28293.fb2 Размова з муміяй - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Размова з муміяй - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Учорашняй бяседы было крыху зашмат для маіх нерваў. Мне пачала жахліва балець галава і да таго ж неадольна хіліла ў сон. З гэтай прычыны я, замест таго каб згодна з планамі прабавіць вечар у гасцях, вырашыў, што самае мудрае ў маім выпадку — злёгку павячэраць і неадкладна легчы спаць.

Вячэра была ну вельмі лёгкая. Я вялікі аматар грэнак па-валійску — гарачых, з расплаўленым сырам. Але нават іх звычайна не варта з’ядаць адным захадам больш за фунт. Тым не менш, якія-небудзь сур’ёзныя пярэчанні нават супраць двух фунтаў адсутнічаюць. Двух ці трох — вялікай розніцы тут няма. Таму я спыніўся на чатырох. Мая жонка сцвярджае, што на пяці, але яна, несумненна, пераблытала дзве вельмі розныя рэчы. Саму па сабе лічбу пяць я не адмаўляю, але з ўсёй дакладнасцю магу давесці, што яна адносілася да бутэлек чорнага портара: без такой прыправы грэнак па-валійску трэба пазбягаць як толькі магчыма.

Сціпла такім чынам павячэраўшы і надзеўшы начны каўпак са шчырай надзеяй не здымаць яго да наступнага полудня, я ўсклаў галаву на падушку і, як чалавек з самым чыстым сумленнем, у тое ж імгненне заснуў.

Але ці спраўджваліся калі чалавечыя надзеі? Бо не паспеў я выдаць і трэцяга храпу, як хтосьці люта зазваніў у мой званок, а пасля нецярпліва закалаціў дзвярным малатком — і гэта канчаткова абудзіла мяне. Праз хвіліну, калі я ўсё яшчэ праціраў вочы, жонка сунула мне пад нос цыдулку ад майго старога сябра, доктара Зубдамуса. Там было напісана:

Мой дарагі сябра! Як толькі вы гэта атрымаеце, абавязкова і неадкладна прыходзьце да мяне. Прыходзьце і парадуйцеся разам з намі! Пасля доўгіх і настойлівых дыпламатычных перамоваў я ўрэшце атрымаў ад дырэкцыі гарадскога музея згоду на вывучэнне муміі — вы памятаеце, якой. Мне дазволена распавіць і, калі трэба, ускрыць яе. Прысутнічаць пры гэтым будзе толькі некалькі сяброў — вы, безумоўна, у іх ліку. Цяпер мумія ляжыць у мяне дома, раскручваць яе мы пачнем сёння аб адзінаццатай.

Шчыра ваш,

Зубдамус

Дайшоўшы да слова «Зубдамус», я зразумеў, што прачнуўся акурат у такой ступені, у якой гэта неабходна. Я ў захапленні выскачыў з ложка, руйнуючы ўсё па дарозе, проста з неверагоднай хуткасцю апрануўся і поўным ходам кінуўся да доктара.

Усе ўжо сабраліся і нецярпліва чакалі майго з’яўлення; мумію размясцілі на абедзенным стале. Я ўвайшоў акурат у самым пачатку даследавання.

Гэта была адна з дзвюх муміяў, прывезеных некалькі гадоў таму кузэнам Зубдамуса капітанам Артурам Ківерам з Лівійскіх гор, з пахавання каля Іліфіі, за шмат кіламетраў ад Фіваў на Ніле. Пячоры ў гэтай мясцовасці хай сабе і не так уражваюць, як фіванскія пахаванні, але ўяўляюць вялікую цікавасць, бо ў іх можна знайсці шмат выяваў, што расказваюць пра быт егіпцянаў. Камера, у якой знайшлі наш экспанат, лічылася вельмі багатай на такія выявы: яе сцены былі суцэльна пакрытыя фрэскамі і барэльефамі, а статуі, вазы і раскошныя мазаікі сведчылі пра заможнасць памерлых.

Гэты скарб перамясціўся ў музей у тым самым выглядзе, у якім знайшоў яго капітан Ківер — труна засталася непатрывожанай. Так яна прастаяла ў музеі восем гадоў, даючы публіцы магчымасць выключна вонкавага агляду. Такім чынам, перад намі ляжала нікім не кранутая мумія, і тыя, хто ўяўляе, як рэдка старажытнасці дасягаюць нашых берагоў неабрабаванымі, адразу зразумеюць, колькі мы мелі нагодаў дзякаваць нашаму шчасліваму лёсу.

Падышоўшы да стала, я ўбачыў на ім вялікую каробку, ці скрыню, каля сямі футаў даўжынёй, прыкладна тры футы шырынёй і два з паловай футы вышынёй. Яна была прадаўгаватай формы, але не ў форме труны. Спачатку нам падалося, што яна вырабленая з драўніны сікамора (сямейства платанавых), але зрабіўшы надрэз, мы зразумелі, што яна з кардону ці, дакладней кажучы, з папірусавага пап’е-машэ. Яна была пышна ўпрыгожаная сцэнамі пахавання і іншымі жалобнымі выявамі, якія ў самых розных месцах перамяжаліся аднолькавымі іерогліфамі, што без сумневу абазначалі імя памерлага. На шчасце, сярод нас знаходзіўся містэр Глідан, які з лёгкасцю расшыфраваў зроблены простым фанетычным пісьмом надпіс. Ён чытаўся як «Хібанахібіё».

Адчыніць скрыню, не пашкодзіўшы яе, выявілася справай нялёгкай, аднак даўшы ўрэшце гэтаму рады, мы знайшлі ўнутры другую скрыню, больш падобную да труны і нашмат меншую за папярэднюю ў памеры, але ва ўсім астатнім — яе дакладную копію. Прамежак паміж імі быў запоўнены смалой, і гэта ў некаторай ступені пашкодзіла фарбы ўнутранай скрыні.

Адчыніўшы і яе (а гэта атрымалася ў нас досыць лёгка), мы дайшлі да трэцяй скрыні, якая таксама мела форму труны і адрознівалася ад папярэдняй толькі матэрыялам: яна была зробленая з кедру і дагэтуль струменіла своеасаблівы і надзвычай духмяны пах гэтага дрэва. Паміж гэтымі дзвюма скрынямі вольнага месца не заставалася — яны былі дакладна падагнаныя адна да адной.

Адчыніўшы трэцюю скрыню, мы знайшлі там саму мумію і выцягнулі яе вонкі. Мы чакалі, што яна, як звычайна, будзе цесна спавітая палатнянымі палосамі ці стужкамі, аднак замест гэтага ўбачылі штосьці накшталт пакрытага слоем замазкі футарала з папірусу, багата пазалочанага і размаляванага. Малюнкі гэтыя выяўлялі самыя розныя нібыта падарожжы душы і яе сустрэчы з шэрагам бостваў, а таксама безліч аднолькавых чалавечых фігурак — верагодна, адлюстраванняў забальзамаваных асобаў. Ад галавы да ног муміі папярочным слупком ішоў надпіс, зроблены фанетычнымі іерогліфамі, які зноў называў імя памерлага і яго тытулы, а таксама імёны і тытулы яго родных.

Такім самым футаралам шыю муміі ахоплівалі каралі з цыліндрычных рознакаляровых пацерак, сплеценых у форме багоў, скарабеяў і іншага, а таксама шару з крыламі. Такія ж каралі, ці пояс, ахоплівалі і талію.

Зняўшы папірус, мы ўбачылі, што цела ў выдатным стане і зусім не пахне. Скура была чырванаватага колеру, цвёрдая, гладкая і бліскучая. Зубы і валасы таксама добра захаваліся. Вочы, відаць, дасталі і замянілі на шкляныя шарыкі, надзвычай прыгожыя і неверагодна праўдападобныя, хіба што пазіралі яны занадта рашуча. Пазногці і пальцы блішчэлі пазалотай.

Містэр Глідан выказаў думку, што, мяркуючы па чырвоным колеры эпідэрмісу, цела бальзамавалася выключна асфальтавай смалой, аднак калі са скуры саскрэблі крыху парашкападобнага рэчыва і кінулі яго ў агонь, усе выразна адчулі водар камфоры і духмяных смолаў.

Мы вельмі старанна агледзелі цела, шукаючы адтуліны, праз якія звычайна дастаюцца вантробы, але, на сваё здзіўленне, нічога такога не знайшлі. У той час ніхто з нас не ведаў, што цэлыя і няўскрытыя муміі сустракаюцца не так ужо і рэдка. Мозг часцей за ўсё вымаўся праз нос, кішкі — праз надрэзы ў баку, пасля чаго цела галілі, абмывалі і апускалі ў саляны раствор, і толькі праз некалькі тыдняў пачыналася ўласна бальзамаванне.

Ніякіх надрэзаў мы так і не знайшлі, і доктар Зубдамус пачаў рыхтаваць інструменты для ўскрыцця, але тут я заўважыў, што мінула ўжо другая гадзіна ночы. Мы вырашылі адкласці ўнутранае даследаванне да наступнага вечара і сабраліся ўжо разыходзіцца, калі хтосьці сказаў: «А ці не правесці нам дослед-другі з гальванічнай батарэяй?»

Ідэя ўздзейнічаць на мумію ўзростам як найменш тры ці чатыры тысячы гадоў была калі і не зусім геніяльнай, то абсалютна свежай, і мы ўсе адразу ж яе падхапілі — на дзевяць дзясятых жартам і на адну дзясятую ўсур’ёз. Мы ўсталявалі ў кабінеце доктара батарэю і перанеслі туды егіпцяніна.

Толькі пасля доўгіх намаганняў мы здолелі крыху агаліць скроневыя цягліцы, якія выявіліся не такімі скамянелымі, як астатнія часткі цела, аднак (як мы і чакалі) натуральным чынам не паказалі пасля судакранання з дротам ніякай гальванічнай адчувальнасці. Вынікі гэтай першай спробы падаліся пераканаўчымі, і мы, у душы смеючыся з уласнай дурасці, ужо вырашылі пажадаць адзін аднаму добрае ночы, калі мой погляд выпадкова ўпаў на мумію і адразу ж на ёй спыніўся. Але напраўду хапіла б і аднаго беглага позірку, кааб упэўніцца ў тым, што вочы муміі, зробленыя, як мы меркавалі, са шкла і адзначаныя намі за рашучы выраз, былі цяпер прыкрытыя павекамі так, што бачнымі заставаліся толькі тонкія палоскі бялкоў.

Сваім ускрыкам я звярнуў увагу на гэтую акалічнасць, і праз імгненне пра яе ўжо ведалі ўсе.

Не магу сказаць, што з’ява гэтая мяне ўстрывожыла, бо трывога ў маім выпадку — не самае дакладнае слова. Цалкам мажліва, што калі б не чорны портар, я быў бы крыху ўсхваляваны. Што да рэшты нашае кампаніі, ніхто нават не спрабаваў схаваць жах, які яго апанаваў. На доктара Зубдамуса нават зірнуць без шкадавання было нельга. Містэр Глідан так спалохаўся, што нейкім адмысловым чынам увогуле зрабіўся нябачным. А ў містэра Сілка Бэкінгема, думаю, наўрад ці хопіць мужнасці адмаўляць, што ён кінуўся пад стол з усіх чатырох канцавінаў.

Аднак калі прайшло першае ўзрушэнне, мы, натуральна, тут жа вырашылі працягнуць эксперымент. Цяпер усе нашыя высілкі былі скіраваныя на вялікі палец правай нагі. Мы зрабілі надрэз з боку os sesamoideum pollicis pedis *, агаліўшы корань адводнае цягліцы. Прыладзіўшы батарэю, мы скіравалі ток на рассечаны нерв, і тут мумія, рухаючыся зусім як жывая, спачатку сагнула правую нагу, амаль прыціснуўшы калена да жывата, а пасля з неверагоднай сілай выпрастала канцавіну, узнагародзіўшы доктара Зубдамуса штурхалём, які меў досыць сур’ёзны вынік: гэты джэнтльмен вылецеў праз акно на вуліцу не раўнуючы камень з катапульты.

* Cесамападобная костка вялікага пальца нагі (лац.).

Мы ўсе разам кінуліся вонкі, каб прынесці разбітыя рэшткі ахвяры, аднак мелі шчасце спаткаць Зубдамуса на лесвіцы — ён на ўсёй магчымай хуткасці імчаў назад, прасякнуты філасафічнай жарсцю і больш чым калі-небудзь яшчэ ўпэўнены ў неабходнасці з усёй сілай і ўсім запалам працягнуць наш дослед.

Згодна з яго парадай мы тут жа зрабілі глыбокі надрэз на кончыку носа аб’екта нашага эксперыменту, і доктар, схапіўшы гэты самы нос нецярплівымі рукамі, рэзкім штуршком падцягнуў мумію да дроту.

Атмасфера наэлектрызавалася — як у фізічным, так і ў метафізічным, як у наўпростым, так і ў пераносным сэнсе. Па-першае, труп адкрыў вочы і некалькі хвілінаў вельмі хутка міргаў, акурат як містэр Барнс у пантаміме, па-другое, ён чхнуў, па-трэцяе, сеў, па-чацвертае, патрос кулаком перад тварам доктара Зубдамуса і па-пятае, павярнуўшыся да высакародных Глідана і Бэкінгема, на дасканалай егіпецкай звярнуўся да іх з наступнымі словамі:

— Мушу сказаць, джэнтльмены, што вашыя паводзіны здзівілі мяне настолькі ж, наколькі пакрыўдзілі. Ад доктара Зубдамуса нічога лепшага і чакаць не варта, ён проста нікчэмны тоўсты дурань, іншага абыходжання ён і не ведае. Мне шкада яго, і яму я дарую. Але вы, містэр Глідан, вы, містэр Сілк, — вы, што столькі падарожнічалі і столькі часу правялі ў Егіпце, што можна падумаць, там і нарадзіліся, вы, якія так доўга жылі сярод нас, што гаворыце цяпер па-егіпецку гэтаксама свабодна, як, мяркую, пішаце на сваёй роднай мове, вы, якіх я заўсёды ўважаў за блізкіх сяброў муміяў, — ад вас я напраўду чакаў паводзінаў больш джэнтльменскіх. І што мне цяпер думаць пра вас, калі вы спакойна стаіце сабе і назіраеце, як непачціва са мной абыходзяцца? Як мне разумець тое, што вы дазваляеце любому сустрэчнаму здымаць з мяне саркафагі і адзежы ў такім агідна халодным клімаце? І самае галоўнае — якога меркавання трымацца мне што да вашае дапамогі і вашага судзейнічання гэтаму жалю вартаму нягодніку, гэтаму доктару Зубдамусу, у цяганні мяне за нос?

Можна было чакаць, што, пачуўшы ў такой сітуацыі гэтую прамову, кожны з нас альбо кінецца да дзвярэй, альбо заб’ецца ў істэрыцы, альбо ўвогуле страціць прытомнасць. Любое з гэтых трох дзеянняў выглядала б цалкам натуральна. Усе гэтыя спосабы рэагавання, безумоўна, маглі мець месца. І, слова гонару, я дагэтуль не магу зразумець, чаму нічога такога не адбылося ні з адным з нас. Магчыма, сапраўдная прычына гэтага палягае ў духу эпохі, які дзейнічае зусім адваротным спосабам і якім цяпер тлумачаць любую парадаксальную ці неверагодную з’яву. Альбо, можа быць, уся справа ў тым, што мумія трымалася вельмі натуральна і нязмушана, і гэта пазбавіла яе словы жахлівага гучання. Як бы там ні было, факт ёсць фактам: ніводны з нашае кампаніі не адчуў ніякага адмысловага трымцення і нават не падаў выгляду, што нешта вакол нас адбываецца надта ўжо не так.

Я, напрыклад, быў цалкам упэўнены, што ўсё так і мае быць, і толькі пасунуўся трошачкі назад, падалей ад кулака егіпцяніна. Доктар Зубдамус вельмі пачырванеў і, узіраючыся ў твар муміі, засунуў рукі ў кішэні штаноў. Містэр Глідан пагладзіў бараду і паправіў каўнер кашулі. Містэр Бэкінгем апусціў галаву і засунуў вялікі палец правай рукі ў левы куточак рота.

Некалькі хвілінаў егіпцянін сувора разглядаў яго і ўрэшце насмешліва зазначыў:

— Містэр Бэкінгем, чаго вы маўчыце? Вы чулі мае пытанні ці не? І дастаньце палец з рота!

Містэр Бэкінгем адразу ж злёгку скалануўся, дастаў вялікі палец правай рукі з левага куточка рота і ў якасці кампенсацыі ўклаў вялікі палец левай рукі ў правы куточак вышэйзгаданай адтуліны.

Не атрымаўшы адказу ад містэра Бэкінгема, мумія раздражнёна павярнулася да містэра Глідана і безапеляцыйным тонам у агульных выразах запатрабавала ад яго прыкладна таго ж самага.

Містэр Глідан грунтоўна адказаў ёй на размоўнай егіпецкай, і калі б у нашых амерыканскіх друкарнях не было такога сур’ёзнага недахопу іерагліфічных шрыфтоў, я з вялікім задавальненнем змясціў бы гэтую выбітную прамову ў арыгінале.

Тут я скарыстаюся магчымасцю і ўдакладню, што ўся наступная размова з муміяй вялася на старажытнаегіпецкай мове пры пасярэдніцтве (калі справа датычыла мяне і іншых сябраў-дамаседаў нашае кампаніі), пры пасярэдніцтве, паўтаруся, перакладчыкаў містэра Глідана і містэра Бэкінгема. Гэтыя джэнтльмены гаварылі на матчынай мове ўсіх муміяў з непаўторнай хуткасцю і вытанчанасцю, але я не мог не звярнуць увагу на тое, што час ад часу (калі з’яўлялася неабходнасць закрануць нейкія цалкам сучасныя і, натуральна, цалкам невядомыя нашаму госцю паняцці) два падарожнікі былі змушаныя тлумачыць нейкія адмысловыя значэнні ледзь не на мігах. Так, напрыклад, у адзін момант містэр Глідан не мог патлумачыць егіпцяніну паняцце «палітыка» да таго часу, пакуль не намаляваў вугольчыкам на сцяне карбункуланосага джэнтльмена з падранымі локцямі, які выступаў з прамовай, адставіўшы назад левую нагу, правую руку са сціснутым кулаком выцягнуўшы наперад, з вачыма, вырачанымі ў нябёсы, і з ротам, адкрытым пад вуглом у дзевяноста градусаў. А містэр Бэкінгем ніяк не мог патлумачыць вельмі сучаснае паняцце «сухі закон», пакуль згодна з парадай доктара Зубдамуса не дастаў з-пад палы і, моцна пачырванеўшы, не паказаў чужаземцу пустую флягу.

Зразумела, прамова містэра Глідана круцілася ў асноўным вакол тае вялікае карысці, якую прыносіць навуцы раскручванне і ўскрыццё муміяў. З гэтай прычыны ён выбачыўся за ўсе нязручнасці, якія давялося сцярпець, у прыватнасці, муміі на імя Хібанахібіё, і скончыў лёгкім намёкам (бо іначай акрэсліць яго вагу наўрад ці магчыма), што калі з ўсімі гэтымі нязначнымі падрабязнасцямі скончана, надышоў самы час працягнуць запланаваныя даследаванні. На гэтых словах доктар Зубдамус падрыхтаваў свае інструменты.

Што да апошняй прапановы прамоўцы, то тут у Хібанахібіё былі пэўныя сумневы, прыроды якіх я так канчаткова і не зразумеў. Але прабачэнні яго задаволілі: падняўшыся са стала, ён паціснуў рукі ўсёй кампаніі.

Скончыўшы гэтую цырымонію, мы адразу ж заняліся выпраўленнем пашкоджанняў, нанесеных нашаму госцю скальпелем. Мы зашылі рану на скроні, забінтавалі нагу і наляпілі цэлы дзюйм чорнага пластыру на нос.

І тут мы заўважылі, што граф (здаецца, менавіта такі тытул меў Хібанахібіё) злёгку дрыжыць — без сумневу, ад хо-ладу. Доктар адразу ж скіраваўся да свайго гардэробу і хутка вярнуўся з чорным фракам наймаднейшага крою, парай клятчастых нябесна-блакітных панталонаў са штрыпкамі, ружовай кашулькай у палоску, шырокай гафтаванай камізэлькай, белым плашчом, тросцю з гнутай ручкай для шпацыраў, капелюшом без палёў, ботамі з лакаванай скуры, саламянага колеру лайкавымі пальчаткамі, маноклем, накладнымі бакенбардамі і гальштукам, завязаным двайным «гордыевым» вузлом. Праз неадпаведнасць памераў графа і доктара (у прапорцыі два да аднаго) падчас адзявання егіпцяніна мы сутыкнуліся з некаторымі праблемамі, але калі ўсе яны былі вырашаныя, сябра нашага можна было лічыць адзетым. Містэр Глідан падаў яму руку і правёў да зручнага фатэля каля каміна, а доктар тым часам пазваніў, каб прынеслі цыгары і віно.

Размова хутка ажывілася. Найбольшую цікавасць, натуральна, выклікала тое, што Хібанахібіё нейкім дзівосным чынам да гэтага часу застаўся жывы.

— Мне падаецца, — заўважыў містэр Бэкінгем, — што вы даўно ўжо мусілі памерці.

— З чаго б гэта? — вельмі здзіўлена пацікавіўся граф. — Мне ж не нашмат больш за семсот гадоў! Мой бацька пражыў тысячу і тым не менш памёр пры ясным розуме.

Тут пасыпаліся пытанні і падлікі, у выніку чаго зрабілася відавочным, што егіпцянін значна недаацаніў свой узрост: ён праляжаў ў іліфійскіх катакомбах пяць тысяч пяцьдзясят гадоў і яшчэ некалькі месяцаў.

— Але мая заўвага, — зазначыў містэр Бэкінгем, — ніякім чынам не датычыць вашага ўзросту на момант пахавання. Магу дапусціць, што вы, па сутнасці, яшчэ досыць малады; мая думка абумоўленая працягласцю таго часавага прамежку, цягам якога вы, паводле вашых жа сведчанняў, праляжалі ў асфальтавых смолах.

— У чым-у чым? — удакладніў граф.

— У асфальтавых смолах, — паўтарыў містэр Бэкінгем.