30706.fb2
Для мудрасці няма нічога ненавіснейшага за хітрасць.
Адным ветраным парыжскім вечарам восенню 18** году, адразу пасля змяркання, я, седзячы разам са сваім сябрам С. Агюстам Дзюпэнам у яго маленькай цёмнай бібліятэцы, ці кабінеце, au troisième, No. 33, Rue Dunôt, Faubourg St. Germain *, атрымліваў падвойную асалоду, якую могуць падарыць развагі і пенкавая люлька. Не менш чым гадзіну мы захоўвалі глыбокае маўчанне, і выпадковаму назіральніку магло падацца, што мы засяроджаныя выключна на мудрагелістых клубах дыму, якія рабілі атмасферу пакоя яшчэ змрачнейшай. Аднак я працягваў у думках аналізаваць пытанні, якія мы закранулі ў размове ў пачатку вечара — я маю на ўвазе падзеі на вуліцы Морг і таямніцу, звязаную з забойствам Мары Ражэ. А таму, калі дзверы пакоя расчыніліся і ўпусцілі нашага старога знаёмца мсье Г., прэфекта парыжскай паліцыі, гэта падалося мне чымсьці накшталт супадзення.
* На чацвертым паверху дома №33 па вуліцы Дзюно ў прадмесці Сэн-Жэрмэн (фр.).
Мы прыязна павіталі госця, бо нікчэмныя якасці яго характару межавалі з забаўнымі, і да таго ж мы некалькі гадоў не бачыліся. Да яго візіту мы сядзелі ў цемры, і цяпер Дзюпэн падняўся, каб запаліць лямпу, але, не зрабіўшы гэтага, зноў прысеў, калі пачуў, што прэфект зазірнуў да нас параіцца, а дакладней, спытаць у майго сябра меркавання пра справу, якая прынесла яму шмат турботаў.
— Калі яна ў нейкім сэнсе патрабуе развагаў, — зазначыў Дзюпэн, так і не запаліўшы кнот, — то мы лепш выслухаем вас у цемры.
— Вашая чарговая дзіўная ідэя! — сказаў прэфект, які меў звычку называць дзіўным усё вышэйшае за сваё разуменне, а таму жыў у атачэнні незлічоных легіёнаў рознага кшталту дзіваў.
— Несумненна, — пагадзіўся Дзюпэн, а потым забяспечыў госця люлькай і падсунуў яму зручнае крэсла.
— З якой цяжкасцю вы сутыкнуліся? — спытаў я. — Спадзяюся, гэтым разам не забойства?
— О не, нічога такога. Праблема насамрэч зусім лёгкая, і я не сумняюся, што мы паспяхова справімся з ёй самастойна. Але мне здаецца, што Дзюпэн захоча даведацца пра яе акалічнасці, бо яна надзвычай дзіўная.
— Простая і дзіўная, — падагульніў Дзюпэн.
— Ну, прыкладна так, але не зусім. Насамрэч усе мы вельмі збянтэжаныя, бо гэтая зусім простая справа збівае нас з панталыку.
— Магчыма, вас ставіць у тупік сама яе прастата, — сказаў мой сябар.
— Што за лухту вы кажаце! — усклікнуў прэфект і шчыра засмяяўся.
— Магчыма, разгадка крыху занадта празрыстая, — дадаў Дзюпэн.
— Божа мой, ніколі такога не чуў!
— Крыху занадта відавочная.
— Ха-ха-ха! Ха-ха-ха! Хо-хо-хо! — зарагатаў наш госць, ад душы развесяліўшыся. — Дальбог, Дзюпэн, аднойчы вы даведзяце мяне да труны!
— Дык што ў вас, урэшце, за справа? — спытаў я.
— Зараз раскажу, — адказаў прэфект і, уладкаваўшыся ў крэсле, зрабіў доўгую, раўнамерную і задуменную зацяжку. — Раскажу ў некалькіх словах, але перад гэтым дазвольце папярэдзіць, што справу трэба захоўваць у найглыбейшай таямніцы. Калі хтосьці даведаецца, што я даверыў яе чужым людзям, я, відаць, страчу сваю цяперашнюю пасаду.
— Працягвайце, — сказаў я.
— Ці не, — сказаў Дзюпэн.
— Значыць, так. З найвышэйшых колаў я атрымаў прыватную інфармацыю, што з каралеўскіх пакояў скрадзены адзін вельмі важны дакумент. Асоба выкрадальніка вядомая, у гэтым няма сумневаў: бачылі, як ён забіраў паперу. Таксама вядома, што дакумент дагэтуль у яго руках.
— Адкуль гэта вядома? — спытаў Дзюпэн.
— Пра гэта сведчыць, — адказаў прэфект, — сама прырода дакумента і адсутнасць тых вынікаў, якія пацягнула б за сабой пазбаўленне ад ліста, а дакладней, яго выкарыстанне, бо выкрадальнік раней ці пазней яго выкарыстае.
— Прашу гэта патлумачыць, — сказаў я.
— Ну, рызыкну сказаць, што папера дае свайму ўладальніку пэўную ўладу ў колах, дзе такая ўлада надзвычай цэніцца, — прэфект любіў загадкавую мову дыпламатыі.
— Я ўсё яшчэ не зусім разумею, — сказаў Дзюпэн.
— Не? Ну, калі дакумент атрымае трэцяя асоба, якую пакінем неназванай, гэта паставіць пад сумнеў рэпутацыю адной вельмі высокапастаўленай персоны, і таму той, у чыіх руках дакумент, мае ўладу над гэтай знакамітай персонай, чые рэпутацыя і спакой цяпер пад пагрозай.
— Але выкрадальнік атрымлівае такую ўладу толькі тады, — перарваў я прэфекта, — калі ён упэўнены, што абрабаваны ведае, хто выкрадальнік. Хто насмеліцца...
— Міністр Д., — адказаў прэфект, — ён выкрадальнік і ён насмеліцца на ўсё, што вартае, а таксама не вартае мужчыны. Спосаб, якім ён скраў дакумент, такі ж вынаходлівы, як і смелы. Абрабаваная асоба атрымала дакумент — а менавіта ліст, — калі сядзела адна ў каралеўскім будуары. Раптам чытанне было перарванае з’яўленнем іншай высокапастаўленай асобы, той самай, ад якой ліст трэба было хаваць. Пасля паспешлівай і марнай спробы засунуць ліст у шуфляду яна была вымушаная пакласці яго разгорнутым на стол. Аднак адрас апынуўся навідавоку, а змест — схаваным, таму ліст не забраў увагі. Раптам увайшоў міністр Д. Яго рысіны погляд тут жа выхоплівае ліст, міністр пазнае почырк, адзначае збянтэжанасць адрасаткі і разгадвае яе таямніцу. Пасля працоўнага дакладу, зробленага ў звычайнай хуткай манеры, ён выцягвае ліст, трохі падобны да таго, што на стале, разгортвае яго, робіць выгляд, што чытае, і потым кладзе побач з першым. Наступныя пятнаццаць хвілінаў ён вядзе размову пра грамадскія справы. Урэшце, сыходзячы, ён прыхоплівае са стала чужы ліст. Сапраўдная ўладальніца дакумента ўсё бачыць, але не насмельваецца прыцягнуць увагу да гэтай акалічнасці праз трэцюю асобу, што стаіць побач. Міністр знікае, пакінуўшы свой нязначны ліст на стале.
— І вось, — сказаў мне Дзюпэн, — пастаўленая вамі ўмова выкананая: выкрадальнік атрымлівае ўладу, бо ўпэўнены, што абрабаваны ведае, хто выкрадальнік.
— Але, — пагадзіўся прэфект. — Здабыўшы такім чынам уладу, выкрадальнік цягам апошніх месяцаў карыстаецца ёй дзеля дасягнення палітычных мэтаў і заходзіць небяспечна далёка. Абрабаваная дзень пры дні ўсё больш упэўніваецца, што ліст трэба вярнуць. Але адкрыта гэтага зрабіць нельга. Карацей кажучы, даведзеная да адчаю, яна перадала справу мне.
— Паверніку, — адзначыў Дзюпэн, патанаючы ў сапраўдных віхурах дыму, — больш праніклівага за якога нельга, мяркую, ні пажадаць, ні ўявіць.
— Вы мне лёсціце, — адказаў прэфект, — але не выключана, што хтосьці можа з вамі пагадзіцца.
— Відавочна, вы маеце рацыю, і ліст усё яшчэ ў міністра, — сказаў я. — Менавіта валоданне лістом, а не яго выкарыстанне, дае ўладу. Калі ён выкарыстае ліст, улада знікне.
— Так і ёсць, — сказаў прэфект. — У адпаведнасці з гэтым я і дзейнічаў. Маім першым клопатам было старанна абшукаць дом міністра, і тут я сутыкнуўся з вялікай складанасцю: міністр не мусіў ведаць пра мае захады. Больш за тое, мяне папярэдзілі, як небяспечна даваць яму падставу для падазрэнняў.
— Але ж вы добра разбіраецеся ў гэтым, — сказаў я. — Парыжская паліцыя займалася такімі рэчамі і раней.
— Безумоўна! Таму я і не страчваў надзеі. Да таго ж, звычкі міністра давалі мне добрыя магчымасці. Ён часта адсутнічаў дома цэлую ноч. Слуг у яго зусім няшмат, і яны спяць далёка ад пакоя гаспадара, а яшчэ амаль усе яны — неапалітанцы, таму заўсёды радыя выпіць. У мяне, як вы ведаеце, ёсць ключы, якімі я магу адамкнуць любы пакой ці шафу ў Парыжы. Цягам трох месяцаў не было ніводнай ночы, якую б я не прысвяціў прыватным расследаванням у доме міністра. Гэта справа гонару і, скажу па сакрэце, вялікіх грошай. А таму я не пакідаў сваіх спробаў, пакуль канчаткова не ўпэўніўся, што рабаўнік нашмат хітрэйшы за мяне. Думаю, я агледзеў кожны кут і закутак, дзе можна схаваць скрадзеную паперу.
— А ці магчыма, — задумаўся я, — што ліст дагэтуль застаецца ў міністра (а іначай і быць не можа), але схаваны не ў яго дома, а дзесьці яшчэ?
— Наўрад ці, — адказаў Дзюпэн. — Сённяшні стан справаў пры двары, і асабліва тыя інтрыгі, у якія, як вядома, уцягнуты міністр, патрабуюць, каб дакумент заўсёды быў побач: магчымасць у любы момант даць яму ход мае амаль такое самае значэнне, як і сам факт валодання ім.
— Магчымасць даць яму ход? — перапытаў я.
— А калі трэба, то знішчыць, — адказаў Дзюпэн.
— Значыць, — сказаў я, — папера дакладна ў доме. Няма сумневаў, што міністр не будзе ўвесь час насіць яе пры сабе.
— Безумоўна, — пагадзіўся прэфект. — Яго двойчы спынялі, нібыта каб абрабаваць, і пад маім уласным наглядам старанна абшуквалі.
— Маглі б так не напружвацца, — сказаў Дзюпэн. — Мне здаецца, міністр не зусім дурань, а значыць, прадбачыў магчымасць такіх нападаў і быў падрыхтаваны.
— Не зусім дурань, — прамовіў прэфект, — але ён паэт. Мне здаецца, ад паэта да дурня — адзін крок.
— Безумоўна, — сказаў Дзюпэн, зрабіўшы доўгую задуменную зацяжку, — хаця я і сам грашыў кепскімі вершыкамі.
— Можа, раскажаце пра свае пошукі падрабязней? — папрасіў я.
— Ну, рэч у тым, што мы мелі час і абшукалі ўсё. У мяне наконт такога вялікі досвед. Я агледзеў будынак пакой за пакоем, прысвяціўшы кожнаму ўсе ночы тыдня. Спачатку мы праверылі мэблю, адчынілі ўсе магчымыя шуфляды, і я гатовы сцвярджаць, што для правільна навучанага паліцэйскага проста не існуе ніякіх “таемных” шуфлядак. Такую штуку падчас росшукаў абміне толькі ідыёт. Гэта так проста! Кожная шафа займае пэўны аб’ём, ці прастору, і гэта трэба ўлічваць. Астатняе зробяць нашыя дакладныя лінейкі. Вывучым усё да пяцісотай часткі цалі. Пасля шафаў мы ўзяліся за крэслы. Сядзенні мы правяралі доўгімі тонкімі іголкамі — вы бачылі, як я гэта раблю. Потым мы здымалі са сталоў стальніцы...