30098.fb2
- Ёсць, дзяўчынка, ёсць. Табе колькi?
- Я не дзяўчынка, - пакрыўджана сказала бялявая галоўка, - Я хлопчык. Дайце дзве.
Маленькая рука ўзяла маркi i знiкла. Але праз хвiлiну той жа галасок зноў спытаў:
- А з Маякоўскiм ёсць?
З Маякоўскiм у мяне марак не было, i я прапанавала юнаму фiлатэлiсту марку з Чапаевым.
- З Чапаевым у нас ужо ёсць, - важна адказаў хлопчык, i я толькi цяпер заўважыла, што побач з белай варушыцца яшчэ i русавалосая галоўка. - А калi будзе з Маякоўскiм?
Я адказала, што не ведаю, i хлопчыкi, вiдавочна расчараваныя, пайшлi.
- Дык можа ўгаворыце каго? - зноў падаў голас Гур'янчык.
Але я iзноў не паспела адказаць яму. У акенца прасунуўся канверт, i чалавек, якi трымаў яго, хутка загаварыў:
- Даражэнькая, адну марачку. Простую. Будзьце ласкавы!
Не паспела я даць марку, як яна ў адзiн момант аказалася прылепленай да канверта. I тут здарылася нечаканае.
- Прабачце... - пачуўся разгублены голас. - Каб на яго лiха! Грошы ў старым касцюме засталiся... Ну, што ты скажаш - нi капейкi!
У акно разгублена, то бялеючы, то чырванеючы, глядзеў малады чалавек, з выгляду студэнт. На iм быў новенькi каверкотавы касцюм з ледзь прыкметнай блакiтнай палоскай i шэры капялюш. I яшчэ мне запомнiўся яго ярка-чырвоны гальштук, завязаны на вялiкi вузел.
- Што ж цяпер?.. - збянтэжана прамовiў малады чалавек, круцячы ў руках канверт. - Прамок, разумееце, ранiцой, забег пераапрануцца, i вось - на табе...
- А вы не палохайцеся, - адказала я чамусьцi словамi Аўдоццi Паўлаўны.
- Не, праўда, што ж рабiць? - Ён разгублена зiрнуў на мяне, потым на Гур'янчыка, на Аўдоццю Паўлаўну.
- А нiчога! - сказала я. - Прынясеце пры выпадку, другiм разам.
Малады чалавек неяк няўмела, адчуваючы няёмкасць, стаў дзякаваць, ён некалькi разоў паўтарыў, што вядома ж, абавязкова прынясе грошы, прынясе сёння ж. Я заўважыла, што калi ён выходзiў з залы, то павярнуўся i яшчэ раз паглядзеў на мяне...
- Чакайце, прынясе! - сярдзiтым голасам сказаў Гур'янчык, махнуў рукой i пайшоў. Аўдоцця Паўлаўна таксама некуды адышла, i я засталася за сваiм сталом адна.
Насупроць мяне за гэткiм жа сталом, як i мой, сядзiць немаладая жанчына ў цёмна-сiняй кофтачцы. Гэта - Зiнаiда Нiлаўна, мяне пазнаёмiлi ўжо з ёю. Яна прымае заказныя пiсьмы. Зiнаiда Нiлаўна сядзiць спiною да мяне, i я амаль не бачу яе твару. У яе вясёлы характар, яна ўвесь час размаўляе са сваiмi клiентамi. А чарга да яе акна вялiкая. Я заўважыла, што некаторым даводзiцца стаяць у ёй па два разы. Вось падышоў рослы шыракаплечы хлопец з нейкай здаволенай, нават нiбы радаснай усмешкай на твары. Ён працягнуў вялiкi, жоўтага колеру канверт. Зiнаiда Нiлаўна кiнула яго на вагi, паглядзела ў кнiгу расцэнак за перасылку карэспандэнцыi i аддала канверт назад:
- Два рублi сорак капеек... Наступны!
Хлопец здзiўлена паглядзеў на Зiнаiду Нiлаўну, вiдаць, не разумеючы, чаму яму вернута пiсьмо.
- Маркi побач, - з лагоднай усмешкай растлумачыла Зiнаiда Нiлаўна. - У сёмым акне. Наступны! У вас заказное? Авiя? Тады яшчэ на рубель вазьмiце марак. Наступны!
Цяпер я не бачыла твару хлопца, але чула, як ён, хоць i па-ранейшаму весела, але ўжо з ноткай прыкрасцi ў голасе прамовiў:
- Скажыце дзякуй вашаму богу, грамадзяначка, за тое, што ў мяне сёння дзень такi... А то накатаў бы я на вас скаргу, як пiць даць!
- За што?.. - здзiвiлася Зiнаiда Нiлаўна i нават пацямнела з твару.
- Хiба вы самi не можаце даць маркi або нават i наклеiць iх? Ганяеце людзей ад аднаго акна да другога.
- Не магу, бо не паложана. У мяне i марак нават няма. Я толькi прымаю пiсьмы. I не чапiцеся да мяне ненаведама праз што!
- Ну i парадачкi! От напiсаць бы на вас у газету!
Хлопец падышоў да майго акна.
- Фiзкульт-прывет, даражэнькая! А можа i вы мяне куды яшчэ пашляце?
Ды я ўжо загадзя падрыхтавала яму марак на два рублi i сорак капеек i цяпер працягнула iх у акенца. Хлопец заплацiў грошы, прыклеiў маркi i яшчэ раз сказаў:
- Фiзкульт-прывет!
I памахаў левай рукой.
"Спартсмен, напэўна", - падумалася мне.
У хлопца на правай руцэ былi забiнтаваны вялiкi i ўказальны пальцы, i ён усё рабiў левай рукой. Я ўзяла ягоны канверт i перадала Зiнаiдзе Нiлаўне. Мiжвольна зiрнула на адрас. Пiсьмо пасылалася ў Маскву, у выдавецтва. "А можа пiсьменнiк? - мiльганула новая думка. - Паэт, га?"
Хлопец адышоўся, але раптам зноў вярнуўся да майго акна.
- Ледзь не забыўся... Бланк можна, даражэнькая? Для тэлеграмы. - Ён азiрнуўся наўкола i, як мне здалося, узрадаваўся, што каля акна нiкога няма. Вiнавата ўсмiхаючыся, ён амаль шэптам сказаў: - Рука вось... паранiў учора. Чамадан рамантаваў. Можа напiшаце, га? Тут усё пра ўсё некалькi слоў. Га?
- Дыктуйце.
I я падрыхтавалася пiсаць.
- Значыць, так, - спяшаючыся, загаварыў ён. - Пiшыце. Орша, Дэпоўская, сто дваццаць тры, Чупраковай Анастасii Гаўрылаўне. Напiсалi? Цяпер тэкст. Выязджаю новую будоўлю, падрабязнасцi пiсьмом. Ёсць?.. Ну i яшчэ: цалую, твой Анфiл. Усё!
На слове "цалую" я пасадзiла кляксу, i тэлеграму прыйшлося перапiсваць.
- Эх, задаў я вам работы, - сумеўся Анфiл. - Але ж ведаеце - мацi. Яна ж непакоiцца.
На гэты раз слова "цалую" напiсалася асаблiва выразна.
- Ну i дзянёчак жа ў мяне сёння - адзiн раз у жыццi такi бывае! На вялiкую будоўлю ўзялi! Экскаватаршчык я, - ахвотна расказваў Анфiл. - На шагаючы разлiчваю трапiць.
- А я думала - вы спартсмен.
- Спартсмен? Што вы! Балельшчык - гэта праўда. Адзiн - нуль у маю карысць!
I ён пайшоў да выхаду лёгкай роўнай хадою, энергiчна махаючы левай рукою.
Я чамусьцi ўздыхнула...