31665.fb2 Срэбная ружа (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Срэбная ружа (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

У душы ў Сiльвii змагалiся два пачуццi: нявер'е i адчай. Кожнае з iх магло выклiкаць прыступ нястрыманага шаленства, а гэтага больш за ўсё i асцерагаўся незнаёмы.

- Што-о? Дзе-е?! - як i меркаваў ён, абурылася Сiльвiя i грозна рушыла на яго.

- Панi Сiльвiя! Панi Сiльвiя! - спрабаваў супакоiць яе госць.

Але яна наблiжалася, i было вiдаць, што намеры ў яе самыя агрэсiўныя. Госць зразумеў гэта i, адступаючы да дзвярэй, апошнi раз паспрабаваў яе супакоiць:

- Панi Сiльвiя, ваш муж адчувае сябе добра i прасiў мяне перадаць вам грошы!

I ён падаў ёй канверт. Аднак грошы выклiкалi адваротны эфект.

- Грошы?! Я пакажу табе грошы! Шантажыст!.. - зараўла яна. - Каб зараз жа, чуеш, у гэтую ж хвiлiну, ты вярнуў мне майго мужа! Iнакш...

Каб хутчэй скончыць з гэтай непрыемнай сцэнай, незнаёмы зняў акуляры, зiрнуў на Сiльвiю срэбным позiркам i, прыкаваўшы яе да месца, знiк...

* * *

...Сiльвiн муж, бледны, непрытомны, ляжаў у ложку. Ён з'явiўся дома гэтаксама нечакана, як, зрэшты, i знiк два днi таму. Сiльвiя збянтэжана глядзела на яго.

- Гэта... ты?

Ён, натуральна, не адказваў.

Праз гадзiну ён апамятаўся, расплюшчыў вочы i агледзеўся. Каля ложка сядзела заплаканая жонка.

- Чаго ты плачаш, Сiльвiя? - цiха спытаўся ён.

- Я не плачу, Мiрча, - яна з палёгкай уздыхнула i стала выцiраць слёзы.

Ён прыўзняўся, сеў i, застагнаўшы, схапiўся за галаву.

- Не разумею, што са мною...

- Ну, я ж казала, не патрэбныя табе гэтыя ружы. Бачыш, мая праўда, Мiрча...

- ?

У пакой з плачам увайшоў Раду.

- Тата, глядзi, ружу сарвалi!

Срэбная ружа, сапраўды сарваная i звялая, ляжала на далонi ў хлопчыка, стаўшы звычайнаю шэраю кветкаю...

- Сарвалi? Ну i што? - хмура прамармытаў бацька. Раду глядзеў на яго спалохана, са здзiўленнем.

- Як ну i што? Ружа памерла, тата!

Сiльвiя зiрнула на сына i адчула, як яе пранялi дрыжыкi: карыя хлопчыкавыя вочы засерабрылiся, выпраменьваючы таямнiчае пранiклiвае святло. I яна адразу ўспомнiла незнаёмага з Краiны Ружаў.