28293.fb2 Размова з муміяй - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Размова з муміяй - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

— А-а, гэта… Я, здаецца, разумею, пра што вы. Пэўна, іх таксама можна выкарыстоўваць. Але ў мае часы мы наўрад ці ўжывалі штосьці апроч хлорнай іртуці.

— Вось чаго мы зусім ніяк не можам зразумець, — сказаў доктар Зубдамус, — дык гэта таго, як вы, памерлы і пахаваны ў Егіпце пяць тысяч гадоў таму, сёння выявіліся вельмі нават жывым — і выглядаеце проста цудоўна.

— Калі б я быў, як вы кажаце, памерлым, — адказаў граф, — больш чым верагодна, што цяпер я б такім і заставаўся. Я бачу, вы ў гальванізме пакуль яшчэ зусім дзеці і не можаце з яго дапамогай дасягнуць таго, што лічылася ў старыя часы рэччу самай звычайнай. Уся справа ў тым, што ў мяне здарыўся каталептычны прыпадак, і добрыя мае сябры вырашылі, што я альбо памёр, альбо блізкі да гэтага, таму яны мяне тут жа забальзамавалі — спадзяюся, вы добра ўяўляеце сабе асноўныя прынцыпы бальзамавання?

— Не тое каб зусім…

— Ох, ну якое безнадзейнае невуцтва! Але не магу ж я цяпер занурацца ў дэталі. Хаця трэба патлумачыць, што ў Егіпце набальзамаваць па сутнасці значыла спыніць на няпэўны час усе жыццёвыя функцыі, залежныя ад працэсаў у арганізме. Я ўжыў тут слова «жыццёвыя» ў самым шырокім сэнсе, які ўлучае не толькі фізічнае, але і духоўнае, і вітальнае быццё. Паўтаруся, што ў нас асноўны прынцып бальзамавання — гэта імгненнае спыненне і захаванне навечна ўсіх жыццёвых функцыяў, залежных ад працэсаў у арганізме. Карацей кажучы, у якім стане знаходзіўся чалавек падчас бальзамавання, у такім ён і застаецца. Я меў шчасце нарадзіцца з крывёй Скарабея і таму быў забальзамаваны жывым, такім, якім вы цяпер мяне бачыце.

— З крывёй Скарабея? — усклікнуў доктар Зубдамус.

— Так. Скарабей быў эмблемай, ці сімвалам, аднаго выбітнага і вельмі арыстакратычнага роду. Нарадзіцца з крывёй Скарабея — значыць проста належаць да адной з тых сем’яў, якія мелі сваёй эмблемай Скарабея. Гэта я так метафарычна выказаўся.

— Але як гэта звязана з тым, што вы засталіся жывым?

— Ну, у Егіпце прынята перад бальзамаваннем даставаць у мерцвяка вантробы і мозг, і толькі род Скарабея не трымаецца гэтае традыцыі. А таму, калі б я не быў Скарабеем, то пазбавіўся б вантробаў і мозгу, без якіх, між іншым, жыць досыць нязручна.

— Ага, зразумела, — сказаў містэр Бэкінгем. — Значыць, усе няўскрытыя муміі, што трапляліся нам, належалі да роду Скарабея?

— Без сумневу.

— А я думаў, — сціпла заўважыў містэр Глідан, — што Скарабей быў адным з егіпецкіх багоў.

— Адным з егіпецкіх чаго? — усклікнула мумія, ускочыўшы.

— Багоў! — паўтарыў падарожнік.

— Містэр Глідан, мне напраўду дзіўна чуць ад вас такія словы, — сказаў граф, зноў сядаючы ў фатэль. — Ніводны народ на зямлі ніколі не прызнаваў існаванне больш чым аднаго бога. Скарабей, Ібіс і іншыя былі для нас (а для кагосьці іншага — іншыя стварэнні) усяго толькі сімваламі, ці пасярэднікамі, праз якіх мы ўслаўлялі Творцу, занадта велічнага, каб звяртацца да яго наўпрост.

Тут павісла паўза. Праз некаторы час доктар Зубдамус працягнуў размову:

— Згодна з вашымі тлумачэннямі, зусім не выключана, — сказаў ён, — што ў катакомбах ля Ніла могуць ляжаць і іншыя жывыя муміі сямейства Скарабея?

— Без усялякіх сумневаў, — адказаў граф. — Усе Скарабеі, выпадкова забальзамаваныя жывымі, застаюцца жывымі дагэтуль. І нават забальзамаваныя жывымі спецыяльна маглі быць забытыя сваімі павернікамі і дагэтуль ляжаць у трунах.

— А ці не маглі б вы патлумачыць, — папрасіў я, — што вы маеце на ўвазе пад словамі «забальзамаваныя жывымі спецыяльна»?

— З вялікім задавальненнем, — адказаў егіпцянін, няспешна агледзеўшы мяне праз манокль, бо гэта быў першы раз, калі я насмеліўся звярнуцца да яго з пытаннем.

— З вялікім задавальненнем, — паўтарыў ён. — У мае часы сярэдняя працягласць чалавечага жыцця складала прыкладна васемсот гадоў. Людзі рэдка паміралі, не дажыўшы да шасцісот, — хіба толькі ад няшчаснага выпадку, — і рэдка жылі даўжэй за дзесяць стагоддзяў. Васемсот гадоў лічыліся сярэднім тэрмінам. Пасля таго як быў вынайдзены той прынцып бальзамавання, пра які я ўжо расказаў, нашым філосафам прыйшло ў галаву задаволіць вартую павагі цікаўнасць, а да таго ж пасудзейнічаць развіццю навукі, пражываючы гэты тэрмін па частках. Для гісторыі, напрыклад, такі досвед проста неабходны. Уявім сабе гісторыка, які дасягнуў пяцісотгадовага ўзросту, напісаў кнігу, уклаўшы ў яе шмат намаганняў, і пасля быў старанна забальзамаваны, пакінуўшы сваім павернікам указанні праз некаторы час ажывіць яго — ну, скажам, гадоў праз пяцьсот ці шэсцьсот. Вярнуўшыся да жыцця па сканчэнні гэтага тэрміну, ён абавязкова ўбачыць, што яго вялікую працу ператварылі ў набор маргіналіяў, так бы мовіць, у літаратурную арэну для супярэчлівых гіпотэзаў, загадак і прыватных спрэчак усёй хеўры раздражнёных каментатараў. Ён убачыць, што гэтыя гіпотэзы, распаўсюджаныя ў выглядзе анатацыяў ці выпраўленняў, да такой ступені зацямнілі, сказілі і знішчылі першапачатковы тэкст, што аўтару даводзіцца шукаць Яго днём з агнём. Робіцца зразумелым, што не варта было даваць сабе клопату з гэтым даследаваннем. Пасля таго як кніга цалкам перапісаная, гісторыку ставіцца ў абавязак неадкладна выправіць з пазіцый уласнага досведу і ведаў паданні сённяшняга дня пра эпоху, у якую ён жыў. Дзякуючы такому перапісванню і самавыпраўленню, за якое час ад часу бяруцца асобныя мудрацы, нашая гісторыя яшчэ не ператварылася ў чыстую казку.

— Прашу мне прабачыць, — сказаў тут доктар Зубдамус, мякка паклаўшы сваю руку на руку егіпцяніна, — прашу мне прабачыць, але ці магу я на хвілінку вас перапыніць?

— Канечне, сэр, — адказаў граф і замаўчаў.

— Мне толькі хацелася задаць вам адно пытанне, — сказаў доктар. — Вы казалі пра тое, што гісторык сам выпраўляе памылкі ў паданнях пра яго эпоху. Тады скажыце, прашу вас, колькі праўды звычайна заставалася ва ўсёй гэтай кабалістыцы?

— Уся гэтая, як вы правільна заўважылі, кабалістыка звычайна выяўляецца настолькі ж праўдзівай, як і факты ў кнігах, якія самі гісторыкі потым не перапісвалі: не вядома ніводнае дэталі, якая так ці іначай не была б цалкам і дарэшты памылковай.

— Калі мы з вамі высветлілі, — працягнуў доктар, — што з часу вашага пахавання прайшло не менш за пяць тысяч гадоў, я ўпэўнены, што вашыя тагачасныя гістарычныя працы, а можа, нават паданні ўтрымлівалі шмат падрабязнай інфармацыі на тэму, цікавую для усіх, — тэму стварэння свету, якое адбылося, як вы, мабыць, ведаеце, усяго за тысячу гадоў да вашага нараджэння.

— Прашу прабачэння, сэр?.. — не зразумеў граф Хібанахібіё.

Доктар паўтарыў сваю думку, але яму давялося шмат дадаткова тлумачыць, перш чым чужаземец змог яго зразумець. Урэшце апошні няўпэўнена сказаў:

— Згаданыя вамі ідэі, шчыра прызнаюся, для мяне зусім новыя. У мае часы я не ведаў нікога, хто б трымаўся незвычайнай фантазіі, нібыта сусвет (ці гэты свет, калі вам будзе заўгодна) увогуле калісьці меў пачатак. Помніцца, як аднойчы і толькі аднойчы я чуў ад аднаго мысляра штосьці аддалена да гэтага падобнае, звязанае з паходжаннем чалавечае расы. Дарэчы, гэты чалавек ужываў імя Адам, ці Гліна, пра якое вы гаварылі. Аднак ужываў ён яго ў шырокім сэнсе, кажучы пра адвольнае зараджэнне з урадлівай глебы (як зарадзіліся тысячы ніжэйшых відаў), адвольнае зараджэнне, паўтаруся, пяці вялізных чалавечых плямёнаў, што адначасова з’явіліся ў пяці асобных, але амаль роўных частках свету.

Тут мы ўсе паціснулі плячыма, а нехта з нас нават са шматзначным выглядам пастукаў сябе па ілбе. Містэр Сілк Бэкінгем, слізгануўшы поглядам спачатку па патыліцы, а потым па макаўцы Хібанахібіё, зазначыў:

— Такая працягласць чалавечага жыцця ў вашыя часы, а таксама адзінкавыя выпадкі пражывання яго, як вы казалі, па частках, мусілі напраўду моцна паўплываць на агульнае развіццё і назапашванне ведаў. А таму я мяркую, што мы можам вытлумачыць відавочнае адставанне ўсіх дасягненняў старажытнаегіпецкай навукі ад сучасных, асабліва ад дасягненняў янкі, надзвычайнай цвёрдасцю егіпецкіх чарапоў.

— Мушу прызнацца, — пачціва сказаў граф, — што я згубіў вашую думку. Скажыце, калі ласка, якія дасягненні навукі вы маеце на ўвазе?

Тут уся нашая кампанія хорам пачала падрабязна расказваць пра палажэнні фрэналогіі * і пра цуды жывёльнага магнетызму.

* Фрэналогія — папулярная ў ХІХ ст. псеўданавука пра сувязь псіхікі чалавека і будовы яго чэрапа.

Выслухаўшы нас да канца, граф пераказаў некалькі анекдотаў, з якіх мы зразумелі: слава прататыпаў Галя і Шпурцгайма * была ў зеніце і пасля закацілася ў Егіпце так даўно, што пра іх паспелі ўжо забыць, а цуды Месмера былі напраўду вартымі жалю фокусамі ў параўнанні з дзівосамі фіванскіх мудрацоў, якія стварылі вошаў і мноства такога іншага.

* Франц Ёзаф Галь (1758—1828) — аўстрыйскі доктар і анатам, заснавальнік фрэналогіі. Ёган Каспар Шпурцгайм (1776—1832) — нямецкі фрэнолаг, сябра Ф. Ё. Галя, якому ён дапамагаў пісаць працу «Анатомія і фізіялогія нервовай сістэмы».

Тут я спытаў у графа, ці ўмелі яго землякі вылічваць час зацьменняў. Ён досыць пагардліва ўсміхнуўся і адказаў, што ўмелі.

Гэта крыху мяне збянтэжыла, але я працягваў распытваць яго пра астранамічную навуку егіпцянаў, пакуль адзін з нашае кампаніі, які дагэтуль ні разу не адкрыў рота, не шапнуў мне на вуха, што па гэтым пытанні мяне нашмат лепей пракансультуе Пталямей (і хто гэта такі?), а яшчэ нейкі Плутарх у працы De facie lunae *.

* «Пра твар, бачны ў дыску месяца» (лац.) — дыялог Плутарха (46—120 н. э.).

Тады я спытаў мумію пра запальвальныя шкельцы, лінзы і ўвогуле пра вытворчасць шкла, але не паспеў нават скончыць пытанне, як маўклівы ўдзельнік зноў ціха крануў мяне за локаць і дзеля ўсяго святога папрасіў лепш зірнуць у працы Дыядора Сіцылійскага. Граф жа замест адказу пацікавіўся, ці маем мы мікраскопы, якія дазволілі б нам выразаць камеі, што рабілі егіпцяне. Пакуль я думаў, што адказаць на гэтае пытанне, маленькі доктар Зубдамус даў вельмі незвычайнага маху:

— А паглядзіце на нашую архітэктуру! — усклікнуў ён да вялікага абурэння абодвух падарожнікаў, якія пачалі шчыкаць яго амаль да сінякоў, але без ніякае карысці. — Паглядзіце на фантан, што на Боўлінг-Грын у Нью-Ёрку! — захоплена працягваў ён. — Ці, калі ён занадта велічны для сузірання, успомніце на імгненне Капітолій у Вашынгтоне!

І добры маленькі доктар пачаў вельмі падрабязна апісваць усе элементы будынку, які толькі што згадаў. Ён патлумачыў, што адзін партал упрыгожаны не менш як дваццаццю чатырма калонамі пяці футаў у дыяметры на адлегласці дзесяці футаў адна ад адной.

Граф адказаў, што ён, на жаль, не можа цяпер прыгадаць дакладныя памеры любога значнага будынка ў горадзе пад назвай Азнак, закладзеным калісьці ў цемры часу і руіны якога пры жыцці графа ўсё яшчэ можна было пабачыць у шырокай пустэльні на ўсходзе ад Фіваў. Аднак калі гаварыць пра парталы, то яму прыгадваецца, што адзін такі, прыбудаваны да пасрэднага палацу ў Карнаку (гэта штосьці накшталт прыгараду), складаўся са ста сарака чатырох калонаў трыццаці сямі футаў па акружнасці на адлегласці дваццаці пяці футаў адна ад адной. З боку Ніла да палацу можна было пад’ехаць па алеі даўжынёй дзве мілі, утворанай сфінксамі, статуямі і абеліскамі вышынёй дваццаць, шэсцьдзесят і сто футаў. Сам палац, наколькі ён памятае, быў дзве мілі ў даўжыню і штосьці каля сямі па акружнасці. Муры яго былі ўсярэдзіне і звонку багата распісаныя іерогліфамі. Ён не можа дакладна сказаць, ці змясцілі б сцены гэтага палаца пяцьдзясят ці шэсцьдзесят Капітоліяў доктара, але ён упэўнены, што з некаторымі цяжкасцямі туды можна было б увапхнуць іх штук дзвесце-трыста. І ўсё ж палац у Карнаку быў досыць нязначным будынкам. Тым не менш ён, граф, з усёй шчырасцю не можа адмовіць фантану на Боўлінг-Грын у арыгінальнасці, раскошнасці і выбітнасці, як казаў пра яго доктар. Нічога такога, ён вымушаны адзначыць, ніколі не бачылі ні ў Егіпце, ні дзе-небудзь яшчэ.

Я спытаў у графа, што ён можа сказаць пра нашыя чыгункі.

— Нічога асаблівага, — адказаў ён. Яны досыць ненадзейныя, нядбайна зробленыя і нязграбна пакладзеныя. Іх нельга нават параўноўваць, скажам, з шырокімі, роўнымі, наўпростымі дарогамі з жалезнымі латакамі, па якіх егіпцяне транспартавалі вялікія храмы і цэльныя абеліскі вышынёй сто пяцьдзясят футаў.

Я згадаў пра нашыя вялізныя механічныя сілы.

Ён пагадзіўся, што нешта пра гэта чуў, але пацікавіўся, якім чынам я справіўся б з задачай падняць пяты арак хаця б аднаго з невялікіх палацаў Карнаку.

Я вырашыў не пачуць гэтае пытанне і пацікавіўся, ці ўяўляе ён, што такое артэзіянскі калодзеж, але ён проста падняў бровы, тым часам як містэр Глідан пачаў мне люта падміргваць і зашаптаў, што, маўляў, адзін такі быў зусім нядаўна знойдзены інжынерамі, якія рабілі свідравіну, шукаючы ваду ў Вялікім Аазісе *.

* Вялікі Ааазіс — найбуйнейшы егіпецкі аазіс, які знаходзіцца ў Лівійскай пустыні. Старажытныя калодзежы гэтага аазіса дасягаюць глыбіні ў 120 метраў.

Я ўспомніў пра нашую сталь, але чужаземец толькі задраў нос і пацікавіўся, ці можна з дапамогай нашай сталі выконваць каменярэзныя працы — такія, як на абелісках, што, дарэчы, былі зробленыя выключна меднымі разакамі.