23079.fb2 Ночы на Плябанскіх Млынах - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Ночы на Плябанскіх Млынах - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

І дзьверы расчыніліся.

Для кожнага – свае.

...Чырвоны карбункул сьвяціўся ў чорных халодных хвалях, толькі што вызваленых з-пад лёду. Мастак пазіраў з мосту ў Сьвіслач. Шматкі газетнага ліста белымі матылямі кружлялі над вадой, апускаліся на хвалі. Самае месца для несправядлівых словаў. А пачыналася ўсё так добра… Персанальная выстава, замова на росьпісы для Дому селяніна… Абстракцыянізм – рука імперыялізму. Выкармыш, вылюдак, вораг… Словы пазбаўляліся звычайнага сэнсу. Божа мой, ну чаму ён ня можа маляваць, як усе – партрэты правадыроў, шчасьлівых калгасьнікаў, стаханаўцаў… Спрабаваў жа – ня так, занадта трывожна, занадта складана… Карціны, мусіць, ужо вывезьлі з майстэрні. Цікава, разьбяруць па лецішчах альбо спаляць? А куды вывезуць яго, іх стваральніка? Самае страшнае – гэта ўжо ён ведаў – заступацца і нават спачуваць ніхто ня стане. Ён сам яшчэ нядаўна пераконваў сябе, калі даведваўся пра арышты знаёмых: гэты, недарэка, нарабіў памылак… А той, мабыць, і праўда замаскіраваны вораг. А гэты, ясна, невінаваты. Але – разьбяруцца бяз нас, выкруціцца, апраўдаецца. Цяпер прыйшлі па яго. Карбункул сьвяціўся праз хвалі. Самы час паспрабаваць дастаць…

Бліскучая зала дома прафсаюзаў узарвалася апладысьментамі. Дырэктарка ўзорнай дзіцячай выхаваўчай калоніі, зграбная, з каротка стрыжанымі рудымі валасамі сыходзіла з трыбуны, шырока ўсьміхаючыся. Даклад быў добры. Правільны даклад. Але справы двух пяцікласьнікаў учора зьніклі. Бедныя Палінка ды Алесь. Дзеці ворага народу. Яна, выпраўляючы колішнюю памылку юнацтва, ратавала такіх дзяцей, як магла. У чым яны вінаватыя? Мяняла прозьвішчы, перапраўляла гады нараджэньня. Вучыла, як адказваць: сірата, бацькоў ня памятаю… Намесьнік па камсамольскай рабоце, нядаўна прысланая з Уралу, учора нешта намякала – пранюхала, паразітка. Што ж, рана ці позна…

Чалавек у ватоўцы, са спакутваным чорным тварам, сядзеў на драўлянай вакзальнай лаўцы, спрэс парэзанай ножыкамі. Худы вузельчык ляжаў ля ног, абутых у прывіды колішніх чаравікаў – перавязаныя вяровачкамі, дзіркі заторкнутыя газетамі.

— А што гэта, грамадзянін, у вас за газетка тырчыць?

Чалавек звыкла паслухмяна ўзьняўся, рукі самі склаліся за сьпінай. Адзін з патрульных нахіліўся. Тузануў за край паперы, што паказваўся з чаравіка незнаёмца.

— Ты… ты гэта што? Партрэт таварыша Берыі бэсьціць? А ну, дакументы!

Чалавек дрыготкай рукой дастаў з-за пазухі паперкі.

— Ага, вяртаемся з месцаў далёкіх. Вызвалены за актыўны ўдзел у агітбрыгадах. Артыст, значыць… Камандзіраваны ў Віцебскі тэатр… Хто гэта ў вас такі добранькі ў начальніках? Разьбярэмся, гніда! А ну, пайшоў…

— Гэтая рэформа правапісу не адпавядае самой прыродзе нашай мовы, — голас загадчыцы кафедры, высахлай кабеты з рана пасівелымі, калісьці чорнымі, косамі, укладзенымі каронай, быў ціхі, роўны, зусім пазбаўлены эмоцыяў. Але прысутных апаноўваў жах, нібыта яна нема крычала. – Набліжэньне да расейскай мовы – ня той шлях, на якім наша нацыянальная культура можа напоўніцу раскрыцца. Бо кожная мова – жывы арганізм, які разьвіваецца па сваіх законах, і культурны чалавек мусіць берагчы ўсе мовы сьвету, не даваць ім зьнікаць і страчваць самабытнасьць. Тым больш мы, беларусы, мусім ганарыцца сваёй мовай, на якой пісаліся Статут Вялікага княства Літоўскага і прадмовы Скарыны, і захоўваць яе.

Два маладыя выкладчыкі, кідаючы адзін на аднаго насьцярожаныя позіркі, пасьпешліва занатоўвалі словы куратаркі. Адзін з іх мусіў пасьпець дакласьці куды трэба першым, і тым выратавацца.

Над верасовай пусткай гарэла вострая зорка, цені Дзікага Паляваньня сьлізгалі над зямлёй… Андрэй Беларэцкі здушыў крык і кінуўся бегчы ў лаўжы, што цямнелі побач. Цяпер ён ня мог бегаць так хутка, як у маладосьці. Ды і вочы, саслабелыя ад працы над неразборлівым почыркам сярэднявечных перапісчыкаў, нават поўню бачылі ў выглядзе сьветлай расплывістай плямы – нібыта паркалёвы каптур закінуты ў печку. Дом на Плябанскіх Млынах рабіўся сумным паданьнем, ператвараючыся ў попел.

— Стой, гад! — стрэлы за сьпіной ужо не турбавалі. Сьветлая беларуская будучыня была тут.