28111.fb2
Бедная жанчына паслухала iх, прайшла кiламетраў дзесяць па асенняй калатусе, ды з клункамi, i даведалася, што ёй трэба было зусiм у адваротны бок iсцi...
Скажыце, цi варты тыя людзi добрага слова? Нейкая звярыная, жывёльная жорсткасць i бязлiтаснасць кiруюць такiмi iстотамi...
А вось у Свабодным, гуляючы ў лесе, мы неяк затлумiлiся i пайшлi не ў патрэбны бок, а ў адваротны. Па дарозе сустрэлi двух хлопчыкаў, якiя ехалi на фурманцы ў кузню, везлi нейкую дэталь ад жняяркi для рамонту. Павiталiся з намi. Жонка пытаецца:
- Цi далёка да Свабоднага?
Большы адказвае:
- Недалёка, але ж вы не ў той бок iдзеце. Сядайце на нашу фурманку, мы вас падвезямо...
Едучы, яны расказалi нам пра свае дзiцячыя справы, а ў нас запыталiся, хто мы, дзе жывём. Уся гутарка была далiкатная, без нiякiх выкрутасаў i зухаватасцi...
У Свабодным жа мы наглядалi неаднойчы, як дзецi, якiя не хадзiлi ў поле, гулялi ў розныя гульнi, у тым лiку i ў хованкi. Было дзяцей блiзу нашае хаты шасцёра-сямёра, прычым больш-менш аднаго ўзросту. Але гуляў разам з iмi адзiн хлопчык гадоў чатырох, а можа, i менш таго, бо ён хадзiў у адной кашульцы, без штонiкаў. Клiкалi яго - Вася.
Калi давалi сiгнал хавацца, ён адыходзiў крокi на два i закрываў далонямi свой твар. Гэта азначала, што ён схаваўся, што яго нiхто не бачыць. Мiмаволi згадалiся нам страўсы, якiя, прытамiўшыся ад пагонi, хаваюць галовы ў пясок. I вось хлопец або дзяўчынка, якiя правяралi ўсе хованкi, самыя патаемныя мясцiнкi, праходзiлi колькi разоў ля гэтага маленькага Васi i ўсё пыталiся:
- Ды дзе ж той Вася схаваўся? Ды як жа нам адшукаць Васю? Хто нам дапаможа знайсцi Васю?
А Вася аж танцуе на сваёй схованцы, але рук ад твару не адымае. Урэшце ён застукаў усiх, ён перамог...
Як бы хацелася зiрнуць сёння на таго Васю! Цяпер яму, пэўна, чатырнаццаць або пятнаццаць гадкоў. Вось бы паглядзець, як ён гуляе з малодшымi ад сябе! Цi так жа добра, як гулялi з iм самiм...
Зiмовыя браткi
У вайну некаторы час я працаваў эканамiстам. Мае абавязкi былi - улiк работы брыгад. А тут яшчэ трэба выходзiць на тэрмiновыя пагрузкi вагонаў нашымi вырабамi, якiя накiроўвалiся на заводы. Адным словам, работы хапала ўсiм i ўсялякай. Тым не менш, шмат хто знайшоў час i ўрабляў агародныя пляцоўкi. Меў такую пляцовачку i я. Расло ў мяне багата гароднiны, большую палову яе з'ядалi сябры, якiя, калi справа даходзiла капаць гарод, казалi:
- А навошта нам? Мы заўтра, можа, адсюль паедзем...
Аднак елi тую гароднiну яны надзвычай ахвотна. Насеялi i насаджалi мы розных кветак, спаборнiчалi адзiн з адным, сусед з суседам. Перад уваходам у мае жытло была вялiзная клумба, уся занятая браткамi, прычым самых розных колераў i барваў. Хоць даскокамi, але знаходзiў я час прапушыць зямлю пры iх, палiць. Раслi яны так, што лепш не можа быць. Нават людзi з дужа жорсткiмi сэрцамi спынялiся ля клумбы i захаплялiся ўголас...
I што было галоўнае: усе ўздыхалi аб тым, што вось прыйдзе зiма, маразы, i гэтае хараство загiне пад снегам...
Я падумаў, падумаў: што калi хоць частку кветак узяць на зiму ў памяшканне?
Пачаў я ажыццяўляць сваю задуму. Зрабiў вялiкую скрыню, больш метра даўжынёй, сантыметраў сорак вышынёй i столькi ж ушыркi. У скрыню я насыпаў самай лепшай зямлi i перасадзiў з зямлёй жа даволi багата кветак. Некалькi дзён i начэй гэтая скрыня стаяла ля клумбы, а перад самымi маразамi я занёс яе ў сваё жытло, паставiў на вышыню двух метраў.
Усе ў адзiн голас казалi:
- Нiчога не будзе! Гэтыя кветкi ў памяшканнi жыць не стануць.
А трэба дадаць яшчэ, што ў мяне ўсю ноч гарэла лямпа ў дзвесце ват. Печка, вялiзная, чыгунная, палiлася круглыя суткi, без перапынку.
Што дапамагло - не ведаю: цi святло ад лямпы, якая была на адлегласцi аднаго метра ад кветак, цi цеплыня ад печы, цi добрая акуратная перасадка, але кветкi красавалi безупынна. Адны адцвiталi, другiя пачыналi, зелянiна была цёмна-зялёная, здаровая.
Кожны вечар, прыходзячы з работы, мы падыходзiлi да кветак i разглядвалi iх з добрай, прасветленай усмешкай. Можа, кожны згадваў тыя днi, якiя красавалi для яго, як гэтыя прыгожыя, дзiвосныя кветкi, калi на душы i сэрцы было спакойна i чыста. Хто ведае! Адны ўздыхалi, другiя ўголас выказвалi сваё захапленне.
I дажылi кветкi, прыносячы асалоду ўсiм, аж да канца сакавiка месяца.
Прыйшлося мне, у сваю чаргу, быць адказным дзяжурным на кухнi. Працуючы там, я некалькi разоў хадзiў i падкладваў дровы ў сваю печ, каб трымалася цеплыня. Пад самую ранiцу, гадзiны за паўтары да раздачы снедання, кухар папрасiўся ў мяне:
- Дазволь, я пайду пасплю гадзiнку якую ў цябе!
Не хацелася мне пускаць яго.
- Ты мне кветкi памарозiш!
- Я буду дровы ў печ падкладваць, - дакляраваў кухар.
Што зробiш, прыйшлося дазволiць.
...Калi я пайшоў будзiць кухара, бачу, што з майго комiна не дым, а пара iдзе: апошняя цеплыня выходзiць. Пастукаў у дзверы. Адчынiў ён. Я першым чынам да кветак... Нахiлiлi галоўкi... Я да вядра з вадой, каб папырскаць iх - кубак у вядро не лезе, лёд ледзьве не ў палец таўшчынёй паверх вады... Падкладваў дровы кухар!
Так i загiнулi мае кветкi...
Цяжка ўявiць, якi гвалт быў увечары, калi людзi прыйшлi з работы!
Усю вiну клалi на мяне:
- Навошта ты таго кухара пусцiў...
Кожны шкадаваў аб сваiм. А я - дык аб тым, што не стала каму вiтаць мяне i цiхенька-цiхутка нагадваць мне песеньку, якую калiсьцi спявала мацi... Гэта ж яны, мае кветкi, падавалi сваiмi пялёстачкамi гукi ўцехi, надзеi, наступнай радасцi i, з'яднаўшыся з галасамi кветак майго сэрца, стваралi такую чароўную мелодыю...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .
А сам я i сёння згадаў пра вас, браткi, бо такiя самыя, мiлыя майму сэрцу сiнявокiя браткi я сустрэў у сябе ў Беларусi.