28139.fb2
Лёва Троцкі — генерал,
Літаратар і палітык.
У яго нястрымны шал:
Ён паэт, філосаф, крытык.
То спявае пра траву —
То касой па той траве.
Кожны мае галаву,
Лёва Троцкі мае дзве.
Надта выхвалялася спевам (больш не мела чым) адна з сябровак; брыд- кая, па-мужчынску астрыжаная і якая на 90 працэнтаў нагадвала мужчыну. Спявала пад акампанемент гітары «Жаночае раўнапраўе».
Маня будзе камісарам, камісарам, камісарам,
Таня будзе сакратарам, сакратарам, сакратарам.
Пакуль што мая праца нудная і нецікавая. Незвычайных прыгодаў няма — ні самалётаў, ні падводных лодак, ні каркаломных пагоняў, ні кіламетровых падкопаў, ані ўскрыцця незгаральных сейфаў. Цяпер я інакш на ўсё гэта гля- джу. Цікава, як будзе далей. Людзі любяць, каб іх падманвалі. Услаўляюць хлусню. Жыццё гэта не кіно, не фільм і не сенсацыйны раман. Там мужчына, пераапрануты пакаёўкай, падслухоўвае вялікія дзяржаўныя таямніцы, а ў жыцці: у цягніках, установах, на вакзалах — усюды плакаты: «Болтун — находка для шпиона». Мая праца — праца чорнарабочага выведкі. І я часам так напакутуюся за мяжой, што вырашаю кінуць гэты занятак, як нецікавы і нявыгадны — колькі той платы; калі ж па вяртанні і кароткім адпачынку падумаю пра яе, дык адчуваю дрыжыкі і зноў хочацца мне як хутчэй ісці туды, дзе рызыка. Магчыма, мяне пакуль што забаўляе навізна, а магчыма, засмоктвае звычка.
На сёння даволі.
Баранавічы, 20 верасня 1922 г.
Цікавая справа. Сёння мяне пратакольна дапытвалі наконт наступных пытанняў: калі папярэднім разам я вярнуўся з-за мяжы (назаві дакладную дату і гадзіну), на якім адрэзку зваротна перасягнуў мяжу (назаві нумары слупоў), ці ведаю агента Пятрова і ці сустракаўся з ім за мяжой. Падрабязна адказаў на ўсе пытанні. Пра Пятрова адказаў, што чуў пра існаванне такога агента і трохі ведаю пра ягоную дзейнасць, але ніколі з ім не сустракаўся.
Дзіўная рэч. Што гэта значыць? Я не хвалююся, бо я ў парадку і заўсё- ды такім застануся (я не патраплю ў такую сітуацыю, калі стану адначасова служыць двум багам), толькі вельмі цікава, чаму мяне гэтак распытвалі. Што, не давяраюць? Гэта для мяне загадка і трэба абавязкова яе разгадаць. Тут заўважу, што Пятроў адзін з самых легендарных агентаў нашай выведкі. Пра ягоныя прыгоды за кардонам проста цуды распавядаюць. Паходжаннем Пятроў расеец. Быў заслужаным афіцэрам Чырвонай арміі, а пасля вайны атрымаў пасаду камандзіра памежнай паласы. Гэта быў чалавек энергіч- ны, шчыры, праўдзівы — кожнаму рэзаў «матку-праўду» ў вочы. Менавіта з гэтай прычыны меў даволі шмат ворагаў і непрыяцеляў, якія імкнуліся яго ачарніць перад вышэйшым начальствам. Да ўсяго Пятроў быў какаіністам, але за гэтым зеллем надта не ўлягаў. Не пагарджаў і гарэлачкай, але таксама з толкам. Меў сваю прыказку: «Пі, а справу рабі». Вось ворагі Пятрова так пакіравалі нейкай справай, што яго арыштавалі. Абвінавацілі ў вялікіх парушэннях і злоўжыванні службовым становішчам. Ведаючы, з кім мае дачыненне, ён не чакаў справядлівасці ад савецкай юрыспрудэнцыі, а ўцёк з кутузкі пагранатрада і перайшоў мяжу. У Польшчы атрымаў права на палі- тычны прытулак. Неўзабаве пачаў працаваць у закардоннай выведцы. Праца- ваў надзвычай умела, нават зухавата. Калі я толькі пачынаў сваю дзейнасць, ён быў ужо славутым агентам. Роўны яму быў толькі Ян Пялінскі, але які ўвесну 1922 г. трапіў у кіпцюры ЧК у выніку здрады аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў. Вось што гэтулькі і ведаю пра таго Пятрова.
Кола маіх знаёмых на радзіме таксама пашырылася, і ў мяне ёсць, насу- перак маёй канспіратыўнай натуры, некалькі знаёмых сярод агентаў закардоннай выведкі. Не буду пра гэта пісаць, бо гэта не мае да мяне асаблівага дачынення.
Калі прыехаў у Баранавічы, дык зноўку спыніўся ва Уладзіка Каліса. Не паспеў прывесці сябе ў парадак, як прыйшоў Палкоўнік.
— «Мы на горе всем буржуям мировой пожар раздуем», — раўнуў ад парога цытатай. — Ну, як там ідзе паглыбленне рэвалюцыі? Бібліятэкі ўсе спалілі? Раялі, люстры ўсе пабілі?
Даў яму дзве васьмушкі махоркі. Палкоўнік усцешыўся, як дзіця цацкай.
— Толькі махорка там нечага і вартая, — казаў, напіхваючы крупкай кароткую люлечку, — ну і тытунь, усе астатнія — свінства.
Уладзік пайшоў па гарэлку, а я паказаў Палкоўніку фотаздымак Лізкі.
— Ты казаў, што з цябе добры фізіянаміст, дык вызначы мне характар гэтай «цыганкі». Цікава пачуць меркаванне спецыяліста.
Ён доўга і ўважліва ўглядаўся ў выяву Лізкі, то набліжаючы, то аддаляю- чы партрэт на даўжыню рукі.
— Якога колеру валасы? — спытаў неўзабаве.
— Светлыя.
— Бачу, што светлыя, але мяне цікавіць адценне.
— Пераходзяць у залаты колер.
— А вочы?
— Таксама залацістыя.
— Каціныя?
— Так. ёсць у іх нешта. тыгрынае.
— Гм. Што я табе скажу? Сам, мабыць, лепей бачыш: вочы злёгку пры- мружаныя, таямнічыя, выраз мае гэткі таксама няўлоўны нейкі. Уся яе таям- ніца ў тым, што мае сто палюбоўнікаў, а пра сто першага марыць.
— Ды яна дзяўчына. Амаль дзіця.
Палкоўнік засмяяўся.
— Я табе не распавядаю: што было, ёсць альбо будзе. Я не варажбітка. Я табе паказваю схільнасці і ідэнтыфікую характар з яе вонкавых рысаў. Тут найпершую ролю адыгрывае інтуіцыя. Можа быць цнатлівіцай, а мець душу разбэшчанай распусніцы. Гэта куртызанка. У яе павага толькі да сілы і бізуна, а да пакоры — пагарда. Жорсткасць з яе зробіць чалавека, хіба так. А пяшчота, далікатнасць яе пацешыць. Яна з тых практычных жанчын, якія ніколі не прывязваюцца сэрцам, толькі целам, але ненадоўга. Найдаўжэй розумам. Як котка: цёпла, утульна — варкоча, спіну выгінае, хвост угару; холодна, голадна, мокра — кіпцікі атрасе, чмыхне. і adieu, Фрузю. Любіць, каб усё кідалася ў вочы: мішуру, паставу, гучныя словы, а найперш сябе, сябе, сябе. Свае вочы, твар, валасы, вусны, усё цела, якое лічыць боскім дарам чалавецтву. Найбольшае задавальненне для яе — знаходзіцца сярод мужчын якія абагаўляюць яе. Яна хоча адчуваць на сабе цяжкія, пажадлівыя, драпеж- ныя, каламутныя ад юрлівасці пагляды самцоў.
— Хм, — хмыкнуў я.
— У яе разуменні свет існуе толькі дзеля таго, каб быць фонам для яе прыгажосці, мужчыны — каб ёй захапляцца і яе прагнуць, — не спыняўся Палкоўнік. — Усё прымае за чыстую манету. Кожную ліслівасць. Што табе яшчэ сказаць?..
— Досыць — падзякаваў я яму трохі пакрыўджаны. — Некаторыя азна- чэнні характару былі вельмі трапныя, але беспадстаўныя.
— Правільна, — прамовіў ён, — каб вынесці справядлівы прысуд, трэба пуд солі з’есці з чалавекам. Але ёсць тыповыя ўзоры і агульныя прынцыпы, якія даюць нам магчымасць вызначыцца. У тваім выпадку тып вельмі яркі і. прабач, даволі пляскаты; як кружэлка. Мелкаватая натура, што паробіш, не крыўдзься. Яна, як сагрэтая сонцам плытнеча ў невялічкай рачной зато- цы; далей у рацэ ёсць цёмныя глыбіні, невядомыя плыні, халодныя, таямні- чыя, а пры беразе цёплая вада, што цячэ лена, прыемная для цела, але нясмач- ная... — Палкоўнік задумаўся. — І нават шкодная.
Вярнуўся Уладзік, і гутарка перайшла на іншае. Мяне заўсёды цікавілі меркаванні Палкоўніка пра людзей, паколькі былі каларытныя, шчырыя, і найчасцей надзвычай трапныя. Я дзялю людзей на вельмі нешматлікія катэгорыі, але і гэта не заўсёды. Бачу чалавека, ён падаецца мне культурным і высакародным. Пазнаёмлюся з ім бліжэй — звычайны, нудны; яшчэ бліжэй яго спазнаю — выявіцца, што гаваркі, таварыскі, бескарыслівы. Гэтак працяг- ваецца вельмі доўга і кожны раз той самы чалавек здаецца мне іншым. Што да майго стаўлення да людзей наогул, акрэслю коратка: у мяне чалавек, нягле- дзячы на нацыянальнасць, веравызнанне, адукацыю, пасаду, заможнасць, выгляд, тады нечага варты, калі жывучы ў пэўным асяроддзі, не шкодзіць блізкім з таго асяроддзя, але ў меру сваіх сіл і таленту стараецца быць для іх карысным. Гэта здаецца самай справядлівай адзнакай каштоўнасці чалавека, адносна да групы, да якой непасрэдна прыналежыць.
Я прыкмеціў за сабою, што маю ўсё большую цягу да авантурніцтва. Часам гэта пераходзіць усе разумныя межы. Дайшло да таго, што пачаў пра- вакаваць скандалы нават цвярозы.
Палкоўнік, які быў сведкам аднаго сапраўднага дэбоша, учыненага мною на рынку, паведаміў пазней, што жадае пазнаёміць мяне з пэўнымі жанчына- мі. «Не такімі як твая Лёлька, — дадаў неўзабаве, маючы на ўвазе маю выпад- ковую палюбоўніцу, — толькі з такімі, якія могуць станоўча паўплываць на цябе, бо ты робішся дзікім». Увечары ён узнавіў прапанову пайсці ў тое, як
выказаўся, лепшае таварыства. Уладзік яго падтрымаў. Гэта мяне раззлавала:
— Што значыць «лепшае таварыства»? Не жадаю быць ціхмяным і доб- ранькім. Хачу быць горшым.
Увечары пайшоў да Лёлькі і ў гатэлі, дзе яна стала жыве, закаціў гэткі скандал, учыніў такое буянства, са стралянінай, ламаннем мэблі і біццём шыбаў, што здарэнне прызналі вартым афармлення паліцыйскага пратакола. Паперу накіравалі майму начальніку... Ат, мне ўсё адно.
У гэтай Лёлькі я, сам таго не жадаючы, забіў вожыка. Яна па ім гэтак плакала і мне самому зрабілася вельмі шкада ні ў чым непавіннага звярка. А здарылася наступнае. Пасварыліся мы з-за драбязы, з-за поўнага глупства. Яна ў пасцелі пачала дэманстраваць ногі, залётна пытаючыся: «Ну як, пры- гожыя?» Я скрывіўся: «Што тут прыгожага? Лапы як лапы». Яна ў адказ засмяялася і спытала: «А чаму так ты горнешся да іх?» Не ведаю чаму, але гэта мяне раз’юшыла. Слова за словам — пачалася сварка. Сказаў ёй штосьці крыўдлівае. Страшэнна абурылася і пачала спіхваць мяне з ложка. Я устаў, сцягнуў коўдру, разаслаў яе на падлозе, паклаў пад галаву некалькіх кніг і накрыўся сваім плашчом. Амаль заснуў, калі пачуў, што каля мяне штосьці поўзае і варушыць плашч; памацаў — вожык; калючы, зараза. Адпіхнуў яго. Зноўку лезе... Быў гэта спешчаны ўлюбёнец Лёлькі. Я раззлаваўся; намацаў на падлозе Лёлькін чаравік і некалькі разоў стукнуў у цемры наўздагад, хочу- чы адпудзіць вожыка, каб не перашкаджаў мне спаць. Аніяк не меркаваў, што можна такім чынам яго забіць. І ніколі б гэтага не здарылася, калі б небарака не верыў залішне людзям. Не згарнуўся ў клубок і, відаць па ўсім, адзін з маіх удараў патрапіў яму ў нос. Раніцой я прачнуўся ад Лёльчынага плачу. Усхапіў- ся на ногі. Што здарылася? Гляджу, а вожык ляжыць лапкамі набок. Небарака спруцянеў. Я ніяк не мог суцешыць Лёльку. Мажліва, гэта быў адзіны, беска- рыслівы ейны сябар. Мушу абавязкова даведацца, дзе можна купіць вожыка... Шкада Лёлькі, шкада і вожыка. Колькі благога людзі робяць жывёлам. Адны праз жорсткасць, другія здуру, іншыя праз няўвагу. Я люблю жыўнасць, і гэт- кае зверства над вожыкам адтрымалася выпадкова, ад няўважлівасці.
Ліда, 24 верасня 1922 г.
Трэці дзень у Лідзе. Паабяцаў братам Сноўскім прыехаць да іх і стры- маў слова. У Баранавічах было сумнавата. Лёлька ўсё плакала па Ерыку (так звала вожыка), а Палкоўнік і Уладзік усё імкнуліся адвесці мяне ў «лепшае таварыства», каб утаймаваць мае буянствы. А я гэтага не жадаю... Ісці да прыстойных дзяўчат, дык я не ўмею ні элегантна апранацца, ні казаць гладкіх фраз. Манеры мае жадаюць лепшага, магу на бяду ляпнуць такое глупства, што... ого-го! Навошта мне гэта?.. Не ўсе памяркоўныя... Таму сеў я на цягнік і гайдануў у Ліду.