30686.fb2
Ён не гаварыў з імі ў той вечар за сталом, а яны не звярнулі ўвагі на яго зацятае, сціснутае, як кулак, маўчанне. Не развітваючыся, ён падняўся ў свой пакой, лёг і патушыў святло. Шмат пазней прыйшла жонка пасля прыемна праведзенага вечара; палічыўшы, што ён спіць, яна раздзелася ў цемры. Хутка ён пачуў яе цяжкае, роўнае дыханне.
Стары, сам-насам з сабою, шырока расплюшчанымі вачамі глядзеў у начную пустату. Побач з ім нешта ляжала і глыбока дыхала ў цемры; ён намагаўся ўспомніць, што гэтую жанчыну, якая ў адным з ім пакоі і дыхае адным з ім паветрам, ён калісьці ведаў маладою і палкаю, што яна нарадзіла яму дзіця і была звязана з ім глыбокаю таямніцаю крыві; ён настойліва пераконваў сябе, што гэтае цёплае і мяккае цела, якое ляжала так блізка, што ён мог дакрануцца да яго рукою, калісьці было жыццём у яго жыцці. Але дзіўна: думкі аб мінулым не выклікалі ў ім ніякіх пачуццяў, і ён слухаў жончына дыханне дакладна таксама, як праз адчыненае акно шум ад плёскату хваляў на прыбярэжнай гальцы. Усё гэта прайшло, даўно мінула, засталося толькі выпадковае і чужое суседства: усё скончана, скончана назаўсёды.
Яшчэ раз ён уздрыгнуў - ціха, як бы тайком, рыпнулі дзверы ў даччыным пакоі. «Значыцца, сёння зноў», - падумаў ён і адчуў лёгкі ўкол ва ўжо амярцвелым, здавалася, сэрцы. З хвіліну штосьці торгалася ў ім, быццам адміраючы нерв. Але і гэта прайшло: «Хай робіць што хоча! Што мне да яе!»
І стары зноў адкінуўся на падушку. Мякчэй ахутваў змрок яго збалелыя скроні, жыватворная прахалода пранікала ў кроў. І неўзабаве неглыбокі сон затуманіў знясіленыя пачуцці.
Калі жонка прачнулася раніцаю, яна ўбачыла, што муж ужо стаіць, у паліто і капелюшы.
- Куды гэта ты? - спыталася яна сонным голасам.
Стары не павярнуўся; ён спакойна засоўваў начную кашулю ў чамадан.
- Ты ж ведаеш, я еду дадому. Я бяру з сабою толькі самае неабходнае, астатняе можаце паслаць мне ўслед.
Жонка спалохалася. Што гэта? Такога голасу яна ніколі ў яго не чула: холадна, жорстка прарываліся словы праз сціснутыя зубы. Яна ўскочыла з ложка.
- Няўжо ты хочаш паехаць?.. Пачакай... мы таксама паедзем, я ўжо сказала Эрне...
Але ён толькі нецярпліва паматаў галавою.
- Не... не... заставайцеся... не трэба... - і, не азіраючыся, пайшоў да дзвярэй. Каб націснуць на ручку дзвярэй, ён мусіў паставіць на падлогу чамадан. І ў гэтае кароткае імгненне ён успомніў: тысячу разоў ён ставіў чамадан з узорамі перад чужымі дзвярамі; перш чым пайсці, пачціва развітваўся і прапаноўваў свае паслугі для далейшых даручэнняў. Але тут у яго не будзе болей ніякіх спраў, і таму ён не палічыў неабходным развітацца. Без адзінага слова, без развітальнага позірку ён падняў чамадан і з трэскам зачыніў за сабою дзверы, аддзяліўшы сябе ад свайго ранейшага жыцця.
Ні маці, ні дачка не зразумелі, што адбылося. Але гэты раптоўны ад'езд занепакоіў іх. Адразу ж яны паслалі яму ўслед, у родны горад на поўдні Германіі, лісты, у якіх падрабязна тлумачылі, што мела, мабыць, месца непаразуменне, амаль пяшчотныя, клапатлівыя лісты; яны пыталіся, ці добра ён даехаў, як яго здароўе, і нават былі гатовыя вярнуцца з адпачынку. Ён не адказаў. Яны зноў пісалі, адпраўлялі тэлеграмы, адказу не было. Толькі з канторы прыйшла сума, якую яны прасілі ў адным лісце, - паштовы перавод са штэмпелем фірмы, без ніводнага слова, напісанага рукою, без прывітання.
Такое невытлумачальнае, цяжкае становішча вымусіла іх паскорыць ад'езд. Хоць яны тэлеграмай паведамілі загадзя, калі вернуцца, ніхто не сустрэў іх на вакзале, і дома таксама нічога не было прыгатавана: слугі ўпэўнівалі, што стары рассеяна кінуў тэлеграму на стол і пайшоў, не зрабіўшы ніякіх распараджэнняў. Увечары, калі яны ўжо сядзелі за сталом, нарэшце грукнулі дзверы; яны ўскочылі з месца і пабеглі яму насустрач; ён паглядзеў на іх здзіўлена, - відаць, ён забыўся пра тэлеграму, - але ніякіх пачуццяў не выказаў, а абыякава даў дачцэ абняць сябе, прайшоў з імі ў сталовую і раўнадушна слухаў іх расказы. Ён ні аб чым не пытаўся, моўчкі смактаў цыгару, на пытанні адказваў коратка, але часцей прапускаў іх міма вушэй; здавалася, ён спіць з адкрытымі вачамі. Потым цяжка падняўся і пайшоў у свой пакой.
Так было і ў наступныя дні. Дарэмна ўстрывожаная жонка спрабавала пагаварыць з ім: чым настойлівей дабівалася яна тлумачэнняў, тым упарцей ён ухіляўся ад іх. Штосьці ў ім замкнулася, стала недаступным, адгарадзілася ад дамашніх. Ён яшчэ абедаў з імі за адным сталом, выходзіў у гасціную, калі бывалі госці, але сядзеў моўчкі, паглыблены ў свае думкі. Але ён заставаўся да ўсяго безудзельны, і таму, каму выпадала ў час размовы ўбачыць яго вочы, рабілася не па сабе, бо нежывы позірк іх, скіраваны ўдалечыню, не заўважаў нічога навокал.
Дзівацтвы старога хутка сталі звяртаць на сябе агульную ўвагу. Знаёмыя, сустракаючы яго на вуліцы, крадком падштурхоўвалі адзін аднаго локцем: стары, адзін з самых багатых людзей у горадзе, ціснуўся, нібы жабрак, да сцяны, у змятым, крыва надзетым капелюшы, абсыпаным попелам, неяк дзіўна хістаўся на кожным кроку і амаль заўсёды нешта мармытаў сабе пад нос. Калі з ім віталіся, ён спалохана ўзнімаў вочы: калі з ім загаворвалі, ён глядзеў на субяседніка пустым позіркам і забываў падаць яму руку. Спачатку сёй-той думаў, што стары аглух, і гучней паўтараў свае словы. Але гэта была не глухата: яму патрабаваўся нейкі час, каб прачнуцца ад унутранага сну, і ў гутарцы ён зноў упадаў у дзіўнае забыццё; вочы патухалі, ён абрываў размову на паўслове і спяшаўся далей, не заўважаючы здзіўлення субяседніка. Відаць было, што ён толькі з намаганнем адрываецца ад сонных мрояў, што ён заняты самім сабою і што людзі для яго ўжо не існуюць. Ён ні аб кім не пытаўся, ва ўласным доме не заўважаў нямой роспачы жонкі, збянтэжанага неўразумення дачкі. Ён не чытаў газет, не прыслухоўваўся да размовы; не было слоў, якія маглі б хоць на момант прабіць непранікальную сцяну яго абыякавасці. Нават справы, якім ён прысвяціў столькі гадоў жыцця, - і яны сталі яму чужымі. Зрэдку ён яшчэ заглядваў у кантору, але, калі сакратар заходзіў у кабінет, ён заставаў старога ў той самай позе: седзячы ў крэсле за сталом, ён глядзеў невідушчым позіркам на непрачытаныя лісты. Нарэшце ён сам зразумеў, што ён тут лішні, і перастаў з'яўляцца ў канторы.
Але вось што больш за ўсё здзівіла ўвесь горад: стары, які ніколі не належаў да ліку веруючых членаў суполкі, раптам стаў рэлігійны. Абыякавы да ўсяго, ён раней вечна пазніўся на абед і на дзелавыя спатканні, але цяпер ён ніколі не забываў у вызначаны час прыйсці ў сінагогу; там ён стаяў, у чорнай шаўковай ярмолцы, у накінутым на плечы белым талесе, заўсёды на адным месцы - дзе калісьці стаяў яго бацька, - ён стаяў, гойдаўся і нараспеў чытаў малітвы. У паўпустым храме, дзе вакол яго прыглушана гудзелі чужыя словы, ён болей чым дзе-небудзь адчуваў сябе сам-насам з самім сабою; мір і спакой заглушалі разгубленасць, не так ціснуў змрок у грудзях; калі ж чыталі памінальныя малітвы і ён бачыў сваякоў, дзяцей, сяброў нябожчыка, якія старанна і засмучана рабілі абрад і зноў прасілі боскай міласэрнасці нябожчыку, вочы яго ўвільгатняліся: ён ведаў, што ён апошні ў сваёй сям'і і ніхто потым не памяне яго. І ён набожна мармытаў малітвы і думаў пра сябе як пра нябожчыка.
Аднаго разу, позна ўвечары, калі ён вяртаўся са сваіх блуканняў дадому, яго захапіў дождж. Стары, як звычайна, забыўся ўзяць з сабою парасон; рамізнікі прапаноўвалі яму свае паслугі за невялікую плату; пад'езды і зашклёныя карнізы гасцінна запрашалі схавацца ад раптоўнай навальніцы, але дзівак спакойна ішоў і ішоў сабе пад дажджом. У змятым капелюшы сабралася лужа, з рукавоў сцякалі ручайкі яму пад ногі; ён не звяртаў на гэта ўвагі і ішоў далей - бадай што адзін на апусцелай вуліцы. Прамоклы да ніткі, падобны хутчэй на бадзягу, чым на ўладальніка багатага асабняка, ён падыходзіў да свайго дома. Якраз у гэтую хвіліну каля пад'езда рэзка затармазіў аўтамабіль з запаленымі фарамі, абліўшы няўважлівага пешахода рэдкай гразёю. Дзверцы расчыніліся, з асветленай машыны хуценька выйшла яго жонка з нейкім важным госцем, які паслужліва трымаў над ёю парасон, і яшчэ з адным панам; каля самых дзвярэй яны сутыкнуліся. Жонка пазнала яго і жахнулася, убачыўшы мужа ў такім выглядзе - наскрозь прамоклы, пакамячаны, ён нагадваў выцягнуты з вады клунак; яна міжволі адвяла ўбок вочы. Стары адразу зразумеў: ёй было сорамна за яго перад гасцямі. І без горычы, без хвалявання, - каб пазбавіць яе цяжкай неабходнасці знаёміць яго з імі, - ён зрабіў яшчэ некалькі крокаў і пакорліва ўвайшоў у дом праз чорны ход.
З гэтага дня стары карыстаўся ва ўласным доме толькі чорным ходам: тут ён быў упэўнены, што нікога не сустрэне. Тут ён нікому не перашкаджаў, і ніхто не перашкаджаў яму. Ён перастаў выходзіць да стала - старая служанка прыносіла яму ежу ў пакой; калі жонка або дачка спрабавалі пранікнуць да яго, ён хуценька адсылаў іх, крыху збянтэжаны, але з непахіснаю рашучасцю. Нарэшце яны пакінулі яго ў спакоі, адвыклі цікавіцца ім, і ён таксама нічым не цікавіўся. Часта да яго даносіліся праз сцены смех і музыка з другіх, цяпер ужо чужых яму пакояў; ён да позняй ночы чуў шум экіпажаў, якія пад'язджалі і ад'язджалі. Але ён нават не выглядваў з акна: навошта яму ўсё гэта? Толькі сабака прыходзіў яшчэ зрэдку наверх і клаўся каля ложка ўсімі забытага гаспадара.
Ён ужо не адчуваў болю ў змярцвелым сэрцы, але чорны крот угрызаўся ў вантробы. Прыступы з кожным тыднем рабіліся часцей, і, нарэшце, змучаны стары саступіў настойлівым патрабаванням урача і даў сябе агледзець. Прафесар хмурыўся. Асцярожна падрыхтоўваючы хворага, ён сказаў, што патрэбна аперацыя. Але стары не спалохаўся, ён толькі сумна ўсміхаўся: дзякуй богу, хутка канец! Канец паміранню, набліжаецца добрая смерць. Ён забараніў доктару гаварыць аб гэтым сям'і, папрасіў прызначыць дзень і пачаў рыхтавацца. Апошні раз ён пайшоў да сябе ў кантору (дзе ніхто ўжо не чакаў яго і ўсе глядзелі на яго, як на чужога), сеў яшчэ раз у чорнае скураное крэсла, у якім за трыццаць гадоў, за ўсё сваё жыццё прасядзеў тысячы і тысячы гадзін, папрасіў чэкавую кніжку і запоўніў адзін лісток; чэк ён аддаў ашаломленаму велічынёю сумы старшыні суполкі. Гэтыя грошы прызначаліся на дабрачынныя мэты і догляд яго магілы: ён ухіліўся ад падзякі і паспешна выйшаў; пры гэтым у яго з галавы зляцеў капялюш, але ён нават не захацеў нагнуцца, каб падняць яго. І так, з непакрытаю галавою, з мутнымі вачамі на жоўтым маршчыністым твары, ён паплёўся (прахожыя здзіўлена глядзелі яму ўслед) на могілкі, да магілы бацькоў. Там таксама на яго здзіўлена глядзелі цікаўныя. Ён доўга гаварыў з замшэлымі камянямі, як гавораць з жывымі людзьмі. Можа, ён паведамляў ім аб сваім хуткім прыходзе ці прасіў благаславення? Ніхто не чуў яго слоў, толькі губы варушыліся, шапталі малітвы, і ўсё ніжэй гойдалася і апускалася галава. Каля выхаду яго, добра ўсім вядомага, абступілі жабракі. Ён стаў паспешна выцягваць з кішэняў манеты і паперкі; калі ён усё ўжо раздаў, падышла кульгавая старэнькая, высахлая бабулька і ўмольна працягнула руку. Ён разгублена пашукаў у кішэнях і нічога не знайшоў. Толькі на пальцы яшчэ ціснула штосьці цяжкае і чужое - залаты заручальны пярсцёнак. Нейкі цьмяны ўспамін варухнуўся ў ім, - ён паспешна зняў пярсцёнак і аддаў яго здзіўленай старэнькай.
І вось так, бедны, вычарпаны да дна і адзінокі, стары лёг пад нож хірурга.
Калі стары апрытомнеў пасля наркозу, дактары, з-за цяжкага стану хворага, выклікалі жонку і дачку, ужо паінфармававых пра аперацыю. З цяжкасцю падняліся сіняватыя павекі. «Дзе я?» - пытаўся позірк, скіраваны на белыя сцены чужога пакоя.
І тут дачка ласкава нахілілася над бледным, асунутым тварам. І раптам штосьці ўспыхнула ў патухлых зрэнках. Іскрынка святла загарэлася ў іх: вось жа яна, горача любімая дачка, вось яна, Эрна, ласкавае, цудоўнае дзіця! Павольна, вельмі павольна паварушыліся горка сціснутыя вусны - усмешка, ледзь прыкметная, даўно забытая ўсмешка кранула кончыкі рота. І, узрушаная гэтым слабым, бездапаможным выказваннем, яна нахілілася, каб пацалаваць абяскроўленую бацькаву шчаку.
Але раптам - ці быў то прыкры пах духоў, які абудзіў цьмяны ўспамін, ці ў дрымотным мозгу ажылі даўнія думкі, - твар у хворага, які толькі што ззяў шчасцем, жахліва перакрывіўся; бледныя губы гнеўна сціснуліся, рука пад коўдраю нервова заторгалася, спрабуючы падняцца, быццам хацела адштурхнуць нешта агіднае, усё змучанае цела дрыжала ад хвалявання.
- Прэч!.. Прэч!.. - ледзь чутна, але ўсё ж зразумела лепяталі змярцвелыя вусны. І такая страшэнная агіда і пакутлівае ўсведамленне немагчымасці ўцячы самому адлюстраваліся ў рысах паміраючага, што ўрач заклапочана адвёў жанчын убок.
- Ён трызніць, - шапнуў ён, - лепш пакінуць яго аднаго.
Як толькі жонка і дачка пайшлі, на твары ў хворага з'явіўся ранейшы выраз стомленасці і спакою. Ён яшчэ глуха дыхаў - хрыплае дыханне вышэй і вышэй узнімала грудзі, якія ўбіралі ў сябе паветра, неабходнае для дыхання ўсяму жывому. Але хутка яны стаміліся прымаць гэтую горкую яду чалавека, і калі ўрач прыклаў вуха да сэрца старога, яно ўжо перастала яму балець.