31666.fb2 Срэбра жыцця (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Срэбра жыцця (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

- Бяру, - коцiцца недзе з заднiх вагонаў.

Вагоны пусцеюць. Сыходзяць людзi на зямлю. Заднi вагон грануў iржавую песню з-пад калёс: пхнулi яго па рэйках.

Раптам - звон, грукат i ляскатанне. Загрымела жалеза за мастом, ухнула i пакацiлася па бакавой каляiне. Голас не мог дагнаць:

- Скоры пайшоў!

I толькi неўзабаве заднi вагон цягнiка зелена мiльгануўся.

- Цi гэта дым, цi хмары? - раптам гаворыць дзядзька, паглядаючы туды, дзе тырчаць гарадскiя комiны заводаў. Сонечны вецер сушыць на людзях пот.

Вагоны ўсе пустыя. Хтосьцi наспеўвае цiха:

Пад гарой й на гары

Таўкуць кашу камары.

Вецер iмчыць песню па лагчынах i ўзгорках i развявае ў прасторы.

Пачало было хмарыцца, а пасля вецер перамог: хмары сышлi, i сонца зноў задрыжала на зямлi.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Свiсток пабудзiў сонных.

Лезлi ў вагон, сонна пацягваючыся яшчэ.

Дзень гас.

Стары, растрыбушаны вагон не паспяваў бегчы за паравiком, i ўсё станала з-пад iржавых калёс:

- Па-ча-кай, па-ча-кай.

Аб'ехалi горад стараною. На лiчаныя хвiлiны сталi адно на таварнай, дзе дадавалiся да таварнага цягнiка вагоны. I зноў пайшлi. Станцый пяць - i дома!

Горад паплыў як у тумане. Вечар кладзецца на загарадныя, прывакзальныя вулiцы. Штосьцi пракалыхнулася, вецер трэпле чырвоную тканiну. Як гарох сыплюцца дзецi, рассыпаючы песню:

Жура-жура-журавель...

Малы астаўся ззаду, выбiўся з радоў i цягне ўсё без канца, порстка i няроўна:

Зюра-зюра-зюра-зюра...

Раптам схавала ў сабе гэтую "зюру" вайсковая капэла.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Жалезны звон горада ўздымаецца вышэй заводскага дыму i падае на прастору вячэрняй зямлi.

1925