну хаты, прыгінаючыся пад яблынямі, адсоўваючы галіны; адна гучна і непрыемна, як па нервах, шкрэбнула па начной шыбіне... Перасігнуў цераз невысокенькі пляцень і апынуўся ў такім самым тупіковым завулачку, як і той, дзе знаходзілася нядаўняя яго турма. І справа, і злева, і ззаду былі толькі платы, сцены і дахі. Ён пайшоў уперад. Потым пабег - не так прыспешваючы блізкую волю, колькі каб не чуць за спіною сабачага брэху. Вузкая гэтая - двум не размінуцца - сцяжынка, пакручасты праход паміж дварамі як ні дзіўна ў тупік не ўпіраўся, хоць вунь, здавалася б, уперадзе калодзезь, ці сцяна, ці проста загародка - і ўсё, павяртай назад або зноў лезь у чужое селішча, аж не! - абгінала сцежка перашкоду, і вяла, і вяла яго некуды... Больш таго, пакрысе яна шырэла і святлела.
Чайка даўно перастаў бегчы і, аддыхваючыся, ішоў крокам - пакуль не заўважыў, што ідзе па той самай дарозе, на якой адпускаў Лебедзева, а потым вяртаўся па ёй у Семежава з бацькам гэтага беднага, забітага ўжо хлопчыка.
Ён прамінуў месца, дзе павінен быў быць першы дазор. Але ніводнага чалавека на прыдарожным, бярозамі ўкіданым пагорку не было. Механічна ён адклаў у памяць, што халтураць, чэрці, і трэба будзе... Што трэба?! - тут жа схамянуўся. Што мне цяпер да гэтага! Ды праваліцеся вы ўсе: і расейцы з беларусамі, і белыя з чырвонымі!..
Ён пайшоў яшчэ цішэй. Сапраўды, што за гон. Каб спяшыць, ці нават проста рухацца, трэба як мінімум ведаць куды, і да каго, і навошта. Неўзабаве і нагамі, якія рабілі ўсё меншыя крокі, і вачыма ён пазнаў месца, дзе стаяў тады, як віцязь на ростанях...
Як і тады, і цяпер свяціў з неба месяц. Сінню адбліскваў на дарозе снег, і чарнеў узбоч яе ціхі лес. Чайка звярнуў з дарогі і спыніўся пад той самай хвояй, адкуль сачыў за вяртаннем чубаўскай разведкі. А снегу падваліла з таго часу. Нават праз падэшвы ботаў і праз тоўстыя анучы адчуваўся холад. Аднак Чайка стаяў, не варушачыся, нібы жадаючы ў адно зліцца з гэтым шурпатым, смалой і гліцай пахнучым ствалом. Ён прыціснуўся да яго шчакою, і кара падалася яму цёплаю.
Як жа ж доўга ішоў ён да гэтай ночы! Да гэтай вось хвоі! Чаму не верыў розным кніжкам, у якіх мудрыя людзі пісалі пра слодыч адзіноты, пра раскошу адчування зліцця з прыродай, пра шчасце «ні-чога-ні-ад-кога-не-хацення»... Не, усё скончана! Да д'ябла вашыя рэвалюцыі, войны, вашыя межы і радзімы! У Бога няма ні межаў, ні граніц, ні нацыянальнасцей! Зямлі вам мала?! Неба мала?! Месца пад гэтым небам?!
Але раз ужо выбар, дык сто разоў правы Лебедзеў - тады на баку мацнейшых! Каб хутчэй скончылася ўсё гэта. Каб хоць хто перамог нарэшце. І напляваць хто: немцы ці палякі, расейцы ці беларусы! Галоўнае, будзе ціха. Будзе жыццё. Гэта для таго важна, усе гэтыя так званыя «перамогі», хто ўлады хоча, кіраваць хоча іншымі. А яму апастылела кіраваць! З яго вось так хопіць кавалачка зямлі, на якім хатка памесціцца...
Хатка! Дадуць яны табе хатку! Пакуль не пажруць адзін аднаго, як тыя шчупакі, - большыя меншых, а самы большы - апошняга, датуль і самі не супакояцца, і цябе з-пад зямлі дастануць!
І ўсё адно - ніколі раней не ведамае адчуванне волі не адпускала. Наадварот, рабілася мацнейшым. Ён дыхаў часта-часта, і лёгка было ад гэтага галаве. Падумалася ў прычэпку да апошняга - а і праўда, «з-пад зямлі»... Зашыцца ў які лес, зямлянку выкапаць і жыць у ёй, пакуль не скончыцца ўсё. А не скончыцца - да смерці жыць. Як?.. Зіма наперадзе... Есці што? Няважна. Горш не будзе!
Холадна было стаяць. Чайка выбраўся на дарогу і пайшоў, песцячы ў думках гэты новы, з нічога ўзніклы, план. Ён ішоў, нікуды не спяшаючыся і нікога не баючыся. Ён быў вольны. Нарэшце нічый. І амаль шчаслівы...
1998-2000
«Ці знала ў той час Эўропа, - рытарычна ўскліквае Ю.Віцьбіч, - што ўзброеныя слуцкія сяляне самаахвярна паміралі за сваю Бацькаўшчыну?!» - Знала, канечне, і сачыла. Па-першае, праз Польшчу быў прамы выхад інфармацыі для той жа Эўропы, па-другое, пачатак Слуцкай акцыі амаль храналагічна супаў з канчатковым разгромам Урангеля і масавай эвакуацыяй белых з Крыма, з разгромам Украінскай Народнай Арміі, аддзелаў Булак-Балаховіча і Пятлюры, з перамір'ем бальшавікоў з палякамі (да антысавецкага Кранштацкага мяцяжу, што пяройме ад случчакоў эстафету, яшчэ чатыры месяцы); Эўропе нічога больш не заставалася, як сачыць за падзеямі на Случчыне - адзінай, як цяпер бы сказалі, «гарачай кропцы» на абшарах былой імперыі. (Тут і далей заўвагі аўтара.)
Даўно.
Пароль.
На вядомым здымку 1921 года, дзе А.Сокал-Кутылоўскі стаіць каля сцяга Першага Слуцкага Палка Стральцоў БНР, добра відаць, што ён ужо ў акулярах.
Даследчыкі Слуцкай акцыі ўжо звярнулі ўвагу на «птушыныя» прозвішчы яе ўдзельнікаў.