24816.fb2
Яна выскачыла з фiякра i гукнула:
- Анры!
Ён здзiўлена спынiўся.
- Жана?.. тут?.. зусiм адна?.. Што вы тут робiце, адкуль вы ўзялiся?
З вачамi, поўнымi слёз, яна пралепятала:
- Я толькi што згубiла мужа.
- Згубiлi? Дзе?
- На омнiбусе.
- На омнiбусе?.. Божа!
З плачам яна расказала яму пра здарэнне.
Ён задумлiва выслухаў яе i спытаўся:
- Ранiцай ён быў зусiм нармальны?
- Зусiм.
- Добра. Цi шмат грошай у яго было?
- Шмат. У яго быў мой пасаг.
- Ваш пасаг?.. Увесь пасаг?
- Увесь... каб адразу заплацiць за кантору.
- Ну дык, дарагая стрыечнiца, шукайце вашага мужа на дарозе ў Бельгiю.
Яна яшчэ не разумела.
- Вы кажаце... майго мужа? - прашаптала яна.
- Я кажу, што ён хапнуў ваш пасаг... i шукай-гукай.
Ёй не хапала паветра, яна шапнула:
- Значыць... значыць... ён прайдзiсвет!
I, ледзь не самлеўшы ад хвалявання, яна ўпала на грудзi стрыечнiку i загаласiла.
Каля iх пачалi спыняцца. Ён цiхенька падштурхнуў яе да сваiх дзвярэй i, трымаючы за талiю, падняўся з ёй па лесвiцы, а калi здзiўленая пакаёўка адчынiла дзверы, загадаў:
- Сафi, збегайце ў рэстаран, вазьмiце снеданне на дваiх. Сёння я не iду ў мiнiстэрства.