24931.fb2
Гэтак думаючы, Сяргей аднаго разу ў нядзелю выйшаў на свiтаннi з хаты i прысеў на лавачцы каля паркана. На вулiцы была тая восеньская цiшыня, якую толькi парушае шорах пажоўклага лiсця. Сяргею добра было пасядзець, падумаць, памарыць на адзiноце. Аднак яго ўвагу прыцягнулi пеўнiкi, якiя, прабуючы яшчэ неўсталяваныя маладыя галасы, аж заходзiлiся ад крыку. Сяргей пацяшаўся з iх курынага блазенства. Раптам ён убачыў, як два гэткiя падшывальцы, у якiх яшчэ нават грабянi не паадрасталi, пагналiся за белай курыцай. Тая спачатку кiнулася наўцёкi, а потым спынiлася. Пеўнiкi, дабегшы да яе, счапiлiся бiцца. Гэтак яны счубiлiся, што ў белага аж кроў выступiла з грэбеня. Сяргей узяў з зямлi каменьчык i шпурнуў у пеўнiкаў.
- Акыш вы, дурнi гэтакiя, - крыкнуў ён.
Сяргей заўважыў, што тая курыца, з-за якое бiлiся пеўнiкi, крыху воддаль спакойна грэблася, не звяртаючы нiякае ўвагi на забiякаў. Яму чамусьцi прыйшла на памяць Волька. "Яна таксама, мусiць, чакае, што мы з Чыгараўцом паскрываўлiваем сабе насы. Але гэтага не будзе", - падумаў ён i тут жа вырашыў схадзiць да Гарпуськi. Яна ж столькi разоў запрашала. У апраўданне самога сябе ён прыдумаў i прычыну: пайду i скажу, каб заўтра яна не iшла церцi лён, а памагала старым жанчынам упарадкаваць ссечанае качанне капусты.
I ў той жа дзень падвечар, апрануты па-святочнаму, Сяргей бразнуў веснiчкамi Гарпусьчынага двара. Перш за ўсё яму кiнулася ў вочы, што старая Параска несла з лесу праз агарод ладную ношку сушняку. Сяргею аж шкада стала старой. Ён пачакаў, калi яна ўвайшла ў двор, i пачаў яе дакараць:
- Дык хiба ў нас ужо i коней няма, што на сабе гэтакi цяжар носiце?
- Я ж не кажу, што няма. Але хiба ж дапросiшся таго каня. У вас жа ва ўсiх, мусiць, адна завядзёнка - хочаш каня, дык нясi паўлiтра.
Сяргея гэта балюча ўразiла. Ён жа яшчэ нi ў кога i нiколi не браў нiчога за каня. Гэта ўсё за старыя Гарлачовы грахi яму даводзiцца выслухоўваць недарэчныя дакоры. Але Сяргей не стаў апраўдвацца. Ён, нiбы не пачуўшы таго, што сказала старая, спытаў у яе:
- А Гарпiна дома?
- Мусiць жа, дома, хто яе ведае.
Гарпуська не ведала, дзе пасадзiць Сяргея. Яна бегала, мiтусiлася па хаце. А Сяргей таксама не ведаў, чым апраўдаць свой прыход у хату.
- Ты заўтра, Гарпiна, паможаш старым упарадкоўваць ссечаную капусту, амаль афiцыйна сказаў ён Гарпусьцы.
- Дык яшчэ ж лёну вунь колькi, - паспрабавала запярэчыць дзяўчына.
- Нiчога, ён нiкуды не ўцячэ, а капусту трэба хутчэй у горад адпраўляць.
Тым часам у хату ўвайшла цётка Параска. Яна скiнула суконны мужчынскi пiнжак i прысела на лаву. Доўга старая ўглядалася ў Сяргея. Потым кiнула позiрк на дачку i заўважыла ў яе ў вачах той ледзь прыкметны бляск, якога даўно ўжо не бачыла. Спрактыкаванае матчына вока заўважыла Гарпусьчына хваляванне. Праўду сказаць, i ёй, Парасцы, падабаўся гэты хлопец. Мiкiта Чурак гэтаму i ў падноскi не варты. Калi Сяргей пачаў збiрацца з хаты, дык i старая ўжо не змоўчала:
- Куды гэта ты так спяшаешся? Пасядзеў бы ў нас. Можа б i папалуднаваў у нашай хаце?
- Няхай другiм разам, а цяпер мне яшчэ трэба зайсцi да сяго-таго, схлусiў Сяргей, крадком пазiраючы на Гарпуську. Яна яму падабалася. Круглаваты твар яе вельмi пасаваў да мужнай прысадзiстай постацi. Толькi от нос нечага завастрыўся, аблузаўся за лета на сонцы. Дык гэта нiчога - за зiму ён стане як мае быць. Сяргей нават здзiвiўся, чаму гэта ў апошнi час хлопцы пачалi абмiнаць Гарпуську. Яна ж не такая яшчэ i старая, што некаторыя яе перастаркай завуць. Гэта ўжо, вiдаць, напасць на дзяўчыну. Ён наважыў неяк зблiзiцца з Гарпуськай, няхай што сабе там нi кажуць на яе. Праўда, ён пакуль яшчэ i сам не мог разабрацца ў сваiх пачуццях - цi то сапраўды ў яго ўзнiкае каханне да Гарпуськi, а можа проста хочацца пазаляцацца да яе на злосць Вольцы. Няхай яна адчуе яго пагарду.
Старая Параска не на жарт была заклапочана лёсам дачкi. Калi тады пра таго Мiкiту Чурака яна разважала надвая: ат, добра было б, каб завёўся ў хаце сякi-такi мужчына, каб iх род не звёўся, бо вунь жа цяпер i ў Ямiшчы колькi дзяўчат не знайшлi сабе пары, - дык да Сяргея яна адчула нейкае зусiм iншае пачуццё. Параска думала: "Каб, здаецца, сама маладая была, дык за гэтага хлопца аберуч бы ўхапiлася". Таму яна дзень у дзень чаўпла дачцэ, каб тая не адварочвалася ад Сяргея, а, наадварот, прычароўвала яго да сябе.
- Цяпер свет такi пайшоў, што хлопцаў трэба прынаджваць не толькi сваёй прыгажосцю, але i чаркай. Яны любяць яе.
Параска не вельмi спадзявалася на доччыны здольнасцi, таму сама ўжыла сякiя-такiя захады. Неяк вечарам яна пайшла з дому i яе не было бадай-што да поўначы. Гарпуська не ведала, куды пайшла мацi. Яна раз-поразу пазiрала на вулiцу - цi не вiдаць дзе старой. А тае i почуту не было.
Параска перад тым як выйсцi з хаты прыадчынiла века скрынi, дастала бутэльку першаку, якая была схавана мiж сувоямi палатна, загарнула пасудзiну ў вышываны ручнiк i пайшла на сяло. Iдучы, часта азiралася, мусiць, баялася, каб дачка не пабачыла, куды яна пайшла. За ёй iшоў нехта назiркам, але яна разгледзела, што то быў мужчына, i не звярнула на яго нiякай увагi: ат, хiба мала чаго людзi ходзяць. Пасярэдзiне вёскi яна завярнула ў старэнькую Аўдолiну хату, завярнуў у Аўдолiн двор i той цень, якi iшоў следам за Параскай. Бабка Аўдоля, якая рэдка калi ўжо злазiла з печы, аж здзiвiлася, як убачыла Параску.
- Добры вечар, цётачка, - як мага ласкавей прывiталася Параска.
- Добры вечар, маё дзiцятка. Як жа гэта цябе бог навёў на думку хаты мае не мiнуць?
- Маўчыце, цётачка, патрэба ёсць.
- Я ж ведаю, што без патрэбы ты i дзвярэй не адчынiла б. Забылi людзi старую, забылi, - скрыпела сiпаватым старэчым голасам Аўдоля.
Параска падала на печ брусок прасоленага да жаўцiзны сала i невялiкi бохан шэрага пшанiчнага хлеба.
- От чым багата, тым i рада, вазьмiце гэта, цётка.
- Дзякую, дзякую, дзiцятка маё, - прасiпела старая. - А што ж бо табе рупiць, маё дзiцятка?
- Маўчыце вы, Гарпiнку маю абмiнаюць кавалеры, а яна ж, дзякаваць богу, не зломак якi, не няўдалiца. Яна ж i зрабiць i пагаварыць, яна ж i пасалiць i зварыць.
- Дзiва што, дзiцятка маё. Дык чаго ты хочаш? Можа, каб прыварот намовiць?
- То ж бо то.
Бабка Аўдоля не па-старэчаму вёртка ссунулася на палок, неяк страпянулася, як перад важнай работай.
- А цi прынесла ж ты чаго, мая рыбачка? Я магу i на вадзе, але хто ж тую ваду ў рот возьме. Цяперашнiя хлопцы не пойдуць на такую прынаду.
- Ды от жа прынесла. - Параска разгарнула ручнiк i паставiла перад бабкай чорную бутэльку, заткнутую пакуллем.
- Добра, маё дзiцятка. А на каго ж табе той прыварот казаць, як хлопца завуць?
- Сяргеем, бабка. Але цi паможа гэта? - спытала для большай упэўненасцi Параска.
- Калi ён вып'е процi ночы ды пад абразамi, дык нiдзе не дзенецца, прыхiнецца да тваёй Гарпуськi.
- Ды i моцная ж, - не ўтрымалася, каб не паспытаць першаку бабка Аўдоля. Тонкiя сiнiя губы яе аж трэслiся. Яны, гэтыя ссiнелыя губы, нешта шапталi. Параска, услухоўваючыся ў Аўдолiн шэпт, пачула: "Прыйдзi, прыварот, да Гарпiнiных варот, пераступi парог ды прынясi пiрог у Гарпiнiну хату ад Сяргеевага свата. Хай яны нiколi не бяруцца за чубы, а мiлуюцца, як галубы. Прыварот, прыварот, перайдзi з гэтае пляшкi да Сяргея ў рот, запалi каханнем яго сэрца, каб гарэла яно аж да самае смерцi. Няхай ён Гарпiну век свой любiць i, як голуб галубку, галубiць. Амiн".
Бабка Аўдоля тры разы перахрысцiла бутэльку, падзьмухала на яе, тры разы плюнула ў куток прыпека, а потым палезла ў зашыек печы, узяла нейкi сухi карэньчык i ўкiнула ў бутэльку. Падаючы бутэльку Парасцы, Аўдоля сказала:
- Адразу, маё дзiцятка, не давай, няхай устоiцца, а праз тыдзень якi пачастуй, дык ён нiдзе не дзенецца.
- Кажаце, нiдзе не дзенецца? - перапытала акрылёная надзеяй Параска.
- Яшчэ нiколi не было, каб пасля майго намаўлення не прыгарнуўся хто да каго.
Параска падзякавала старой бабцы i заспяшалася дадому па асенняй начной цемры. Нi старая Аўдоля, нi Параска не бачылi са святла хаты, што раз-поразу праз запацелую шыбу блiскалi чыесьцi вочы ды час ад часу прылiпала, як прыклеенае да шыбы, вуха.
Сяргей сама ўвайшоў у смак работы. Яго радавала тое, што трэцяя брыгада ўвачавiдкi правiлася. Цяпер не толькi брыгадзiра не крытыкавалi на праўленнi, а, наадварот, пачалi ставiць у прыклад iншым. Вунь ужо скончана i малацьба, i брыгадзiру выпала вальнейшая часiна. Да гэтае пары ён нiдзе не паказваўся на гульбiшчах. Ягоная мацi i тая пачала дакараць сына.
- Праз гэта сваё брыгадзiрства ты свету белага не бачыш.
Сяргей наважыў не толькi пабачыць белы свет, але i сябе паказаць у гэтым белым свеце. У суботу ён адзеў свой вайсковы гарнiтур, добра наваксаваў боты i пайшоў у клуб. Там ужо аж падлога стагнала ад скокаў. "Лявонiха", нiбы вiхура, гуляла па прасторнай зале. Сяргей, увайшоўшы з цеменi, спачатку не мог разгледзець танцораў. Затое яго ўсе адразу ўбачылi. I першай убачыла Волька, якая сядзела з Чыгараўцом на ўслоне. Чыгаравец нешта ёй горача гаварыў, i таму, што музыка i тупат ног заглушалi ягоныя словы, ён блiзенька прыхiнуўся да Вольчынага твару. А Волька не спускала вачэй з Сяргея. Чыгаравец гэта заўважыў i блiскаў на яго злоснымi вачыма. Сяргей стаў у дзвярах, не ведаючы, што рабiць. Хоць ён i стараўся прыглушыць, загнаць у нябыт пачуццё рэўнасцi, яно неяк мiмаволi ўспыхвала, скаланала ўсё нутро, выклiкала боль. А можа i Вольцы было балюча бачыць, як перасмыкаўся Сяргееў твар, хоць хлопоц i не хацеў нiкому паказваць сваёй узрушанасцi? Ён пашукаў вачыма Гарпуську i пашкадаваў, што яе тут няма. Тым часам дзяўчаты адна за адной падбягалi да Сяргея i запрашалi танцаваць.
- Баюся, што падноскi паадбiваю, - адказваў жартам Сяргей на запрашэннi, хоць яму i не да жартаў было. Выбраўшы момант, калi сама ў разгар увайшоў танец, Сяргей цiхенька выйшаў з клуба. Неўзабаве ён ужо вiтаўся са старой Параскай i Гарпуськай.
- Распранайся, сядай у нас, - запрашала Параска.
Сяргей, распрануўшыся, скiнуў шапку i павесiў разам з шынялём на цвiк, убiты ў вушак дзвярэй. Гарпуська, як зiрнула на хлопца, дык сэрца яе аж затрымцела. Яна стаяла i не спускала вачэй з яго стройнай фiгуры, з яго абветранага смуглявага твару. Ёй здалося, што Сяргей сёння такi прыгожы, якiм яна нiколi яго не бачыла.
- Можа, ты яшчэ i не вячэраў? - спытала Параска.