28110.fb2 Пякучая таямніца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Пякучая таямніца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Эдгар нават не адказаў, толькі пагардліва зірнуў на яго і склаў губы, быццам збіраўся свістаць. Вось яго адказ. Нянавісць паказала свае вострыя зубы.

Нязносным цяжарам гняла абаіх няпрошаная хлопчыкава прысутнасць. Гэтак зняволеныя ходзяць услед за турэмшчыкам, тайком сціскаючы кулакі. Хлопчык нічога кепскага не рабіў, і ўсё ж з кожнай хвілінай усё цяжэй рабілася выносіць яго пільны позірк, вільготныя ад нявыплаканых слёз вочы, хмурную зласлівасць, якая бурчаннем адказвала на любую спробу збліжэння.

- Ідзі паперадзе! - раптам сярдзіта сказала маці, устрывожаная яго назойлівым падслухоўваннем. - Не тапчыся ўвесь час пад нагамі, гэта мне дзейнічае на нервы.

Эдгар паслухаўся, але праз кожныя пару крокаў ён паварочваўся, спыняўся, калі яны адставалі, і позірк яго кружыў вакол іх, як Мефістофель у абліччы пудзеля, аблытваючы іх вогненнай сеткай нянавісці, з якой - яны гэта адчувалі - ім не вырвацца.

Жорсткае маўчанне, быццам кіслатою, раз'ела іх весялосць, падазроны позірк забіваў кожную спробу весці размову. Барон ужо не адважваўся сказаць ніводнага ліслівага слова, ён са злосцю адчуваў, што жанчына выслізгвае з яго рук, што з такою цяжкасцю распаленае ў ёй пачуццё астывае з-за страху перад надакучлівым, агідным хлапчуком. Яны зноў і зноў спрабавалі завесці размову - і кожны раз яна абрывалася. Нарэшце яны ўтраіх толькі моўчкі ішлі па дарозе, прыслухоўваліся да шолаху дрэў і ўласных сярдзітых крокаў. Хлопчык задушыў у іх усякае жаданне размаўляць.

Цяпер усе трое былі ва ўладзе раздражнення і злосці. Эдгар помсціў за здраду, упіваўся іх бяссільным гневам і разам з тым з нецярпеннем і нянавісцю чакаў, калі гэты назапашаны гнеў вырвецца наверх. Насмешліва прыжмуранымі вачамі паглядаў ён на сярдзіты баронаў твар. Ён заўважыў, што барон лаецца праз зубы і ледзь стрымліваецца, каб не абрушыць на яго паток лаянкі, і зларадна сачыў за маці, якая ўсё больш злавалася; абое яны толькі і чакалі зачэпкі, каб накінуцца на яго, устараніць або абясшкодзіць яго. Але ён не даваў ніякай зачэпкі; яго нянавісць, якая расла доўгі час, навучыла яго быць асцярожным, і ён не рабіў памылак.

- Давайце вернемся, - раптам сказала маці. Яна адчувала, што болей не вытрымае, што павінна штосьці зрабіць - хоць бы закрычаць ад гэтага катавання.

- Як шкада, - спакойна адазваўся Эдгар, - тут так хораша.

Абое яны разумелі, што хлопчык здзекуецца з іх. Але яны не адважваліся што-небудзь сказаць, так бездакорна маленькі тыран за два дні навучыўся валодаць сабою. Ніводзін мускул на яго твары не выдаваў злой іроніі. Не сказаўшы ні слова за ўсю доўгую дарогу, яны павярнулі назад. Калі маці засталася ў сваім пакоі адна з сынам, яна ўсё яшчэ не магла супакоіцца і сярдзіта адкінула ўбок парасон і пальчаткі. Эдгар адразу заўважыў, што нервы яе напружаны да крайнасці і яна толькі шукае, на чым спагнаць гнеў; але ён прагнуў выбуху і наўмысна заставаўся ў пакоі, каб яшчэ болей раззлаваць яе. Яна прайшлася ўперад і назад, села, пабарабаніла пальцамі па стале, потым зноў ускочыла з месца.

- Які ты раскудлачаны, брудны. Пасаромеўся б людзей! Бо ты ж ужо не маленькі!

Без пярэчання хлопчык пайшоў і прычасаўся. Гэтае маўчанне са здзекліваю ўсмешкаю на вуснах прыводзіла яе ў шаленства. Яна з радасцю адлупцавала б яго.

- Ідзі ў свой пакой! - крыкнула яна, не могучы болей выносіць яго прысутнасць. Эдгар усміхнуўся і выйшаў.

Як яны абое дрыжалі цяпер перад ім, як яны, барон і мама, баяліся застацца ўтраіх, як яны баяліся ягонага ўчэпістага бязлітаснага позірку! Чым горш яны адчувалі сябе, тым большае задавальненне свяцілася ў яго вачах, тым больш адкрытаю рабілася яго радасць. Эдгар мучыў безабаронных з амаль неўсвядомленаю дзіцячаю жорсткасцю. Барон яшчэ стрымліваў свой гнеў, спадзеючыся, што яму ўдасца перахітрыць хлопчыка, і думаў толькі пра сваю мэту. Але Эдгарава маці раз-пораз траціла самавалоданне. Было палёгкаю прыкрыкнуць на яго.

- Не круці відэльцам! - накінулася яна на яго за сталом. - Ты не ўмееш паводзіць сябе, цябе нельга садзіць побач з дарослымі.

Эдгар толькі ўсміхаўся, крыху нагнуўшы галаву ўбок. Ён ведаў, што яна крычыць з роспачы, і ганарыўся, што яны ўвесь час выдаюць сябе. Яго позірк быў цяпер зусім спакойны, як позірк урача. Раней ён, мусіць, гаварыў бы дзёрзкасці, каб пазлаваць маму, але нянавісць хутка навучае шмат чаму. Цяпер ён толькі маўчаў, маўчаў і маўчаў, пакуль яна не пачынала стагнаць пад цяжарам яго маўчання.

Яна болей не магла стрымлівацца. Калі яны выйшлі з-за стала і Эдгар з той самай упартаю назойлівасцю сабраўся ісці за імі, яе раптам скаланула. Яна забылася пра асцярожнасць і кінула яму ў твар усю праўду. Не могучы трываць яго неадступнае высочванне, яна ўстала на дыбкі, як змучаны мухамі конь.

- Чаго ты ўсё бегаеш за мною, як трохгадовае дзіця? Я не хачу, каб ты ўвесь час мазоліў мне вочы. Дзецям не месца сярод дарослых. Запомні гэта! Займіся чым-небудзь хоць на гадзіну! Чытай ці рабі што хочаш. Пакінь мяне ў спакоі! Ты нервуеш мяне сваім высочваннем і агідным настроем.

Нарэшце ён вырваў у яе прызнанне! Эдгар усміхнуўся, а барон і маці адчувалі сябе збянтэжанымі. Яна адвярнулася і хацела пайсці, злуючы на сябе, што не здолела схаваць ад сына сваю прыкрасць. Але Эдгар спакойна адказаў:

- Тата не хоча, каб я заставаўся адзін. Тата ўзяў з мяне слова, што я буду ўвесь час з табою.

Ён напіраў на слова «тата», бо ўжо заўважыў, што яно ўздзейнічала на іх прыгнятальна. Значыцца, і тата неяк ублытаны ў гэтую таямніцу; мабыць, тата мае над імі нейкую тайную, незразумелую ўладу, калі яны палохаюцца аднаго яго імя. І гэтым разам яны зноў нічога не адказалі. Яны склалі зброю. Мама пайшла наперад, барон побач з ёю. Эдгар ішоў за імі, але не пакорна, як слуга, а сурова і строга, як няўмольны вартавы. Ён звінеў нябачным ланцугом, які яны беспаспяхова спрабавалі разарваць. Нянавісць загартавала яго дзіцячую сілу; ён, каму не была адкрыта тайна, быў мацней за тых, каму яна звязвала рукі.

Ілгуны

Але часу заставалася ўсё меней, усяго некалькі дзён, і трэба было спяшацца. Яны разумелі, што зламаць упартасць раздражнёнага хлопчыка немагчыма, і звярнуліся да апошняга, самага ганебнага сродку, каб хоць на адну-дзве гадзіны пазбавіцца ад яго дэспатычнага прыставання, - да ўцёкаў.

- Здай гэтыя заказныя лісты на пошту, - сказала Эдгару маці. Яны стаялі ў вестыбюлі, барон каля пад'езда наймаў фіякр.

Эдгар недаверліва ўзяў лісты; перад гэтым ён заўважыў, што адзін слуга нешта гаварыў маме. Ці не задумваюць яны, зрэшты, разам што-небудзь супраць яго?

Ён марудзіў ісці.

- Дзе ты будзеш мяне чакаць?

- Тут.

- Праўда?

- Але.

- Толькі не адыходзь нікуды! Значыцца, ты будзеш чакаць мяне тут, у вестыбюлі, пакуль я не вярнуся?

Усведамляючы сваю перавагу, ён ужо гаварыў з маці загадным тонам. Шмат што змянілася з пазаўчарашняга дня.

Ён пайшоў з лістамі на пошту. У дзвярах ён сутыкнуўся з баронам і ўпершыню за апошнія два дні загаварыў з ім:

- Я толькі здам гэтыя два лісты. Мама будзе чакаць, пакуль я не вярнуся. Калі ласка, без мяне нікуды не ідзіце.

Барон хутка прашмыгнуў міма.

- Але, але, мы пачакаем.

Эдгар памчаўся на пошту. Яму прыйшлося чакаць: пан перад ім задаваў дзесяткі нудных пытанняў. Нарэшце ён выканаў даручэнне і, заціснуўшы квітанцыі ў руцэ, стрымгалоў пабег назад. Ён паспеў у самы раз, каб пабачыць, як барон і мама ад'язджалі ад гатэля.

Эдгарам авалодала шаленства. Ён ледзь не схапіў з зямлі камень, каб шпурнуць ім услед. Уцяклі-такі ад яго, і як подла, як нізка яны манілі! Ён ужо ведаў з учарашняга дня, што мама маніць. Але тое, што яна магла так бессаромна парушыць сваё абяцанне, знішчыла ў ім апошнія рэшткі даверу да яе. Ён перастаў разумець жыццё з таго часу, калі ўбачыў, што словы, якія дагэтуль увасаблялі рэчаіснасць, лопаюцца як мыльныя пузыры. Але што гэта за страшэнная тайна, якая даводзіць дарослых да таго, што яны маняць яму, дзіцяці, і ўцякаюць, быццам зладзеі? У кніжках, якія ён чытаў, людзі забівалі і падманвалі, каб здабыць грошы, магутнасць або царствы. А тут якая прычына? Чаго яны хочуць, чаго хаваюцца ад яго, што спрабуюць утоіць і чаму ўвесь час падманваюць яго? Ён ламаў галаву над гэтаю загадкаю, цьмяна адчуваў, што іх тайна - ключ да замка яго дзяцінства; авалодаць ёю - значыцца стаць дарослым, стаць, нарэшце, мужчынам. Ах, толькі б даведацца! Але думаць ён не мог. Яго душыў гнеў, што яны выслізнулі ад яго, і думкі блыталіся, быццам ён трызніў.

Ён пабег у лес, і там, у выратавальным змроку, дзе яго ніхто не бачыў, даў волю слёзам.

- Ілгуны, сабакі, манюкі, нягоднікі!

Яму здавалася, што, калі ён не выкрыкне гэтых слоў, яны задушаць яго. Гнеў, нецярпенне, прыкрасць, цікаўнасць, бездапаможнасць і крыўда апошніх дзён, задушаныя нясталаю воляю дзіцяці, якое ўявіла сябе дарослым, вырваліся і праліліся слязьмі... Гэта былі апошнія слёзы дзяцінства, апошні раз ён плакаў наўзрыд, з асалодаю, як плачуць жанчыны. Ён выплакаў у гэты час шалёнага сневу і даверлівасць, і любоў, і прастадушнасць, і павагу - усё сваё дзяцінства.

Хлопчык, які вярнуўся ў гатэль, быў ужо не той, хто плакаў у лесе. Ён не хваляваўся і дзейнічаў абдумана. Перш за ўсё ён пайшоў да сябе ў пакой і старанна памыў твар і вочы, бо не жадаў даць ім задавальненне бачыць сляды яго слёз. Потым ён распрацаваў план, як разлічыцца з імі. Ён чакаў цярпліва, зусім спакойна.

У вестыбюлі было даволі людна, калі фіякр з уцекачамі спыніўся каля пад'езда. Некалькі мужчын гулялі ў шахматы, другія чыталі газеты, дамы балбаталі. Тут жа нерухома сядзеў бледны хлопчык з дрыготкімі павекамі. Калі маці і барон увайшлі ў вестыбюль і, крыху збянтэжаныя тым, што адразу наткнуліся на яго, ужо сабраліся прамармытаць прыгатаваную адгаворку, ён спакойна пайшоў ім насустрач і сказаў з выклікам:

- Пан барон, мне трэба сёе-тое сказаць вам.

Барон яўна разгубіўся. Ён адчуваў сябе ў чымсьці вінаватым.

- Добра, добра, пазней, пачакай.

Але Эдгар павысіў голас і сказаў выразна і ясна, гэтак, каб усе навокал маглі пачуць:

- Я хачу пагаварыць з вамі цяпер. Вы подла абышліся са мною. Вы падманулі мяне. Вы ведалі, што мама чакае мяне, і вы...

- Эдгар! - крыкнула маці, заўважыўшы, што ўсе позіркі звернуты на іх, і кінулася да сына.

Але хлопчык, убачыўшы, што мама хоча заглушыць яго словы, раптам пранізліва закрычаў:

- Я паўтараю вам яшчэ раз: вы нахабна зманілі, і гэта нізка, гэта подла.

Барон пабляднеў. Усе глядзелі на іх, сёй-той засмяяўся.