24627.fb2 Паляшук - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Паляшук - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Румянцаў наліўся чырванню і закрычаў:

— Падыміся! Трус! Нічтожаства!

Палешука сілком паставілі да дрэва, але раптам Ратч сказаў задумліва:

— Скуль у яго могуць быці грошы? Можа, гэта іхні жонд прыхаваў тут частку свайго скарбу?

— Мажліва, — ажывіўся Румянцаў. — Што ж, паспрабуем.

І зноў пакрочыў перад імі паляшук. Ісці давялося ўсяго хвілін пяць. Ля сухой асіны з развілкаю ён торкнуў пальцам у зямлю:

— Тут.

Салдаты пачалі рыць зямлю, Румянцаў з Ратчам пільна сачылі за імі, і вось урэшце салдацкі штык стукнуў аб нешта. Гэтае нешта ўбачыла святло божае ў выглядзе невялічкай драўлянай скрынкі.

— Не, жондаўскім гэта быці не можа. Мала. Відаць, яго асабістае, — сказаў Ратч.

А Румянцаў прыбавіў:

— Вось падлы. А кажуць: галеча. Галеча галечаю, а грошы хаваюць.

Скрынку расчынілі, і адтуль пасыпалася на жоўтую кастрычніцкую траву палешукоўскае «багацце». Асноўную частку скарбу складалі нейкія чатырохкутныя чорныя раменьчыкі.

— Пятроўскія раменныя грошы, — сказаў Ратч і плюнуў.

Былі тут шчарбатыя, ззелянелыя грошы, а найболей таго палушкі, збітыя капейкі з лішаямі, адна «Янава галоўка».

— Дык што ж ты мне кажаш, трасца тваёй матары, — падступаў да палешука Румянцаў.

— Грошы, шмат грошай... Можна купіць... Не трэба.

— Э, ды чаго з ім размаўляць, — твар Румянцава зморшчыўся. — Стаў яго да дрэва і канчай размову.

Тагды паляшук зразумеў, што ўсё адно яго не адпусцяць і кончаць тут, ля гэтай сваёй скарбніцы, і выцягнуўся, нават здаўся вышэйшым па росту.

— Гэта я падпаліў, — сказаў ён. — Вы мяне заб'еце, але я свае імя перадаў іншаму, і ён вас таксама падпаліць і заб'е, бо кроў бедных людзей... І вы прыйшлі ў гэты лес, не паклаўшы хлеба на пень, і ён вас не выпусціць адсюль. Вы тут памрэце, бо вы кепскія людзі, і я вас сапсаваў.

І чым больш ён гаварыў, тым больш Ратч ставаў упэўненым чамусьці, што паляшук ні ў чым не павінны. А Румянцаву прыйшло ў галаву, што асуджаны саскнарнічаў у апошнюю хвіліну і не паказаў ім сапраўднай скарбніцы. Ён падумаў трохі (паляшук стаяў ля дрэва і маўчаў, толькі вочы яго з-пад брудных, навіслых на вочы касмылёў глядзелі з нянавісцю) і сказаў палешуку:

— Купі сабе жыццё.

— Мне не трэба жыцця, — адказаў жорстка і холадна паляшук.

Грымнуў залп.

II

Калі паны-афіцэры пакрочылі ўперад, а знявечанае пякельнай пакутай цела палешука зарылі — адзін з салдат сказаў каротка:

— Эх, паны, на такога бедака грошы паквапіліся.

А другі прадоўжыў:

— А я ўпэўнены, што, калі б там хоць дваццаць сапраўдных рублёў было — яго б выпусцілі жывым. Вось чаго грошы варты... Кажуць, палячышкі, палешукі, а мне здаецца, што калі паны на такое здатны, дак нам з гэтых палешукоў прыклад браць трэба, а не біць іх.

Абярнуўся да ямкі і нагою асцярожна ссыпаў туды грошы:

— Можа, хто падбярэ.

Ратч і Румянцаў ледзь адышлі ад месца страты, як у гушчары нехта варухнуўся. Абодва прыгледзеліся: ля самай дарогі стаяла нейкая жанчына ў лахманах, з змрочным тварам, падобным на твар зморанай разумнай жывёліны. Двое дробных дзяцей трымаліся за яе падол, трэці вісеў у нейкім лянтуху за плячыма. У яе былі сурова нахмураныя бровы і глыбока запалыя вочы, якія глядзелі некуды ў бок паляны. Пачуўшы трэск галіны пад нагою капітана, яна знікла, як быццам праваліўшыся праз зямлю.

— Гэтай што яшчэ патрэбна? — спытаў Ратч.

— Не ведаю.

Адышлі далей, ззаду паказаліся салдаты, і раптам Ратч, які напружана думаў аб гэтым, стаў.

— Стойце! — закрычаў ён. — Бож-жа ж мой! Здаецца, я пачынаю разумець... Вось чаму ён так прасіўся.

Быццам у падмацаванне яго слоў ззаду, з паляны, пачуўся прарэзлівы крык. Ён быў падобны адначасова і на вой, і на лямант смяротна пакутуючага чалавека.

— Што гэта? — спытаў Румянцаў, усё яшчэ не разумеючы.

— А то, — адказаў Ратч з крывою пасмешачкай. — Жанчына, ваўчыха ці, можа, яшчэ што.

Румянцаў зразумеў, уцягнуў галаву ў плечы і амаль пабег да сяла.

На сцежцы, на шляху ляжаў поршань палешука, вада яшчэ не наліла яго з коптурам, і ўнутры плаваў жоўты асінавы лісток.

І толькі тут Ратч зразумеў усю непавяртальнасць зробленага.

А на паляне лямантавала жанчына, і ў голасе яе адчуваўся такі адчай, такая безнадзейнасць, што здавалася, уся зямля напоўнена ім і болей нічога не засталося на яе абдзёртых, жарбацкіх абшарах.

Вечарам яны смяротна перапіліся. Ратч узняўся і кінуў Румянцаву ў твар абвінавачванне:

— Вы гэта зрабілі ад злосці. Ганарыцеся сваёй сумленнасцю, а самі жадалі абакрасці гэтага бедака.

— А чым вы за мяне лепшы? — адпарыраваў Румянцаў.

Ратч зваліўся на лаву і зарыдаў п'янымі слязьмі. Румянцаў ірвануў каўнер мундзіра:

— І гэтак паўсюль. У мяне пад Калугаю тое ж бачу ў вачах хамскіх. Хутка яны схопяцца за сякеру, і тагды... Мы тут апошнія госці, няпрошаныя на ўсёй зямлі, ненавісныя, прадрачоныя.

А Ратч рыдаў, і праз рыданні чулася:

— О, як яны нас ненавідзяць!.. О, як яны нас ненавідзяць!.. Як жахліва, як холадна нам жыць на зямлі!

Над хатамі раўла навальніца, сыпала дажджом на загубленае ў лясах сяло, чорнай сажай крыла ўсё навакол, і ў яе плачы чуўся і перадсмяротны стогн, і лямант кабеты, і грамавы рык народнай крыўды і помсты.