28112.fb2 Пярсцёнак Тота - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Пярсцёнак Тота - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Містэр Джон Вансітарт Сміт, сябра Лонданскага каралеўскага таварыства, быў чалавекам, чыя энергія ў дасягненні мэты і яснасць думкі маглі высунуць яго ў першыя шэрагі навукоўцаў. Аднак ён быў ахвярай уласных амбіцый, якія штурхалі яго на спазнанне шматлікіх навук, замест таго каб засяродзіцца і зрабіцца першым у адной з іх.

У маладосці ў яго былі здольнасці да заалогіі і батанікі, за што сябры празвалі яго Дарвінам, але за крок да звання прафесара ён раптоўна скончыў свае штудыі і зацікавіўся хіміяй. Доследы ў галіне спектру металаў прынеслі яму сяброўства ў каралеўскім таварыстве, але ён зноў парваў з гэтай навукай, год не з’яўляўся ў лабараторыі, а пасля далучыўся да Усходняга таварыства і выдаў працу па іерагліфічных і дэматычных надпісах Эль-Каба — яшчэ адзін прыклад размаітасці і непастаянства ягоных зацікаўленняў.

Але нават найвялікшыя легкадумнікі нарэшце спыняюцца ў сваіх пошуках. Так адбылося і з Джонам Вансітартам Смітам. Чым больш ён заглыбляўся ў таямніцы егіпталогіі, тым больш захапляўся агромністым колам пытанняў, што паўставалі перад ім, і той надзвычайнай важнасцю прадмета, даследаванне якога абяцала кінуць прамень святла на зародак чалавечай цывілізацыі і крыніцу развіцця мастацтва і навукі. Таму містэр Сміт неадкладна ажаніўся з маладой дзяўчынай-егіптолагам, што займалася шостай дынастыяй, і, маючы добры грунт, засеў за збіранне матэрыялаў для работы, якая мусіла аб’яднаць даследаванні Лепсіюса і Шампальёна. Напісанне гэтага артыкула вымагала частых паездак у Луўр, дзе захоўваецца багатая егіпецкая калекцыя, але не так даўно, недзе ў сярэдзіне кастрычніка, з ім здарылася дзівосная прыгода.

Цягнікі сунуліся марудна, канал быў неспакойны, таму навуковец прыехаў у Парыж раздражнёны і разгублены. Ледзь зайшоўшы ў “Гатэль дэ Франс” на вуліцы Лафіт, ён адразу ўпаў на канапу, але праз пару гадзінаў зразумеў, што не зможа заснуць, і таму, нягледзячы на стому, вырашыў накіравацца ў Луўр, развязаць адно пытанне і вярнуцца дадому вячэрнім цягніком. На дварэ імжыла, ён надзеў паліто і рушыў. У Луўры яму ўсё было знаёма, і ён хутка адшукаў патрэбную залу з папірусамі.

Нават самыя гарачыя прыхільнікі Джона Вансітарта Сміта наўрад ці маглі б сказаць, што ён прыгожы мужчына. Глюгавы нос і вострае падбароддзе паказвалі на з’едлівы характар і выбітны інтэлект. Ён трымаў галаву як птушка і ў размове па-птушынаму дзёўб сваіх суразмоўцаў нязгодамі і пярэчаннямі. Стоячы з паднятым да вушэй каўняром паліто, ён мог бачыць у шкляной вітрыне свой нязграбны адбітак. Тут ён пачуў, як у яго за спінай нейкі ангелец рэзка выгукнуў: “Глянь, які дзівак!”

Навуковец меў схільнасць да дробнай пыхлівасці, а таму з падкрэсленай грэблівасцю ставіўся да меркавання абываталяў. Ён сціснуў вусны і ўтаропіўся ў сувой папіруса, а яго сэрца адразу ж напоўнілася непрыязнасцю да вандроўнага племені брытаў.

— Ага, — прамовіў іншы голас, — ён напраўду нейкі незвычайны хлопец.

— А ведаеш, — сказаў першы, — можна падумаць, што ён праз пастаяннае сузіранне мумій і сам стаў падобны да муміі.

— У яго дакладна егіпецкія рысы твару, — прамовіў другі.

Джон Вансітарт Сміт павярнуўся, збіраючыся паставіць на месца сваіх суайчыннікаў з’едлівай заўвагай. Аднак, як ні дзіўна, двое маладых мужчын стаялі спінамі да яго і глядзелі на служку Луўра, што наводзіў бляск на медных вырабах у іншым канцы залы.

— Картэр будзе нас чакаць каля Пале-Раяля, — зірнуўшы на гадзіннік, сказаў адзін з турыстаў, і яны сышлі, пакінуўшы навукоўца сам-насам з ягонымі папірусамі.

“Цікава, што гэтыя пустасловы называюць егіпецкімі рысамі твару”, — падумаў Джон Вансітарт Сміт, і прыўстаў, каб пабачыць твар служкі. Цяжка было ўявіць, але гэта быў менавіта той тып твару, з якім ён быў так добра знаёмы са штудый. Правільныя застыглыя рысы, шырокія бровы, акруглае падбароддзе, цемнаваты колер скуры... ён быў дакладнай копіяй незлічоных статуй, мумій і выяваў, якія ўпрыгожвалі сцены залы.

Абсалютнае падабенства. Мужчына мусіў быць егіпцянінам. Дастаткова было зірнуць на ягоныя вуглаватыя плечы і вузкія сцёгны, каб пераканацца ў гэтым.

Джон Вансітарт Сміт наблізіўся да служкі. Яму было цяжка распачаць размову, бо ён вагаўся перад выбарам паміж паблажлівым тонам старэйшага і добразычлівым тонам роўнага. Калі ён падышоў бліжэй, чалавек павярнуўся да яго тварам, але ягоны позірк быў засяроджаны на працы. Было нешта нечалавечае і надзвычайнае ў ягоным выглядзе. Скура на шчоках і скронях была шкляная і бліскучая, як лакіраваны пергамент. На ёй не было ні і знаку пораў. Немагчыма было ўявіць ані кроплі вільгаці на гэтай сухой паверхні. Ад брыва да падбароддзя твар быў спярэшчаны мільёнам далікатных зморшчынак, якія пераліваліся і перапляталіся, нібы сама прырода імкнулася паказаць, якія дзівосныя і мудрагелістыя візэрункі яна ўмее ствараць.

— Дзе знаходзіцца калекцыя Мемфіса? — запытаў навуковец па-французску з інтанацыяй чалавека, які прыдумаў пытанне толькі для таго, каб распачаць гутарку.

— Там, — суха адказаў служка, кіўнуўшы ў іншы бок залы.

— Вы ж егіпцянін, праўда? — спытаў ангелец.

Служка падняў свае дзіўныя цёмныя вочы на суразмоўцу. Яны былі як шкляныя, з туманным сухім бляскам. Такіх вачэй Сміт яшчэ ніколі не бачыў у жывога чалавека. Як толькі іх позіркі сустрэліся, Сміт заўважыў моцнае хваляванне, якое расло і паглыблялася, пакуль не ператварылася ў нешта паміж жахам і нянавісцю.

— Не, мсье, я француз.

Чалавек рэзка павярнуўся і заглыбіўся ў работу. Навуковец яшчэ хвіліну глядзеў на яго ў здзіўленні, а пасля вярнуўся на сваё месца ў далёкім кутку за дзвярыма, каб працягнуць працу над папірусамі. Але ягоныя думкі так і не змаглі вярнуцца ў папярэдняе рэчышча. Яны ўсё круціліся вакол загадкавага служкі з тварам сфінкса і пергаментнай скурай.

“Дзе ж я бачыў такія вочы?” задумаўся Вансітарт Сміт. “У ім нешта ад яшчаркі, ад паўзуноў. У яго змяіная скура”. Ён занурыўся ў заалагічныя развагі. “Гэта бліскучы эфект. Але тут нешта большае. На твары была пячатка магутнасці, мудрасці — я бачыў гэта — і стомы, вонкавай стомы, і невымоўнага адчаю. Канечне, можа быць, гэта ўсё мая хворая фантазія, але я ніколі не быў так моцна ўражаны. Божа мой, я мушу зірнуць яшчэ раз!” Ён падняўся і абышоў егіпецкія залы, але чалавек, які растрывожыў ягоную цікаўнасць, знік без следу.

Навуковец зноўку зашыўся ў ціхі кут і вярнуўся да сваіх занатовак. Ён вышукваў патрэбную інфармацыю з папірусаў, і яму заставалася толькі запісваць, пакуль усё не выветрылася з памяці. Нейкі час аловак спрытна вандраваў па паперы, але з цягам часу радкі папаўзлі ўніз, словы зрабіліся размытымі, і ўрэшце аловак упаў на падлогу, а галава навукоўца схілілася на грудзі.

Стомлены дарогай, ён так моцна заснуў у сваім зацішным кутку за дзвярыма, што ані бразганне аховы, ані крокі наведнікаў, ані хрыплы званок, што сігналізаваў пра закрыццё музея, не змаглі абудзіць яго.

Змрок перайшоў у цемру, сумятня на вуліцах сунялася, апоўначы пачуўся звон з Нотр-Дама, і толькі цёмная адзінокая постаць містэра Сміта хавалася ў маўклівай цемрадзі залы. Недзе каля гадзіны ночы Вансітарт Сміт глыбока ўздыхнуў і прачнуўся. Спачатку ён падумаў, што заснуў ва ўласным кабінеце. Але пры ясным святле месяца ягоныя вочы хутка прабегліся па бясконцых шэрагах мумій і напаліраваных вітрын, і стала зразумела, дзе ён і як сюды трапіў. Нервы яго былі ў парадку. У яго нават была асаблівая слабасць да нечаканых прыгодаў. Расцягнуўшы вусны ва ўсмешцы, ён паглядзеў на гадзіннік і захіхікаў. Гэты выпадак паслужыць займальнай показкай для яго новай работы і разбавіць грувасткія і глыбакадумныя развагі. Ён крыху змерз, але пачуваўся бадзёра. Не дзіўна, што ахоўнікі не заўважылі яго за цёмнымі дзвярыма.

Яго ўразіла глыбокая цішыня. Ні ўнутры, ні вонкі не было ні гуку. Ён быў сам-насам з мерцвякамі мёртвай цывілізацыі. А за вокнамі стракацеў горад дзевятнаццатага стагоддзя! Ва ўсёй залі не было ніводнай рэчы, пачынаючы ад засохлага зерня пшаніцы і заканчваючы скрынкай з фарбамі, узрост якой не налічваў бы чатырох тысяч гадоў. Гэта ўсё былі абломкі імперыі, выкінутыя на бераг акіянам часу. Гэтыя парэшткі былі прынесеныя сюды з вялікіх Фіваў, высакароднага Луксора, з цудоўных храмаў Геліёпаліса, з сотняў разрабаваных магільняў. Навуковец акінуў позіркам доўгія маўклівыя постаці, што паблісквалі ў змроку, постаці працаўнікоў, што супакоіліся ў вечным адпачынку, і застыў у пашане і одуме. Нязвыклае пачуццё ўласнай нікчэмнасці агарнула яго. Адхіліўшыся на спінку крэсла, ён летуценна паглядзеў у далячынь калідораў, залітых срэбрам месячнага святла. Недзе ў канцы калідора ён заўважыў жоўтае святло лямпы.

Джон Вансітарт Сміт выпрастаўся і замёр. Святло паволі набліжалася, час ад часу спынялася і зноў пасоўвалася далей. Чалавек, што нёс лямпу, рухаўся бясшумна. У мёртвай цішыні не было і намінкі на крокі. У галаве ангельца пранеслася думка пра рабаўнікоў. Ён заціснуўся ў кут. Цяпер лямпа была ў суседняй зале, але крокаў усё яшчэ не было чуваць. З трымценнем, падобным да страху, навуковец зірнуў на твар, што быў асветлены лямпай. Постаць была ў цені, але ён разгледзеў дзіўнае ўсхваляванае аблічча чалавека. Тыя самыя металічна-бліскучыя вочы і трупная скура служкі, з якім ён размаўляў удзень.

Вансітарт Сміт памкнуўся быў да яго, каб патлумачыць, як ён тут апынуўся, і папрасіць вывесці яго праз чорны ход. Але калі чалавек увайшоў у залу, у яго рухах было столькі таямнічасці, што ангелец стрымаўся. Гэта быў не звычайны абход. Служка быў абуты ў мяккія тапачкі, ступаў на дыбачках і азіраўся па баках, а святло лямпы трымцела ад яго ўсхваляванага подыху. Вансітарт Сміт зноў заціснуўся ў кут і пільна сачыў за ім, перакананы, што тут нейкая таямніца ці нават злачынства.

Цяпер служка рухаўся ўпэўнена. Ён імкліва падбег да вітрыны і, дастаўшы ключ з кішэні, адчыніў яе. З верхняй паліцы дастаў мумію і з вялікай пяшчотай і хваляваннем паклаў на падлогу. Побач паставіў лямпу і сеў каля яе ў позу лотаса. Дрыготкімі пальцамі ён пачаў разгортваць сувоі савана. Калі апошнія слаі палатна былі знятыя, моцны водар ахапіў залу і араматычныя палачкі ўпалі на мармуровую падлогу.

Джон Вансітарт Сміт зразумеў, што гэтую мумію яшчэ ніколі не разгортвалі. Дзея неверагодна займала яго. Сачыў ён з цікаўнасцю, і ягоная птушыная галава паволі высоўвалася з-за дзвярэй. Калі ж нарэшце апошні слой быў зняты з чатырохтысячагадовай галавы, ён ледзь стрымаў вокліч захаплення. Каскад доўгіх чорных бліскучых валасоў спадаў на рукі служкі. Далей з-пад тканіны паказаўся нізкі белы лоб з далікатна выгнутымі бровамі. Нарэшце адкрыліся яркія, глыбокія вочы з пышнымі веямі, нос ідэальнай формы і салодкі пачуццёвы рот. Твар быў незвычайнай прыгажосці, і толькі пасярод ілба цямнела нейкая карычневая пляма. Зрэнкі Вансітарта Сміта павялічыліся, і ён працягваў утароплена глядзець, ціўкаючы ад задавальнення.

Аднак гэта было нішто ў параўнанні з тым, што адчуваў служка. Ён узняў рукі ў паветра, выбухнуў чаргой шурпатых словаў, схіліўся над муміяй, абняў і пачаў цалаваць яе вусны і бровы.

— Мая маленькая! — прастагнаў ён па-французску. — Мая бедная дзяўчынка!

Ягоны голас быў поўны пачуцця, незлічоныя зморшчынкі дрыжэлі і перапляталіся, але бліскучыя вочы — навуковец бачыў гэта ў святле лямпы — былі ўсё такія ж сухія, як дзве сталёвыя пацеркі. Праз некалькі хвілінаў ён схіліў сутаргавы твар над прыгожай галавой. Раптам пасміхнуўся, прамовіў нейкія словы на незнаёмай мове і рашуча ўстаў.

У цэнтры залы была круглая вітрына, за якой знаходзілася калекцыя пярсцёнкаў і каштоўных камянёў ранняга Егіпта. Служка падышоў да яе і адчыніў. Збоку ён паставіў лямпу і маленькі гліняны збанок, што дастаў з кішэні. Пасля ён узяў з вітрыны жменю пярсцёнкаў і з сур’ёзным выразам твару пачаў змазваць адзін за адным вадкасцю са збаночка. Ён расчаравана адкладаў адны і браўся за іншыя. Адзін з іх, масіўны пярсцёнак з вялікім крышталём, ён з жарсцю схапіў і пачаў націраць. І тут жа радасна выгукнуў і ўзмахнуў рукой, зачапіўшы збанок з вадкасцю, што расцяклася па падлозе ледзь не да таго месца, дзе хаваўся містэр Сміт. Служка дастаў чырвоную насоўку і, выціраючы, наблізіўся да кута, дзе праз хвілю сутыкнуўся тварам да твару з сваім назіральнікам.

— Выбачайце, — сказаў Джон Вансітарт Сміт з усёй ветлівасцю, якую толькі можна ўявіць. — Я меў неасцярожнасць заснуць тут за дзвярыма.

— І вы падглядалі за мной? — спытаў чалавек па-ангельску з атрутным выразам на мёртвым твары.

Навуковец ніколі не хлусіў.

— Трэба прызнаць, — сказаў ён, — што я пабачыў вашыя рухі, і яны абудзілі ўва мне невымоўную цікаўнасць.

Чалавек дастаў з-за пазухі нож.

— Калі б я заўважыў вас на дзесяць хвілінаў раней, — сказаў ён, — я б працяў вам сэрца. Калі дакранецеся да мяне ці паспрабуеце спыніць, вы нябожчык.

— Я зусім не хачу вам замінаць, — адказаў навуковец. — Я апынуўся тут выпадкова. Усё, што я прашу, дык гэта вашай ласкі паказаць мне выхад адсюль. — Ён звяртаўся вельмі пачціва да чалавека, які ўсё яшчэ прыціскаў вастрыё нажа да далоні левай рукі, нібы запэўніваючыся ў ягонай вастрыні, а твар быў перакошаны злоснай усмешкай.

— Калі б я падумаў… — прамовіў ён. — Але не, магчыма, усё да лепшага. Як вашае імя?

— Джон Вансітарт Сміт.

— Вансітарт Сміт, — паўтарыў служка. — Ці не той Вансітарт Сміт, што апублікаваў у Лондане працу па Эль-Каба? Я бачыў рэцэнзію на яе. Вашыя веды пра прадмет нікчэмныя.

— Сэр! — выгукнуў егіптолаг.

— Хаця гэта ўсё ж лепей за многіх нават з большымі амбіцыямі. Сутнасць жыцця старажытнага Егіпта не ў тых надпісах і помніках, пра якія вы пішаце так шмат, а ў нашай таемнай філасофіі і містычных ведах, пра якія вы нічога або амаль нічога не ведаеце.

— Нашай філасофіі! — паўтарыў навуковец, шырока раскрыўшы вочы, і раптам прамовіў: — Ладна, ладна, зірніце на твар муміі!

Незнаёмец павярнуўся і асвяціў твар мёртвай жанчыны. Стогн адчаю працяў залу. Паветра ўжо знішчыла ўсё мастацтва муміфікацыі. Скура абсыпалася, вочы запалі, бледныя вусны агалілі жоўтыя зубы, і толькі цёмная пляма на ілбе сведчыла пра тое, што гэта быў той самы твар, які ўражваў маладосцю і прыгажосцю яшчэ колькі хвілінаў таму.

Чалавек склаў рукі ў горычы і жаху. А затым, пераадольваючы сябе, зноў зірнуў на ангельца.

— Нічога, — сказаў ён дрыготкім голасам. — Цяпер ужо нічога. Я прыйшоў сюды сёння з рашучым намерам здзейсніць нешта важнае. І здзейсніў. Я разгадаў загадку жыцця. Стары праклён зняты. Я магу ўз’яднацца з ёю. Што цяпер значыць яе бяздушная абалонка перад душой, якая чакае мяне па той бок заслоны!