30525.fb2 Сіняя-сіняя... - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Сіняя-сіняя... - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

«25 ліпеня 1880 года. У цяні - 40, на сонцы, дзе мы, - 62. Тэмпература глебы - 24. Нас засталося двох. Са мной Джаміля, васьмігадовая дачка шэйха з Уед-Рыра. Вакол туарэгі. Пяць дзён таму назад яны напалі на Уед-Рыр і тры ночы гналі нас па пясках. Загінуў шэйх з сям'ёю і ўсе ўдзельнікі экспедыцыі. Загінулі ад дзід і смагі. Падзякуйце за гэта ўраду, які блытае навуку і вайну, які скупіцца на разведчыкаў і пасылае замест іх медыкаў, батанікаў і гідраінжынераў. Учора загінуў Брысак. Напэўна, не дажыву да раніцы. Малю як аб апошняй літасці: дзіця, мабыць, пагоняць у рабства, і, напэўна, на поўдзень. Выкупіце! Мая пенсія за год - у Гадамесе. Малю вас!.. Гэта апошні мой запіс».

Ён загарнуў кніжку ў брудную насоўку, прысыпаў пяском да самай сценкі, а на сценцы надрапаў вострым каменем крыж. Калі будуць аглядаць месца апошняй бітвы - здагадаюцца, мабыць, што раз крыж, то пад ім павінна быць нешта пахавана. Таргві не здагадаюцца: яны не хаваюць пад крыжам.

- Што ты робіш, адхаліб?

- Не звяртай увагі, - сказаў ён па-арабску. - І нікому не кажы пра гэта. Тут наш паратунак. Што б ні здарылася, тут наш паратунак.

- Амулет?

- Амулет.

Дзяўчынка глядзела на яго з-пад доўгіх загнутых веек вільготна і сумна, чорнымі дзівоснымі вачыма. І крыштальныя каралі блішчалі зусім як яе вочы. Толькі вочы былі чорныя.

«Тыповы берберскі твар, - падумаў Пятрок. - А калі ўжо казаць шчыра, самыя чыстыя берберы - таргві. Ці не дзіўна, што адны берберы рэжуць другіх?»

Ён успомніў, як яны адстрэльваліся і як маўклівы шэйх страшна закрычаў, калі адсеклі галаву нашчадку. Хлопчык упаў. Шаўковыя шаравары на дзіцячых ножках трапяталі на ветры, а ў пантофель з чырвонага саф'яну паступова наносіла пясок, бо пантофель зваліўся з ножкі.

Шэйха потым прабіла дзідай. Жонка ягоная несла дзяўчынку. Высокая жанчына ў доўгай чырвонай гандуры, яна прыкрыла Джамілю краем белага пакрывала, нібы вэлюм быў самай надзейнай абаронай. Магчыма, гэта было і так, бо ён, Пятрок, страляў, прыкрываючы іх, а калі азірнуўся - жанчына ляжала ніцма, і крыві не было відаць толькі таму, што гандура была чырвоная.

А вершнікі імчалі на драмадэрах, гайдаючыся, як дзівосныя птушкі. І дроцікі ляцелі роем, і жанчына была мёртвая, а дзяўчынка засталася.

Дзіўна, што адны берберы рэжуць другіх.

Урэшце, што дзіўнага? Хіба на ягонай радзіме не было таго самага? Брат паўставаў на брата, бацька - на сына. А што рабілі з мужыкамі? А што з паўстанцамі? А што з афіцэрамі, калі спаймаюць? Загінуў Мацкявічус, загінуў Пацябня, Кастуся Каліноўскага павесілі, Загорскі бадзяецца невядома дзе і, можа, загінуў, маёр Кавецкі расстраляў паўстанца Волгіна.

Паршывая зямля! Каты і рабы!

- У цябе дрэнныя думкі, адхаліб? - дзяўчынка смактала каралі.

- Сядай да муру, нямытыя вочкі, - страшным агрубелым голасам сказаў ён, - тут лапічак ценю.

- Чаму нямытыя?

- Дык чорныя ж.

У яго, Петрака, ніколі не было ні жонкі, ні дзяцей. Гэтая паганая навалач там, на так званай радзіме, літасціва пазбавіла яго неабходнасці даваць ім на хлеб. У яго былі толькі жанчыны. Светлавалосыя ў Андалузіі; легкадумныя з Тэнерыфа; сонныя турчанкі з вузкіх вуліц Галаты; вольнанароджаныя жанчыны Гадамеса з мацерчатым чырвоным шарыкам на лбе; маўрытанкі з Феца і Танжэра.

Там былі гарматы і шыбеніцы. Тут - жанчыны. Усё абрыдла, і ён уцёк сюды - збіраць расліны, мераць нікому не патрэбную зямлю, разведваць мясцовасць, у якой потым, праз трыццаць год, калі ягоныя косткі пабялеюць на сонцы, як мармур, стануць бурыць артэзіянскія студні.

І знойдзе тут свой канец. І ўсюды на зямлі адна нудзьга і марнасць марнасцей.

Толькі шкада Джамілі. Лёс судзіў яму адзін дзень пабыць бацькам. Ён ніколі не быў бацькам.

Смага зрабілася нясцерпнай. Ад усеўладнага святла, ад знішчальнай гарачыні распухла і стала бронзавай скура. Засвярбелі спіна, карак, рукі, бакі. Ён ведаў, гэта высыпала на іх спякотная восыпка.

Амаль аслеплымі вачыма ён глядзеў, як варушыліся ў слюдзяным трапяткім паветры султаны альфы, дрын і тамарыск - усе скурастыя, сухія ад звону, калючыя, як скура акулы, і шорсткія, як наждак.

Якая яна, вада? Ён не помніў, якая яна на радзіме. Ён помніў, якая яна бывае тут. Саланаватая, з серавадародным пахам - у балацявінках велічынёй з далонь, чыстая - у калодзежах. Цемнаскурыя руара з касты ртасаў-ачышчальнікаў усё жыццё чысцяць студні. Па чарзе, з малітвай, ныраюць у ваду і сядзяць там часам да чатырох хвілін, а потым выходзяць і цягнуць скураное вядро з глеем і каменьчыкамі. Чатыры хвіліны ў вадзе!

Во каб гэта быць ртасам!

Але ён не ртас. І перад ім не калодзеж, а дзюны і гміра - дарожны знак, складзены з каменняў. І яшчэ пясок, да якога нельга дакрануцца голай далонню. І ўрэшце - неба. Неба, якое ўсё мацней адлівае пякельнай смяротнай і трывожнай барвай.

У гэтай барве няма ўжо ні дзюнаў, ні неба, ні гміры - толькі пекла і смага. У гэтым пекле ўсё ж ёсць жыццё: і для фенека - рыжага звярка пустыні (вунь ён крадзецца праз гамаду да крыніцы, вясёлы і аблавухі, як першакласнік), і для чубатага пустыннага жаўрука, і нават для брыдкага варана з ягоным тлустым, зямлістым тупым целам.

Усім воля. І фенеку, і жаўруку, і варану. Волі няма толькі для людзей. Як добра быць ртасам! Чатыры хвіліны ў ледзяной, глыбіннай, жывушчай вадзе!

- Хочаш піць, маленькая?

Узняла доўгія загнутыя веі:

- Хачу, адхаліб.

Глытае, закінуўшы галаву. Ён прымушае сябе глядзець убок.

- А ты, адхаліб?

- Не хачу.

- А што будуць піць бацька і маці, калі прыйдуць?

- Я ж табе сказаў - адпачнуць і прынясуць вады.

- А таргві?

- Бацька прывядзе людзей... Ты сядзь у мой цень.

Дзяўчынка перапаўзла ў цень ад ягонага вялізнага цела і прыціхла.

Так, усім воля. Нават таму вунь варану, які цягне між дзюнаў сваё тлустае цела.

Волі няма толькі для людзей. А тут дарогу заступілі таргві.

Уласна, чаму? Калі ён прыйшоў сюды пасля ўсіх сваіх бадзянняў, многія таргві сталі яго сябрамі, і ён сярод іх быў «адхаліб» - славуты лекар. І вочы ягоныя былі зоркі - Ітран, а душа - сонца, Тафука. Ён ніколі не баяўся хадзіць сярод іх з сябрам, Ган-Аджэнам.

Ган-Аджэн чуў пах вады за пяць вёрст. Ён клаў свайго мехары і вывучаў чужы вярблюджы след.

- Гэта ехалі не свае, адхаліб. Бачыш, памёт драмадэра? Яны і не ведаюць, што памёт - гэта паліва. Гэта маўры. І сярод іх быў белы. Бачыш, ён мачыўся стоячы. Чакай, вунь там яшчэ сляды, свежыя, пахнуць. Тыя людзі ішлі з пустыні і выйшлі на дарогу першага каравана праз гадзіну... Ідуць за імі... Не наганяюць. Адсюль да Туфата... Гэ-э, яны прыйдуць у Туфат уначы, калі маўры і белы палягуць спаць. І яны не спяшаюцца, хоць іхнія мехары даўно не пілі... Папомні маё слова, адхаліб, заўтра мы даведаемся, што ў борджы Туфат выразалі маўрытанскі караван, а за белага просяць выкуп.

Ган-Аджэн быў толькі звычайны член свайго племя, але нюхаў ён лепш за сабаку, хоць увесь нос, рот і ніжняя частка твару былі ў яго вечна завешаныя.

Гэтыя не выпусцяць. Ён ведаў.

Як здарылася, што ён стаў ворагам таргві? Вельмі проста: з'явіліся ўзброеныя французы.

Чорт пабяры! Ён ведаў і любіў французаў і ненавідзеў іх цяпер за разбой.

Ён любіў таргві - і цяпер біўся супроць іх.