28111.fb2
Правiльна сказаў нам начальнiк станцыi: iшоў гэты цягнiк сапраўды, як царскi, - бачыў я, як яны iдуць нават праз станцыю. Добра, што я башлык на галаву завязаў, а то i твар памарозiў бы зусiм i вушы. Халепа страшная была, секла, ды яшчэ з ветрам.
Як бы нi было, даехаў я да Полацка. А там - другое гора: цягнiк спынiўся ледзьве не за мiлю ад станцыi.
Прыйшлося мне, пачапiўшы на плечы свой багаж i ўзяўшы ў рукi кiй, iсцi пехатой. Памаленьку дайшоў, а там i да свайго Невеля даехаў.
Пан i мужык
Пажыўшы ў ямах летам, мы пераканалiся, што да зiмы вайна не скончыцца. Забраўшы ўсю сям'ю, бацька выехаў у Маскву. Кватэру, адзiн вялiзны пакой, знайшоў хутка. Цяпер трэба было здабываць сродкi, каб жыць. Пакуль знойдзецца работа, бацька пайшоў у бежанскi камiтэт. Там, дачуўся ён, даюць грашовую дапамогу ахвярам вайны, бедным выгнанцам. На ўсякi выпадак тата ўзяў з сабой i мяне, бо я прыехаў якраз на вакацыi з Невеля. Прыйшлi мы з iм у камiтэт. Толькi чыноўнiк запытаўся ў нас: хто, чаго - як у пакой зайшоў нейкi пан у капелюшы, з лясачкай.
Чыноўнiк адразу спынiў гутарку з намi, устаў, запрасiў новага наведвальнiка сесцi i пачаў пiсаць. Пачулi мы, што гэта сапраўды пан, што ў яго за лiнiяй фронту застаўся невялiчкi маёнтак, а ўсёй сям'i - ён i жонка.
Чыноўнiк запiсаў i сказаў:
- Вам прызначаецца штомесячная дапамога пяцьдзесят рублёў. Вось адпаведны дакумент.
Пан падзякаваў i выйшаў з пакоя. Бацька толькi паспеў мне шапнуць:
- На дзве душы паўсотнi. Нам будзе, мабыць, уся сотня.
Чыноўнiк пачаў запаўняць лiст на нашу сям'ю. Сесцi ён майму тату не запрапанаваў. Пытаўся грубавата:
- Колькi дзяцей пры вас? Пяцёра? Ды яшчэ сам i жонка? Сем душ? Акалечана правая рука? Што яшчэ? Усё? - Вось дакумент. Будзеце атрымлiваць дзесяць рублёў на месяц...
Бацька зусiм збянтэжыўся.
- Ды як жа? Цi не памылiлiся вы? Чаму ж так мала...
- Я нiколi не памыляюся. Што табе незразумела?
- Ды вось перада мной быў чалавек - вы яму на дзве душы запiсалi пяцьдзесят рублёў, а мне на сем душ - дзесяць.
- Стары дурань! Зразумей добра: то - пан, а ты - мужык. Табе i дзесяць рублёў няварта даваць. А цяпер - марш адгэтуль, а то i гэты загад адбяру...
Так мы i прамаршыравалi па ўсходках, азiраючыся, цi не даганяе нас чыноўнiк адбiраць дзесяцiрублёвы загад...
Iдучы вулiцай, бацька пытаўся сам у сябе:
"Цi дачакаемся мы таго, каб не было падзелу на лепшых i горшых, на паноў i мужыкоў?"
Дачакалiся...
Буланы конь
У нашай сям'i чамусьцi думалi, што конi ў нас могуць весцiся толькi вараной масцi. Больш, казаў тата, нiякая масць у нас не вядзецца: то хварэць пачынае, то так якое няшчасце здарыцца. Колькi я сябе помню, у нас былi толькi вараныя конi. Апошнi перад самай вайной быў наш уласны гадаванец, узяты яшчэ жарабяткам. Рос ён, можна сказаць, разам з намi, ведаў нас усiх, асцерагаўся, каб не ступiць сваiм капытом на каторага малога, цярплiва ставiўся да ўсiх нашых гарэзных жартаў: заплятання яму хваста ў косы або яшчэ чаго падобнага. Быў ён дужы, цярплiвы. Вазiў вазы вялiкiя, асаблiва тады, калi пайшлi ў нас панарады-калёсы на жалезных восях.
Былi мы iм усе задаволены i толькi iмкнулiся, каб i ён быў задаволены. Наносiлi мы поўныя вышкi асенняга лiсця, якое дадавалася на подсцiл яму i каровам, здабывалi кантрабандай канюшыны ўлетку, нажынаючы яе сярпом. Адным словам, як маглi - дзякавалi за шчырую працу. Улетку вадзiлi час ад часу на рэчку, дзе купалi, мылi, зiмой чысцiлi шчоткамi.
I вось прыйшла вайна. Падкацiлiся яе мутныя хвалi да нашых зацiшных куточкаў. З'явiлася на тых хвалях розная шума несусветная, усялякiя фуражыры-драпежнiкi, якiя бралi ў сялян i пошар, i конi пад шарлатанскiя распiскi, фiлькавы граматы, карыстаючыся ўласцiвым для вайны бязладдзем, безначаллем. Забралi i ў нас каня, з ходу:
- Часова, баця, на пару дзён. Мы прывядзём яго назад. Вось табе наша гарантыя - распiска.
А на гэтай гарантыi нi пячаткi, нi назвы воiнскай часцi... Бывалi выпадкi, што праз якую мiлю прадавалi такiх коней у суседнiх вёсках... Iдзi, свiшчы, жалься...
Адным словам, засталiся мы без каня. А тут трэба бульбу з поля вазiць, збожжа не ўсё ў свiрне. Ды што казаць - на ўсякую справу патрэбен свой конь. За нашым лесам Сухавершу, па ўсёй Туянiсе быў вялiкi бой. Пакрышыла-паламала там дрэў - немаведама колькi. Як толькi прыцiхлi гарматы, пачалi з кулямётаў ды з вiнтовак страляць. А мне - не сядзiцца. Пайду, гляну, можа дзе наш вараны конь ходзiць, яго ж у той бок пагналi. Iду, кулi свiшчуць, але слабенька, нiбыта якiя кiламетры два праляцеўшы, ды i садзяцца, садзяцца, як пчолкi на адпачынак. Добрыя пчолкi! Як джгне, дык не захочаш нiякага мёду. А я iду сцежачкай блiзу самага ўзвышша. Бачу, дарогай у далiне крочыць на перадавую лiнiю рота салдат, вядзе яе капiтан, а наперадзе - салдат з гармонiкам праз плячо i, каб падняць дух, на гармонiку iграе i спявае ва ўсю:
Выйшла Дуня за вароты, а за ёю салдат рота.
Салдаты, гэта рота, iдуць моўчкi, ссутулiўшыся, i, нават збоку вiдаць добра, што напляваць iм на тую Дуню i на тыя вароты... Але згледзеў мяне капiтан.
- Хлопчык, хадзi сюды!
Падыходжу. У мяне мiж iншым аброць у руках.
- Чаго ты тут швэндаешся па лесе? Бачыш, чуеш - кулi свiшчуць? Табе што, жыццё абрыдла?
- Жыццё мне зусiм не абрыдла, але нашага каня забралi, я шукаю, можа, выпраглi ды пусцiлi, ён жа ваеннай справе не вучыўся...
- Ды вунь, - паказвае рукой, - конь траву шчыпле. Бяры ды хутчэй уцякай адсюль...
Пайшоў я - праўда, за якiх метраў дваццаць пасецца конь, але не наш буланай масцi, на баку таўро. Ды, вiдаць, напалохаўся вайной - пабачыўшы мяне, адскочыў ды ўцякаць. А ён жа не спутаны. Я за iм, кепачку зняў - нiбыта гэта торбачка з аўсом, - ды да яго:
- Кося, кося, на аброку!
А яго, мабыць, так накармiлi аброкам, дык нi слухаць, нi глядзець не хоча...
Хадзiў я, хадзiў, пэўна, з гадзiну, калi не болей. А кулi тыя свiшчуць. Думаў ужо iсцi з лесу. Дужа небяспечна. Урэшце спынiўся конь буланы, падпусцiў мяне да сябе. Я яму аброць на галаву, зашпiлiў i пачаў гладзiць ды размаўляць з iм ласкава. Адначасна аглядаю з усiх бакоў. Конь малады, дужы, па ўсiм вiдаць, зусiм не худы, але ў яго збiты моцна карак, нават гнаiцца пачынае. Я яго памаленьку ў павадку i павёў. Выйшлi мы з небяспечнай зоны, а там ужо i казаць няма чаго - без жаднага страху давёў я буланага да нашай сядзiбы. Тут бацькi, малыя далi яму скiбачку хлеба з соллю, пагладзiў бацька, голас свой падаў. Пасля ўзяў зелля адмысловага, - а ў каго свая жывёла была, усялякiя зёлкi на першы выпадак збiралiся, - прамыў яму раны, памазаў маззю, спуталi мы яго - ды на лужок. Толькi паглядаем, каб куды далёка не пайшоў. А яму, вiдаць, ад мазi адразу лягчэй стала, ды i мухi перасталi раны абсядаць. Нiкуды ён не адыходзiцца далёка, пасецца. Так дзень па днi - абгаiўся ў яго карак. Падладзiў бацька для буланага хамут, паклаў больш мяккага лямца, i пачалi мы памаленечку лёгкiя вазы вазiць. Выявiлася - залаты конь. На iм бацька мяне i ў Парафiянава адвозiў i толькi дзiвiўся:
- Паверыш у нейкую дурную прымху, што толькi вараныя конi ў цябе будуць весцiся. Вось зусiм не вараны, а буланы трапiў на шчасце, а якi залаты конь!
Так, пакуль сям'я ў Маскву не выехала, i жыў буланы ў таты, нахвалiцца на яго не маглi, нават у Маскве колькi разоў згадвалi...
Каму гульня, а мне - навука...
Я ўжо казаў, што ў часе першай iмперыялiстычнай вайны нашую настаўнiцкую семiнарыю эвакуiравалi ў горад Невель, за Полацк. Там жа сабралася яшчэ некалькi сярэднiх школ - з Вiльнi, з iншых заходнiх гарадоў. Стаялi вайсковыя часцi - артылерысты, сапёры. Невялiчкi гарадок быў перапоўнены. Мы, вучнi, размяшчалiся на прыватных кватэрах, уперамежку з вайскоўцамi. Хоць дырэктар i класныя настаўнiкi хадзiлi даволi часта па кватэрах, але некаторыя хлопцы занялiся рознай непатрэбшчынай, асаблiва - карцёжнымi справамi. Гулялi на грошы, галоўным чынам, на гарышчах сваiх дамоў. Я да такiх кампанiй не далучаўся. Падрыхтаваўшы свае ўрокi на заўтрашнi дзень, звычайна садзiўся чытаць якую-небудзь белетрыстычную кнiжку. Мяне, уласна кажучы, не цягнула зусiм да карцёжнай гульнi. Нават брыдка было глядзець на гэтыя замусоленыя сотнямi рук, брудныя кавалкi каляровага кардону.
Аднойчы здарылася так, што нам выдалi стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу - рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капiтал. Заплацiў я нават гаспадынi наперад за месяц, лiквiдаваў якiя дробныя даўгi i падрахоўваў, што мне можна купiць з адзежы цi з абутку. У той самы час нашы карцёжнiкi рабiлi другi падрахунак: як абдурыць мяне i забраць ад мяне ўсе мае грошы.
I вось, калi я сядзеў у сваiм пакоi над кнiгамi, да мяне з'явiўся дэлегат ад гарышча i пачаў угаворваць прыняць удзел у карцёжнай гульнi.
- Эх, Уладзiк, Уладзiк! Усё ты з кнiгамi... Так i закiснуць можна, гарбатым якiм зрабiцца... Пойдзем да хлопцаў. Там такая гульня, такiя грошы... Па дваццаць рублёў у банку бывае... А ты нiчога i не ведаеш тут... Пойдзем!
Адчувалася, што не адчэпiшся нi крыжом, нi таўкачом. Я згадзiўся.
- Ну што ж! Дзякую за запрашэнне. Пойдзем.
Мой сябар, не чуючы ног пад сабой, - на панадворак, пасля па драбiне - на гарышча. Я следам за iм. А там сапраўды гульня ў поўным разгары. Банкамёт, наш хлопец, адразу мне карту ў рукi. Глянуў я з-пад далонi - туз! Сусед шэпча: