24784.fb2
Выцяўшыся каленам аб борт чаўна, Гораў пераваліўся ў хісткую пасудзіну.
- Чакайце, - буркнуў Іван, - толькі сцябла схаваю.
- Якое сцябла?
- Ну, тутэйшае слова, латок, на які нерат укладваюць... Хлопцы, як згубім, не пахваляць.
Ён яшчэ з хвіліну шапацеў у лазе, як вялізны бабёр, потым сунуў у руку Горава вясло.
- А другое?
- Гэта вам не катанне на Яўзе... Тут адным абыходзяцца. Вяслуйце ля самага борта, а потым злёгку падайце канец убок і ўгору.
- Дайце я, - сказала жанчына, - ён не ўмее.
- Сілы пашкадуй, дзіцятка, - грубым голасам сказаў Іван. - Да конскіх могілак дзве вярсты... у цемры.
Конскімі могілкамі называлася месца, ля якога стаяла гаўптвахта.
Іван моцным штуршком выкінуў човен з лазы. І адразу - спачатку слаба, потым мацней - пасудзіну пачало гайдаць, а потым кідаць па хвалях.
- Чорт, - сказаў салдат, - наўкос бяры, не стаў бокам да хвалі.
- Нічога не бачу.
Бледная бязгучная маланка якраз у гэту хвіліну заліла няпэўным дрыготкім святлом абшар Дняпра, пасівелага ад ярасці, імклівыя грабянцы валоў, далёкі чорны бераг. Вёслы Горава і Івана ўдарылі па вадзе, ружовай ад святла бліскавіцы. І адразу гэтая вада стала чарнільнай, а на людзей цяжка наваліўся змрок. Потым, быццам жадаючы дапамагчы, неба раз-пораз пачало раздзірацца ўспышкамі святла. Гораў бачыў твар жанчыны, якая з прагай, з чаканнем, зусім без усведамлення небяспекі, толькі з лікуючым імкненнем наперад, да волі, глядзела на другі бераг, які амаль не набліжаўся.
Шкарлупінку кідала ў правалы паміж хваль, вецер адкідваў цёмны шаль на жанчыне, як вялізныя імпэтныя крылы.
Кожныя пяць хвілін даводзілася выліваць ваду; усе прамоклі да пояса. Човен скакаў па хвалях, і пырскі пены ляцелі ў вочы людзей: за бортам раз'юшана пляваўся Дняпро.
Гораву здавалася, што гэта цягнецца вечнасць, што цямноццю і страшным ударам у борт душагубкі ніколі не будзе канца. Човен, пэўна, адносіла.
І ўсё ж наступіў момант, калі хвалі ўтаймаваліся, шкарлупінка плаўна загайдалася ў зацішку, за высокай касой процілеглага берага.
- Ну, барын, - уздыхнуў Іван, - думаў, патопнем.
- Мы не маглі патануць, - упэўнена сказала яна, - як жа нам патануць, калі мы неслі жыццё.
Асклізваючыся на чырвонай гліне абрыву, яны ўзвялі жанчыну на роўнае месца.
- Ідзіце, - сказаў Іван, - туды... Мы не можам праводзіць вас.
Жанчына стаяла моўчкі, потым нечакана схілілася і прынікла губамі да рукі Івана.
- Што вы, што вы, - спуджана мармытаў той, выдзіраючы шорсткую, як капыт, руку з яе пальцаў.
- Дзякуй вам, дзякуй, - задыхаючыся казала яна, - дзякуй за добрыя рукі, за сэрца.
- Ат, - Іван махнуў рукою і занадта паспешліва пачаў спускацца з абрыву.
- Ідзіце, - сказаў Гораў жанчыне, - хутка пачне днець.
І раптам адчуў у цемры, як жанчына прыціснулася шчакой да яго грудзей, прыўзняла твар і дакранулася губамі да яго шчакі.
- Дарагі, родны мой друг.
- Ідзіце, ідзіце, - сказаў Гораў, адчуваючы, як вільгаць просіцца на вочы.
- Я іду. Я іду, - паспешліва сказала яна.
І цень жанчыны растаў у змроку...
...Гораў спусціўся ўніз і знайшоў пад адхонам Івана. Нашчыкаўшы са стажка сухога сена, той наклаў на яго ссохлых леташніх галін лазы, прыплаўленых у повень Дняпром, і паспеў раскласці ў лагчынцы невялічкае, але зыркае вогнішча.
- Сушыцеся, - сказаў ён, - потым самі будзеце веславаць. Я пераплыву... Не трэба, каб нас бачылі разам, ваша высакароддзе.
Яны моўчкі сушылі вопратку каля агню. А потым, калі размялі рукамі сухую, пакарабачаную тканіну, заўважылі, што над Дняпром пачынае шарэць.
У гэтым жаўтавата-шэрым брудным святле вялікая рака сціхла, быццам застыдаўшыся таго, што нарабіла ў мінулую ноч. Усё яшчэ было ветрана, але нізавы вецер даў месца верхавому, і той, як добры дзядзька, сагнаў хвалю, разгладзіў сваім подыхам пахмурную паверхню ракі. Яшчэ падалі кроплі дажджу, але відаць было, што дзень хутка заўсміхаецца ўсімі сваімі прамытымі і цёплымі фарбамі. Ды і дождж крапаў такі рэдкі, што незразумела было: ці то падалі скупыя кроплі, ці небывала дружна хадзіла «жорам» верхаводка.
Іван скруціў вопратку ў вузел і, трымаючы яе ва ўзнятай руцэ, сказаў:
- Дык я паплыву, ваша высакароддзе... Прыйду потым на кардон паплавамі.
І сказаў, быццам даравання прасіў, быццам не афіцэр падбіў яго на процізаконны ўчынак:
- Вайна вайною, а баб шкада... Вельмі баб шкада.
...Калі Гораў, не зусім спрытна валодаючы вяслом, пераадолеў Дняпро і паплыў ля нізкага берага, дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне. Раскашавала мокрая лаза, цяжкія някошаныя травы на берагах дымелі, з улоння Дняпра плыла сытая пара, як ад вядра з сырадоем.
«Божа, - падумаў Гораў, - нават рэкі цякуць малаком. І на гэткай благадатнай зямлі паміраць? І такою светлаю раніцай чакаць смерці? Ну не, няхай хоць на дзве гадзіны скароціць такое чаканне - і тое выдатна. І я не шкадую».
За павароткаю ракі адкрыўся, зусім непадалёку, кардон. На паромным прычале стаяў, успёршыся на балясы, млявы Пора-Леановіч з цыгаркаю ў зубах. Паплёўваў у ваду. Іранічным позіркам глядзеў на човен, які набліжаўся, выплываў з імглы.
Гораў прывязаў човен у лазе, выбраўся з яе на сухі бераг і пайшоў паўз прычал. Леановіч глядзеў на зграбную постаць маладога чалавека нейкімі дзіўнымі, саркастычна-пагардлівымі вачыма. І гэтыя вочы прымусілі Горава зрабіць выгляд, што нічога не было, што яны толькі што развіталіся.
- Баюся, што вы дарэмна пайшлі на парушэнне прысягі, капітан Гораў.
Юрый спыніўся. Вочы яго спакойна сустрэлі позірк вачэй Леановіча.
- Тут не прысяга. Вайсковы загад не можа датычыцца жанчыны, якая вязе літасць цара свайму мужу. І той не афіцэр, хто не дапаможа жанчыне ў такіх абставінах.
- Вы яшчэ хлопчык, капітан... І як лёгка яна вас акруціла.
- У яе загад графа Мураўёва.