29492.fb2
"Эй, студенты! - цяжкавата варочаючы языком, загаварыў дзядзька Коля-масквiч. - Я вот этими руками, - крыху пагойдваючыся на таўстых, як бёрны, нагах, ён растапырыў перад сваiм налiтым злосцю тварам шырозныя далонi з кароткiмi i мясiстымi, бы сардэлькi, пальцамi, - вот этими руками семерых ребят замочил. Для меня зона, что для вас - воля, а химия - так, ни рыба ни мясо, ни тайга ни тундра".
Праваруч мяне, дзе займала абарону Амiна, пачулiся дзiўнаватыя гукi. Я асцярожлiва скасавурыўся: татарка, сцiснуўшы стрэльбу, напаўголаса спявала ваяўнiчую песню свайго народа.
"Слушайте сюда, - казаў далей дзядзька Коля. - Фиксатого отдайте, боксера х...ва, а вас нам и на... не надо..."
Я выцер аб калашыны будатрадаўскiх штаноў узмакрэлыя рукi i падумаў, што сустрэча са смерцю адтэрмiноўваецца. Мы крыкнулi, што фiксатага, гэта значыць Толiка, у доме няма i дзядзька Коля-масквiч можа выслаць да нас двух хiмiкаў-кантралёраў.
Пачаўшыся на драматычнай ноце, прыгода скончылася бурлескна. Абшнарыўшы дамок i напалохаўшы ў салуне дзяўчат, кантралёры патапталiся на ганку, няўдала паспрабавалi ўшчыкнуць Амiну i раптам нязмушана-элегантна падхапiлi нашую скрынку з партвейнам i, не надта прыспешваючы хаду, рушылi ў свой стан. Дачка татарскiх стэпаў ускiнула дубальтоўку. "Амiна! Па сраках!" - адчайна i ўадначас спуджана выгукнуў Мiхась Чарнiловiч, але Генiк з Джонам Галяком ужо вiселi ў татаркi на руках.
Свята згэмталася. У адрозненне ад мясцiн, дзе служыў Мiша Бугор, так нiкога i не зарэзалi. Недзе хаваўся ад дзядзькi Колi-масквiча Раслiнскi з баксёрскiмi пальчаткамi; недзе скрыгатаў зубамi ад болю настаўнiк Сацук з пяцiканцовай зоркаю на лбе; Амiна, уладкаваўшыся на ганку, гартанна спявала пераможную татарскую песню, а ў салуне жавалi ад хвалявання беларускае сала, запiваючы яго цёплым партвейнам, нашы бясстрашныя сяброўкi.
У панядзелак ваяўнiчыя хiмiкi працверазелi i даведалiся, што фiксатага з Бугром перакiнулi верталётам у Бл. Яр, а паколькi дзядзька Коля-масквiч меў даўгiя рукi i словамi не кiдаўся, герояў Дня будаўнiка, выключыўшы за п'янку з атрада, хуценька адправiлi на Вялiкую зямлю ў родны Менск. Дзядзька Коля загадаў за недагляд зрабiць некалькiм сваiм людзям "самавучку", а сам у раздрыпаных пачуццях на ўсю ноч зачынiўся з дзвюма хiмiцамi.
Са жнiвеньскай непазбежнасцю восенi наблiжаўся гаркавы момант расстання. Вада ў кар'ерах прыкметна пахаладнела, а вечаровыя вогнiшчы зрабiлiся цiшэйшымi i маркотнейшымi. Хiмiкi зайздросцiлi нам, мы папрывыкалi да амазонак, а некаторыя з iх, як засведчылi будучыя падзеi, клапатлiва ўзгадоўвалi ў сваiх дзявочых сэрцах не абы-якiя надзеi. Моўчкi ўзiраўся ў агонь "цяжкi" падлетак Вiця, якому за два месяцы выпала прайсцi некалькi курсаў мужчынскiх унiверсiтэтаў. Нават пасялковыя падлеткi ўжо не пускалi нам у вочы чмуту, а сарамлiва пыталiся, якiя ў Менску ёсць iнстытуты i цi цяжка туды паступiць.
У апошнi дзень маленькая Вiка, расчэсваючы грабянцом кудзеркi, дрыготкiм галаском прамовiла: "Ну вот и все. Теперь будем только вспоминать", - а потым цiха, як мышанё, заплакала. Дробныя слёзкi капалi ў шклянку з "трыма сямёркамi", а я не плакаў, а недарэчна думаў, што калi нават Вiка будзе капаць у шклянку ўвесь дзень, яе слёзы ўсё адно не зменяць колеру вiна.
Чарнiловiч са сваёй Насцяю дамовiлiся, што яна прыедзе ў Менск i яны занясуць у загс заяву. Джон Галяк з цёмненькай Святланкаю да самага вечара адсутнiчалi. Варвара, непрыгожа скрывелiўшыся, таксама заплакала, а Амiна, што пасля Дня будаўнiка заслужана прыбiлася да нашае кампанii, выпiла тры шклянкi вiна i тры разы пальнула ў цёмнае неба з дубальтоўкi.
Чмыхлiвы дызель прывёз нас па "нашай" вузкакалейцы ў Бл. Яр, дзе мы ўбачылi будатрад "Victoria" ў апагеi разброду i маральных хiстанняў. Шырыню фронту работ вызначала замова на дзве прыбiральнi-шпакоўнi для аэрадрома, дзе нам з Генiкам як ужо вядомым спецыялiстам з ходу даверылi выканаць пачэсную частку працы. Не маючы за што зацяць рукi, байцы СБА выпiвалi, гулялi ў карты на вушы, задзiралiся з мясцоваю шпаной i лавiлi браднiком у старыцах рыбу. Камандзiр атрада, аспiрант Валодзя Засохiн, нажлукцiўшыся грамадскага каньяку, вырашыў пакатацца на грузавiку i знёс палову дашчанай сталоўкi.
Рэпiн-дацэнт тым часам выйшаў на волю, а цыганаваты Сашка вярнуўся на зону: акуратна разабраў у прадуктовай крамцы шыферны дах, украў дзве пляшкi гарэлкi i пару селядцоў, выпiў на мураве проста пад крамнаю сцяной, пажаваў салёны рыбiн хвост i бесклапотна задрамаў на месцы злачынства, дзе i быў праз гадзiну забраны мiлiцыянтамi.
Апошняй прыкметнай падзеяю напярэдаднi вяртання на радзiму сталася нашая па-дзiцячаму дурная бойка - не падзялiлi шчупакоў - з Чэсем Мiкульскiм. Мы бiлiся на беразе старыцы, намагаючыся скiнуць ворага ў прыбярэжную бузу з густым багавiннем. Я перамог, каб потым да заканчэння альма-матэр мучыцца згрызотамi сумлення, бо Чэсь пасля Новага года памёр ад раку, i казалi, нiбыта, едучы ў будатрад, ён ужо ведаў, колькi яму засталося.
Дзесьцi наверсе вырашылi, што збiраць з томскай тайгi ўсю колькiтысячную будатрадаўскую брацiю ў абласным цэнтры небяспечна, i эшалоны фармавалi i адпраўлялi на захад у гарадку Асiна, якому было наканавана перажыць выпрабаваннi, параўнальныя хiба толькi з падзеямi грамадзянскай вайны i замежнае iнтэрвенцыi.
Па-першае, у крамах былi раскупленыя ўсе наяўныя прадукты, у тым лiку - i найперш - каламутнае, як вада з калюжыны, тамтэйшае пiва, дзе, здавалася, ты на ўласныя вочы, без усякiх мiкраскопаў бачыў жывых бактэрыяў i мiкробаў.
Добра, каб гэтую балоцiста-жоўтую каламуць спажывалi адно загартаваныя студэнцкiя галовы i страўнiкi, але ж ёю пачаставалi яшчэ i двух нiштаватых ужо медзведзянятаў, якiх везлi з сабою хлопцы з рыжскага iнстытута грамадзянскай авiяцыi. Ачумеўшы ад пiва, мядзведзiкi ўначы сарвалiся з ланцугоў i ўволю нагойсалiся па чэзлым райцэнтраўскiм парку, дзе на лавачках i проста на траве спалi будатрадаўцы. З дзесятак байцоў пасля той вясёлае ночкi грузiлiся ў эшалоны з забiнтаванымi рукамi i галовамi, а яшчэ з дзесятак доўга заiкалiся. Самi касалапыя мелi выдатны шанец уратавацца, вярнуўшыся ў родную тайгу, ды невядомая цёмная сiла пацягнула iх з парку да райкама партыi, дзе дзяжурны пост мiлiцыi сустрэў бурых дыверсантаў шчыльным загараджальным агнём.
На свой вагон мы ўрачыста пачапiлi лозунг-плагiят з белаярскае зоны пра "честный труд - дорогу к дому".
Дарога дадому выпала галодная, бо цягнiк падоўгу стаяў сярод дзiкай тайгi, а станцыi, дзе згаладнелыя байцы маглi нечага прыкупiць, мiнаў на кур'ерскай хуткасцi. Для Новасiбiрска зрабiлi выключэнне, i прывакзальны пляц стаўся сведкам вiдовiшча, як дзве кроплi вады падобнага да прыступу Зiмовага палаца з рэвалюцыйных фiльмаў: байцы ў зеленкаватай будатрадаўскай форме з разгону караскалiся на высокую прывакзальную браму, збiвалi з яе замок i, не раўнуючы, як экспрапрыятары, ламалiся з пустымi пляцакамi ў магазiны. Эшалону як найхутчэй далi зялёнае святло, i цэлы ўзвод байцоў з напакаванымi заплечнiкамi ўбачыў ад свайго цягнiка толькi зялёны хвост.
Пасля Новасiбiрска сэрца ў чыгуначнага начальства адпусцiлася, i мы ўжо спынялiся на невялiкiх станцыях, дзе да вагонаў кiдалiся зграi гандлярак. Любы прадукт - тры разварыстыя бульбiны з салёным агурком, нядошлая таранка-сухарэбрыца, пачак леташняга пячэння - каштаваў рубель.
Гэткую агорклую аднастайнасць парушыла з'яўленне тавару больш дарагога.
Тавар звалi Кацюшай.
Даўно выжлукцiўшы падазрона празрыстае новасiбiрскае пiва, мы журботна шукалi нейкую адпаведнасць свайму настрою ў восеньскiх прыўральскiх краявiдах, як у купэ лiтаральна ўварвалася крамяная кiрпатая маладзёнка. У руках у яе быў кошык з вафлямi, на шчоках гарэлi ружы, а голас звiнеў, як хор вясновых сiнiцаў: "Приветик, мальчики мои, бедненькие, голодненькие, трезвенькие... Ну че приуныли? По червончику, и я - ваша. Думайте, мальчики, думайте, другие уже надумали". Яна ўзмахнула пышнай хiмiчнаю фрызурай, i праз хвiлю яе скорагаворка ўжо данеслася да нас з суседняга купэ.
Не трэба падазраваць нас у сквапнасцi або ў занадта высокай маральнасцi. Тым не менш нашае купэ ад спакуслiвай прапановы дружна (калi не браць пад увагу пакутлiвыя ваганнi Чарнiловiча) адмовiлася. Мабыць, намi кiравала iнтуiцыя.
Пералiчыўшы сумленна заробленыя чырвончыкi, Кацюша пакiнула эшалон ужо далёка за Ўралам. Байцы з трох вагонаў тройчы пракрычалi ёй "гiп-гiп-ура!" i асамотнена разбрылiся дзялiцца ўспамiнамi пра алькоўныя выкрунтасы сiбiрскае гетэры ды пра свае мужчынскiя здабыткi. Подзвiгi байцоў трох менскiх будатрадаў выглядалi гэткiмi маштабнымi, што на iх здзяйсненне не хапiла б i дзесяцi Кацюшаў. Мiхася Чарнiловiча такiя размовы вiдочна нервавалi, i ён пачынаў на нас непрыхiльна касавурыцца.
На занядбаных абшарах расейскага нечарназем'я волаты чыгуначнага сексу быццам па камандзе замаркоцiлiся, i па вагонах прашасцела хвастом лёгкая панiка...
Цяпер Чарнiловiч пеўнем хадзiў па чужых купэ i, зларадна малюючы пакутнiкам усялякiя жахi, бескарыслiва прапаноўваў свае медычныя кансультацыi.
Ва ўсеагульным няшчасцi адразу ж захлынулася прага помсты нашаму таварышу Юру Асiноўскаму, што апанавала была вагон памiж уральскiх адгор'яў.
Недзе на мяжы Эўропы з Азiяй цiхмяны баец Юра са спалатнелым тварам выйшаў з купэ i дрогкiм голасам папрасiў склiкаць атрадны сход, дзе мы даведалiся, што ў Асiноўскага прапалi з валiзы ўсе чыста грошы. Бязрадасную навiну аздаблялi звесткi пра хворых бацькоў, не вельмi здаровую малодшую сястрычку i хворую на якуюсьцi складаную хваробу кароўку. Да пералiку чужых хваробаў бядак сарамяжлiва дадаў кранальную падрабязнасць: ад празмерных перажыванняў у яго сапсаваўся страўнiк i разгулялася крывавая мытуха.
Найбольшую шкадобу выклiкалi не сам Юра i не ягоныя хворыя - рэч звычайная - сваякi, а якраз гарапашная кароўка, што чакае не дачакаецца запрацаваных крывавым мазалём будатрадаўскiх рублёў.
Калi ў часе галасавання пра збор грошай, дзве рукi нерашуча "ўстрымалiся", сход закiпеў высакародным абурэннем. У вынiку Юра атрымаў на тры сотнi болей за iншых байцоў i ягоны малады паарлелы арганiзм хутка перамог мытуху.
Як нi горка зноў i зноў расчароўвацца ў людзях самому i расчароўваць астатнiх, аднак праўда вымагае, каб яе палыновы келiх выпiвалi да дна. Цiхi баец Юра "гнаў карцiнку". Двое хлапцоў, тыя самыя, што на сходзе адмовiлiся галасаваць "за", не толькi ехалi з Юрам у адным купэ, але i пражылi з iм год у адным пакоi, а таму мелi больш дадзеных для аналiзу сiтуацыi. Адзiн баец да непрытомнасцi напаiў акрыялага таварыша, а другi ўчынiў татальны ператрус Юраваму багажу, знайшоўшы "ўкрадзеныя" грошы на дне валiзы ў вопраднi з некалькi параў нямытых смярдзючых шкарпэтак.
З прычыны павальных любошчаў з Кацюшай-буфетчыцай "Victoria" не спраўдзiла надзеяў роднага iнтэрната. Заместа хвацкiх балюшак з удзелам мясцовых вакханак i салютавання коркамi ад шампанскага, байцоў чакалi вiзiты да венеролагаў i розныя малапрыемныя працэдуры.
Крыху рэабiлiтаваў сяброў хiба што чацвертакурснiк Вася Максiменка, якi, нягледзячы на захворванне, залез уначы з пляшкаю шампанскага на святлафор на рагу вулiц Свярдлова i Ўльянаўскай i чытаў адтуль рэдкiм мiнакам творы Мiхаiла Юр'евiча Лермантава. У пратаколе, чым Вася страшэнна ганарыўся, дзяжурны па аддзяленнi запiсаў, што пад час затрымання грамадзянiн Максiменка "оказал сопротивление путем внезапного открытия бутылки советского шампанского и полития им сотрудников милиции". (Ад выключэння з унiверсiтэта нашага сябрука ўратавала не толькi тое, што шампанскае было савецкае; крыху дапамог i сваяк-прарэктар.)
Яшчэ адзiн баец выславiўся тым, што ездзiў на заняткi заўсёды "зайцам", а злоўлены кантралёрам, законапаслухмяна даставаў прывезеную з Сiбiры сторублёвую купюру, з якой, натуральна, не знаходзiлася рэшты. "Заяц" прымiльгаўся, i скончылася ўсё тым, што кантралёр у хаўрусе з кiроўцам неразменную купюру папросту адабралi, а яе ўладальнiка, папярэдне намяўшы бакi, выкiнулi з тралейбуса на высланы жаўталiсцем газон.
Цёплы полацкi верасень, што мiльгануў памiж маiм вяртаннем з Сiбiры i пачаткам заняткаў, зачапiўся ў памяцi пераважна ўбогiм iнтэр'ерам бара "Пралеска" i аднайменным кактэйлем няпэўнага смаку, што мы з маiм сябрам дзяцiнства Санем Македонскiм выпiвалi перад танцамi ў Палацы культуры завода шкловалакна. ("Як звычайна", - з ленаватай няўважлiвасцю заўсёднiкаў кiдалi мы барменцы.) У палацы нас чакалi другакурснiцы кааператыўнага тэхнiкума Зiна i Iлона.
Свет яшчэ раз засведчыў сваю недасканаласць: мне падабалася шатэнка Зiна, а Македонскаму - бландзiнка Iлона, у iх жа ўсё атрымалася наадварот. "Няхай выбiрае жанчына", - прапаноўваў фаталiст Саня, але мая падагрэтая кактэйлем натура бунтоўна ашчацiньвалася, i мы працягвалi "хадзiць" учацвярых.
Роспачнай спробаю вырвацца з зачараванага чатырохкутнiка сталася начная паездка на таксi ў тады яшчэ безнадзейна зачынены Спасаўскi манастыр, дзе мы зусiм не чыталi малiтваў, а пiлi шампанскае, каб потым - даруйце, калi можаце, нам, Божа, i ты, нябесная наша заступнiца Еўфрасiння - разбiць пляшку i шклянкi аб спярэшчаны мацернымi словамi манастырскi мур.
Пасля Зiна прыслала мне ў Менск ажно два лiсты, што ўразiлi не так дэманстрацыяй нечаканай вернасцi, як узроўнем фiлалагiчнае падрыхтоўкi будучых кааператарак. Зiна пiсала, нiбыта ў Iлоны ёсць новы "паринь", а яна, маўляў, па-ранейшаму ўспамiнае мяне i "пикник на графских развалинах". аднак "всиму есть придел". Трэба было разумець, што хутка з'явiцца "паринь" i ў Зiны.
Пакуль я вярнуўся ў Менск, былыя байцы будатрада "Viсtоriа" паспелi пазалечваць ганарэю i прамантачыць сiбiрскiя заробкi.
У хуткiм часе Чарнiловiч са старастаю нашай групы Лiляй падалi заяву ў загс. У цiхага Юры Асiноўскага, учадзеўшы ўначы ў хаце, памерлi бацькi, i ён перавёўся на завочнае аддзяленне i паехаў жыць дадому. Махнуўшы рукой на старыя будатрадаўскiя рахункi, мы з першай стыпендыi сабралi малодшай Юравай сястрычцы ды хворай кароўцы сто рублёў.
У Чылi да ўлады прыйшоў Аўгуста Пiначэт. У СССР разгортвалася барацьба з п'янствам i алкагалiзмам. Наш гiстфакаўскi Клуб аматараў пiва, схаваўшыся за абрэвiятураю КАП, дзейнiчаў, як i братняя кампартыя Чылi, у глухiм падполлi.
Унiверсiтэт трэслi франтальныя рэйды i праверкi.
Пад час аднаго рэйду ў нашым iнтэрнаце партыйныя, камсамольскiя i прафсаюзныя дзеячы пачулi за замкнёнымi дзвярыма падазроныя шолахi i абклалi пакой, бы харты. Як толькi дзверы цiхенька прачынiлiся, гайня правяральшчыкаў уварвалася ў пакой i знайшла там зляканага студэнта, якi, колькi было змогi, iмiтаваў падрыхтоўку да семiнарскiх заняткаў па гiсторыi КПСС. Са сцянной шафы сакратар партбюро трыумфальна выцягнуў яшчэ больш перапалоханую студэнтачку ў строях Евы. "А мы дружым", - толькi i здолеў прамовiць юны служка Клiо, за што разам з сяброўкаю быў неадкладна выселены з iнтэрната. З таго дня варта было якой-небудзь знаёмай парачцы з'явiцца на вачах у гiстфакаўскай публiкi, як з усiх бакоў гучала яхiднае пытанне: "Што, дружыце?"
Праверка выхаваўчай работы застукала ў iнтэрнатаўскiм ленiнскiм пакоi таталiзатар. На трох ссунутых сталах для самастойных заняткаў адбывалiся прусачыныя скачкi. Нашы вусатыя субкватаранты бегалi па выкладзеных алоўкамi дарожках. Стаўкi даходзiлi да двух чырвонцаў. Ажыятаж панаваў такi, што, здавалася, дай iм волю, i свае стаўкi зробяць класiкi марксiзму-ленiнiзму, якiя сачылi за падзеямi з аляпаватых партрэтаў. Акурат у той самы момант, як фаварыт Бiл Шалёная Карова ў глыбокiм роздуме супынiўся на сярэдзiне дыстанцыi, у дзверы i ўвалiлася праверка, якой было зусiм няпроста апанаваць нашую ўвагу, бо ўсе позiркi сышлiся ў кропцы, дзе Бiл нi з чога нi з якога вырашыў заняцца медытацыяй.
Авалодаўшы становiшчам, рэйдавая брыгада абазвала нас будучымi байцамi iдэалагiчнага фронту, адразу ж зазначыўшы, што нiхто з нас гэтай высокай годнасцi не заслугоўвае. Абураныя тырады пачыналiся прыкладна так: "Здесь, под портретами вождей..."
Карацей, жыццё iшло сваiм парадкам.
Напружыўшы творчыя сiлы, мы выпусцiлi спачатку орган свайго пакоя No 25 насценгазету "Алiгатэр" (назваю служыла налепка ад вiннай пляшкi з падмаляванаю лiтарай "р"), а потым - чарговы нумар нашага альманаха "Мiлавiца". Пра франдзёрскi насценны орган хтосьцi iмгненна даклаў начальству, а "Мiлавiцу" ўзяў пачытаць камсамольскi сакратар Карагiн, i яна знiкла на цэлы месяц.
Потым на нас зусiм беспадстаўна спiшуць i нейчы малюнак-загадку на кавалку ватману, што напярэдаднi iспытаў з'явiўся побач з раскладам заняткаў: тры разложыстыя дубы, перад кожным - бутэлька, а ўнiзе - перакуленая дагары нагамi адгадка: "Новы год на вайсковай катэдры".
Ад блiзкага знаёмства з таварышам маёрам нас аддзялялi адна толькi сесiя i вакацыi.