30679.fb2
— А цяпер што возіш? – змрочна запыталася я. Страшэнна злавала, што Юрась моўчкі глядзеў убок, нібыта баяўся падняць на мяне вочы. Аркадзь шчыра зарагатаў.
— Цяпер нічога вазіць ня трэба! Таму што нерухомасьцю займаюся. Не-ру-хо-мась-цю! Другім прадаю, сам купляю. Я цяпер усё роўна што князь – замак маю!
Юрась спадылба кінуў на сябрука скептычны позірк, і Аркадзь раздражнёна ўдакладніў:
— Ну ня замак, ня замак… Вежу. Але дзе? У Старавежску, на пляцы! У цябе яшчэ вялікі артыкул пра гэтае мястэчка быў, памятаеш?
Яшчэ б не памятаць! Пасьля гэтага артыкула мяне і пагналі з газеты. Аркадзь зьзяў, як дзіця, якому купілі дарагі канструктар. Кабета ў жоўтым мешкаватым пінжаку адсунула гасьцей ад майго прылаўка, каб пагартаць таўшчэзны том ілюстраванай «Энцыклапедыі эзатэрычных сімвалаў». Але я не расхваліла ёй «захапляльны трактат таемных ведаў», а пачала распытваць Аркадзя з былой журналісцкай «хваткай»:
—Чакай, як табе маглі прадаць ратушу? Гэта ж гістарычны помнік!
— Вядома, гістарычны, — задаволена згадзіўся былы аднакурсьнік.— Чатырнаццатага стагоддзя пабудова. Але ты ж сама пісала, у якім яна жахлівым стане, развальваецца. Даху няма. Унутры – дрэвы растуць. Яшчэ крыху – засталася б груда камянёў. Раённае кіраўніцтва радуецца, што збылі. Каму справа?
— Ну хаця б мясцовым краязнаўцам! – абурылася я. – Сама з імі сустракалася. Зацятыя...
Аркадзь толькі паціснуў плячыма.
— Знайшла сілу – «краязнаўцы»… Вялікіх падзей з той вежай не зьвязана, партызаны ў ёй штабу ня ладзілі… А я адрэстаўрую і адчыню шыкоўны гатэль і рэстаран. Турыстычны комплекс будзе! Вакол запаветныя лясы, на паляваньне ды рыбалку з усяго сьвету людзі езьдзяць. А ты, Анэта, дарэчы, ня думаеш працу мяняць? Мне добрыя менеджэры патрэбныя. А ты ж у нас на курсе «зорка» была. Самая таленавітая. Да таго ж мовы ведаеш... З тваёй польскай ды нямецкай можна хоць у пасольства перакладчыцай!
У былыя часы я б зацялася і пачала абараняць гістарычны помнік ад чарговага нуворыша… Але юначы рамантызм даўно сышоў з мяне, як пазалота з вокладкі забытай пад дажджом кнігі… Дый Юрась ранейшы нават рукі б не падаў чалавеку, які перарабляе вежу чатырнаццатага стагоддзя на турыстычны комплекс. «Вернем свае фальваркі, вернем лясы і паркі, і калісьці непазьбежна мы адродзім усю краіну…»
Ага, адраджаем… Забясьпечваем польскімі ўнітазамі і расейскай бульварнай літаратурай…
Кірмаш гуў, як мора ў ракавінцы, прыкладзенай да вуха, то сьціхаў, то мацнеў, і нельга было зразумець, дзе ягонае сэрца. Кабета ў жоўтым пінжаку адышлася, так і не адшкадаваўшы грошай на «Энцыклапедыю эзатэрычных сімвалаў».
— Дзякуй, Аркадзь, за прапанову… Але…
Аркадзь не пакрыўдзіўся.
— Добра, падумай. Вось табе мая візітоўка… І ты тэлефончык скажы, а то зьнікнеш у сваёй звычайнай манеры – моўчкі і бясьсьледна, як Сьнягурка.
Я атрымала з панскіх рук візітоўку з залатымі літарамі і… гербам. Вось табе і сын загадчыцы сталоўкі! У абрысе шчыта, падобнага да вакенца ў дэкарацыі мальераўскай п’есы – вежа. Сапраўды заманулася Аркадзю Баркуну князем стаць.
— А ты, Юрась, таксама гандлюеш? – як мага больш абыякава спыталася я.
— Я рэстаўратар, — ціха прамовіў мой былы муж, нарэшце на мяне зірнуўшы. Мне не ўдалося схаваць зьдзіўленьня.
— Ты ж на журфаку вучыўся!
— На журфак мяне бацькі ўладкавалі, быццам ня ведаеш, — Юрась усьміхнуўся ранейшай юнацкай усьмешкай.— Які з мяне журналіст. Гульню ў словы я не люблю. Калі мяне адлічылі – я не сумняваўся, што правільна. Адслужыў у арміі, скончыў Віцебскую мастацкую вучэльню, працую вось...
— Ён проста занадта сьціплы, — дакорліва сказаў Аркадзь. — Юрась у нас – знаны сьпецыяліст. Я і сам з ім раюся, і кліентаў сваіх скіроўваю. Дарэчы, пра птушак… А ці не пасьпяшацца нам, сябра? Спозьнімся… Ну, Анэта, рады быў пабачыцца. Тэлефануй!
Юрась прамовіў сваё «бывай», і ўладальнік вежы пацягнуў яго ў бок лесьвіцы, дзе быў антыкварны салон. Апоўдзень там чакаўся аўкцыён.
Я зноў уладкавалася на сваё крэселка за прылаўкам. Прыйшла восень, самотная, пакрыўджаная, адгарадзілася ад сьвету халоднымі кратамі дажджоў і лістабоем. Рудых заўсёды крыўдзяць, а я – таксама рудая, як восень... І такая ж самотная. Хацелася схавацца, скруціцца клубком, як кацяняці… Што я зрабіла са сваім жыцьцём? Вось – зьявіўся чалавек, які – маё першае каханьне, і нічога асаблівага ў душы… Вядома, нешта зварухнулася, абарвалася ў грудзях – але разьбітае вакно выклікала б болей эмоцыяў.
Прыкмецілі мы адно аднаго яшчэ на першым курсе. Я была гэткай самаўпэўненай дзяўчынкай з рудой касой да пояса і страшэнна баялася выявіць сваю «правінцыйную», як я лічыла, сарамяжлівасьць, нешта зрабіць «не па-сталічнаму» (і колькі глупстваў зроблена з-за гэтага!). А Юрась Дамагурскі быў трохі няўклюдным гарадскім юнаком з доўгімі кудламі, старасьвецкай выхаванасьцю ды начытанасьцю. Усе ведалі, што Юрасёў бацька — мовазнаўца, і не дзіваваліся, што Юрась размаўляў паўсюдна на мове. А я вырасла на раманах Караткевіча, маці мая выкладала беларускую литаратуру і як найвялікшыя рэліквіі зьбірала кнігі з аўтографамі беларускіх паэтаў… Таму калі на лекцыях выкладчык пачынаў расказваць, напрыклад, пра гераічнае змаганьне беларускага народу з Напалеонам, Юрась гучна згадваў пра Радзівілаў, якія былі на баку французаў, а з другога кута аўдыторыі я задавала сваё пытаньне пра вызвольны полк Княства Літоўскага, які французы набіралі на нашых землях. Выкладчык нерваваўся, а мы лічылі сябе ледзь не інсургентамі.
На другім курсе паслалі нас «на бульбу». І неяк вечарам Юрась павёў мяне на ўскраіну вёскі – з кім яшчэ мог падзяліцца адкрытым цудам? Над зарасьцямі шыпшыны ўздымаўся чорна-сівы ад часу слуп, наверсе якога, нібы трохкутны капялюш васемнаццатага стагоддзя, красаваўся разьбяны дах. Ніжэй мацавалася круглая рама з расьлінным узорам — птушачкі на галінках, драўляныя ружы – нібы вянок. Майстар дзівосны… Нават счарнелая, патрэсканая разьба ўражвала.
— Гэта аброчны крыж! – усхвалявана распавядаў Юры. – Тут калісьці праходзіла дарога… На крыж навязвалі рушнікі, каб шлях быў лёгкі. Папярочную перакладзіну адламалі... Бачыш, тут яна мацавалася. І расьпяцьце садралі, барбары… Толькі абрамленьне засталося. А гэта ж сямнаццатае стагоддзе, не пазьней!
Юрась гладзіў, нібыта жывое, счарнелае дрэва.
— Аднавіць можна! Якая прыгажосьць!
Я таксама дакранулася да слупа – яго паверхня была цёплай і шурпатай, нібы спрацаваная даланя…
Юрась паклаў сваю руку на маю… На небе запаліліся першыя зоры…
— А яны цалуюцца ў кустах, смаркачы!
Выкладчыца рускай літаратуры, нашая «бульбяная куратарка», захлыналася ад абурэньня.
— Ганна! Я думала, ты сьціплая прыстойная дзяўчына! А ты – распусьніца! Косы, бач, запляла, а сама…
Словы ляцелі ў мяне, нібы камякі бруду і, здавалася, пакідалі відочныя сьляды. Ды яшчэ тут, каля старажытнага крыжа, на які малілася столькі пакаленьняў вандроўнікаў! Я залілася сьлязьмі ад зьнявагі. І тады Юрась цьвёрда прамовіў, што я – ягоная жонка, і ён нікому не дазволіць мяне абражаць. Пазьней аказалася, што гэта былі ня проста словы, а план помсты і ўратаваньня майго гонару. Як Юрасю ўдалося ўгаварыць мяне на авантуру – мусіць, я была надта зьнерваваная.... Але я аддала яму свой пашпарт. Назаўтра Юрась пайшоў у сельсавет, ня ведаю, у колькі яму гэта абышлося, але… нас расьпісалі. Увечары мой нечаканы муж зьявіўся да выкладчыцы з нашымі пашпартамі, у якіх стаялі новенькія штампы. Дзеля словаў прабачэньня, якія мая крыўдзіцелька, высахлая да сьвісту старая дзеўка, выціснула з сябе, варта было згаджацца на гульню ў нявесту…
Але гульня зацягвалася. Нас чакала вяртаньне ў горад, вучоба, гаворка з бацькамі… Напачатку гэта было нават весела – бацькі Юрася, «пераварыўшы» навіну, перасялілі да сябе ягоную бабулю, і мы апынуліся ў ейнай кватэры. Як я пасьля зразумела, сваякі майго мужа былі пэўныя, што гэткі маланкавы шлюб мог адбыцца толькі з прычыны цяжарнасьці нявесты. Сваёй маці я нават ня стала нічога паведамляць – абавязкова захацела б зладзіць у нашым мястэчку вясельле. Мы з Юрасём па-сапраўднаму сталі мужам і жонкай, гэта было цудоўна… Для першай шлюбнай ночы купілі пунсовага атласу – прасьціны з казачных ветразяў! А яшчэ Юрась прачытаў, як рэжысёр Параджанаў упрыгожваў пакой для Марыны Уладзі і Уладзіміра Высоцкага – і гэтаксама выклаў усю падлогу апельсінамі, а між іх расставіў запаленыя сьвечкі... Шчасьлівы ўзрост, калі аздобы даюць адчуваньне шчасьця. А яшчэ — воля! Незалежнасьць! Можна ўсю нядзелю валяцца ў ложку і есьці цукеркі. Можна тыдзень складваць нямыты посуд у кошык. Можна ўсю ноч дзе-небудзь блукаць.
І не спаслала Неба нам ані каханьня, ані цярплівасьці…
Ды й завошта былі б нам тыя вялікія дарункі? Юрась штовечар бавіўся то ў рыцарскім клубе, то ў майстэрні знаёмага мастака. А калі заставаўся дома, то важдаўся з нейкімі старымі жалязякамі, падабранымі на сьметніцы, каб потым урачыста запаліць іржавы прымус або завесьці будзільнік, які тахкаў, быццам трэсьлі гарох у жалезным вядры. Асабліва Юрась ганарыўся памятым, парэпаным гадзіньнікам-«цыбулінай», які рамантаваў цэлы месяц, і які, па словах майго мужа, належаў калісьці Вацлаву Ластоўскаму... Чаму менавіта Вацлаву Ластоўскаму – уцямных доказаў я не атрымала, але Юрась толькі злаваўся, калі я выказвала сумніў, і прычапіў да гадзіньніка ледзь ня якарны ланцуг, які зьвешваўся з кішэні ягонай джынсоўкі, нібыта адтуль зьбіраліся ўцякаць зьняволеныя карузьлікі. А я хадзіла па літаб’яднаньнях ды тэатрах, а пад’есьці бегала да цёткі Алі, мамінай стрыечнай сястры, якая жыла непадалёк і апекавалася «беднай студэнтачкай»… Восеньскія дажджы закрэсьлівалі вокны празрыстымі кратамі, ноччу болей не было відно зорак… А старажытны гліняны кубак, з тых, што Юрась прыносіў у дом і прымушаў піць гарбату толькі з іх, каб адчуць повязь са шляхетнымі продкамі, трэснуў у маіх руках, і я абварыла калена. Мяняцца, прырастаць адно да аднаго не было ні жаданьня, ні сэнсу. Пасьля чарговай сваркі – Юрась занёс мае ўлюбёныя касеты нейкаму сябруку, ды яшчэ на мае крыкі па-хлапечы тузануў за касу – я запхнула рэчы ў сумку і вярнулася ў інтэрнат. А назаўтра падала на развод… Калі мы разышліся, на падваконьніку нашай кватэры яшчэ ляжала некалькі падвялых апельсінаў нашай першай шлюбнай ночы.
Пад канец году былога мужа адлічылі з журфаку. Юрасёва абыякавасьць да маёй улюбёнай прафесіі злавала яшчэ больш, чым ягоная звычка паўсюль насіць з сабой уключаны дыктафон, з якога чуліся хрыпатыя сьпевы Шалкевіча або лірычныя трэлі Данчыка. «Мне чужых краёў ня трэба…» Яшчэ на ілбе сабе зрабіў бы татуіроўку: «I love Belarus». Легкадумны ёлуп! Не хачу мець з ім нічога агульнага! Сяброўка ўгаварыла мяне «згубіць» пашпарт. Я заплаціла штраф і атрымала новенькі дакумент, без аніякае згадкі пра «памылку жыцьця». Мяне паслалі на год на стажыроўку ў Польшчу, потым я выйграла ў конкурсе на лепшы краязнаўчы рэпартаж і патрапіла на два месяцы ў Германію... А па вяртаньні мяне запрасілі ў прэстыжную газету. Карацей, удалая творчая кар’ера дапамагла забыцца на ўсе колішнія захапленьні.
А цяпер я спрабую забыцца на ўдалую творчую кар’еру.
Як добра, што няма пакупнікоў… Залы амаль пустыя. Вядома, выручкі ня будзе. Затое можна яшчэ падрамаць. Толькі б зноў жахі сярэднявечныя не прымроіліся.
— І шмат ты, даражэнькая, такім чынам нагандлявала?—голас Кацярыны Пятроўны, гаспадыні маёй «гандлёвай кропкі», дрыжэў ад праведнага гневу. Я ўсхапілася.
— Ды пакуль нічога…
— Ня дзіўна, — Кацярына Пятроўна, падцягнутая брунетка ў белым джынсавым касьцюме ў ружовыя кветачкі, маладзейшая за мяне на два гады, агледзела прылавак. – А чаму ня выклала «Энцыклапедыю эзатэрычных сімвалаў»? Яе добра купляюць.
Я зірнула на кнігі і схаладнела. Шыкоўнае выданьне зьнікла. Няўжо кабета ў жоўтым пінжаку пастаралася?..
Гаспадыня, відаць, заўважыла мае хваляваньні і дзелавым тонам спытала-сьцьвердзіла:
— Скралі?
— Ня ведаю…
— Затое я ведаю, што ты працуеш у мяне апошні дзень.