24784.fb2
Стоячы за рогам хаты, адчуваючы, як мокры ліст высокай вяргіні часам гладзіць яго па шчацэ, ён у думках пагражаў Леановічу самымі жахлівымі помстамі і ў той самы час ведаў, што нічога ён яму не зробіць, што гэты брэцёр з халоднымі вачыма робіць правільна, затрымліваючы жанчыну да раніцы, што на баку гэтага чалавека - права, права вайны, якой яны абодва служаць.
«Што ж, нічога не здарыцца дрэннага. Адна ноч. І раніцай яна сустрэне мужа. Ім дадуць спатканне, - думаў ён. - За што ж я злуюся на Леановіча, які шчыра выконвае загад?.. За тое, што ён свіння. Чаму?.. Ага, проста нельга адбіраць у гэтай жанчыны тых некалькі лішніх гадзін, што яна будзе з мужам перад тым, як... навекі, назаўсёды, хоць ён і будзе жывы».
Мокры ліст вяргіні зноў з ліслівай абыякавасцю пагладзіў яму шчаку.
«Але чаму «навекі»? Чаму «назаўсёды»? - думаў Юрый. - Ён пасядзіць год пяць, а потым, вядома, будзе амністыя... Цар міласэрны... Дрэнны чалавек не адпусціў бы на волю прыгонных... І ўсё ж гэта жахліва... Нават пяць год. У жанчын такая мімалётная прыгажосць! Што будзе з яе вачыма, з гэтай гордай шыяй, з гэтымі валасамі праз пяць год? Шкада жанчын, шкада іх дзіцячай безабароннасці... Толькі яе... А Леановіч робіць так, як трэба. Ён добры салдат, Леановіч, а я дрэнны... дрэнны».
І ўсё ж Гораў адчуваў, што ён ніколі не даруе сабе гэтай ночы, гэтых разважанняў за рогам хаты. Ён са злосцю адкінуў рукою мокрае сцябло вяргіні і ступіў у пляму святла, што падала з акна хаты на гразь.
Было дваццаць хвілін на трэцюю.
Ля плота, непадалёк, стаяў Іван, трымаючы нешта за пазухай.
Гораў глыбока ўздыхнуў - нясцерпна было вось так, аднаму, стаяць у цемры - і падышоў да яго. Салдат трымаў за пазухай адну руку. На яго цёмным твары блішчалі вочы пад кашлатымі бровамі.
- Што гэта ў цябе?
- А галчаняткі... бедныя. Познія, - сіпатым голасам сказаў Іван. - Гняздо раскатала. Жорсткая штука ўраган, барын. Дзе хавацца? На якой зямлі?
Настала паўза. Іван глядзеў за пазуху.
- Ты адкуль, Іван? - ціха спытаў Гораў.
- Маскоўскі.
- Землякі, - з нечаканай для сябе пяшчотай сказаў Юрый.
Зноў запанавала маўчанне. Толькі шапацеў па дзядоўніку дождж.
- О-ох, - сказаў сіпаты голас Івана. - Зараз на Пятніцкай катрынка грае, служанкі ля пад'ездаў семкі лузгаюць... Іван Вялікі непадалёк гарыць, аж вачам балюча.
Абодва не думалі, што ў Маскве зараз таксама ноч. Вачам афіцэра і салдата яна здавалася сонечнай, ззяючай і асветленай цеплынёю вечнага жнівеньскага дня.
- Людзі з царквы ідуць, - казаў Іван. - «Вуглей гарачых!» здалёк даносіцца.
- На развале кнігамі гандлююць, - летуценна сказаў Гораў.
- Угм, - няўпэўнена і адразу неяк адчужана сказаў Іван.
І Гораў таксама адчуў гэта. Ён стаяў, пакутліва думаючы, што яму штосьці трэба ад гэтага салдата, што яму трэба штосьці вырашыць.
- Галчаняткі вы... дурныя. Бач, вачыма лыпаюць.
І раптам Гораў, амаль нечакана для сябе, сказаў:
- Іван, як пераправіцца цераз раку?
Іван спадылба глянуў на афіцэра, павагаўся, а потым цалкам натуральна адказаў:
- Яно можна.
- Ты не думай, - заспяшаўся Гораў. - Я загадваю, я сам з табою і паеду...
- Вядома, загад, барын, іначай нельга, - сурова сказаў Іван. - Можна б і ў начальніка кардона спытаць, але ён, відаць, заснуў.
І прыбавіў:
- Мы човен схавалі.
- Човен? Як асмеліліся? А загад?
- А адкуль у нас рыба ў юшцы? - амаль груба спытаў салдат. - Што ж нам, на кашы сядзець? Калі самі сабе не дапаможам...
- Добра, добра, - сказаў Гораў і пасуровеў. - Што ж, Іван, са мной паедзеш?
- Цяжка ўтраіх, - уздыхнуў Іван, - але паспрабаваць трэба.
- Едзем.
- Ну-к, што ж, - Іван памаўчаў, потым падаў голас у цемру. - Сідар, га Сідар, галчанятак вазьмі...
Гораў ужо цёпаў прэч ад яго па глыбокай гразі. Спыніўся пад акном бакоўкі, пашкроб у яго пальцам. І амаль адразу ўбачыў за каламутнымі шкельцамі яе твар з пашыранымі вачыма. Гораў прыклаў палец да губ, і яна здагадалася, бязгучна расчыніла акенца.
- Збірайцеся, - шэптам сказаў ён, - і дзьмухніце на свячу: хай думаюць, што вы спіцё.
Бакоўка адразу агарнулася цемрай. Белы цень твару наблізіўся да вачэй Горава.
- Дапамажыце мне.
У цемры дзве цёплыя рукі абвілі шыю Горава. Падтрымліваючы яе за стан, ён павольна пацягнуў яе на сябе - акенца было вельмі вузкім. Перагнуўшыся назад, ён адчуў, як на яго ключыцы ляглі цвёрдыя жаночыя грудзі. У наступную хвіліну яна стаяла поруч з ім.
- Дайце мне руку, - шэптам сказаў ён, - хадзем.
Маленькія цёплыя пальцы праціснуліся ў яго далонь. Гораў, спяшаючыся, павёў яе да берага, спачатку амаль на дыбачках, потым бягом...
- Іван, дзе ты? - шапнуў ён, нахіліўшыся з адхону.
- Тут, - прагучаў у адказ сіпаты голас.
Салдат стаяў на невялічкай убітай сцежцы.
- Хутчэй, - сказаў ён, і яны ўсе пабеглі берагам да высокіх зарасцяў лазы.
...Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Іван узяў жанчыну з рук Горава і, занадта гучна шабоўтаючы нагамі па вадзе, панёс яе некуды ў нетры прыдоннай лазы.
- Ёсць, - сказаў ён, вярнуўшыся, - дайце руку.