30706.fb2 Скрадзены ліст - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Скрадзены ліст - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

— Навошта?

— Часам для таго, каб нешта схаваць, чалавек здымае стальніцу ці нейкую іншую падобную да яе дэталь мэблі, робіць у ножцы выемку, куды хавае патрэбную рэч, і вяртае стальніцу на месца. З гэтымі ж мэтамі выкарыстоўваюцца слупкі ложкаў.

— Але хіба нельга знайсці поласць з дапамогай гуку? — пацікавіўся я.

— Ніяк, калі рэшту поласці забіць ватай. Да таго ж, у нашым выпадку патрабавалася цішыня.

— Але не маглі ж вы адсунуць... не маглі ж вы разабраць на часткі ўсю мэблю, у якой апісаным вамі спосабам можна зрабіць сховішча. Калі скруціць ліст у тонкую трубачку, таўшчынёй і аб’ёмам не нашмат большую за вялікую спіцу для вязання, яго можна ўкласці, напрыклад, у перакладзіну крэсла. Вы ж не разбіралі на часткі ўсе крэслы?

— Безумоўна, не, але мы зрабілі яшчэ лепш: мы старанна агледзелі перакладзіны ўсіх крэслаў у доме, як, дарэчы, і месцы злучэння ўсіх дэталяў мэблі, з дапамогай надзвычай моцнага мікраскопа. Калі б на драўніне былі хоць якія сляды нядаўніх пашкоджанняў, мы б іх нізашто не прапусцілі. Напрыклад, найдрабнейшая пылінка ад свярдзёлка была б бачная не горш за яблык. Любое парушэнне слою праклейкі, незвычайная шчылінка на месцы злучэння — і мы адразу ўсё знайшлі б.

— Мяркую, вы праверылі ўсе люстэркі ў месцах, дзе рама сутыкаецца са шклом, а таксама абмацалі ўсе ложкі і пасцельную бялізну, не забыўшыся на гардзіны і дываны.

— Безумоўна. А калі мы канчаткова разабраліся з усёй мэбляй, то ўзяліся за сам дом. Мы падзялілі ўсю яго плошчу на пранумараваныя ўчасткі так, каб ніводнай не пакінуць па-за ўвагай, і старанна даследавалі з мікраскопам кожную асобную квадратную цалю жылой плошчы, у тым ліку два суседнія дамы.

— Два суседнія дамы! — усклікнуў я. — Працы, відаць, было нямала.

— І не кажыце. Але нам паабяцалі неверагодную ўзнагароду.

— А што з участкам вакол дома?

— Ён увесь забрукаваны цэглай, а таму ў параўнанні з астатнім турботаў тут было няшмат. Мы разгледзелі мох паміж цаглінамі і зразумелі, што ён не пашкоджаны.

— Вы перагледзелі паперы міністра і кнігі ў яго бібліятэцы?

— Канечне, мы разгледзелі кожны пакунак і скрутак і не толькі праверылі ўсе тамы, але і прагарталі кожную старонку ў кожнай кнізе, не абмежаваўшыся звычайным ператрэсваннем, як гэта робяць некаторыя паліцэйскія. Апроч гэтага мы самым скрупулёзным чынам вымералі таўшчыню ўсіх кніжных вокладак і ўважліва разгледзелі кожную з іх у мікраскоп. Калі б хтосьці нядаўна чапаў хоць адзін з пераплётаў, гэты факт ні за што не абмінуў бы нашай увагі. Пяць ці шэсць фаліянтаў, якія нядаўна пабывалі ў руках пераплётчыкаў, мы асцярожна праверылі іголкамі.

— Аглядалі падлогу пад дыванамі?

— Несумненна. Мы адсунулі кожны дыван і вывучылі паркет з дапамогай мікраскопа.

— А шпалеры на сценах?

— Безумоўна.

— У сутарэнні зазірнулі?

— Вядома ж.

— Значыць, — сказаў я, — вы памыліліся ў разліках, і ліста ў доме няма.

— Баюся, тут вы маеце рацыю, — сказаў прэфект. — А цяпер, Дзюпэн, што вы мне параіце?

— Яшчэ раз старанна абшукаць дом.

— У гэтым няма ніякага сэнсу, — адказаў прэфект. — Я ўпэўнены, што ліст не там, нават больш, чым у тым, што дыхаю.

— Лепшай парады ў мяне няма, — сказаў Дзюпэн. — У вас, безумоўна, ёсць падрабязнае апісанне ліста?

 — Вядома!

Тут прэфект выцягнуў свой нататнік і прачытаў нам найдакладнейшае апісанне зніклага дакумента знутры і асабліва звонку. Хутка ён сышоў — такім прыгнечаным я яшчэ ніколі яго не бачыў.

Прыкладна праз месяц прэфект зноў зазірнуў да нас — мы былі занятыя тым жа, чым падчас мінулага візіту. Ён узяў люльку, сеў і завязаў самую звычайную гутарку ні пра што. Урэшце я не вытрымаў:

— А што з тым скрадзеным лістом? Я так разумею, вы ўсё ж прыйшлі да высновы, што перамагчы міністра немагчыма?

— Так і ёсць, чорт яго дзяры! Згодна з парадай Дзюпэна мы яшчэ раз абшукалі дом — але, як я і думаў, уся праца была марнай.

— А якую абяцаюць узнагароду? — пацікавіўся Дзюпэн.

— О, вельмі добрую, неверагодна, я б сказаў, шчодрую, але колькі дакладна — лепш памаўчу. Магу хіба што сказаць, што я не супраць выдаць свой уласны чэк на пяцьдзясят тысяч франкаў любому, хто дапаможа мне завалодаць лістом. Бо ведаеце, з кожным днём значэнне ліста расце, і абяцаная ўзнагарода была нядаўна падвоеная. Але калі яе нават патрояць, я ўсё адно не змагу зрабіць больш, чым ужо зрабіў.

— Што да мяне, мсье прэфект, — сказаў Дзюпэн паміж дзвюма зацяжкамі з пенкавай люлькі, — то мне здаецца, вы не аддаліся... гэтай справе напоўніцу... Думаю, варта было... зрабіць трошкі болей...

— Што зрабіць? Якім чынам?

— Ну... пых-пых... трэба было наняць спецыяліста... пых-пых... праўда? Помніце тую гісторыю пра Абернэці?

— Ды ну яго, вашага Абернэці!

— І праўда, ну яго. Але слухайце. Аднойчы нейкі багаты скнара прыдумаў спосаб бясплатна выцягнуць з Абернэці медыцынскую параду. З гэтай мэтай скнара завязаў з ім на нейкім вечары звычайную размову і паступова пераказаў доктару ўсе свае сімптомы, прыпісаўшы іх уяўнаму суб’екту. “Дапусцім, — казаў скнара, — хвораму баліць тое і тое. Што б вы, доктар, яму прапісалі?” — “Безумоўна, добрага спецыяліста”, — адказаў Абернэці.

— Але, — трошкі сумеўшыся, сказаў прэфект, — мне таксама вельмі патрэбны добры спецыяліст, і я гатовы яму заплаціць. Я і праўда дам пяцьдзясят тысяч франкаў таму, хто дапаможа мне з гэтай справай.

— У такім выпадку, — адказаў Дзюпэн, высоўваючы шуфляду і дастаючы адтуль чэкавую кніжку, — выпішыце мне чэк на згаданую суму, і калі вы паставіце на ім свой подпіс, я ўручу вам ліст.

Я быў агаломшаны, а прэфекта нібыта ўдарыла громам. Некалькі хвілінаў ён не мог ні варухнуцца, ні вымавіць хаця б слова, а толькі з разяўленым ротам недаверліва пазіраў на майго сябра. Здавалася, вочы паліцэйскага вось-вось вылезуць з арбітаў. Урэшце, неяк узяўшы сябе ў рукі, ён схапіў пяро і пасля некалькіх перапынкаў і пустых позіркаў навокал змог запоўніць чэк на пяцьдзясят тысяч франкаў і падпісаць яго, каб перадаць Дзюпэну праз стол. Той уважліва вывучыў чэк і схаваў яго ў партманэт, а затым, адамкнуўшы сакрэтнік, дастаў адтуль аркуш і перадаў прэфекту. У сапраўдным параксізме радасці паліцэйскі схапіў ліст, дрыготкімі рукамі разгарнуў яго, хутка прагледзеў змест, потым, сабраўшы сілы, пацягнуўся да дзвярэй і ўрэшце бесцырымонна выскачыў з пакоя і з дому, не сказаўшы з таго моманту, як Дзюпэн запатрабаваў чэк, ані слова.

Калі ён сышоў, мой сябар пусціўся ў тлумачэнні.

— Парыжская паліцыя, — сказаў ён, — па-свойму вельмі здольная. Усе яны настойлівыя, вынаходлівыя, хітрыя і добра абазнаныя ў тых сферах, якія відавочна патрэбныя ў іх прафесіі. А таму, калі прэфект падрабязна апісаў мне, як ён абшукваў дом міністра, я цалкам упэўніўся, што сваю справу ён зрабіў выдатна — у межах абранага ім кірунку росшукаў.

— У межах абранага ім кірунку?

— Але, — пацвердзіў Дзюпэн. — Зробленыя ім захады былі не проста выключнымі — яны дасканала рэалізоўваліся. Калі б ліст схавалі гэткім жа чынам, хлопцы з паліцыі, несумненна, яго знайшлі б.

Я толькі рассмяяўся, але ён, здаецца, гаварыў сур’ёзна.

— Самі па сабе гэтыя захады, — прадоўжыў ён, — былі добрыя, як і самі росшукі. Іх недахоп палягаў у тым, што яны не адпавядалі ні нашай сітуацыі, ні нашаму злачынцу. Пэўны набор надзвычай вынаходлівых метадаў ператварыўся для прэфекта ў своеасаблівае пракрустава ложа, да якога ён гвалтоўна падладжвае свае планы. Прэфект увесь час памыляецца, занураючыся ў праблему то занадта глыбока, то занадта павярхоўна — многія школьнікі змогуць разважаць лепш за яго. Я ведаў аднаго васьмігадовага хлопчыка, чые поспехі ў гульні “цот і лішка” выклікалі ўсеагульнае захапленне. Для гэтай простай гульні патрэбныя толькі шарыкі. Адзін гулец заціскае ў далоні некалькі такіх шарыкаў, а другі мусіць адгадаць, цотная іх колькасць ці няцотная. Той, хто адгадаў, атрымлівае шарык, той, хто не адгадаў — аддае. Хлопчык, пра якога я казаў, выйграў усе шарыкі ў школе. Безумоўна, у яго быў свой метад адгадвання, які палягаў усяго толькі ў назіранні за супернікам і вызначэннем узроўню яго хітрасці. Напрыклад, ягоны супернік — сапраўдны дурань — выцягвае сціснутую руку і пытае: “Цот ці лішка?” Наш хлопец адказвае: “Лішка”, — і страчвае шарык, але другую спробу выйграе, разважыўшы так: “Гэты дурань загадаў першы раз цотную колькасць, і цяпер яго мазгоў хопіць толькі на тое, каб другі раз загадаць няцотную, а таму трэба зноў выбраць лішку”. Ён адказвае: “Лішка”, — і выйграе. Калі ж дурань трохі разумнейшы, наш хлопец разважае іначай: “Супернік ведае, што першы раз я выбраў лішку, а таму для другой спробы ён спачатку захоча замяніць цот на лішку, як папярэдні дурань, але потым падумае, што гэта занадта проста, і ўрэшце зноў спыніцца на цотнай колькасці, а таму трэба выбраць цот”. Адказвае: “Цот”, — і выйграе. Вось такі метад выкарыстоўвае наш школьнік, якога сябры называюць лёсікам — і ў чым жа сутнасць гэтага метаду?

— Усяго толькі ў здольнасці атаясаміць свой інтэлект з інтэлектам суперніка, — сказаў я.

— Так і ёсць, — пацвердзіў Дзюпэн, — і калі я спытаў хлопчыка, якім чынам ён змог так цудоўна атаясамлівацца з супернікам і ўвесь час перамагаць, то атрымаў такі адказ: “Калі я хачу даведацца, наколькі хтосьці разумны, ці дурны, ці добры, ці дрэнны, альбо пра што ён у гэты момант думае, я спрабую з усёй магчымай дакладнасцю скапіяваць выраз яго твару і потым гляджу, якія ў маёй галаве з’яўляюцца думкі, а ў сэрцы — пачуцці ў адпаведнасці з такім выразам”. У словах гэтага школьніка хаваецца самая сутнасць тых уяўных глыбіняў, якія прыпісваюцца Ларашфуко, Лабруеру, Мак’явэлі і Кампанэлу.

— І атаясамленне розуму мысляра з розумам яго суперніка залежыць, калі я не памыляюся, ад таго, ці правільна ён гэты самы розум суперніка ацаніў, — спытаў я.

— З практычнага гледзішча ўсё так і ёсць, — адказаў Дзюпэн. — Прэфект і яго кагорта так часта церпяць паразу, па-першае, праз няздольнасць атаясамлівацца, а па-другое, праз памылковую ацэнку розуму таго, з кім маюць справу, ці, дакладней, праз адсутнасць такой ацэнкі. Яны бяруць да ўвагі толькі ўласнае ўяўленне пра вынаходлівасць і, шукаючы нешта схаванае, думаюць толькі пра тое, як бы яны самі гэта схавалі. У чымсьці яны маюць рацыю: іх уяўленне пра вынаходлівасць цалкам адпавядае ўяўленням большасці людзей, але калі нейкі злачынца вылучаецца вельмі асаблівай, не падобнай да іхнай, хітрасцю, гэта, безумоўна, збівае іх з панталыку. Так бывае заўсёды, калі злачынца разумнейшы за іх, і досыць часта — калі дурнейшы. Прынцыпы іх расследаванняў ніколі не пераглядаюцца — у найлепшым выпадку паліцэйскія, трапіўшы ў экстрэмальную сітуацыю (напрыклад, іх падганяе надзвычай высокая ўзнагарода), могуць пашырыць ці ўдасканаліць старыя метады працы, але яе прынцыпаў не змяняюць. Што, напрыклад, яны зрабілі ў справе з міністрам, каб разнастаіць свае метады? Чым ёсць усе іх свідраванні, праколы, прастукванні, даследаванні з дапамогай мікраскопа і раздзяленні прасторы на пранумараваныя квадратныя цалі? Не больш як пашыраным выкарыстаннем старога метаду ці сукупнасці метадаў для абшуквання, заснаванага на пэўным наборы ведаў пра чалавечую вынаходлівасць, да якой прэфект прыйшоў за доўгія гады руціннай працы. Бачыце, ён лічыць натуральным, што ўсе людзі схаваюць ліст калі не ў прасвідраванай у ножцы крэсла дзірцы, то прынамсі ў нейкім іншым цяжкадасягальным месцы, у схованцы, якую падкажа той самы кірунак думак, што прымусіць чалавека засунуць ліст у прасвідраваную ў ножцы крэсла дзірку. Бачыце, такія вышуканыя тайнікі прыдатныя толькі для пасрэдных выпадкаў і прыйдуць толькі ў вельмі пасрэдную галаву. Бо ва ўсіх справах, калі даводзіцца шукаць схаванае, тайнік — асабліва такі вышуканы — у першую чаргу прыходзіць у галаву, а таму лёгка вызначальны, і яго пошукі залежаць не так ад кемлівасці, як ад простай уважлівасці, цярплівасці і настойлівасці тых, хто шукае. А калі вядзецца пра важную справу — ці пра істотную ўзнагароду, што ў вачах паліцэйскіх значыць тое самае, — згаданыя якасці ніколі не падводзяць. Цяпер вы разумееце, што я меў на ўвазе, кажучы, што калі б скрадзены ліст быў схаваны ў межах абранага прэфектам кірунку росшукаў — іншымі словамі, калі б прынцыпы яго хавання былі супастаўныя з прынцыпамі прэфекта — паліцыя, без сумневу, змагла б знайсці прапажу. Аднак паліцэйскі зусім заблытаўся, і глыбінная прычына яго паразы палягае ў меркаванні, што міністр — дурань, бо мае славу паэта. Паводле адчуванняў прэфекта, усе дурні — паэты, і ён памыляецца хіба што ў non distributio medii *, робячы з гэтага выснову, што ўсе паэты — дурні.