25535.fb2
Вось яна, мiсiя цi манастыр! Манахi ўзнеслi на ўзгорку высачэзны крыж ратоўны знак для тых, хто гiне! I мне застаецца толькi адно: праставаць да яго. I мне застаецца толькi адно: бегчы прама да гэтых дамiнiканцаў...
- Але ў Лiвii толькi копцкiя манастыры.
- ...прама да гэтых вучоных дамiнiканцаў. У iх цудоўная прахалодная кухня з чырвонай кафлi, а ў двары - дзiвосная ржавая помпа. I пад iржавай помпай... пад iржавай помпай, ну вядома ж... пад iржаваю помпай i знаходзiцца пастаянны калодзеж! О, якое гэта будзе свята, калi я пазваню ў дзверы, калi я ўдару ў звон!..
- Дурню, такiя дамы - у Правансе, дый там, дарэчы, няма нiякага звона.
- ...я ўдару ў звон! Швейцар уздыме рукi ў неба i ўсклiкне: "Сам бог паслаў вас!" I склiча ўсю брацiю. I манахi кiнуцца да мяне. Яны ласкава прымуць мяне, як бяздомную сiрацiнку. I завядуць мяне на кухню. I скажуць: "Зараз, зараз, сын мой... мы толькi збегаем да пастаяннага калодзежа..."
А я - а мяне будзе аж калацiць ад шчасця... Але не, я не буду плакаць толькi ад таго, што там, на ўзгорку, ужо няма нiякага крыжа.
Усе абяцанкi захаду - адно ашуканства. Я паварочваю на поўнач.
Прынамсi, поўнач хоць напоўнена песняю мора. Ну вось, яшчэ адзiн перавал адолены - ах, якi далягляд!.. Вось ён, сама дзiвосны горад на свеце!
- Ты ж i сам ведаеш, гэта мiраж...
Так, я выдатна ведаю, што гэта мiраж. Мяне не ашукаеш, не! Але калi мне даспадобы гнацца за мiражом? Калi мне даспадобы спадзявацца? Калi мне даспадобы любiць гэты зубчасты горад, расквечаны сонцам? Калi мне даспадобы крочыць наперад, крочыць лёгка i хутка, бо я ўжо не адчуваю стомы, бо я шчаслiвы?.. Прэво са сваiм рэвальверам проста смешны! Мая схмялеласць куды прывабней. Я п'яны. Я памiраю ад смагi!
Прыцемак працверазiў мяне. Раптоўна спыняюся, мне робiцца страшна: я зайшоў вельмi далёка. У прыцемку мiраж прападае. Далягляд скiдае з сябе сваю мiшуру, свае свяшчэннiцкiя рызы. Цяпер гэта - далягляд пустынi.
- Вось i дамогся свайго! Зараз цябе агорне ноч, давядзецца чакаць свiтання, а да заўтра сляды твае сатруцца - i не будзе звароту.
- Тады ўжо лепей iсцi толькi наперад... Навошта зноў вяртацца назад? Мне ўжо не хочацца адступаць, а раптам я нарэшце ўбачу... раптам нарэшце ўбачу мора!..
- Дзе ты ўбачыш мора? Ты нiколi не дойдзеш да яго. Памiж iм i табою не меней трохсот кiламетраў. А каля вашага "сiмуна" цябе чакае Прэво! I, магчыма, яго ўжо заўважыў якi-небудзь караван...
Ну што ж, добра, я вярнуся, але спачатку пагукаю, а раптам непадалёк людзi:
- Эге-гей!
Ёсць жа людзi на гэтай алюджанай планеце!..
- Эгей, людзi!..
Я хрыпну. У мяне прападае голас. Проста смешна гэтак надрывацца... Аднак паспрабуем яшчэ раз:
- Лю-дзi!..
Гэта гучыць так ненатуральна i напышлiва...
I я паварочваю назад.
Пасля дзвюх гадзiн шляху заўважаю водблiск вялiзнага кастра. Прэво, устрывожаны маiм знiкненнем, распалiў яго ледзь не да неба. А!.. для мяне гэта не мае нiякага значэння!..
Яшчэ гадзiна хады... Яшчэ пяцьсот метраў. Яшчэ сто. Яшчэ пяцьдзесят.
- Ах!
Спыняюся як укопаны. Нястрымная радасць залiвае маё сэрца. Асветлены полымем, Прэво размаўляе з двума арабамi, якiя сядзяць, прыпёршыся да матора. Ён яшчэ не заўважыў мяне. Ён надта апанаваны сваёй уласнай радасцю. Ах, калi б гэта чакаў я, а не ён... я ўжо быў бы на волi! Радасна крычу:
- Эгей!
Абодва бедуiны ўскокваюць на ногi, абарочваюцца i глядзяць на мяне. Прэво пакiдае iх i iдзе мне насустрач. Я працягваю рукi. Прэво падхоплiвае мяне пад локаць. Я што - падаў? Кажу яму:
- Нарэшце яны тут!
- Хто?
- Арабы!
- Якiя арабы?
- Ды тыя, што тут, з вамi!..
Прэво дзiўна глядзiць на мяне i неяк нехаця, быццам процi волi давярае мне вялiкую тайну, кажа:
- Нiякiх арабаў тут няма...
Вось цяпер я, мусiць, заплачу.
6
Тут можна пражыць без вады толькi дзевятнаццаць гадзiн, а што мы пiлi з учарашняга вечара? Некалькi кропель расы на свiтаннi! Але па-ранейшаму пануе паўночна-ўсходнi вецер, i гэтая акалiчнасць трошкi запавольвае наша высыханне. Дзякуючы гэтай заслоне ў небе яшчэ збiраюцца воблакi, цэлыя горы аблокаў. Ах, калi б яны дайшлi да нас, калi б пайшоў дождж! Але ў пустынi дажджоў не бывае.
- Прэво, давай разрэжам адзiн парашут на трохкутнiкi. Раскладзём iх на пяску i прыцiснем каменем. Калi вецер не пераменiцца, на досвiтку выкруцiм гэтыя анучы ў бак з-пад гаручага, усё-ткi збярэцца хоць трошкi расы.
Мы разаслалi пад зоркамi шэсць белых посцiлак. Прэво зняў з самалёта бак. Заставалася толькi дачакацца ранку.
Сярод абломкаў Прэво знайшоў сапраўдны цуд - апельсiн! Дзелiм яго пароўну. Я неверагодна рады, i ўсё-такi адзiн апельсiн - так мала, нам трэба было лiтраў дваццаць вады!
Ляжу каля нашага начнога вогнiшча, гляджу на залатавы сонечны плод i думаю: "Людзi не ведаюць, што гэта такое - апельсiн..." I яшчэ думаю: "Мы асуджаны, але i зараз, як ранiцай, гэта не замiнае мне радавацца. Вось я трымаю ў руцэ палову апельсiна - i гэта адна з сама раскошных хвiлiн у маiм жыццi". Кладуся на спiну, высмоктваю дольку за долькай i лiчу знiчкi. У гэты мiг я шчаслiвы, бясконца шчаслiвы. I я зноў думаю: "У жыццi кожнае становiшча - гэта своеасаблiвы свет, яго законы можна спасцiгнуць толькi знутры". Я толькi цяпер разумею, навошта асуджанаму на смерць апошняя цыгарэта i шклянка рому. Раней да мяне не даходзiла, навошта смяротнiку такая мiласцiна. А яна ж дорыць яму вялiкую асалоду. I калi ён усмiхаецца, усе думаюць - якая мужнасць! А ён усмiхаецца, бо яму прыемна выпiць рому. Людзi не ведаюць, што ў яго цяпер зусiм iншая мера, што гэтая апошняя часiна для яго - цэлае жыццё.
Мы сабралi мора вады: лiтры два, бадай. Бывай, смага! Мы ўратаваны, зараз мы нап'ёмся!
Алавяным кубачкам зачэрпваю вады з бака, але яна такая жоўта-зялёная i такая агiдная на смак, што, нягледзячы на пакутлiвую смагу, пасля першага ж глытка я ледзьве пераводжу дыханне. Я б высмактаў i гразь, але гэты ядавiты металiчны прысмак яшчэ мацней смагi.
Гляджу на Прэво - ён ходзiць кругаля, утаропiўшыся ў дол, нiбыта заклапочана шукае нешта. I раптам, не перастаючы кружыць, згiнаецца - блюе. Праз паўхвiлiны наступае мая чарга. Мяне б'юць такiя сутаргi, што я падаю на каленi i ўшчаперваюся пальцамi ў пясок. Мы не можам прамовiць i слова, чвэрць гадзiны нам выварочвае ўсе вантробы, пад канец выдзiрае ўжо адну жоўць.
Канец. Толькi яшчэ нудзiць трошкi. Але апошняя наша надзея рухнула. Не ведаю, чым абумоўлена наша няўдача - прапiткай парашута цi асадкам чатыроххлорыстага вугляроду на сценках у баку. Трэба было знайсцi iншы посуд цi iншае палатно.
Што ж, трэба спяшацца! Ужо дзень. У дарогу! Прэч з гэтага праклятага плато, будзем iсцi, iсцi, пакуль не пападаем мёртвыя. Гэтак iшоў па Андах Гiёмэ, з учарашняга дня я ўсё думаю пра яго. Я парушаю найстражэйшае правiла, якое загадвае заставацца каля разбiтага самалёта. Тут нас шукаць ужо не будуць.
I зноў пераконваемся - гэта не мы церпiм бедства. Церпяць бедства тыя, хто чакае нас! Тыя, каму так пагражае наша маўчанне. Тыя, каго ўжо катуе жахлiвая памылка. Немагчыма не кiнуцца да iх! Гiёмэ таксама па вяртаннi з Андаў расказваў мне, што ён бег на дапамогу тым, хто гiнуў! Гэтая iсцiна справядлiвая для ўсiх.
- Калi б я быў адным-адзiн у свеце, я лёг бы i ўжо не ўставаў, - кажа Прэво.