25535.fb2
I я рушыў далей мiж гэтага народу, чый сон быў трывожны, як заклятая мясцiна. Ад хрыплага сапення, няўцямнага жаласлiвага мармытання, шоргату грубых башмакоў, калi сонны, навярэдзiўшы адзiн бок, пераварочваўся на другi, трапятаў глухi, бясконцы шум. А за ўсiм гэтым - несцiханы рокат, быццам варочаецца галька пад ударамi прыбою.
Сядаю насупраць спячай сям'i. Памiж мужам i жонкай, сяк-так прымошчанае, спала дзiця. Але вось яно паварочваецца ў сне, i ў святле начнiка я бачу ягоны твар. Ах, якi цудоўны твар! Ад гэтай пары нарадзiўся дзiвосны залаты плод. З гэтага цяжкага ярма нарадзiўся такi цуд зграбнасцi i прывабнасцi. Я глядзеў на пукаты лобiк, на мяккiя прыпухлыя вусны i думаў: вось твар музыканта, вось маленькi Моцарт, вось дзiвосная абяцанка жыцця. Ён зусiм як маленькi прынц з нейкай казкi: даць бы яму належны догляд, выхаванне, асвету - i ён апраўдаў бы сама смелыя надзеi! Калi ў садзе пасля доўгiх пошукаў выведуць нарэшце новы гатунак ружы, дык усiх садоўнiкаў ахоплiвае хваляванне. Ружу пераносяць у асобнае месца, ружу даглядаюць i песцяць. А людзi растуць без садоўнiка. Маленькi Моцарт, як i ўсе, трапiць пад той жа страшэнны штампавальны прэс.
I стане цешыцца гнюснай музыкай нiзкапробных корчмаў.
Моцарт асуджаны.
Я вярнуўся ў свой вагон. Я думаў: гэтых людзей зусiм не трывожыць iхняя доля. Але, не жаль, не спачуванне мучыць мяне. Што плакаць над незагойнай ранай? Параненым яна не балiць. Бо паранены, панявечаны не асобны чалавек, а цэлае чалавецтва. I не веру я ў шкадаванне. Мяне мучыць клопат садоўнiка. Мяне мучыць не гэтая галеча - у рэшце рэшт людзi звыкаюцца з галечай, як з лянотай. На ўсходзе шматлiкiя пакаленнi жывуць у гразi, i гэта iм падабаецца. Тое, што мучыць мяне, нельга загаiць бясплатнымi супамi. Нясцерпная невыродлiвасць гэтай бясформнай, скалечанай чалавечай глiны. Нясцерпна тое, што ў кожным з гэтых людзей, мажлiва, забiты Моцарт.
Адзiна Дух сваiм дыханнем на глiну здольны стварыць з яе Чалавека.