26915.fb2 Пошукi будучынi - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

Пошукi будучынi - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

- То чаго вам на чыгунку? Па шашы ў той бок машын многа. Махнуць рукой, i шафёр падвязе аж да месца.

- Я ўчора, пакуль машыну злавiла, выстаяла на шашы цэлае ранне.

- То чаго ж вы ўсталi? Чаму не спачываеце? Дарога вам яшчэ вялiкая.

Яна паслушна зноў села на ранейшае месца, i вочы яе сталi такiмi даверлiвым.

- Я вырасла без бацькi. А бацька пастарэў без мяне. Нам шкада таго, што мы адзiн без аднаго былi. Гэта бацька мне маю душу на гэта настроiў, i добра ён зрабiў. Цяпер я ведаю, што не можна так жыць, абы жыць. Трэба шукаць таго, каго трэба з замiлаванасцю ведаць i каго трэба ненавiдзець.

- Ненавiдзець? Вы такая маладая i гаворыце аб нянавiсцi?

- Аб чым жа мне гаварыць, калi жыццё майму бацьку скалечылi, i маё маленства...

Яна недагаварыла i як бы засаромелася свае ўспышкi перад незнаёмым чалавекам тут, на дарозе.

Гэта было ўвасабленне наiўнасцi, непасрэднасцi, парыў маладой натуры, калi ўсё, што ляжыць на душы, просiцца ў свет. У маладосцi душа i думкi не абцяжараны развагаю аб мэтазгоднасцi. Стоячы цяпер перад маўклiвым Нявадам, гэтая маладая дзяўчына не ведала, што яна ўзварушыла ў душы гэтага старога перад ёю незнаёмца.

"Яна хоча ведаць, каго ёй ненавiдзець за ўкрадзенае маленства? А каго я павiнен ненавiдзець за гэта ж самае?" I зноў вобраз малой Волечкi вырысаваўся перад iм. I вобраз гэты раздвоiўся. Побач з Волечкай стаяла тая, цяперашняя, так падобная на сваю мацi.

- А чаму ж вы жылi цяпер не з бацькам?

- Я вучылася i на лета еду.

- А як жа вы завецеся?

- Лiзавета.

- Што ж гэта так усё сыходзiцца! У мае дачкi таксама дачка Лiза. Год ёй ужо будзе цi не чатырнаццаць.

- Ой! - крыкнула раптам Лiзавета i шатнулася, як сядзела, назад. Нявада са здзiўленнем сачыў за ею, а яна паказала пальцам унiз перад сабою, i Нявада глянуў туды. Там быў адзiн з тых двух равоў. Увесь ён быў скрыты ў густым таполевым зараснiку. На дне яго расла густая i высокая трава i цвiлi кветкi. Яны, блакiтныя i жоўтыя, вiдны былi праз трапяткое лiсце зараснiкаў, якiя шчыльнай сцяной купчасцiлiся паабапал рова. Лiсце шумела i траслося на ветры. Нявада ўгнуў твар над ровам i, прыглядаючыся, пачаў заўважаць на дне яго, у траве i пад нахiленым нiзка веццем маладых парасткаў, чалавечыя ногi, абутыя ў боты з вялiкiмi абцасамi. Абцас аднаго бота быў у жвiрыстай зямлi. Гэты абцас i стаптаў тое дрэўца! Нявада шатнуўся ад рова i беспарадна глянуў на дзяўчыну, якая як бы чакала першых захадаў ад Нявады. Але ён стараўся перамагчы ў сабе трывожную прыкрасць i разважыў думкамi сам сябе: "Падарожны нейкi спiць. А чаго ж ён залез у самы роў? У вiльгаць? Калi тут трава сухая? Мала што, - душыў у сабе трывогу Нявада. - Усялякая прыгода з чалавекам можа здарыцца".

- А чаго ж вы самi так устрывожылiся?

- Хiба? Ты, нябога, нешта выдумляеш.

- То я пайду. На станцыю. Нiякай машыны нiдзе няма.

Нявада ўбачыў, што яна i сапраўды зараз пойдзе. Яна прыгнулася i перашнуравала свой чаравiк i паправiла на галаве хусцiнку. Сэрца ў Нявады заныла. Што такое здарылася? Хто яна такая, што яму так не хочацца больш нiколi не бачыць яе? Ён i сам не мог разабрацца ў той праўдзе, што яна якраз папала сваiм расказам аб сабе на боль у яго душы. Можа нават толькi на тое, каб яшчэ затрымаць яе каля сябе, ён сказаў:

- Можа ўжо больш не будзе такога няшчасця з людзьмi, каб аддзялялi бацькоў ад дзяцей.

- Можа i не будзе. А можа будзе.

- Будзе. Цяпер я ўжо ведаю, што будзе, - раптам устрапянуўся ён. - Бо i так сказаць, чым жа свет i людзi з'iначылiся? У мяне ўкралi маленства мае дачкi.

- А ў мяне на дваццаць год укралi бацьку.

Вялiкая трывога раптам ахапiла яго. Ён сам не мог саўладаць са сваiм парывам. Зрабiў рух да самага рова i ўставiўся вачыма ў абцас, якi (ён у гэтым быў упэўнен) растаптаў яго дрэўца.

- Чалавеча, скажы ты мне, чаго ты лёг тут?

Бот зварухнуўся, i чалавечая постаць з'явiлася з-пад трапяткога вецця. Гэта быў чалавек малады i нерашучы, нават вялы рухам сваiм. Ён хваляваўся i дзiка пазiраў на Няваду i Лiзавету. Ён вылез з рова i сеў на краi яго. Некалькi кропак рабацiння было на яго твары, i валасы на галаве мелi нахiл да кучаравасцi. Або ён выглядаў на многа маладзейшы сваiх год, або i сапраўды быў толькi ў першым сваiм юнацтве. Адзежа на iм не мела пашаноўлi i догляду, у ёй заўсёды валялiся па мокрай траве i па пяску, яе рвалi аб сукi ў лясным гушчары, падсцiлалi пад сябе нанач або, яшчэ лепш, спалi ў ёй. Яна была простая, як i ва ўсiх людзей на дарозе, але больш мятая i ўбруджаная. Цi было ўсё гэта непрыемна чалавеку? Нiякiх адзнакаў гэтага не было, хоць i льга было заўважыць, што на плячы ў пiнжаку брудную лапiну не вельмi даўно так старанна церлi, што аж сукно выцерлi. Пакуль ён так сядзеў над ровам, Лiзавета i Нявада глядзелi на яго, а ён маўчаў, пазяхаў i як бы чакаў. Пасля спрытна скруцiў з махоркi папяросу, дастаўшы канцамi пальцаў махорку проста з кiшэнi. Закурыўшы, ён, надзьмуты i злы, паглядзеў на Няваду i абазваўся:

- Ну, чаго мяне пабудзiлi? Дарогi пытацца цi што?

Нявада збянтэжыўся, адчуў, што немаведама на што пабудзiў чалавека.

- Дарогi пытацца? Не, я тутэйшы... Бачу - ляжыць чалавек у рове, у вiльгацi, у мурашках, у яме. Як бы наверсе не знайшлося ўжо чыстай травы.

Чалавек, цi, можа, лепш называць яго "хлопец", пацягнуўся ўсiмi сваiмi суставамi i стаў, выплюнуўшы з рота недакурак. Пасля зiрнуў на шашу i, як бы сам сабе, сказаў:

- Як на тое лiха, нiводнай машыны.

- А вам куды? - устрапянулася дзяўчына. Так i вiдно было, што яна была б рада знайсцi спадарожнiка дзеля свае дарогi, на якой трэба чакаць i пiльнаваць выпадковых машын, пытацца, у якi бок кiравацца, адпачываць на прыдарожнай траве, сустракацца з незнаёмымi людзьмi...

- А вам куды? - адказаў запытаннем хлопец.

- Мне за Бабруйск.

- Э, мне зусiм у iншы бок. Мне пад Пяцеўшчыну, пад Самахвалавiчы... На Менск.

- А-а, - працягнула з расчараваннем дзяўчына.

- То калi вам на Менск, дык чаго ж вы паглядаеце на шашу, - абазваўся Нявада. - Вам трэба пiльнаваць машыну на гэтай вось дарозе. На Капыль, на Кучанку, на Перавоз, на Пырашава... Хоць, праўда, вы можаце на Слуцк, калi па шашы, а там на Менскi тракт...

- Ведаю, - сказаў зноў злы i надзьмуты хлопец. Здавалася, ён ненавiдзiць гэтых людзей, што выпаралi яго з рова. Дзяўчына заўважыла ў iм гэтую рысу i адразу адышла ўбок. Нявада адчуў тут сябе лiшнiм. Тым часам з захаду на ўсход iшлi дзве машыны. Адна па шашы, другая па дарозе на Менск. Дзяўчына заварушылася, выбегла на шашу i падняла руку ўгару. Хлопец жа, здавалася, i не заўважаў, што якраз яго iдзе машына.

- Унь жа машына ў ваш бок! - не вытрымаў Нявада.

Хлопец паволi рушыў на сваю дарогу, яшчэ больш злы i нахмураны. Было падобна, што гэта ён збiраецца змясiць кулакамi i нагамi Няваду. Хлопец нехаця падняў руку, але невысока i на самы кароткi момант. Тым часам дзве машыны, не зважаючы нi на што, прайшлi далей, кожная ў сваю дарогу, i неўзабаве скрылiся з вачэй. Задаволены хлопец урачыста зiрнуў на Няваду: "Ну што, стары дурань, трэшся тут, лезеш не ў сваё. Я сам ведаю, што мне рабiць". Вядома, Няваду сапраўды варта было б iсцi ў свае Сумлiчы. Што яму тут з гэтымi людзьмi? Але незразумелы смутак прыгнятаў яго душу. "Як гэты хлопец мог так незаўважна стаптаць дрэўца, i чаго ён хаваўся ў рове, i чаму ашуквае людзей, што яму трэба на Менск, калi ён нават як належыць не спрабаваў спынiць машыну? А вiдно, што ён здалёк, што ён у вялiкай дарозе. Можа i дзяўчына гэтая хлусiць пра сябе i свайго бацьку. Можа ўвесь свет такi дзiкi, што чалавеку не можна гаварыць праўду i баяцца другога чалавека. I можа ўжо скора пачнецца тая зноў навала? Можа ўжо зноў тут блiзка ходзiць той вялiкi злодзей, што ўкраў у яго Волеччына маленства?!" Душачыся нейкiм страшным пачуццём, Нявада не зводзiў вачэй з хлопца, i той раптам уздрыгануўся:

- Чаго ты так разглядаеш мяне? Я табе падазроны якi цi што? Я цябе не баюся!

- А хiба я хачу, каб ты мяне баяўся? Каб ты, сынку, ведаў, што мяне за душу трымае...

- Ведаю! У цябе ўкралi маленства твае дачкi. А ў мяне ўкралi самога мяне. Так што iдзi сабе ў свой бок, а я ў свой.

Нявада пачырванеў i адвярнуўся. У наступны момант ён угнуў плечы i выйшаў на брукаваную дарогу з гэтага месца да Сумлiч. Iдучы ён гаварыў нешта сам з сабою. Праз чвэртку кiламетра ён азiрнуўся i ўбачыў таго хлопца: гнучыся паўз жыта, ён iшоў у глыб поля, дзе сiнявiлася далёкая iстужка лесу. Што ж да дзяўчыны, то Нявада бачыў, як яна запынiла на дарозе машыну i паехала ў сваю дарогу. Але ён не бачыў, як машына праз паўкiламетра стала i шафёр падлез пад яе i, лежачы на спiне, заваждаўся з рамонтам. Ужо i дзень схiлiўся к вечару, а машына не была гатова. Нарэшце шафёр сказаў, што далей язды не будзе i трэба чакаць выпадку, каб узяцца ў каго на буксiр. Дзяўчына пацiснула плячыма ад прыкрасцi i шпарка пайшла назад на скрыжаванне. Яна ўсё ўглядалася ў дарогу: iншае рады ёй не было, як спадзявацца на шчасце з новай машынай. Змяркалася, а яна, можа, i не адважылася б напроцi ночы iсцi адна да станцыi. Яна села пад вялiкiм дрэвам, прытулiлася да яго i не зводзiла вачэй з дарогi. Два разы яна выбягала на дарогу i паднiмала руку ўгару, але машыны прайшлi, i яна зноў апынулася на ранейшым месцы пад дрэвам. Бадай што ўжо зусiм змеркла. Дзяўчына пачала беспарадна кiдаць вачыма на дарогi i навокал сябе. У далечынi льга было заўважыць цёмныя абрысы мястэчка Сумлiчы. Дзяўчына ўжо была памкнулася iсцi туды, як раптам, непадалёку ад сябе, у гушчырнi таполевых зараснiкаў над ровам, выразна заўважыла чалавечую постаць. Нехта сядзеў i, як бы паўзучы, знiк у кустах. Ёй здалося, што яна нават пачула трэск сухога ламачча. Ветру ўжо не было i ўсталёўвалася цiшыня. Дзяўчына ўздрыганулася i рашуча пайшла на сумлiцкую дарогу. Адразу яна азiрнулася i ўбачыла, што ён стаiць пад кустамi.

- Хто там? - крыкнула дзяўчына, апанаваная страхам. Ён так шпарка сеў, што ёй здалося, быццам гэта ён упаў. Душа яе заныла ад жаху. Яна дала шпаркую хаду ў сумлiцкую дарогу, але ў гэты момант на шашы выплылi з-за далечынi фары, i машына шпарка пайшла сюды. Дзяўчына выбегла на шашу, каб падняць рукi. Ужо тут машына прыцiшыла хаду i ўз'ехала на Менскi кiрунак. Дзяўчына апусцiла рукi. На завароце машыны святло з фар асвяцiла зараснiк над ровам, i дзяўчына зноў убачыла i пазнала яго. Гэта быў той самы хлопец, якога ўдзень Нявада выпараў з рова. Цяпер ён кiдаў вачыма то на дзяўчыну, то ўслед машыне. Дзяўчына гэта выразна заўважыла i, не азiраючыся больш, а толькi прыслухоўваючыся, як мага шпарчэй пайшла на Сумлiчы. Ён жа пiльна сачыў за ёю, аж пакуль яе льга было заўважыць у вячорнай цеменi. Ён доўга прыглядаўся i прыслухоўваўся. Нiдзе нiкога i нiчога не заўважалася. Стаяла цiшыня. Ён пачаў асцярожна станавiцца на ногi. Бадай што бегам ён даскочыў да вялiкага дрэва i як бы ўлiп у яго. Зноў пiльныя абгледзiны ўсяго навокал i прыслухоўванне. Пасля ён узвёў вочы ў неба. У вышынi мiльгацелi дзе-нiдзе зоры. Зноў як бы ўзнiмаўся вецер i халадала. Яшчэ раз прыслухаўшыся, ён раптам перахрысцiўся па-каталiцку. Губы яго пачалi шаптаць: "Божа, няхай жа хутчэй прыйдзе да мяне мая тая будучыня, i няхай яна будзе такая, як думаю я. Каб хутчэй скончылася бадзянне маё i каб хутчэй на гэтай зямлi настаў канец таму, што на ёй цяпер ёсць. Няхай хутчэй прыйдзе час, i каб я адразу знайшоў сваю будучыню". Пасля гэтай складнай малiтвы, якая, вiдаць, гаварылася не ўпершыню, ён зноў прыглядаўся i прыслухоўваўся. Пасля сцiснуўся ў жмут i сеў пад кустамi драмаць. Пацiскаючыся з холаду, ён прахапiўся, калi ўжо свяцiла сонца. Яно яшчэ невысока стаяла над непаспелым жытам, i ён устрывожана пабраўся з-пад дрэваў у кусты над ровам.

Тым часам яго ўвагу ўзяла на сябе грузавая машына, што iмчалася па шашы з захаду на ўсход. Многа людзей сядзела ў ёй, найбольш жанчыны i дзецi, i сярод iх здалёк вiдна была сiвая барада старога чалавека. На самым скрыжаваннi машына крута спынiлася, i шафёр, узбуджаны i ўстрывожаны, выскачыў з кабiны. Жанчына ў машыне моцна заплакала: "Не трэба спыняцца, хутчэй далей, далей ехаць". Другая каля яе залямантавала: "А Божачка мой, а хлопчык жа мой маленькi, а нават i костачак тваiх я не пазбiрала... "

Усё гэта было вельмi падазрона i нязвыкла. На твары маладога чалавека напiсалася надзея i радасць чакання. Ён не вытрымаў i выйшаў на шашу. Шафёр адразу падскочыў да яго:

- Тут машына з дзецьмi не праязджала? Вы тут даўно?

- Я тут нядаўна, але машына праехала.