28112.fb2 Пярсцёнак Тота - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Пярсцёнак Тота - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Вы не можаце сабе ўявіць, наколькі жахлівы час, вы, чый досвед абмяжоўваецца імгненнем паміж калыскай і магілай! А я магу, бо ўсё жыццё мімаволі дрэйфую па плыні гісторыі. Я быў стары, калі пала Троя. Я быў вельмі стары, калі Герадот трапіў у Мэмфіс. Я быў сагнуты гадамі, калі на зямлю прыйшоў Хрыстос. Але я ўсё яшчэ амаль такі ж, як усе: эліксір усё яшчэ грае ў маёй крыві і абараняе ад таго, чаго я так прагну! Але цяпер я нарэшце пакладу гэтаму канец!

Я абышоў увесь свет, пабываў у розных краінах. Для мяне ўсе мовы свету — як родныя. Іх вывучэнне дапамагала мне бавіць час, які цягнуўся бясконца. Ведалі б вы, наколькі марудна сплывалі эпохі: росквіт сучаснай цывілізацыі, панылае сярэднявечча, цёмныя часы варвараў. Усё за плячыма. Але за ўвесь час я ні разу не паглядзеў ні на адну жанчыну закаханымі вачыма. Атма ведае, што ўсё жыццё я быў верны ёй.

Я займеў звычку чытаць усё, што навукоўцы пісалі пра Старажытны Егіпет. Якім бы ні было маё матэрыяльнае становішча, я заўжды знаходзіў капейчыну на адпаведныя часопісы. Дзевяць месяцаў таму я быў у Сан-Францыска, калі мне трапіўся артыкул пра адкрыццё, зробленае непадалёк ад Аварыса. Сэрца ёкнула, калі я прачытаў, што экскаватар раскапаў некалькі падземных магільняў. У адной з іх была знойдзеная неразгорнутая мумія з надпісам на вонкавым саркафагу, які паведамляў, што тут знайшло супакой цела дачкі гарадскога старэйшыны часоў Тутмаса. Калі вечка саркафагу было паднятае, на грудзях жанчыны археолагі ўбачылі вялікі плацінавы пярсцёнак з крышталём. Вось дзе Пармс схаваў пярсцёнак Тота! Надзейна схаваў, бо ведаў, што ніводзін егіпцянін ніколі не парушыць спакою пахаванага сябра.

У тую самую ноч я выехаў з Сан-Францыска і праз колькі тыдняў быў у Аварысе, калі толькі горы пяску і каменныя руіны можна назваць імем вялікага горада. Я падышоў да французаў, што былі тут на раскопах, і распытаў іх. Мне паведамілі, што мумія разам з пярсцёнкам была адпраўленыя ў Каірскі музей. Я паспяшаў у Каір, але спазніўся: усе знаходкі на запатрабаванне археолага Марыета-бея былі адасланыя ў Луўр. Я накіраваўся сюды, і тут, у егіпецкай залі, амаль праз чатыры тысячы гадоў, я зноў пабачыў Атму і пярсцёнак, які так даўно шукаў.

Але як я мог дакрануцца да іх? Як я мог займець да іх доступ? Мне пашчасціла, што месца служкі музея было вольнае. Я пайшоў да дырэктара, упэўніў яго, што шмат ведаю пра Егіпет. У імпэце нагаварыў лішняга. Ён адзначыў, што мне больш пасавала б пасада прафесара, а не кансьержа. Маўляў, я ведаю больш за яго. Толькі некалькі грубых памылак, дапушчаных мной назнарок, пераканалі яго, што ён пераацаніў мае веды. Тады ён дазволіў мне перанесці мае рэчы ў гэтую каморку. Гэта мая першая і апошняя ноч тут.

Вось уся мая гісторыя, містэр Вансітарт Сміт. Мне больш няма чаго дадаць. Сёння вы бачылі твар жанчыны, якую я кахаў цэлую вечнасць. У вітрыне было шмат пярсцёнкаў, таму я мусіў іх праверыць на плаціну, каб быць пэўным, што гэта менавіта той, што мне патрэбны. Аднаго позірку на пярсцёнак мне хапіла, каб заўважыць, што атрута яшчэ ўнутры, і я нарэшце змагу скінуць з сябе цяжар праклятага здароўя, якое для мяне горш за самую цяжкую хваробу. Я ўсё расказаў. Мне стала лягчэй. Вы можаце расказаць маю гісторыю, а можаце захаваць у таямніцы. Як вам будзе заўгодна. Я мушу вам падзякаваць за тое, што вы выслухалі мяне. Я быў нікчэмным чалавекам, не пераймайцеся на мой конт. Вось дзверы. Яны выходзяць на вуліцу Цівалі. Дабранач!

Ангелец азірнуўся. Нейкі момант у дзвярным вушаку яшчэ была бачная танклявая постаць Сосры. Затым дзверы бразнулі, цяжкі скрыгат клямкі парушыў начную цішу.

На другі дзень пасля вяртання ў Лондан містэр Джон Вансітарт Сміт пабачыў у Таймс кароткую нататку пад назвай “Дзіўнае здарэнне ў Луўры”.

“Сёння раніцай у егіпецкай зале Луўра быў знойдзены труп музейнага служкі, што ляжаў на падлозе, абдымаючы мумію. Абдымкі былі настолькі моцныя, што ахове давялося прыкласці нямала высілкаў, каб раз’яднаць іх. Адна з вітрынаў, у якой захоўваліся каштоўныя пярсцёнкі, была разрабаваная. Паводле меркавання паліцыі, гэты чалавек меў намер скрасці мумію з мэтай продажу прыватным калекцыянерам, але падчас злачынства ў яго здарыўся сардэчны прыступ, які і стаў прычынай смерці. Гэта быў мужчына няпэўнага веку і дзіўнага выгляду. Як высветлілася, ён не меў нікога, хто мог бы аплакаць яго трагічную і заўчасную смерць”.