24784.fb2
На цёмна-русых валасах жанчыны, над лобам, вясёлкава блішчалі малюсенькія кроплі вады. І быў гэта твар, у якім было нешта дзіцячае і безабароннае пры ўсёй даросласці.
Леановіч уздыхнуў і апусціў твар у далоні. Гораву здалося, што плечы капітана калоцяцца ад прытоенага смеху. Але, калі Леановіч узняў вочы, твар яго быў сур'ёзны.
- На той бераг, калі ласка, - сказала жанчына.
Леановіч глянуў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін ночы.
- Сядайце, піце чай, - спакойна сказаў Пора-Леановіч. - Сымон, фурману шклянку гарэлкі. Коней - выцерці.
- Дзякуй вам на добрым слове, але я не магу, - сказала яна.
- Падпарадкуйцеся, калі ласка, - ветліва, але цвёрда сказаў Леановіч.
Жанчына прыўзняла на яго вочы, быццам здзіўленая гэтай нечаканай цвёрдасцю. Але ўсё ж падпарадкавалася, села.
Гораў паспешліва згроб разам з абрусам рэшткі вячэры і выпіўкі. Адной рукой. Правая вісела на перавязі. Яна зусім загаілася, але не магла доўгі час вісець усцяж цела, зацякала.
Увесь гэты час жанчына безуважліва глядзела ў акно. І нават потым, калі пілі чай, не дакранулася да ежы, нягледзячы на ўсе ўгаворы Леановіча. Толькі пагрэла рукі аб шклянку і адпіла некалькі глыткоў. Леановіч павольна і з відавочнай насалодаю хлябтаў бурую ад заваркі вадкасць.
Калі Сымон прыбраў са стала, капітан зручна сеў, прыхіліўшыся спіною да сцяны, і, спытаўшы дазволу, закурыў.
- Дык у чым справа, пані?
- На той бераг. Я вельмі спяшаюся, - усхвалявана сказала яна. - За ўсю дарогу я толькі тут на цэлую гадзіну затрымалася.
- Давядзецца чакаць да раніцы, - спакойна сказаў Леановіч.
- Чаму?
- Вось загад генерала Фікельмонта ўначы абараняць паром, не падпушчаць чужых людзей. Тым больш цывільных... Пераначуйце тут. Пакой мы аддамо вам.
- Мне нельга.
- Вельмі шкадую, пані. Загад Фікельмонта. Ваенны час, пані. Інсургенты...
- Я не інсургент. Я толькі жанчына, маці.
- Захварэла дзіця? - пацікавіўся Пора-Леановіч.
- Не. Я спяшаюся да мужа.
- Шкадую, пані, але дапамагчы не магу. Палявы суд - непрыемная штука. І ёсць загад Фікельмонта, - як малому дзіцяці, добразычліва тлумачыў Леановіч.
- У мяне таксама загад. Яго сіяцельства. Прачытайце.
Ніхто не папрасіў назваць прозвішча. У гэты час у Беларусі было толькі адно «сіяцельства», падпарадкоўваючыся волі якога рухаліся палкі, ганцы заганялі да смерці коней, людзі мучылі людзей.
- Так, загад Мураўёва, - сцвярджальна сказаў Леановіч, гледзячы на паперу.
Гораву здалося, што выгляд у Леановіча не вельмі здзіўлены.
- Ого, - з удаванай уважлівасцю сказаў Леановіч, - дык вы жонка Ўсяслава Грынкевіча. Таго?
- Так, - сказала жанчына, сыходзячы да чагосьці, падобнага на просьбу, - вы ж бачыце, што я вязу памілаванне. Будзьце літасцівы.
Твар яе аж ззяў.
- Замянілі пажыццёвай катаргай. Гэта такое шчасце! Такое...
Яна ўпершыню ўсміхнулася. Не было нічога прыгажэйшага за гэту ўсмешку.
- Мужу варта было б думаць раней, - суха сказаў Леановіч. - Замест саламянай падушкі ён абдымаў бы зараз адну з самых прыгожых жанчын, якіх мне даводзілася бачыць.
Жанчына ўспыхнула, але стрымалася:
- Я ўсё гэта разумею. Але зразумейце і вы. Ён будзе жывы. Толькі на той бок - і праз гадзіну я там... І ён жывы.
Леановіч маўчаў, нешта абдумваючы. Зірнуў на гадзіннік. Машынальна глянуў і Гораў. Дванаццаць гадзін. Быццам у адказ праз рык навальніцы данесліся далёкія глухія ўдары саборнай званіцы горада.
- І яшчэ адна прычына, - сказаў нарэшце Леановіч. - Вераб'іная ноч. Рака ўсхадзілася. Можна патапіць паром. І вас. І людзей.
- Зразумейце, яго кожную хвіліну могуць забіць.
Гораў бачыў: яшчэ дзесяць хвілін такога катавання і жанчына можа заплакаць. Усе другія на яе месцы плакалі б ужо.
Пора-Леановіч, усё з тым самым выразам дагаджэння на сухім прыгожым твары, накінуў на плечы жанчыне плашч.
- Выйдзем, пані... Гораў, хадзем з намі.
Дождж на дварэ пачынаў сціхаць, затое ўзняўся і абяцаў зрабіцца яшчэ больш моцным нізавы вецер. Калі яны, з цяжкасцю пераадольваючы яго імпэтныя парывы, выйшлі на адхон, - іхнім вачам адкрылася жудаснае відовішча.
Рака лютавала. Нізавыя парывы ветру развялі вялікія, у рост чалавека, хвалі. Яны каціліся супраць плыні, шоргаючы белымі грабянцамі. Хлапякі пены ля берага з цяжкасцю, з яўнай папругай пасоўваліся па плыні, падскокваючы на вадзяных гмахах. А ў прыдоннай лазе круцілася, віравала рудая пена. Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільным навальнічным цямноцці.
Але і адтуль, са змроку, далятаў усхваляваны, нізкі гук вады. Рака таўклася ў берагі, імкнучыся вырвацца з іх. Праз пляму святла на вадзе слізгануў па хвалях дзіравы кошык, потым - цэлае дрэва, яблыня, вымытая з карэннем. Дзіўна было бачыць на яе апырсканых пенай галінах, якія круціліся, то знікаючы пад вадой, то зноў выплываючы, два-тры недаспелыя антоны.
Леановіч моўчкі паказаў рукою, што трэба вяртацца ў пакой. Толькі там, у разамлелай цеплыні начнога чалавечага гнязда, ён сказаў:
- Вы самі бачыце, пані. Паром немінуча знясе. Пачакайце да раніцы.
- Але ён чакае, - амаль умольна сказала яна.
- Ён чакаў два месяцы. Некалькі лішніх гадзін нічога не зменяць, - абыякава да здзеклівасці сказаў капітан.
«Не можа ж ён не разумець яе становішча, - думаў Гораў. - Што гэта? Здзек або халодная подласць».
Жанчына, здавалася, не заўважала інтанацый Леановіча.