25535.fb2
7
Такая яна, пустыня. Каран - а ён усяго толькi пэўны звод правiлаў гульнi ператварае яе пяскi ў незвычайнае царства. Не будзь гэтых правiлаў, Сахара была б пустэльняй, мiж тым у яе нетрах разыгрываецца таемны спектакль, бурляць людскiя страсцi. Сапраўднае жыццё пустынi не ў масавым бадзяннi плямён у пошуках пашы для вярблюдаў, а ў гэтай гульнi, што вядзецца i па сённяшнi дзень. Якая вялiзная рознiца памiж скоранымi пяскамi i няскоранымi! А хiба не гэтак яно i сярод людзей? Перад воблiкам пераўтворанай пустынi мне прыгадваюцца гульнi майго маленства, цёмны, i ў пазалоце, парк, якi мы насялялi багамi, бязмежнае царства, якое мы стварылi з гэтага квадратнага кiламетра, так дарэшты i не зведанага, так дарэшты i не абгледжанага. У нас быў свой свет, са сваiмi асновамi, дзе крокi мелi такое гучанне, дзе рэчы мелi такi сэнс, якiя былi немагчымы ў нiякiх iншых краях. Што застаецца ад запоўненага магiчным, ледзяным, пякельным ценем маленства парку, калi, даўно дарослы, даўно падначалены iншым законам жыцця, ты аднойчы вяртаешся сюды, i з пачуццём нейкай роспачы iдзеш уздоўж ягонай агароджы - нiзенькай сцяны з шэрага каменю, i дзiвуешся, як такая невялiчкая тэрыторыя ўмяшчала ў сабе цэлы бязмежны свет, i горка разумееш, што ў тое бязмежжа не вернешся ўжо анiколi, бо для гэтага не ў парк - у гульню ўвайсцi трэба.
Але болей няма непадлеглых арабскiх земляў. Кап-Джубi, Сiснерос, Пуэрта-Кансада, Сагiэт-эль-Хамра, Дора, Смара - не таямнiца болей. Далягляды, куды мы так iмкнулiся, пагаслi адзiн за адным, як тыя кузуркi, што, трапiўшы ў сiло цёплых далоняў, трацяць свае фарбы. Але той, хто паляваў на iх, не быў ахвярай самападману. Мы не ашукваем сябе, калi iмкнёмся да ўсё новых адкрыццяў. Як не ашукваў сябе i султан з "Тысячы i адной ночы", якi прагнуў нейкай выключнай дзiвоснасцi, - але свiтала, i красунi наложнiцы пагасалi ў ягоных абдымках, ад першага ж дотыку страцiўшы пазалоту сваiх крылцаў. Нас заварожвалi самi пяскi, а некалi, магчыма, нехта прабуравiць тут нафтавыя свiдравiны i разбагацее на гандлi нафтай. Але тыя людзi прыйдуць сюды надта позна. Бо недаступныя пальмавыя гаi цi некрануты пыл ракушнiку сваю сама каштоўную долю ўжо ўручылi нам: яны дарылi ўсяго толькi гадзiну захаплення, i перажылi гэтую гадзiну мы.
Што такое пустыня? Мне было наканавана аднойчы апынуцца ў самым яе сэрцы. У 1935 годзе я ляцеў у Iндакiтай, а апынуўся ў Егiпце, на мяжы з Лiвiяй, у палоне пяскоў, як у смале, i ўжо думаў, што i загiну там. Вось як гэта было.
VII. У СЭРЦЫ ПУСТЫНI
1
На падыходзе да Мiжземнага мора мяне сустрэла нiзкая воблачнасць. Я знiзiў вышыню да дваццацi метраў. Лiвень хвошча ў ветравое шкло, а мора, здаецца, аж дымiць. Як нi напружваю зрок, нiчога ў гэтай каламуцi не вiдно, хоць бы не напароцца на мачту якога судна.
Мой механiк Андрэ Прэво запальвае мне цыгарэту.
- Кавы...
Ён знiкае ў хвасце самалёта i вяртаецца з тэрмасам. П'ю. Час ад часу паддаю газу, каб падтрымаць шаг вiнтоў у дзве тысячы сто абаротаў. Акiдваю вокам цыферблаты: усе прыборы паслухмяныя, кожная стрэлка на сваiм месцы. Кiдаю хуткi позiрк на мора, якое парыць пад дажджом, як агромнiсты басейн з гарачай вадой. Калi б я быў на гiдраплане, я пашкадаваў бы, што яно такое "глухое". Але я на самалёце. "Глухое" мора цi не, тут усё роўна не сядзеш. I гэта невядома чаму надае мне недарэчнага адчування бяспекi. Мора належыць свету, якi мне чужы. Аварыя ў гэтай мясцiне не для мяне, яна нават не страшыць мяне: я зусiм не аснашчаны для мора.
Пасля паўтары гадзiны лёту дождж сiцхае. Хмары па-ранейшаму вельмi нiзкiя, але iх як няўтрымная ўсмешка ўжо працiнае святло. Я любуюся гэтым нетаропкiм выспяваннем добрай пагоды. Прадчуваю, што ўгары нада мной пласт белай кудзелi стаў зусiм тонкi. Бяру трошкi ўбок, каб абысцi лiвень: ужо няма патрэбы лезцi ў самую яго сэрцавiну. I вось першая прагалiна ў небе...
Я адчуваю яе раней, чым бачу, бо ўперадзе на моры заўважаю доўгую паласу колеру муравы, паляну светлай i густой зелянiны, нiбы рунь ячменю на поўднi Марока, якая так дападала да сэрца пасля трох тысяч кiламетраў пяскоў, калi я вяртаўся з Сенегала. Гэткае ж пачуццё ў мяне i тут - як на падыходзе да людскiх селiшчаў, i мяне агортвае ўзнёслая радасць. Абарочваюся да Прэво:
- Выкараскалiся, цяпер парадак!
- Дзiва што!..
Тунiс. Пакуль самалёт запраўляюць гаручым, я падпiсваю паперы. Але ў той момант, калi выходжу з кабiнета, да мяне даносiцца нейкi гук - гэтак плюхаецца ў ваду скакун. Глухi, без водгулля, усплёск. Мне iмгненна прыгадваецца ўжо чуты падобны гук: выбух у гаражы. Тады ад гэтага хрыплаватага кашлю загiнулi два чалавекi. Я абарочваюся да дарогi, што пралягае ўздоўж узлётнай паласы: над ёю курыць лёгкi пыл, там на поўнай хуткасцi сутыкнулiся два аўтамабiлi i застылi, раптоўна. як iльдамi, акутыя нерухомасцю. Туды бягуць людзi, бягуць i сюды, да канторы:
- Пазванiце... Доктара... Галава...
Сэрца маё сцiскаецца. У спакойным святле адвячорка лёсу ўдалося нанесцi свой удар. Загублена хараство, розум цi, можа, нават само жыццё... Пiраты пракралiся па пустынi, i нiхто не пачуў iхнiх бясшумных крокаў. I вось у лагернай стаянцы - кароткая мiтусня нападу. Затым усё зноў акрываецца залатавым спакоем. Ранейшы спакой, ранейшая цiшыня... А побач нехта кажа праламаны чэрап. Не, не хачу нiчога ведаць пра гэты нерухомы скрываўлены лоб. Адварочваюся ад дарогi i крочу да свайго самалёта. Але ў душы варушыцца нейкае прадчуванне небяспекi. I неўзабаве я зноў пачую яго, гэты ж гук. Калi на хуткасцi дзвесце семдзесят кiламетраў у гадзiну я ўзару наканаванае мне чорнае плато, да мяне данясецца той жа хрыплаваты кашаль: тое ж самае грознае "кха" лёсу, якi ўсё-такi падсцярог нас.
У дарогу, на Бенгазi.
2
У дарогу. Сцямнее толькi праз дзве гадзiны. Але ўжо на падлёце да Трыпалiтанii я зняў чорныя акуляры. I пясок вызалочваецца. Божа, якая пустынная гэта планета! I мяне зноў апаноўвае думка, што рэкi, шаты дрэў i людскiя селiшчы сваiм узнiкненнем абавязаны толькi збегу шчаслiвых абставiн. Бо наша Зямля - гэта ж такое засiлле скалаў i пяску!
Але ўсё гэта чужое мне, я жыву ў свеце палёту. Я адчуваю, як паволi апускаецца ноч, у якую ўваходзiш, бы ў храм. Праз таiнства асноўных рытуалаў уваходзiш у безаглядны, бязрадны роздум. Усё зямное спакваля страчвае свае абрысы i хутка зусiм знiкне. Увесь гэты краявiд унiзе яшчэ азораны бледным прызмеркавым святлом, але ўжо расплывiсты i цьмяны. I я не ведаю нiчога, паўтараю, нiчога, што было б вартасней гэтай гадзiны. Той, хто спазнаў невытлумачальнае, палкае захапленне палётам, разумее мяне.
Я спакваля выракаюся сонца. Выракаюся вялiзных вызалачаных абшараў, якiя далi б мне прытулак у выпадку аварыi... Выракаюся арыенцiраў, якiя не далi б мне збiцца з дарогi. Выракаюся абрысаў гор на небасхiле, якiя дапамаглi б мне не наляцець на iх. Я ўступаю ў ноч. Я плыву ўсляпую, па прыборах. У мяне застаецца толькi адзiн саюзнiк - зоры...
Гэтае замiранне свету там, унiзе, адбываецца нетаропка. Паступова мне ўсё адчувальней не хапае святла. Зямля i неба паступова перамешваюцца. Дол, здаецца, прыўзнiмаецца i разбухае, нiбы пара. Першыя нябесныя свяцiлы трымцяць, быццам у зялёнай вадзе. Яшчэ не хутка настане час, калi яны ператворацца ў цвёрдыя пярлiнкi. Яшчэ не хутка можна будзе паназiраць за маўклiвай гульнёй знiчак. У пэўныя ночы мне выпадала бачыць такi густы iмклiвы зарапад, што здавалася, там, у сузор'ях, усхадзiўся моцны вецер.
Прэво правярае асвятленне i запасныя лямпы. Абгортваем лямпачкi чырвонай паперай.
- Яшчэ раз...
Ён дадае яшчэ адну столку, шчоўкае выключальнiкам. Але святло яшчэ занадта яркае. Быццам на засветленым здымку, ад яго толькi зблякнуць i без таго ледзь улоўныя абрысы знешняга свету. Знiкне тоненькая мiгатлiвая плёнка, якою з наступленнем цемнаты падчас яшчэ ахiнаюцца ўсе прадметы. Вось i ноч настала. Але гэта яшчэ не сапраўдная ноч. Яшчэ не схаваўся сярпок месяца. Прэво нырае ў хваставое аддзяленне i вяртаецца з сандвiчам. Я скубу гронку вiнаграду. Мне не хочацца есцi. Мне не хочацца нi есцi, нi пiць. I я зусiм не стамiўся, здаецца, магу хоць дзесяць гадоў так ляцець.
Месяца ўжо няма.
Бенгазi адзываецца ўжо ў непрагляднай ночы. Бенгазi спачывае на дне такой глыбокай цемрадзi, што нават зарава няма над iм. Я заўважыў горад толькi на самым падлёце да яго. Шукаю пасадачную пляцоўку - ага, вось яна, па краях успыхваюць чырвоныя агнi. Выразна акрэслiваецца чорны прамавугольнiк. Разварочваюся. Святло пражэктара, скiраванага ў неба, уздымаецца ўгору, як слуп полымя, апiсвае дугу i пракладае па аэрадрому залатую дарожку. Я раблю яшчэ адзiн круг, каб заўважыць усе магчымыя перашкоды. Начное абсталяванне гэтага аэрадрома проста цудоўнае. Збаўляю газ i планiрую, быццам апускаюся ў чорную ваду.
Калi я прызямляюся, па мясцоваму часу роўна дваццаць тры гадзiны. Я падрульваю да пражэктара. У тугiм святле пражэктара мiльгаюць, выбягаючы з цемры i зноў прападаючы ў ёй, надзвычай пачцiвыя афiцэры i салдаты. Глядзяць мае паперы, запраўляюць самалёт гаручым. Праз дваццаць хвiлiн я магу ляцець далей.
- Зрабiце вiраж i прайдзiце над намi, каб мы ведалi, што ў вас усё добра.
У дарогу.
Без нiякiх затрымак вырульваю на залатую дарожку, качуся да цёмнай прамоiны ўперадзе. Мой "Сiмун" адрываецца да зямлi куды раней, чым скончылася паласа. Пражэктар следуе за мной, i мне цяжка зрабiць вiраж. Нарэшце прамень адводзяць убок - здагадалiся, што мяне слепiць. Раблю разварот з наборам вышынi, у твар нечакана зноў б'е пражэктар, але ён толькi на мiг датыкаецца да мяне i слiзгае далей, адводзiць убок сваю залатую флейту. Гэтак там, на зямлi выказваюць мне сваю найшчырэйшую прыязнасць i ўвагу. I вось я зноў бяру курс на пустыню.
Метэастанцыi Парыжа, Тунiса i Бенгазi паабяцалi мне спадарожнага ветру сiлай трыццаць - сорак кiламетраў у гадзiну. У такiм разе, можна разлiчваць на ўсе трыста. Бяру курс правей, на сярэдзiну прамой, якая злучае Александрыю з Каiрам. Такiм чынам я абмiну небяспечныя зоны ўзбярэжжа, i хоць буду ляцець невядомым маршрутам, я абавязкова - цi справа, цi злева - злаўлю агнi аднаго з гэтых гарадоў цi хоць бы далiны Нiла. Калi вецер не пераменiцца, мой палёт зойме тры гадзiны дваццаць хвiлiн. Калi аслабне - тры сорак пяць. I я пачынаю адольванне тысячы, пяцiдзесяцi кiламетраў пустынi.
Месяца ўжо няма. Вакол адна чорная смала - па самыя зоры. На ўсiм шляху я не прыкмечу нi агеньчыка, не ўбачу нiводнага арыенцiра, да самага Нiла я адрэзаны ад людзей, таму што i радыё на борце няма. Я нават не спрабую назiраць яшчэ за чым-кольвечы, апрача компаса i альтметра Сперы. Мяне ўжо нiшто не цiкавiць, апрача размеранага дыхання тонкай зiхоткай крэскi на цёмнай прыборнай дошцы. Калi Прэво перасядае на iншае месца, я звяраюся з прыборам i асцярожна выроўнiваю машыну. I падымаюся на вышыню дзве тысячы метраў, туды, дзе, як мне паведамiлi, дзьме сама спрыяльны вецер. Зрэдку запальваю лямпачку, каб праверыць работу матора - не ўсе прыборы ў мяне асветлены, - але большую частку часу я праводжу ў змроку, сярод маiх драбнюткiх сузор'яў, якiя выпраменьваюць тое ж нежывое, тое ж невычэрпнае i загадкавае святло, што i сапраўдныя зоры, i размаўляюць на той жа мове. I я таксама, як астраном, чытаю кнiгу нябеснай механiкi. Я таксама засяроджаны i далёкi да ўсяго зямнога. У вонкавым свеце ўсё быццам вымерла. А тут толькi Прэво, якi пасля доўгага змагання з сабой нарэшце ўсё-такi здаўся i задрамаў, i цяпер яшчэ паўней я адчуваю адзiноту. Тут толькi роўнае ракатанне матора ды гэтыя спакойныя зоркi на прыборнай дошцы перада мною.
I ўсё-такi я задумваюся. Месяц нам сёння не саюзнiк, радыё ў нас няма. Нiводная сама тоненькая нiтачка не звяжа нас са светам, пакуль мы не выйдзем да ланцужка агнёў на Нiле. Мы цяпер па-за ўсiм на свеце, адзiн толькi матор утрымвае нас i не дае прапасцi ў гэтай смале. Як у казцы, мы перасякаем мёртвую далiну, чорную далiну выпрабаванняў. Тут не спадзявайся на дапамогу. Тут не спадзявайся на прабачэнне сваiм пахiбкам. Мы аддадзены волi лёсу.
З-за прыборнай дошкi ў адным месцы праточваецца промнiк святла. Буджу Прэво, каб ён прытушыў яго. Прэво, як мядзведзь, варушыцца ў цемры, фыркае, вылазiць са свайго кутка. Засяроджана майструе нешта з насовак i чорнай паперы. Промнiк святла знiкае. Ён занадта рэзка ўрываўся ў гэты свет. Ён быў зусiм недарэчы тут, сярод бледнага, бясстраснага фасфарычнага свячэння прыбораў. Гэта было святло начнога шынка, а не зоркi. Да таго ж ён сляпiў мяне, зацямняў мiгценне прыбораў.
Мы ляцiм ужо тры гадзiны. I раптам справа ўспыхвае нейкае дзiўнае мiготкае святло. Разглядваю яго. За сiгнальным агнём на канцы крыла, якi дагэтуль быў нябачны мне, цягнецца доўгi блiшчасты след. Нейкае хiсткае ззянне, якое то з'яўляецца, то знiкае: ага, гэта ж я ўваходжу ў воблака. Гэта яно адлюстроўвае сiгнальны агонь. На падыходзе да маiх арыенцiраў я аддаў бы перавагу чыстаму небу. Над крылом самалёта ўзнiкае светлы нiмб. Ззянне ярчэе, цяпер яно ўжо ўстойлiва прамянiцца, як ружовы букет. Мяне моцна ўстрэсвае - пачынаецца гайданка. Я лячу недзе ў вантробах кучавых аблокаў, таўшчыня якiх мне невядомая. Паднiмаюся на вышыню дзве пяцьсот - вакол усё тое ж. Спускаюся да тысячы метраў. Агнявы букет быццам прырос да крыла i толькi разгарэўся яшчэ ярчэй. Ну добра. Ну што ж. Нiчога не трэба. Я стараюся не думаць пра гэта. Што будзе, тое будзе. Але мне ўсё-такi не даспадобы гэтае асвятленне - карчма, дый годзе.
Я пачынаю разважаць: "Што я трошкi танцую тут - гэта нармальная з'ява, гэта зразумела, але мяне ўсю дарогу трошкi трэсла, нягледзячы на чыстае неба i вышыню. Вецер нiколечкi не аслаб, значыць, мая хуткасць напэўна перавышала трыста кiламетраў у гадзiну". Зрэшты, я нiчога дакладна не ведаю, паспрабую сарыентавацца, калi выйду з хмар.
I вось выходжу. Букет раптоўна знiкае. Менавiта па яго знiкненню я i даведваюся, што выйшаў з аблокаў. Я ўзiраюся перад сабой i заўважаю, наколькi можна разлiчыць, вузкi прасвет, а далей зноў сцяна кучавых аблокаў. I зноў ажыў букет на крыле.
Вынырнуўшы на iмгненне, я зноў вязну ў чорнай смале. Гэта пачынае непакоiць, я лячу ўжо тры з паловай гадзiны, вось-вось Нiл, калi я не памылiўся ў разлiках. Мне, можа, i ўдасца заўважыць яго ў прасветах, але на гэта мала шанцаў, бо прасветы вельмi рэдкiя. Я не адважваюся апусцiцца яшчэ нiжэй: калi, выпадкам, хуткасць была меншая, чым я думаў, то пада мной яшчэ ўзвышша.
Я пакуль не адчуваю вялiкай трывогi, проста баюся страцiць шмат часу. Але я ведаю, калi надыдзе канец майму спакою: праз чатыры гадзiны пятнаццаць хвiлiн лёту. Праз гэты час, нават калi б зусiм не было ветру - а вецер, вядома, быў, - далiна Нiла не магла не застацца ззаду.
Калi я трапляю ў кудзелю аблокаў, агняны букет на крыле адкiдвае ўсё болей i болей таропкiя, мiгатлiвыя водблiскi, затым раптоўна гасне. Мне не падабаюцца гэтыя зашыфраваныя перагаворы з дэманамi ночы.
Уперадзе загараецца зялёная зорка, праменная, нiбы маяк. Што гэта, зорка цi маяк? Зусiм не падабаецца мне i гэтае ненатуральнае святло, гэтае свяцiла чараўнiка, гэтыя небяспечныя запросiны.
Прачнуўся Прэво, запальвае лямпачку, правярае абароты матора. Я адмахваюся ад яго i ягоных лямпачак. Якраз трапiўся прасвет у хмарах, i я карыстаюся гэтым, каб зiрнуць, што там, унiзе. Прэво зноў упадае ў дрымоту.
Зрэшты, нiчога там не выглядзiш.
Ляцiм ужо чатыры гадзiны пяць хвiлiн. Падышоў Прэво, сеў побач.
- Пара было б ужо прыбыць у Каiр...
- Даўно пара...
- Што гэта там, зорка? Можа, маяк?