31589.fb2 Споведзь Тэадзюля Сабо (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Споведзь Тэадзюля Сабо (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

- Я не супраць. Я не супраць, можа, i дамовiмся.

Плябан прапанаваў:

- Вы мусiце прылюдна прыняць прычасце на вялiкiм набажэнстве ў гэтую нядзелю.

Сталяр адчуў, што бялее, i, не адказаўшы, спытаўся:

- А лавы, iх таксама трэба аднаўляць?

Плябан цвёрда адказаў:

- Трэба, але пасля.

Сабо сказаў:

- Я не супраць, не супраць. Я ж не зацяты, я згодны з рэлiгiяй, чаму ж, што мне не даспадобы, дык гэта абрад, але ў гэтым выпадку я не буду сваволiць.

Манашкi злезлi з крэслаў i схавалiся за алтаром, яны слухалi, бледныя ад хвалявання.

Бачачы, што сiла на яго баку, святар зрабiўся раптам лагодны i прыязны:

- Добра, вельмi добра. Вось разумныя, неблагiя словы, паверце мне. Вы яшчэ самi ўбачыце.

Сабо сцiпла ўсмiхнуўся i спытаўся:

- Цi нельга трохi адкласцi гэтае прычасце?

Але святар зноў спахмурнеў:

- Перад тым, як даверыць вам работу, я хачу пераканацца ў вашым далучэннi.

I мякка дадаў:

- Прыходзьце да споведзi заўтра, бо трэба, каб вы спавядалiся, прынамсi, двойчы.

Сабо перапытаў:

- Двойчы?

- Але.

Святар усмiхаўся:

- Вы ж разумееце, што вам патрэбна грунтоўная чыстка, поўнае ачышчэнне. Значыць, буду чакаць вас заўтра.

Вельмi ўсхваляваны сталяр спытаўся:

- А дзе вы робiце гэта?

- У... у спавядальнi.

- У... той шафе, там у куце? Ведаеце... усё ў тым, што... ваша шафа не па мне.

- Чаму гэта?

- Таму... таму, што мне гэта нязвычна, i таму, што я глухаваты.

Плябан аказаўся згодлiвы:

- Добра! Тады прыходзьце да мяне, у мой пакой. Мы зробiм гэта ўдвух, сам-насам. Згода?

- Вось цяпер згода, а ў вашу шафу - нiзашто.

- Дык да заўтра, па рабоце, а шостай.

- Па руках, лады на тры гады, пане дабрадзею, да заўтрага. Хто перадумае слiняк!

I ён падаў сваю вялiкую шурпатую руку, па якой плябан гучна пляснуў сваёй.

Пляск падляцеў пад скляпенне i сцiхнуў дзесьцi высока за арганнымi трубамi.

Увесь наступны дзень Тэадзюль Сабо непакоiўся. Ён адчуваў сябе гэтак жа пагана, як чалавек, якому будуць рваць зуб. У галаве ўвесь час круцiлася думка: "Сёння ўвечары мне спавядацца". I яго хiсткая душа, душа нясталага атэiста, трэслася перад Божым таiнствам.

Скончыўшы працу, ён пайшоў у плябанiю. Святар гуляў у прысадах, чакаючы яго з малiтоўнiкам у руках. Ён быццам свяцiўся i сустрэў яго з прыхiльнаю ўсмешкаю:

- А, вось i вы. Заходзьце, пан Сабо, вас тут не з'ядуць.

Сабо ўвайшоў першы. Ён прамармытаў:

- Калi вам не цяжка, мне б хацелася як мага хутчэй скончыць нашу справу.

Плябан адказаў:

- Калi ласка. Толькi апрану стыхар. Хвiлiнку, i я вас слухаю.

Сталяр, якому адняло мову ад хвалявання, глядзеў, як святар апранаў белы, у складках, убор. Ён зрабiў сталяру знак рукой:

- Укленчыце на гэту падушачку.

Сабо стаяў, саромеючыся апусцiцца на каленi. Ён прававулiў:

- Гэта абавязкова?

Але святар стаў урачысты:

- Толькi на каленях можна з'явiцца перад судом пакаяння.

I Сабо ўкленчыў.