24930.fb2
Ноччу, акрываўлены Забiла ляжаў ля траншэi, часта страляў з аўтамата, перапаўзаючы з месца на месца. Блiзка ад яго гэтак жа поўзаў i страляў баец. Ён i баец - гэта было ўсё, што за дзень асталося ад батальёна...
Яны вытрымалi яшчэ тры атакi. Ля ўзгорка Плешчавенi цяпер узвышалiся два абгарэлыя танкi, на полi валялiся трупы гiтлераўцаў, ды не сцiхалi два аўтаматы, якiя ноччу можна было прыняць i за дваццаць.
...Нiяк не верылася, што ён дачакаўся гэтае ночы. Цяпер пратрымацца б якую гадзiну, пакуль з таго боку прыйдзе падмацаванне. I Забiла поўзаў i страляў. Аднак ён адчуваў, што як бы памiрае, бо сэрца надоўга заходзiлася. Таму ён увесь час трымаўся блiзка ад байца, а ўрэшце i зусiм падпоўз да яго.
- Як адчуваеш сябе? - запытаўся ён.
- А нiчога, таварыш камбат, - адказаў баец, помнячы загад маёра. - Нага во толькi перабiтая, дык балiць.
- А ў мяне, брат, сэрца нешта спыняецца, - прызнаўся камсорг. - Крывi шмат страцiў.
Адчуваючы блiзкасць адзiн да аднаго, яны ляглi поплеч i пачалi страляць у цемень.
Раптам над ракою загарэлiся тры сiнiя ракеты. Камсорг выцягнуў з-за пазухi ракетнiцу i выпусцiў на той бок дзве зялёныя.
Перамянiў дыск i застрачыў па ўзгорку, на якiм акапалiся гiтлераўцы.
Новае жыццё адкрывалася перад iм. Нешта большае, чым сэнс самога жыцця, перадаў яму разам са сваiм кiцелем Плешчавеня, i нездарма гэтыя пагоны i дакументы маёра ў кiшэнi i яго партыйны бiлет увесь напружаны дзень падтрымлiвалi Забiлу. I, яшчэ раз успомнiўшы ўсё гэта i ўспомнiўшы анекдоты пра маёра, ён захацеў заплакаць ад крыўды i жаласцi, але слёзы не iшлi.
Ззаду плескатала рака i шасталi лазнякi, прымаючы першы плыт.
1960 г.