28110.fb2 Пякучая таямніца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Пякучая таямніца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Партнёр

Паравоз хрыпла засвісцеў: цягнік дасягнуў Зэмерынга. Чорныя вагоны на хвіліну спыніліся ў серабрыстым высакагорным святле, выкінулі некалькі страката апранутых пасажыраў і праглынулі другіх, пераклікнуліся сярдзітыя галасы, і ўжо зноў засвісцела наперадзе сіпатая машына, пацягнула ў пячору тунеля чорны грукатлівы ланцуг. Зноў навокал, колькі бачыць вока, чыста падмецены вільготным ветрам ясны, спакойны ландшафт.

Адзін з прыезджых - малады чалавек, які выгадна адрозніваўся ад другіх ахайнасцю адзення і лёгкаю натуральнаю хадою, - апярэдзіў астатніх, першы наняў фіякр і паехаў у гатэль. Коні няспешна трухалі па крутой горнай дарозе. У паветры пахла вясной. На небе пырхалі хмаркі, белыя, гарэзлівыя, якімі яны бываюць толькі ў маі і чэрвені, калі бесклапотныя, маладыя, яны гулліва імчацца па блакітнай дарозе і то хаваюцца за высокія горы, то абдымаюцца і ўцякаюць, то сціскаюцца ў хустачку, то раздзіраюцца на стужкі і нарэшце дурасліва насоўваюць белыя шапкі на горныя вяршыні. Поўны неспакою быў і вецер - ён так шалёна раскалыхваў тонкія, яшчэ вільготныя пасля дажджу дрэвы, што яны лёгенька паскрыпвалі суставамі і сыпалі ў бакі тысячы іскрыстых кропляў. Часам з вяршынь даходзіў свежы пах снегу, і тады паветра рабілася і салодкім і даўкім. Усё на небе і на зямлі было поўна руху і нецярплівага браджэння сіл. Коні чмыхалі і весела беглі цяпер з гары, далёка чуваць быў звон іх бомкаў.

У гатэлі малады чалавек перш за ўсё прагледзеў спіс прыезджых, але тут жа расчаравана адсунуў яго ўбок. «Навошта, зрэшты, я прыехаў сюды? - з прыкрасцю спытаўся ён у сябе. - Сядзець тут аднаму на гары, без кампаніі - гэта яшчэ горш, чым у канцылярыі. Мусіць, я прыехаў або занадта рана, або занадта позна. Мне ніколі не шанцуе з водпускам. Ніводнага знаёмага прозвішча сярод усіх гэтых людзей. Хоць бы дзве-тры жанчыны, на благі канец - маленькі, нявінны флірт, каб не прасумаваць увесь тыдзень».

Малады чалавек быў баронам і належаў да не вельмі радавітай сям'і аўстрыйскай чыноўнай знаці. Ён служыў ва ўрадавай установе; адпачынак яму быў непатрэбны, але ён узяў водпуск на тыдзень таму, што ўсе калегі выклапаталі сабе веснавыя канікулы, і ён таксама захацеў скарыстаць сваё права. Яго нельга было назваць пустым чалавекам, але без кампаніі ён жыць не мог; агульны ўлюбёнец, якога ўсюды прымалі сардэчна, ён не пераносіў адзіноты і выдатна ведаў гэта. У яго не было ніякай схільнасці заставацца сам-насам з сабою, ён па магчымасці пазбягаў такіх сустрэч, бо зусім не імкнуўся да больш блізкага знаёмства з уласнаю персонаю. Ён ведаў, што яму трэба сутыкацца з людзьмі, каб маглі праявіцца ўсе яго таленты - яго ласкавасць, яго тэмперамент. У адзіноце ён быў халодны і бескарысны, як запалка ў пачку.

У дрэнным настроі бадзяўся ён па пустым вестыбюлі, то рассеяна перагортваў газеты, то заходзіў у гасціную, садзіўся там за раяль і найграваў вальс, - але рытм яму не даваўся. Нарэшце, узлаваны, ён сеў каля акна і пачаў глядзець, як паволі насоўваўся змрок і з-за хвой клубамі падымаўся сівы туман. Так змарнаваў ён, злы і знерваваны, цэлую гадзіну; потым падаўся ў сталовую.

Там было занята ўсяго некалькі сталоў; ён хуценька акінуў іх позіркам. Марна! Ніводнага знаёмага. Толькі вунь там - ён няўважліва адказаў на паклон - трэнер з іпадрома ды яшчэ адзін знаёмы твар з Рынгштрасэ, і болей нікога. Ніводнай жанчыны, нічога, што абяцала б хоць мімалётную прыгоду. Гэта яшчэ мацней узлавала яго. Ён належаў да тых маладых людзей, якія дзякуючы свайму прыгожаму твару карыстаюцца поспехам і заўсёды гатовы да новых сустрэч, заўсёды шукаюць новых прыгод і спатканняў; іх нічога не бянтэжыць, бо ўсё загадзя разлічана, ніводная здабыча не вырвецца з іх рук; ужо першы позірк, які яны кідаюць на жанчыну, ацэньвае яе з гэтага боку - ці гэта сябрава жонка, ці гэта яе пакаёўка. Пра такіх людзей часта гавораць з пагардліваю ўсмешкаю, што яны паляўнічыя на жанчын, не ўсведамляючы, які трапны гэта выраз, бо яны з не меншым жаданнем і жорсткасцю, чым паляўнічыя на дзічыну, высочваюць і гоняць сваю ахвяру. Яны заўсёды напагатове, у любы час могуць кінуцца на след, куды б ён іх ні завёў. У іх заўсёды тлее агонь, але гэта не полымя закаханага сэрца, а запал гульца, халодны, разважлівы і небяспечны. Сярод такіх людзей ёсць упартыя, для іх не толькі юнацтва, але і ўсё жыццё да старасці - суцэльны ланцуг любоўных прыгод, іхні дзень распадаецца на сотні дробных пажадлівых уражанняў - мімалётны позірк, выпадковая ўсмешка, дотык да суседчынага калена, а год - зноў-такі на сотні такіх дзён; пагоня за жанчынамі - вось іх адзіны і пастаянны стымул у жыцці.

Тут не было партнёра на гульню, барон адразу ўбачыў гэта. Няма большай прыкрасці гульцу, што сядзіць і чакае выйгрышу за зялёным сталом з картамі ў руках, як марнае чаканне партнёра. Барон запатрабаваў газету. Яго хмурны позірк прабягаў па радках, але думкі драмалі і, як п'яныя, спатыкаліся на словах.

Раптам ён пачуў за сабою шалясценне сукенкі і голас, які дакорліва і манерна сказаў:

- Mais tais-toi donc, Edgar!*

* Памаўчы, Эдгар! (фр.)

Побач зашамацела шаўковая сукенка, і міма стала праплыла высокая пышная постаць; за ёю ішоў маленькі бледны хлопчык у чорным аксамітным гарнітурчыку, які кінуў на барона цікаўны позірк. Яны селі насупраць яго за зарэзерваваны для іх стол. Хлопчык яўна імкнуўся паводзіць сябе прыстойна, але неспакойны бляск яго чорных вачэй сведчыў, што гэта давалася яму нялёгка. Дама - барон глядзеў толькі на яе - была апранута добра, з густам і належала да таго тыпу жанчын, які асабліва падабаўся барону: крыху паўнаватая жыдоўка, у росквіце сталай прыгажосці, відаць, палкая ў каханні, хоць яна ўмела хавала гэта пад маскаю ўзнёслай меланхоліі. Яму яшчэ не ўдалося зазірнуць у яе вочы, і ён захапляўся пакуль што толькі прыгожым выгінам броваў, вытанчаным носам, які, праўда, выдаваў яе паходжанне, але сваёю высакароднаю формаю надаваў профілю зграбнасць і пікантнасць. Валасы, як і ўсё ў яе поўнай фігуры, вылучаліся надзвычайнаю пышнасцю. Бясспрэчна, гэта была жанчына, сытая пакланеннем, упэўненая ў сабе і ў сваіх чарах. Ціхім голасам яна заказвала абед і рабіла заўвагі хлопчыку, які брынкаў відэльцам, - усё гэта з паказною абыякавасцю, быццам не заўважаючы асцярожнага, шукальнага баронавага позірку, хоць менавіта гэтая неадступная цікаўнасць была прычынаю яе вытанчаных паводзін за абедам.

Змрочны баронаў твар імгненна заззяў, маршчыны разгладзіліся, нябачны ток пабег па нервах, мускулы напружыліся, уся яго постаць ажыла, у вачах заблішчалі агеньчыкі. Ён сам быў падобны на тых жанчын, якім патрэбна прысутнасць мужчыны, каб праявіць усю сваю прывабнасць. Энергія яго абуджалася, толькі калі прадчувала якое-небудзь заляцанне. Гэтак было і цяпер - паляўнічы ўчуў здабычу. Ён задзірліва шукаў яе позірку, які часта слізгаў па ягоным твары, але не даваў яснага адказу на яго выклік. Яму здавалася, што губы яе складваюцца ў ледзь прыкметную ўсмешку, але ўсё гэта было неакрэслена, і гэтая неакрэсленасць яшчэ болей распальвала яго. Адзінае, што падавала надзею, - гэта яе позірк, які ўпарта слізгаў міма яго, ён адчуваў у ім супраціўленне і разам з тым збянтэжанасць, - і яшчэ наўмысны, разлічаны на слухача тон размовы з дзіцём. Ён адчуваў за яе занадта падкрэсленым спакоем лёгкую трывогу. Сам ён таксама быў усхваляваны: гульня пачалася. Ён не спяшаўся кончыць абедаць: паўгадзіны ён амаль не зводзіў вачэй з гэтай жанчыны, пакуль не вывучыў кожную рысу яе твару, не прасачыў позіркам кожную лінію яе пышнай фігуры. За вокнамі гусцеў душны змрок, лес уздыхаў, як ахопленае страхам дзіця, вялізныя дажджавыя хмары працягвалі да яго свае шэрыя рукі, усё гусцей рабіўся цень у пакоі, усё мацней гняла цішыня, якая панавала тут. Размова маці з сынам - ён бачыў гэта - гучала пад пагрозаю цішыні ўсё болей штучна, усё болей ненатуральна; было ясна, што яна вось-вось абарвецца. Тады барон вырашыў зрабіць спробу. Ён першы ўстаў з-за стала, гледзячы міма яе ў акно, і нават накіраваўся да дзвярэй. Там ён хуценька павярнуў галаву, як быццам штосьці забыў, - і злавіў на сабе ўважлівы позірк.

Гэта яго акрыліла. Ён застаўся ў вестыбюлі. Неўзабаве яна з'явілася, трымаючыся за хлопчыкаву руку, мімаходам пагартала часопісы, паказала сыну некалькі малюнкаў. Але калі барон падышоў да стала, быццам каб узяць часопіс, а на самай справе, каб зазірнуць глыбей у яе вільготныя бліскучыя вочы, можа, нават распачаць размову, - яна адвярнулася, паляпала хлопчыка па плячы, сказала: «Viens, Edgar! Au lit!»* і спакойна прайшла міма яго.

* Пойдзем, Эдгар! Спаць пара! (фр.)

Барон з лёгкаю прыкрасцю паглядзеў ёй услед. Ён, папраўдзе, разлічваў пазнаёміцца ў той жа вечар, і тое, што яна гэтак рашуча пайшла, расчаравала яго. Але, зрэшты, у яе супраціўленні была свая прывабнасць, і менавіта няўпэўненасць у поспеху падахвочвала яго. Так ці інакш - ён знайшоў партнёра; можна было пачынаць гульню.

Раптоўнае сяброўства

Назаўтра раніцаю, увайшоўшы ў вестыбюль, барон убачыў сына прыгожай незнаёмкі - ён ажыўлена гутарыў з двума хлопчыкамі-ліфцёрамі і паказваў ім малюнкі ў кніжцы Карла Мая. Яго маці не было; відаць, яна яшчэ займалася туалетам. Цяпер толькі барон звярнуў увагу на дзіця - сарамлівага, фізічна дрэнна развітага, нервовага хлопчыка гадоў дванаццаці з парывістымі рухамі і цёмнымі неспакойнымі вачамі. Як шмат хто з дзяцей у гэтым узросце, ён, здавалася, быў чымсьці напалоханы, быццам яго толькі што разбудзілі і прывялі на незнаёмае месца. Яго твар нельга было назваць непрыгожым, але рысы яшчэ канчаткова не вызначыліся, барацьба паміж дзяцінствам і сталасцю, мусіць, толькі пачыналася; усё было ледзь акрэслена, ніводная лінія не завершана на хваравіта-бледным, нервовым твары. Да таго ж, як заўсёды ў гэтым няўдзячным узросце, калі дзецям заўсёды не па мерцы іх адзенне, а ганарыстасць яшчэ не прымушае сачыць за вонкавым выглядам, рукавы і штаны ў яго матляліся на занадта худых руках і нагах.

Хлопчык сланяўся па вестыбюлі без занятку і рабіў даволі ўбогае ўражанне. Па сутнасці, ён усім перашкаджаў. Яго то адхіляў убок парцье, да якога ён прыставаў з усялякімі пытаннямі, то адштурхоўваў хто-небудзь ад дзвярэй; відаць, яму не хапала чалавека, з якім ён мог бы пагаварыць па-сяброўску. Дзіцячая патрэба пабалбатаць вымушала яго шукаць субяседнікаў сярод служачых гатэля; тыя адказвалі яму, калі ў іх быў час, і адразу ж абрывалі размову, як толькі паказваўся хто-небудзь з дарослых ці тэрміновая работа патрабавала кудысьці пайсці. Барон з усмешкаю, спачувальна пазіраў на беднага хлопчыка, які на ўсё глядзеў цікаўна і ад якога ўсе непрыветліва адварочваліся. Аднаго разу ён злавіў накіраваны на сябе цікаўны позірк, але чорныя вочы адразу ж спалохана кінуліся ўбок і схаваліся за апушчанымі павекамі. Гэта здалося барону забаўным. Хлопчык зацікавіў яго, і ён падумаў, ці нельга выкарыстаць дзіця, пужлівасць якога тлумачыцца, мусіць, толькі сарамяжнасцю, як пасрэдніка для хутчэйшага збліжэння. Ва ўсякім разе, трэба паспрабаваць. Непрыкметна ён пайшоў услед за хлопчыкам, які толькі што выскачыў на двор і, ахоплены дзіцячаю прагаю да ласкі, пагладзіў ружовыя ноздры белага каня; але і тут яму не пашанцавала - фурман даволі груба прагнаў яго. Пакрыўджаны і маркотны, ён бадзяўся каля дома, і позірк у яго быў пусты і крыху сумны. Вось тут барон і загаварыў з ім.

- Ну, малады чалавек, як табе тут падабаецца? - спытаўся ён, стараючыся вымавіць гэтыя словы самым простым і вясёлым тонам.

Хлопчык пачырванеў да вушэй і баязліва паглядзеў на барона. Ён, здавалася, спалохаўся, прыціснуў руку да грудзей і сарамліва пераступаў з нагі на нагу. Ніколі яшчэ з ім не загаворваў чужы чалавек.

- Дзякуй, вельмі падабаецца, - ледзь выціснуў ён з сябе. Апошняе слова з цяжкасцю выйшла з яго вуснаў.

- Гэта мяне здзіўляе, - сказаў барон, усміхаючыся, - па сутнасці, тут даволі сумна, асабліва такому маладому чалавеку, як ты. Што ж ты робіш цэлы дзень?

Хлопчык быў яшчэ занадта збянтэжаны і не знайшоў, што адказаць. Бо дагэтуль жа яго ніхто ведаць не хацеў, - няўжо гэты шыкоўна адзеты пан папраўдзе хоча з ім пагаварыць! Гэтая думка вызвала ў ім адначасова і нясмеласць і гордасць. Нарэшце ён набраўся духу.

- Я чытаю, і мы шмат гуляем з мамаю. Часам ездзім катацца. Мне трэба тут паправіцца, я быў вельмі хворы. Доктар сказаў, што мне трэба шмат бываць на сонцы.

Апошнія словы ён сказаў ужо даволі ўпэўнена. Дзеці заўсёды ганарацца перанесенаю хваробаю: яны ведаюць, што страх за іх робіць бацькоў яшчэ больш уважлівымі.

- Так, сонца карысна такім юнакам, як ты; табе трэба загараць. Але навошта ты сядзіш тут цэлы дзень? У тваім узросце трэба больш бегаць, дурэць і нават сваволіць крыху. Мне здаецца, ты вельмі ўжо прыстойна паводзіш сябе, сядзіш поседам у пакоі з гэтаю тоўстаю кніжкаю пад пахай. Помню, які я быў гарэза ў твае гады. Кожны вечар прыходзіў дадому ў падраных штанах. Не трэба быць дужа ціхім!

Хлопчык міжволі ўсміхнуўся, і страх яго прапаў. Ён хацеў адказаць, але словы здаліся яму занадта смелымі, занадта дзёрзкімі, каб ён сказаў іх гэтаму слаўнаму незнаёмцу, які так ласкава размаўляў з ім. Ён ніколі не быў бойкі, заўсёды лёгка бянтэжыўся, а цяпер ад радасці і сарамлівасці зусім сумеўся. Яму вельмі хацелася гутарыць яшчэ, але нічога не прыходзіла ў галаву. На шчасце, з'явіўся вялікі жоўты сенбернар з гатэля, абнюхаў іх абодвух і даў сябе пагладзіць.

- Ты любіш сабак? - спытаўся барон.

- Вельмі! У маёй бабулі ў Бадэне на віле ёсць сабака. Калі мы жывём там, сабака цэлы дзень са мною. Але гэта толькі ўлетку, калі мы там гасцюем.

- У нас, у маёнтку, іх, напэўна, дзесяткі два. Калі тут у цябе ўсё будзе добра, я падару табе аднаго. Карычневага шчанюка з белымі вушамі. Хочаш?

Хлопчык пачырванеў ад радасці.

- Хачу.

Гэтыя словы вырваліся ў яго горача і прагна. Але ён адразу дадаў з баязлівым сумненнем:

- Але мама не дазволіць. Яна кажа, што не дазволіць трымаць сабаку ў доме, з ім занадта многа клопату.

Барон усміхнуўся. Нарэшце-такі размова пайшла пра маму.

- Няўжо твая мама такая строгая?

Хлопчык падумаў, паглядзеў на барона, быццам пытаўся, ці можна даверыцца гэтаму чужому чалавеку. Адказ прагучаў асцярожна:

- Не, мама не вельмі строгая. Цяпер, пасля хваробы, яна ўсё мне дазваляе. Можа, яна нават дазволіць узяць сабаку.

- Хочаш, я папрашу яе?

- Ага, калі ласка, папрасіце, - узрадаваўся хлопчык. - Тады мама, напэўна, дазволіць. А які ў вас сабака? У яго белыя вушы, праўда? Умее ён насіць?

- Так, ён усё ўмее. - Барон усміхнуўся, заўважыўшы, як ад ягоных слоў у хлопчыка разгарэліся вочы. Адразу знікла сарамлівасць, і гарачнасць, якую дагэтуль стрымліваў страх, вырвалася наверх. Баязлівае, запалоханае дзіця з маланкаваю хуткасцю ператварылася ў гарэзу. «Каб у яго мацеры за стрыманасцю хавалася такая ж гарачнасць!» - міжволі падумаў барон. Але хлопчык ужо засыпаў яго пытаннямі:

- Як завуць вашага сабаку?

- Каро.

- Каро! - захапляўся хлопчык. Ён смяяўся і радаваўся кожнаму слову, ап'янёны тым, што нехта нечакана паставіўся да яго гэтак прыязна. Барон сам здзіўляўся хуткаму поспеху і вырашыў каваць жалеза, пакуль гарачае. Ён прапанаваў хлопчыку пайсці пагуляць, і беднае дзіця, згаладалае за доўгія тыдні па чалавеку, які хацеў яго выслухаць, было ў вялікім захапленні. Яно бесклапотна выбалботвала тое, на што яго наводзіў новы сябар пры дапамозе бяскрыўдных, як бы выпадковых пытанняў. Неўзабаве барон трапнымі пытаннямі ўжо даведаўся ўсё пра яго сям'ю: што Эдгар - адзіны сын венскага адваката, які належаў, відаць, да заможнай жыдоўскай буржуазіі, што мама не ў захапленні ад Зэмерынга і скардзіцца на адсутнасць прыемнай кампаніі. З ухілістага Эдгаравага адказу на пытанне, ці вельмі мама кахае тату, ён улавіў, што тут не ўсё добра. Яму было амаль сорамна за тую лёгкасць, з якою ён выпытаў у даверлівага хлопчыка ўсе гэтыя маленькія сямейныя таямніцы. Эдгар вельмі ганарыўся, што хтосьці ўважліва слухае яго, і ледзь не навязваў новаму сябру сваю шчырасць. Яго дзіцячае сэрца перапаўняла гордасць - барон гуляў з ім, абнімаў за плечы, і Эдгар ад думкі, што ўсе могуць бачыць яго ў сяброўскай гутарцы з дарослым, паступова забыўся аб розніцы ў гадах і балбатаў лёгка і вольна, як са сваім равеснікам. Эдгар быў, мяркуючы па гаворцы, вельмі разумны, не на ўзрост развіты, як амаль усе хваравітыя дзеці, якія праводзяць больш часу з дарослымі, чым з таварышамі ў школе, і вызначаўся незвычайна абвостраным пачуццём любові і нянавісці. Ні да чаго ён не ставіўся спакойна; пра кожнага чалавека, пра кожную рэч ён гаварыў або з захапленнем, або з такою агідаю, што твар яго крывіўся і рабіўся злым і непрыгожым. У гарачнасці, з якою ён гаварыў, было нешта дзікае, парывістае; можа, у гэтым выяўляліся вынікі нядаўна перанесенай хваробы; здавалася, яго нехлямяжасць не што іншае, як з цяжкасцю заглушаны страх перад сваёю гарачнасцю.

Барон без усякіх намаганняў здабыў яго давер. Усяго паўгадзіны спатрэбілася на тое, каб авалодаць палкім, неспакойным сэрцам. Як бясконца лёгка можна падманваць дзяцей, прастадушных істот, любві якіх рэдка хто дамагаецца. Яму варта было толькі перанесціся ў мінулае - і ён так натуральна і проста ўвайшоў у тон дзіцячай балбатні, што хлопчыку здавалася, быццам ён размаўляе з роўным, і ўжо праз некалькі хвілін ад яго нясмеласці не засталося і следу. Ён быў шчаслівым, што тут, на гэтым пустэльным месцы, нечакана знайшоў сябра - і якога сябра! Забыліся венскія аднагодкі з іх тоненькімі галасамі і наіўнай балбатнёй, выкрэслены з памяці пачынаючы з гэтай знамянальнай гадзіны! Уся яго ўзнёслая сімпатыя належала цяпер новаму, даросламу сябру. Сэрца поўнілася гордасцю, калі барон, развітваючыся, прапанаваў яму заўтра раніцаю зноў пагуляць разам і ўжо здалёк яшчэ раз кіўнуў яму, як брату. Гэта была, мусіць, самая лепшая хвіліна ў яго жыцці. Нічога няма лягчэй, як падманваць дзяцей.

Барон, усміхаючыся, глядзеў услед хлопчыку, які імчаўся да ўвахода. Пасрэднік быў знойдзены. Ён ведаў, што хлопчык замучыць цяпер маці расказамі, перадасць ёй кожнае слова, - і ён з задавальненнем прыгадаў, як трапна ўставіў у размову некалькі кампліментаў у адрас маці, нязменна называючы яе «твая прыгожая мама». Можна не сумнявацца, што гаваркі хлопчык не супакоіцца, пакуль не пазнаёміць яго з маці. Яму самому болей не трэба будзе варушыць і пальцам, каб скараціць адлегласць паміж сабою і прыгожаю незнаёмкаю; ён можа спакойна цешыцца цудоўнымі краявідамі і марыць: ён ведае, што гарачыя дзіцячыя рукі пракладваюць яму мост да яе сэрца.

Трыа

Баронаў план, як высветлілася праз некалькі гадзін, аказаўся выдатным і ўдаўся на ўсе сто працэнтаў. Калі малады барон - наўмысна з некаторым спазненнем - увайшоў у сталовую, Эдгар ускочыў з крэсла, старанна прывітаўся і са шчасліваю ўсмешкаю памахаў яму рукою. Потым ён пацягнуў маці за рукаў, пачаў хутка і ўсхвалявана штосьці шаптаць ёй і ківаць на барона. Яна чырванела і саромелася, дакарала яго за празмерна шумныя паводзіны, але была вымушана ўступіць настойліваму хлопчыкаваму жаданню і зірнуць у бок барона, які адразу выкарыстаў гэта, каб пачціва пакланіцца. Знаёмства адбылося. Ёй прыйшлося адказаць на яго паклон, але потым яна нагнулася над талеркаю і праз увесь абед больш ні разу не паглядзела на барона. Іначай паводзіў сябе Эдгар, які ўвесь час паглядваў на яго і раз нават паспрабаваў загаварыць з ім цераз стол, але гэта была ўжо яўная непрыстойнасць, і маці зараз жа зрабіла яму строгае ўнушэнне. Пасля вячэры яна загадала хлопчыку ісці спаць, але ён пачаў шаптацца з ёю, відаць, горача прасіў дазволу падысці да суседняга століка, каб развітацца са сваім сябрам, і нарэшце атрымаў яго. Барон сказаў яму некалькі ласкавых слоў, ад якіх хлопчыкавы вочы зноў заззялі, і хвіліны дзве балбатаў з ім. Раптам барон устаў і, павярнуўшыся зграбным рухам да суседняга стала, павіншаваў крыху збянтэжаную маці з такім разумным, развітым сынам, упамянуў аб задавальненні, якое прынесла яму ранішняя прагулка - Эдгар стаяў тут жа, увесь чырвоны ад гордасці і шчасця, - і ў заключэнне пачаў распытваць пра яго здароўе так клапатліва і падрабязна, што яна не магла не адказваць. Непрыкметна распачалася доўгая гутарка, да якой хлопчык прыслухоўваўся неяк пачціва, ззяючы ад шчасця. Барон адрэкамендаваўся, і яму здалося, што яго прозвішча і тытул пацешылі яе самалюбства. Ва ўсякім разе, яна была вельмі ласкавая з ім, хоць і стрыманая, і нават рана развіталася, ветліва спаслаўшыся на тое, што хлопчыку пара спаць.

Эдгар запратэставаў, ён горача запэўніваў, што зусім не стаміўся і гатовы прасядзець усю ноч, але маці ўжо працягнула барону руку; той пачціва пацалаваў яе.

Хлопчык дрэнна спаў у гэтую ноч. Дзесьці ў глыбіні душы радасць пераблыталася з дзіцячаю роспаччу. Нешта новае ўвайшло сёння ў яго жыццё. Упершыню ён далучыўся да жыцця дарослых. У паўсне ён забываў свой узрост, і яму здавалася, што ён і сам ужо не хлопчык. Дагэтуль ён рос адзінокім, хваравітым дзіцём, сяброў у яго было мала. Каб задаволіць патрэбу ў ласцы, ён мог звяртацца толькі да бацькоў, якія мала ім цікавіліся, ды яшчэ да слуг. Сілу пачуцця нельга вымераць толькі яго непасрэднаю прычынаю і не браць пад увагу тую змрочную паласу тугі і адзіноты, якая папярэднічае ўсім вялікім падзеям у жыцці сэрца. Хлопчыка даўно мучыў вялізны цяжар нерастрачаных пачуццяў, і цяпер ён стрымгалоў кінуўся ў абдымкі першаму, хто здаўся яму вартым гэтага пачуцця. Эдгар ляжаў у цемры, усхваляваны, шчаслівы, яму хацелася смяяцца, але з вачэй цяклі слёзы, бо ён любіў гэтага чалавека, як ніколі не любіў ні сябра, ні таты, ні мамы, ні нават бога. Усім сваім дзіцячым, недасведчаным сэрцам ён імкнуўся да таго, чыё імя ўпершыню пачуў дзве гадзіны таму назад.

Але хлопчык ён быў разумны, і яго не збянтэжыла нечаканасць гэтага дзіўнага новага сяброўства. Мучыла яго другое: усведамленне ўласнай нікчэмнасці. «Ці варты я яго, я, дванаццацігадовы хлопчык, якому яшчэ доўга хадзіць у школу, якога раней усіх адсылаюць спаць? - пакутліва дапытваўся ён у самога сябе. - Кім я магу быць яму, што я магу яму даць?» Менавіта гэтае пакутліва ўспрынятае ім пачуццё непаўнацэннасці, бяссілле паказаць сваю любоў даводзіла яго да роспачы. Звычайна, калі яму падабаўся хто-небудзь з таварышаў, ён перш за ўсё дзяліўся з ім скарбамі, схаванымі ў парце: паштовымі маркамі або каменьчыкамі, але ўсе гэтыя дзіцячыя каштоўнасці, якія яшчэ ўчора здаваліся яму прывабна-неацэннымі, цяпер адразу пабляклі, пацьмянелі і страцілі сваю цікавасць у яго вачах. Ці мог ён прапанаваць іх новаму сябру, да якога нават не асмельваўся звяртацца на «ты»? Ці ёсць шлях, ці ёсць магчымасць выказаць яму свае пачуцці? Усё мацней пакутаваў ён ад усведамлення ўласнае нясталасці, усведамлення таго, што ён яшчэ толькі паўчалавека, толькі дванаццацігадовае дзіця; ніколі не праклінаў ён гэтак бурна свой дзіцячы ўзрост, ніколі не адчуваў такой прагі прачнуцца другім, такім, якім бачыў сябе ў марах: вялікім і моцным, мужчынам, такім, як і ўсе дарослыя.