28110.fb2
Нічога не падазраючы, хлопчык, шчаслівы, што можа, нарэшце, зрабіць паслугу сябру, горды ад важнага даручэння, адразу ж ірвануўся з месца і памчаўся цераз дарогу так імкліва, што прахожыя праводзілі яго здзіўленымі позіркамі. Але ён хацеў паказаць, як старанна ён выконвае абавязак ганца. У гатэлі яму сказалі, што граф яшчэ не прыехаў і нават не папярэджваў аб сваім прыездзе. З гэтаю навіною ён пабег назад з тою ж шалёнаю хуткасцю. Але барона ў вестыбюлі не было. Тады ён пастукаў да яго ў пакой - і там нікога! Устрывожаны, ён абегаў усе пакоі, заглянуў у гасціную з раялем, у кавярню; потым кінуўся ў пакой да мамы, каб папытацца ў яе; але і мамы таксама нідзе не было. Парцье, да якога ён з роспачы вырашыў звярнуцца, сказаў, на велізарнае яго здзіўленне, што некалькі хвілін таму назад яны пайшлі разам.
Эдгар цярпліва чакаў. Па прастаце сваёй ён не падазраваў нічога дрэннага. Ён быў упэўнены, што яны хутка вернуцца, - бо ж барону трэба атрымаць адказ. Але праходзіла гадзіна за гадзінаю - і пакрысе ім авалодаў непакой. Наогул, з таго дня, як гэты чужы, спакуслівы чалавек уварваўся ў яго маленькае бесклапотнае жыццё, хлопчык увесь час нерваваўся, хваляваўся, не знаходзіў спакою. У кволым дзіцячым арганізме любое звышмоцнае пачуццё пакідае глыбокі след, як на мяккім воску. Нервовае дрыжанне павекаў узнавілася, твар зноў пабляднеў. Эдгар чакаў і чакаў - спачатку спакойна, потым страшэнна ўсхваляваны, пад канец ледзь стрымліваючы слёзы. Але ён усё яшчэ нічога не падазраваў. Ён слепа верыў у свайго цудоўнага сябра і думаў, што адбылося нейкае непаразуменне, і яго мучыў тайны страх, што ён няправільна зразумеў дадзенае яму даручэнне.
Але як дзіўна яму здалося, што калі яны нарэшце вярнуліся, абое весела балбаталі і не выказалі ніякага здзіўлення. Быццам яны зусім не заўважылі яго адсутнасці.
- Мы пайшлі табе насустрач, Эдзі, і спадзяваліся ўбачыць цябе па дарозе, - сказаў барон, нават не пытаючыся пра адказ; а калі хлопчык, спалоханы, што яны марна шукалі яго, пачаў запэўніваць, што ён бег па галоўнай дарозе, і пачаў распытваць, у які бок яны пайшлі, мама абарвала размову:
- Хопіць, хопіць! Дзеці не павінны так многа балбатаць!
Эдгар пачырванеў ад прыкрасці. Гэта была ўжо другая спроба зняважыць яго на вачах у сябра. Навошта яна гэта робіць, навошта яна так намагаецца паказаць яго дзіцём, калі ён цвёрда перакананы, што ўжо дастаткова дарослы? Няйначай, яна зайздросціць яму і хоча адабраць у яго сябра. І гэта, напэўна, яна наўмысна павяла барона другою дарогаю. Але ён не дазволіць, каб з ім так абыходзіліся, - яна гэта хутка ўбачыць. Ён здолее пастаяць за сябе. І Эдгар вырашыў ні слова не гаварыць з ёю сёння за сталом і звяртацца толькі да сябра.
Але гэты намер яму здзейсніць не ўдалося. Здарылася тое, чаго ён менш за ўсё чакаў: ніхто не заўважыў, што ён злаваўся. Ды яны і яго самога як быццам не заўважалі, а яшчэ ж учора ён быў у цэнтры ўвагі; цяпер яны размаўлялі толькі паміж сабою, жартавалі, смяяліся, быццам яго і не існавала, быццам ён зваліўся пад стол. Кроў кінулася яму ў твар, камяк падступіў да горла, дыхаць стала цяжка. З усё большай горыччу думаў ён пра сваё бяссілле. Значыцца, ён павінен спакойна сядзець і глядзець, як мама адбірае ў яго сябра - адзінага чалавека, якога ён любіў, - і ён нічога не можа зрабіць супраць, акрамя як маўчаць. Яму хацелася ўстаць з крэсла і стукнуць кулакамі па стале - хоць бы дзеля таго, каб напомніць ім аб сабе. Але ён стрымаўся, адно адклаў убок нож і відэлец і не дакрануўся болей да яды. Аднак і гэта доўга заставалася незаўважаным, і толькі калі прынеслі апошнюю страву, мама звярнула ўвагу, што ён нічога не есць, і папыталася, ці не хворы ён. «Агідна, - падумаў ён, - у яе толькі адно ў галаве, ці не хворы я, усё астатняе ёй усё роўна». Ён буркнуў, што яму не хочацца есці, і яна гэтым задаволілася. Нічым, абсалютна нічым не мог ён прыцягнуць да сябе ўвагі. Барон быццам зусім забыўся пра яго, прынамсі, ён не сказаў яму ні слова. Слёзы пяклі Эдгару вочы, і ён нават ужыў дзіцячую хітрасць - засланіўся сурвэткаю, каб ніхто не ўбачыў, як гэтыя праклятыя дзіцячыя слёзы цякуць па твары, пакідаюць на губах салёны прысмак. Нарэшце абед скончыўся, і ён уздыхнуў з палёгкаю.
У час абеду мама прапанавала разам з'ездзіць у Марыя-Шуц. Пачуўшы гэта, Эдгар закусіў губу. Ні на хвіліну не пакіне яна яго сам-насам з сябрам. Але як жа ён узненавідзеў яе, калі яна сказала, устаючы з-за стала:
- Эдгар, ты забудзеш усё, што вывучаў у школе, табе лепш пасядзець дома і пазаймацца.
Эдгар сціснуў маленькія кулачкі. Зноў яна зневажае яго перад сябрам, зноў напамінае адкрыта, што ён яшчэ дзіця, што павінен хадзіць у школу і што яго толькі церпяць сярод дарослых. Але гэтым разам яе намер быў занадта відавочны, - ён нават не адказаў і павярнуўся да яе спінаю.
- Ну вось, зноў ты пакрыўдзіўся, - сказала яна з усмешкаю і звярнулася да барона: - Няўжо так цяжка пасядзець з гадзінку над урокамі?
І тут - хлопчыкава сэрца быццам застыла і анямела - барон, які зваў сябе ягоным сябрам, барон, які смяяўся над тым, што ён любіць сядзець у пакоі, сказаў:
- Пазаймацца гадзінку-другую, думаю, не пашкодзіла б.
Што гэта - змова? Няўжо яны сапраўды ў саюзе супраць яго? Хлопчыкавы вочы ўспыхнулі ад гневу.
- Тата забараніў мне займацца. Тата хоча, каб я тут паправіўся, - кінуў ён, як бы горды сваёю хваробаю, роспачна чапляючыся за татаў аўтарытэт. Гэта прагучала як пагроза. І што дзіўна: ягоныя словы сапраўды збянтэжылі абаіх. Мама адвярнулася і нервова забарабаніла пальцамі па стале. Настала няёмкае маўчанне.
- Як хочаш, Эдзі, - прагаварыў нарэшце барон, вымушана ўсміхаючыся. - Мне экзаменаў не здаваць, я даўно праваліўся па ўсіх прадметах.
Але Эдгар не ўсміхнуўся баронаваму жарту, а паглядзеў на яго такім дапытлівым, пільным позіркам, быццам хацеў зазірнуць яму ў самую душу. Што здарылася? Штосьці перамянілася ў іх адносінах, і хлопчык не мог зразумець прычыны. Ён адвёў вочы. У яго сэрцы хутка і дробна стукаў малаточак - першае падазрэнне.
«Што з імі? - думаў хлопчык, седзячы насупраць іх у калясцы, якая хуценька кацілася па дарозе. - Чаму яны са мною не такія, як раней? Чаму мама не глядзіць мне ў вочы? Чаму ён увесь час жартуе са мною і крыўляецца? Яны больш не гавораць са мною так, як учора і заўчора. У іх і твары як быццам нейкія другія. У мамы сёння такія чырвоныя губы - пэўна, нафарбавала. Гэтага я ў яе яшчэ ніколі не бачыў. А ён усё моршчыць лоб, быццам яго пакрыўдзілі. Я ім нічога не зрабіў, не сказаў ніводнага крыўднага слова. Не, не ва мне рэч, яны самі не такія адно з адным, як раней. Быццам натварылі нечага і баяцца пра гэта гаварыць, не балбочуць, як учора, не смяюцца, ім быццам сорамна, яны нешта хаваюць. У іх ёсць таямніца, якую яны не хочуць мне выдаць. Я павінен раскрыць гэтую таямніцу чаго б яно ні каштавала. Я ведаю - гэта, мусіць, тое ж самае, з-за чаго дарослыя заўсёды зачыняюць дзверы перада мною, пра што пішуць у кніжках і спяваюць у операх, калі жанчыны і мужчыны працягваюць адно аднаму рукі, абдымаюцца, а потым адштурхваюцца. Мусіць, гэта накшталт таго, што было з маёю францужанкай, калі яна дрэнна паводзіла сябе з татам і яе адаслалі. Усё гэта, па-мойму, адно і тое самае, толькі я не ведаю чаму. Каб жа даведацца, даведацца, нарэшце, пра гэтую таямніцу, авалодаць ключом, які адчыніць усе дзверы, перастаць быць дзіцём, ад якога ўсё хаваюць і ўтойваюць, не даваць болей сябе падманваць! Цяпер або ніколі! Я вырву ў іх гэтую таямніцу!»
На лбе ў яго прарэзалася маршчына. Худзенькі дванаццацігадовы хлопчык, які знерухомеў у глыбокім роздуме, выглядаў старым; ні разу не зірнуў на расквечаны яркімі фарбамі краявід, на горы, якія зелянелі свежай хвояй саснякоў, на даліны ў яшчэ нясмелым ззянні запозненай вясны. Ён бачыў толькі сваю маму і барона, якія сядзелі на заднім сядзенні каляскі, ён як бы спрабаваў сваім гарачым позіркам, як вудаю, вылавіць таямніцу з бліскучых глыбінь іх вачэй. Нішто гэтак не адточвае розум, як пакутлівае падазрэнне, нішто з такою сілаю не заахвочвае працу нясталага розуму, як след, які губляецца ў змроку. Часам толькі тоненькія дзверы аддзяляюць дзяцей ад свету, які мы завём рэальным, і выпадковы парыў ветру можа расчыніць іх перад імі.
Эдгар раптам адчуў, што ён яшчэ ніколі так блізка не падыходзіў да невядомага, да вялікай таямніцы; яна была тут, перад ім, пакуль што не раскрытая, не разгаданая, але зусім, зусім блізка да яго. Гэта хвалявала і рабіла яго незвычайна, урачыста сур'ёзным. Бо ён падсвядома ўгадваў, што стаіць на рубяжы свайго дзяцінства.
Эдгарава маці і барон адчулі нейкае глухое супраціўленне, не падазраючы, што яно ідзе ад хлопчыка. Ім было цесна і няёмка ўтраіх у калясцы. Цёмныя Эдгаравы вочы, якія гарэлі неспакойным агнём, моцна трывожылі іх. Яны не адважваліся гаварыць, не адважваліся глядзець адно на аднаго. Да ранейшай лёгкай свецкай размовы шлях быў адрэзаны, яны вельмі ўжо ўцягнуліся ў тон іншасказаў, пад якімі хаваецца тайнае дрыготкае чаканне няскромных жаданняў. Размова не ладзілася; яны раз-пораз змаўкалі, быццам спатыкаліся аб перашкоду, потым пачыналі зноў і зноў змаўкалі, прыгнечаныя ўпартым хлопчыкавым маўчаннем.
Асабліва цяжкім было гэтае змрочнае маўчанне для маці. Яна асцярожна зірнула на яго, убачыла шчыльна сціснутыя вусны і ўпершыню са страхам адзначыла, як ён падобны на свайго бацьку, калі той раздражнёны або незадаволены. Напамінак аб мужу быў непрыемны цяпер, калі яна захапілася любоўнаю гульнёю. Бледны цемнавокі хлопчык з нахмураным лобам і насцярожаным позіркам здаваўся ёй злавесным прывідам, вартавым яе сумлення, і таму, што ён сядзеў так блізка ад яе ў цеснаце каляскі, яго прысутнасць удвайне прыгнятала яе. Раптам Эдгар падняў вочы, усяго на хвілінку, і тут жа і ён і яна апусцілі вочы: упершыню ў жыцці маці і сын адчулі, што сочаць адно за адным. Дагэтуль яны слепа давяраліся, але цяпер штосьці змянілася, штосьці раптам узнікла паміж імі. Упершыню ў жыцці яны сачылі адно за адным збоку, аддзялялі свой лёс ад лёсу другога - ужо з затоенай нянавісцю, такою новаю для іх, што яны яшчэ не асмельваліся прызнацца сабе ў гэтым.
Усе трое з палёгкаю ўздыхнулі, калі каляска спынілася перад гатэлем. Прагулка атрымалася няўдалаю, гэта адчувалі ўсе, але ніхто не адважваўся сказаць аб гэтым. Эдгар першы саскочыў з каляскі. Яго маці спаслалася на галаўны боль і паспешна паднялася да сябе. Яна вельмі стамілася, і ёй хацелася пабыць адной. Эдгар і барон засталіся ўнізе. Барон расплаціўся з фурманам, паглядзеў на гадзіннік і пайшоў у вестыбюль, не звяртаючы ўвагі на хлопчыка. Стройны, элегантны, ён прайшоў міма яго лёгкаю, пругкаю хадою, якая яшчэ ўчора так зачаравала Эдгара, што ён спрабаваў пераняць яе перад люстэркам. Ён прайшоў міма Эдгара, нават не зірнуўшы на яго. Відаць, ён забыўся пра хлопчыка, пакінуў стаяць яго каля каляскі з конямі, быццам не меў да яго ніякага дачынення.
У Эдгара штосьці надламалася ў душы, калі ён убачыў, як абыякава ідзе ад яго той, каго ён, нягледзячы ні на што, усё яшчэ абагаўляў; роспач авалодала ім - пайшоў, нават не дакрануўся да яго плашчом, не сказаў ні слова. Ён жа не адчуваў за сабою ніякай віны. Самавалоданне, якое каштавала яму столькіх намаганняў, пакінула яго; цяжар уласнай годнасці, які ён нёс цераз сілу, саслізнуў з яго слабых плячэй, і ён зноў зрабіўся дзіцём - маленькім і пакорным, якім быў яшчэ ўчора і раней. Усё далейшае адбылося незалежна ад яго волі. Ён ірвануўся дробненькімі крокамі ўслед за баронам, дагнаў яго, загарадзіў яму дарогу да лесвіцы і, увесь дрыжачы, выціснуў здушаным голасам, ледзь стрымліваючы слёзы:
- Што я вам зрабіў, што вы на мяне і глядзець не хочаце? Чаму вы ставіцеся да мяне, як да чужога. І мама таксама. Чаму вы заўсёды адпраўляеце мяне куды-небудзь? Няўжо я вам перашкаджаю ці я ў чым вінаваты?
Барон збянтэжыўся. У Эдгаравым голасе было нешта, што яго засароміла, кранула. Яму стала шкада прастадушнага хлопчыка.
- Эдзі, ты дурненькі! Проста я сёння не ў настроі. А ты добры хлопчык, і я цябе вельмі люблю. - Ён моцна пакудлаціў Эдгараў віхор, але адвярнуўся, каб не глядзець у поўныя слёз умольныя вялізныя дзіцячыя вочы. Камедыя, якую ён разыгрываў, пачынала дакучаць яму. Яму стала сорамна, што ён з такім халодным разлікам абудзіў да сябе любоў у гэтага дзіцяці, і балюча было слухаць тоненькі, дрыготкі ад затоеных рыданняў голас. - Ідзі наверх, Эдзі, а вечарам мы зноў будзем сябрамі, вось пабачыш, - сказаў ён прыміральна.
- І вы паможаце мне, калі мама будзе адпраўляць мяне адразу спаць? Паможаце?
- Памагу, Эдзі, памагу, - усміхнуўся барон. - А цяпер ідзі, мне трэба пераадзецца на вячэру.
Эдгар, супакоены на момант, падняўся да сябе. Але хутка ў яго сэрцы зноў застукаў малаточак. З учарашняга дня ён пастарэў на некалькі гадоў; невядомы госць - недавер - ужо трывала пасяліўся ў яго дзіцячым сэрцы.
Ён чакаў. Бо хутка ўсё павінна было вырашыцца. За вячэраю яны сядзелі ўсе за сталом. Час наблізіўся да дзевяці гадзін, але мама не адпраўляла яго спаць. Гэта ўстрывожыла хлопчыка. Чаму яна, наперакор звычаю, якраз сёння дазваляе яму так доўга заставацца ўнізе? Ці не сказаў барон маці пра іх дамоўленасць? Ён ужо горка раскайваўся, што пабег за баронам і даверліва раскрыў яму душу. У дзесяць гадзін мама раптам паднялася з месца і развіталася з баронам. І дзіўна: відаць, і ён не здзівіўся гэтаму ранняму адыходу і не затрымліваў яе. Усё мацней стукаў малаточак у хлопчыкавых грудзях.
Настаў рашучы момант. Ён, як нічога і не было, без пярэчанняў пайшоў за мамаю да дзвярэй. Каля іх ён раптам падняў вочы. І ў гэты момант ён перахапіў усмешлівы мамін позірк, кінуты цераз яго галаву ў баронаў бок, - позірк, які сведчыў аб тайнай змове. Значыцца, барон выдаў яго. Вось чаму мама так рана ідзе: яны вырашылі сёння развеяць яго падазрэнне, каб ён не перашкаджаў ім заўтра.
- Нягоднік, - прамармытаў ён.
- Што ты кажаш? - спыталася маці.
- Нічога, - працадзіў ён праз зубы. І ў яго цяпер ёсць свая таямніца. Імя ёй - нянавісць, бязмежная нянавісць да іх абаіх.
Эдгарава хваляванне прайшло. Нарэшце ўсё праяснілася і стала на сваё месца. Значыцца - нянавісць і адкрытая варожасць. Цяпер, калі ён пераканаўся, што ён ім замінае, не адыходзіць ад іх стала для яго жорсткай вытанчанай асалодай. Ён упіваўся думкаю, што перашкаджае ім, што можа, нарэшце, уступіць з імі ў бой, узброены ўсёю моцаю сваёй варожасці. Першы выклік ён кінуў барону. Калі той раніцаю спусціўся ўніз і, праходзячы міма, ласкава прагаварыў: «Маё шанаванне, Эдзі», - Эдгар, не гледзячы на яго і не ўстаючы з крэсла, прабурчаў: «Добрай раніцы», - а на пытанне: «Мама ўжо ўнізе?» - не адрываючы вачэй ад газеты, адказаў: «Не ведаю».
Барон разгубіўся. Што з ім?
- Што, дрэнна спаў, Эдзі? - Як заўсёды, жарт павінен быў выратаваць становішча. Але Эдгар толькі пагардліва кінуў: «Не», - і зноў уткнуўся ў газету.
- Дурное дзіця, - прамармытаў барон, паціснуў плячамі і пайшоў далей. Вайна была аб'яўлена.
З мамаю Эдгар абышоўся холадна і вельмі ветліва. Нязграбная спроба паслаць яго на тэнісны корт пацярпела няўдачу. Горкая ўсмешка, якая прыўзняла кончыкі шчыльна сціснутых вуснаў, гаварыла, што падмануць яго болей не ўдасца.
- Лепш я пайду з вамі гуляць, мама, - сказаў ён з прытворнаю дружалюбнасцю і паглядзеў ёй у вочы. Адказ яўна не спадабаўся ёй. Яна марудзіла і быццам шукала чагосьці.
- Пачакай мяне тут, - нарэшце сказала яна і пайшла ў сталовую.
Эдгар застаўся чакаць, але насцярожыўся. Цяпер у кожным слове сваіх ворагаў ён бачыў тайны злосны намер. Падазронасць, якая авалодала ім, рабіла яго незвычайна здагадлівым. Так, замест таго каб чакаць у вестыбюлі, як яму было сказана, Эдгар палічыў за лепшае выбраць месца для назірання на вуліцы, адкуль ён мог сачыць не толькі за галоўным пад'ездам, але і за ўсімі астатнімі выхадамі. Інстынктыўна ён адчуваў падман. Але ён не дасць ім выслізнуць. Ён схаваўся за штабелем дроў - дакладна так, як у кніжках пра індзейцаў. Праз паўгадзіны - ён нават засмяяўся ад задавальнення - мама сапраўды выйшла праз бакавыя дзверы з букетам цудоўных руж у руках, і з ёю быў здраднік-барон.
Абое выглядалі вельмі вясёлымі. Радыя, што пазбавіліся ад яго і засталіся сам-насам са сваёю таямніцаю? Балбочучы і смеючыся, яны падаліся ў бок лесу.
Пара было дзейнічаць. Павольна, быццам ён трапіў сюды выпадкова, Эдгар выйшаў з-за дроў. Вельмі спакойна, няспешна падыходзіў ён да іх, каб уволю нацешыцца з іх збянтэжанасці. Убачыўшы Эдгара, абое абмяняліся неўразумелымі позіркамі. Павольна, нібы так яно і было трэба, ён падышоў бліжэй, не зводзячы з іх насмешлівага позірку.
- А вось і ты, Эдзі, а мы цябе ўжо там шукалі, - сказала нарэшце мама. «Як жа нахабна яна маніць», - падумаў хлопчык. Але вусны яго не растуліліся. За сціснутымі зубамі яны моцна трымалі таямніцу нянавісці.
Усе трое нерашуча спыніліся. Кожны сачыў, як паводзіць сябе другі.
- Ну што ж, пойдзем, - уздыхнуўшы, сказала Эдгарава маці, ад прыкрасці абрываючы пялёсткі прыгожай ружы. Лёгкае ўздрыгванне ноздраў выдавала яе гнеў. Эдгар стаяў, быццам гэта яго не датычылася, глядзеў па баках, пачакаў, пакуль яны не крануліся з месца, і потым сабраўся ісці за імі следам. Барон зрабіў яшчэ адну спробу:
- Сёння тэнісны турнір. Ты калі-небудзь бачыў такое?