27831.fb2 Прысуд - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Прысуд - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

“Зараз ён нахіліцца, – падумаў Георг. – Каб ён упаў і разбіўся!” Гэтае слова з сыканнем прымільгнула ў яго ў галаве.

Бацька нахіліўся наперад, але не ўпаў. Георг не набліжаўся, як ён чакаў, і таму бацька зноў выпрастаўся.

“Застанься там, дзе цяпер: ты мне не патрэбен! Думаеш, у цябе яшчэ ёсць сілы, каб падысці сюды, а ты адно трымаешся ззаду, бо гэтак хочаш? Каб жа ты не памыліўся! Я па-ранейшаму нашмат дужэйшы. Сам я, магчыма, і адступіўся б, але маці аддала мне сваю сілу; я паяднаўся гэтак слаўна з тваім сябрам; твая кліентура ў мяне тут, у кішэні!”

“У яго нават у начной кашулі ёсць кішэні!” – сказаў сабе Георг і падумаў, што праз гэтую заўвагу ён можа зрабіць бацьку невыносным для цэлага свету. Толькі нейкую хвілю ён думаў пра гэта, бо пастаянна на ўсё забываўся.

“Вазьмі толькі пад ручку сваю нявесту і паспрабуй мне папасціся! Я ў цябе яе адаб'ю – ты не будзеш ведаць, як!”

Георг скрывіўся, быццам бы не верачы ў тое. Бацька адно ківаў галавою ў бок Георгавага кута, засведчваючы слушнасць таго, што гаварыў.

“Як жа ты сёння мяне пазабавіў, калі прыйшоў і спытаўся ў мяне, ці ты павінен пісаць сябру пра свае заручыны. Дурны хлопча, ён жа ўсё ведае! Я яму напісаў, калі ты забыў забраць у мяне прылады для пісьма. Таму ён ужо колькі гадоў не прыязджае, бо ведае пра ўсё ў тысячу разоў лепей, чым ты сам; твае лісты ён, не чытаючы, камечыць у левай руцэ, адначасна ў правай трымаючы падрыхтаваныя да чытання мае лісты!”

Бацька з захапленнем размахваў рукою па-над галавой. “Ён ведае ўсё ў тысячу разоў лепей!” – крычаў ён.

“У дзесяць тысяч разоў!” – сказаў Георг, каб пацвяліць бацьку, але ў ягоных вуснах гэтае слова набыло ўжо смяртэльна сур'ёзнае гучанне.

“Ужо колькі гадоў чакаю, калі ты прыйдзеш да мяне з гэтым пытаннем! Ты думаеш, мяне турбуе нешта іншае? Ты думаеш, я чытаю газеты? Вось!” – I ён кінуў Георгу газету, якая нейкім чынам трапіла ў ложак. Гэта была старая газета з загалоўкам, зусім ужо не вядомым Георгу.

“Як жа доўга ты цягнуў з тым, каб зрабіцца дарослым! Павінна была памерці маці, не здолеўшы дачакацца дня радасці; сябар гіне ў той сваёй Расіі: ужо тры гады таму ён быў гэткі жоўты, што яго можна было выкідваць на сметнік; а я... сам бачыш, што са мною. У цябе ж на гэта ёсць вочы!”

“Значыцца, ты віжаваў за мною!” – ускрыкнуў Георг.

Са спачуваннем бацька кінуў мімаходзь:

“Відаць, ты хацеў сказаць пра гэта раней. Цяпер яно не мае ніякага сэнсу”. I дадаў гучней: “Цяпер вось ты ведаеш пра тое, што існавала па-за табой; раней ты ведаў адно пра сябе. Уласна, ты быў бязвінным дзіцем, але яшчэ больш, уласна, ты быў д'ябальскім чалавекам! I таму ведай: я асуджаю цябе на смерць праз утапленне!”

Георг адчуў сябе выгнаным з пакоя, а ўвушшу ў яго яшчэ стаяў той грукат, з якім бацька ззаду за ім паваліўся на ложак. На лесвіцы, па прыступках якой ён ляцеў, як па нахільнай плоскасці, ён напалохаў прыслугу, што збіралася падняцца ў пакой і прыбраць у ім пасля ночы. “О Езус!” – ускрыкнула яна і затуліла хвартухом твар, але Георга ўжо не было. Ён выскачыў з дзвярэй; нейкая сіла гнала яго праз вуліцу да вады. Ён ужо трымаўся моцна за парэнчы, як галодны чалавек за харчы. Ён перакінуў цераз іх ногі, як знакаміты гімнаст, якім ён – гэтым ганарыліся бацькі – быў у маладыя гады. Ён яшчэ трымаўся слабеючымі далонямі, згледзеў паміж штангамі парэнчаў нейкі аўтобус, які з лёгкасцю заглушыў бы гук ад яго падзення, і ціха ўсклікнуў: “Дарагія бацькі, я ўсё-такі вас любіў”, – і рынуўся долу.

У гэтай хвілі на мосце быў якраз несупынны рух.

Выкрыццё махляра

Нарэшце, каля дзесятай увечары, разам з нейкім даўней павярхоўна знаёмым мне чалавекам, які ні з таго ні з сяго гэтым разам зноў далучыўся да мяне і цэлыя дзве гадзіны цягаў мяне туды-сюды па вуліцах, я падышоў да дома тых гаспадароў, да якіх быў запрошаны на сяброўскую бяседу.

– Так! – сказаў я і пляснуў далонямі, паказваючы, што абавязкова мушу з ім развітацца. Перад тым я ўжо некалькі разоў рабіў дзеля тае самае мэты менш рашучыя спробы. Я ўжо быў зусім стомлены.

– Ці вы адразу пойдзеце наверх? – спытаўся ён. Пры гэтым я пачуў з ягонага рота гукі, падобныя да ляскату зубоў.

– Адразу ж пайду.

Я ж быў запрошаны і загадзя яму пра гэта сказаў. Мяне ж запрашалі ў кватэру, дзе б я ўжо з задавальненнем сабе сядзеў – а не выстойваць тут пад брамаю і паглядаць паўзверх вушэй свайго суразмоўцы. Да таго ж маўчаць, быццам бы мы вырашылі затрымацца ў гэтым месцы на доўгі час. I цяпер у гэтым маўчанні ўдзельнічалі дамы, што стаялі наўкола, ды цемра, што распасціралася над імі ажно да самых зорак. I крокі нябачных прахожых, што ішлі дарогамі, напрамкі якіх не было ахвоты адгадваць; вецер, што ўвесь час прыціскаўся да супрацьлеглага боку вуліцы; грамафон, які граў праз зачыненае акно нейкага пакоя – усё гэта таксама адгукалася з гэтага маўчання, нібыта яно раз і назаўсёды было іх уласнасцю.

I мой кампаньён, усміхнуўшыся мне, таксама ад майго і ад свайго імя пагадзіўся з усім гэтым і падняў угару, паралельна муру, сваю правую руку і, заплюшчыўшы вочы, абапёр аб яе свой твар.

Але я не даглядзеў тае ўсмешкі да канца, бо ад сораму раптоўна адвярнуўся. Толькі з той усмешкі я пазнаў, што гэта быў не хто іншы, а ўсяго махляр. А я ж ужо колькі месяцаў жыў у гэтым горадзе і думаў, што ведаю навылёт усіх махляроў: як яны ўначы выходзяць нам напярэймы з бакавых вуліц, працягваючы да нас рукі, нібы тыя шынкары; як яны крадком абыходзяць слуп з аб'явамі, каля якога мы запыніліся, і быццам бы гуляюць з намі ў хованкі і хоць бы адным вокам з-за акругленасці слупа сочаць за намі; як яны на вулічных скрыжаваннях, калі нам робіцца боязна, нечакана ўзнікаюць перад намі, балансуючы на ўскрайку тратуара! Я так выдатна іх разумеў: яны ж былі ў невялікіх шынках маімі першымі гарадскімі знаёмымі, і я ім быў удзячны за першае ўражанне ад тае непадатлівасці, без якой я не мог сабе ўявіць гэтага свету і якую памалу стаў ужо заўважаць у сабе самім. Як яны выходзілі нам насустрач, нават калі мы даўно ад іх паўцякалі, калі ім ужо зусім не было каго лавіць! Як яны, не сядаючы і не падаючы, толькі кідалі на нас позіркі, якія нават здалёк заўсёды пераконвалі! А іх прыёмы былі ўвесь час адны і тыя ж: яны паўставалі перад намі, як мага шырэй расставіўшы ногі і рукі, спрабавалі звесці нас з абранай дарогі, рыхтавалі нам узамен прытулак у сваіх грудзях; і калі ўрэшце ў нас унутры пачыналі віраваць усе пачуцці, яны ўспрымалі іх як абдоймы, у якія кідаліся наперад галавою.

I гэтыя даўно вядомыя фокусы я распазнаў, толькі так доўга пабыўшы побач з гэтым чалавекам. Я да крыві здзёр сабе пальцы, каб пазбыцца сваёй ганьбы.

Але мой суразмоўца па-ранейшаму стаяў, абапіраючыся на руку, ды ўсё яшчэ лічыў сябе махляром, і ягоная шчака, не затуленая рукою, зарумянілася ад задаволенасці сваім лёсам.

– Я цябе пазнаў! – сказаў я і ціхенька паляпаў яго па плячы. Потым борзда ўзбег наверх, і бязмежна адданыя гаспадарам служкі ў пярэднім пакоі цудоўнай неспадзяванкаю ўсцешылі мяне. Я разглядаў іх усіх па чарзе, калі яны здымалі з мяне паліто і змахвалі пыл з ботаў. Потым, свабодна ўздыхнуўшы і выпрастаўшыся, я зайшоў у салон.

Дарога дадому

Трэба бачыць, якую сілу пераконвання мае паветра пасля навальніцы! Перада мною з'яўляюцца ўсе мае заслугі і папросту кладуць мяне на лапаткі, хоць я, што праўда, і не надта гэтаму супраціўляюся.

Я сабе шыбую, і тэмп маёй хады – гэта адначасна тэмп гэтага боку вуліцы, усёй гэтай вуліцы, гэтай часткі горада. Я справядліва нясу адказнасць за кожны стук у дзверы, за ляпанні па сталах, за ўсе тосты, за закаханыя парачкі: у ложках, сярод каркасаў новых будоўляў, ля сцен дамоў, на лежаках у публічных дамах.

Я ацэньваю сваё мінулае і, параўноўваючы яго з будучыняй, раблю выснову, што і тое, і другое ў мяне выдатнае, што я не магу ні таму, ні другому аддаць перавагу і гáню Наканаванне, якое мне гэтак спрыяе.

I толькі калі я заходжу ў свой пакой, я крыху задумваюся, хоць, падымаючыся па сходах, я і не заўважыў нічога вартага роздуму. I не надта дапамагае мне тое, што я разнасцежваю акно і што з нейкага саду яшчэ даносіцца музыка.

Адхіленне заляцання

Калі я сустракаю прыгожую дзяўчыну і прашу яе: “Зрабі мне такую ласку – хадзі са мною”, а яна моўчкі праходзіць міма, дык гэтым яна дае мне зразумець:

“Ты не князь з вядомым імем і не плячысты амерыканец з індзейскаю постаццю са спакойным роўным паглядам, скураю, выгладжанай паветрам мурожных пляцовак і рэк, што іх амываюць; ты не выпраўляўся ў падарожжы да вялікіх мораў, якіх не ведаю, дзе трэба шукаць. А таму, прабач, але чаму я, прыгожая дзяўчына, павінна з Табою ісці?”

“Ты забываешся, што не едзеш у лімузіне, раз-пораз калываючыся на вулічных калдобінах; я не бачу ўціснутых у свае гарнітуры паноў з Тваёй світы, што ішлі б паўколам за Табою, шэпчучы словы захаплення; Твае грудзі добра падтрымліваюцца станікам, але Твае стройныя ногі і сцёгны шукаюць сабе адшкадавання за тую стрыманасць; на Табе тафтовая сукенка з плісіраванымі складкамі, паводле моды, якая радавала нас леташняй восенню, – і Ты ўсё-такі ўсміхаешся, маючы на сабе гэтыя небяспечныя для жыцця строі”.

“Напраўду, мы абое маем рацыю, і каб сабе гэтага цалкам не ўсвядоміць, няхай кожны з нас пойдзе сабе дадому паасобку”.

Мост

Я быў здранцвелы і халодны; быў мостам. Я вісеў над прорваю. З гэтага боку трымалі ўкручаныя пальцы ног, з другога трымалі рукі; я моцна ўгрызся ў крохкую гліну. Крысы майго сурдута развяваліся па баках. Глыбока ўнізе шумеў ледзяны ручай, поўны стронгаў. Ніводзін турыст не заблукаў на гэтую недаступную вышыню, мост не быў яшчэ пазначаны на карце. Вось гэтак я вісеў і чакаў, мусіў чакаць. Адзін раз пабудаваны мост, калі не абрынецца, не перастае быць мостам.

Аднойчы пад вечар – ці то быў першы, ці тысячны, не ведаю – мае думкі бязладна кружлялі. Летнім надвячоркам, калі шум ручая рабіўся ўсё змрачнейшы, я ўчуў мужчынскія крокі! Да мяне, да мяне. Выцягніся, мосце; будзь гатовая, бэлька без парэнчаў, утрымай таго, каго табе даверылі. Выпраў незаўважна няўпэўненасць яго хады; калі ж ён захістаецца, дай яму пазнаць сябе і, як горны бог, скінь яго на зямлю.

Ён прыйшоў, абстукаў мяне жалезным наканечнікам свайго кійка, потым узняў крысы майго сурдута і расправіў іх на мне. Канец кійка ён усунуў у мае кусцістыя валасы і надоўга пакінуў яго там, дзіка азіраючыся наўкола. Але пасля – мне якраз здавалася, што ён ужо за гарамі ды за лясамі – ён скочыў абедзвюма нагамі акурат на сярэдзіну майго цела. Я здрыгануўся ад нечаканага болю, нічога не разумеючы. Хто гэта быў? Дзіця? Сон? Разбойнік? Самазабойца? Спакуснік? Вынішчальнік? Я павярнуўся, каб яго ўбачыць. Мост перакульваецца! Не паспеўшы яшчэ павярнуцца, я ўжо абрынуўся і быў насаджаны на вострыя каменьчыкі, што так спакойна ўзіраліся ў мяне з шалёна-бурлівай вады.

Праўда пра Санча Пансу

Санча Панса, ніколі тым, зрэшты, не выхваляючыся, увечары і днём даваў д'яблу, якога ён пазней назваў Дон Кіхотам, мноства рыцарскіх і разбойніцкіх раманаў і, дзякуючы гэтаму, з цягам часу здолеў адвесці ад сябе ўвагу так, што потым той д'ябал нястрымна рабіў самыя вар'яцкія ўчынкі, але яны нікому не шкодзілі з-за адсутнасці аб'екта гэтага вар'яцтва, якім меўся быць менавіта Санча Панса. I вольны чалавек Санча Панса спакойна-абыякава, а можа, з пэўным пачуццём адказнасці, таварышаваў Дон Кіхоту ў ягоных вандроўках і да канца сваіх дзён меў праз тое сабе добрую і карысную забаву.

Маўчанне сірэн

Доказ таго, што малыя, дый нават дзіцячыя сродкі могуць дапамагаць уратаванню:

Каб засцерагчыся ад сірэн, Адысей напхаў сабе ў вушы воску і загадаў прыкуць сябе да мачты. Штось падобнае маглі б, вядома, здаўна рабіць усе вандроўнікі, апроч тых, якіх сірэны спакушалі ўжо здалёк, але ва ўсім свеце было вядома, што гэта ніяк не дапамагала. Спеў сірэн пранікаў ва ўсё, а палкасць спакушаных знішчыла б не толькі ланцугі ды мачты. Але Адысей пра гэта не думаў, хоць, мажліва, даўно пра гэта чуў. Ён цалкам даверыўся прыгаршчы воску ды гурбе ланцугоў і, наіўна цешачыся са сваіх хітрыкаў, плыў насустрач сірэнам.

Аднак у сірэн ёсць жахлівейшая за спеў зброя, а менавіта маўчанне. Хоць такога ніколі не было, але можна ўявіць, што некаму ўдалося б уратавацца ад іхняга спеву, але ад маўчання – ніколі. Нішто зямное не можа супраціўляцца пачуццю магутнейшай за ўсё іншае пыхі, якая ўзнікае ў таго, хто перамог сірэн сваімі сіламі.

I сапраўды, усеўладныя пявунні не спявалі, калі прыбыў Адысей, – ці з тае прычыны, што яны меркавалі справіцца з гэтым супернікам адно пры дапамозе свайго маўчання, ці таму, што яны забыліся на ўсякія спевы, убачыўшы бясконца шчаслівы твар Адысея, які думаў толькі пра ланцугі ды воск.

Але Адысей, так бы мовіць, не чуў іхняга маўчання, думаў, што яны спяваюць і што толькі ён абаронены ад таго, каб чуць іх спеў. Яго пагляд слізгануў па выгінах іх шыяў, па абліччах з адбіткамі глыбокіх уздыхаў, па вачах, запоўненых слязьмі, па напалову раскрытых ратах; але яму падумалася, што ўсё гэта мае дачыненне да арый, якія, непачутыя, сціхаюць вакол яго. Неўзабаве, аднак, усё знікла перад ягоным позіркам, скіраваным удалеч; сірэны літаральна знікалі, сустрэўшыся з яго рашучасцю, і тады, калі Адысей быў да іх найбліжэй, ён ужо нічога пра іх не ведаў.

Але яны – прыгажэйшыя, чым калі-небудзь раней – выпростваліся і круціліся, дазвалялі ветру вольна развяваць свае пачварныя валасы і свабодна выпускалі на скалах свае кіпцюры. Яны ўжо не прагнулі спакушаць, а хацелі адно як найдаўжэй лавіць водбліск вялікіх Адысеевых вачэй.

Калі б сірэны мелі свядомасць, яны б былі проста знішчаныя. Але яны вытрывалі, адно толькі адпусцілі Адысея.

Зрэшты, паданне захавала яшчэ адну версію. Адысей быў нібыта такі падступны і хітры, такі ліс, што нават багіні Наканавання не маглі даведацца яго найпатаемнейшых думак. Можа, – хоць гэта не спасцігаецца чалавечым розумам, – ён і сапраўды заўважыў, што сірэны маўчалі, і, пэўным чынам, толькі схаваўся перад імі ды перад багамі за вышэйапісаным позіркам, як за шчытом.

Праметэй

Чатыры паданні апавядаюць аб Праметэі: паводле першага, яго прыкавалі да каўказскае скалы, бо ён здрадзіў багам дзеля людзей, і багі наслалі арлоў, што з'ядалі пячонку, якая зноў і зноў адрастала.

Паводле другога, невыносны боль ад удараў дзюбаў прымушаў Праметэя глыбей і глыбей уціскацца ў скалу, аж пакуль ён зусім не зліўся з ёю.

Паводле трэцяга, ягоная здрада на працягу тысячагоддзяў забылася, забылася багамі, арламі, ім самім.

Паводле чацвертага, усе стаміліся ад таго, што страціла сэнс свайго наканавання. Стаміліся багі, стаміліся арлы, у стоме зацягнулася рана.