32155.fb2 Стэпавы воўк - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Стэпавы воўк - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Гэтыя карціны - іх было сотні, з назвамі і без - усе да адной вярнуліся зноў, вынырнуўшы ва ўсёй сваёй свежасці і навізне з калодзежа любові, і я зноў узгадаў тое, што даўно забыў за бядою - што яны якраз і складаюць каштоўнасць майго жыцця, што яны непарушныя, гэтыя ўжо зоркі гісторыі, якія я мог забыць, але не мог знішчыць, чарада якіх была казкай майго жыцця, а зорны іх бляск - непарушнай каштоўнасцю майго існавання на свеце. Жыццё маё было цяжкае, збіўлівае і нешчаслівае, яно прывяло да адмаўлення, яно было горкае ад солі, прымяшанай да ўсіх чалавечых лёсаў, але яно было багатае, багатае і гордае, яно было і ў бядзе царскім жыццём. Як ні ўбога растрачваецца рэшта дарогі да канчатковай пагібелі, ядро гэтага жыцця было высакароднае, у ім былі аблічча і раса, у ім ішлося не пра пфенігі, а пра зоркі.

Зноў колькі там часу прайшло, але шмат розных падзей і пераменаў учынілася, не зусім добра памятаю цяпер я ўсе падрабязнасці той ночы, хіба што толькі асобныя нашыя словы, асобныя, поўныя глыбокай любоўнасці дакрананні, памятаю светлыя, як зоркі, хвіліны, калі мы абуджаліся ад цяжкага сну любоўнай знямогі. Але менавіта ў тую ноч, упершыню з пачатку маёй пагібелі жыццё маё зірнула на мяне ўмольна-прамяністымі вачыма, менавіта ў тую ноч я зноў адчуў, што выпадак - гэта лёс, а руіны майго быцця - боскія абломкі. Мая душа зноў уздыхнула, мае вочы зноў пачалі бачыць, і хвілінамі мяне кідала ў жар ад здагадкі, што варта мне толькі пазбіраць раскіданыя вобразы, варта ўзняць да вобраза ўсё сваё гары-галераўскае ваўчынае жыццё цалкам, як сам я ўвайду ў сонмішча вобразаў і зраблюся несмяротным. Хіба ж бо не да гэтай мэты імкнулася жыццё кожнага чалавека, хіба ж не было яно разгонам да яе, спробай дастацца да яе?

Раніцай я павінен быў, падзяліўшы з Марыяй свой сняданак, потайкам вывесці яе з дома, і гэта мне ўдалося. У той самы дзень я зняў сабе і ёй у суседнім квартале пакойчык толькі для нашых спатканняў.

Мая настаўніца танцаў Герміна яўлялася, як і след было, і мне давялося-такі вучыцца бастону. Яна была строгая і няўмольная і не вызваліла мяне ад ніводнага ўрока, бо было вырашана, што на наступны баль-маскарад я пайду з ёю. Яна папрасіла ў мяне грошай на касцюм, пра які, аднак, адмовілася што-небудзь казаць наперад. Наведваць яе альбо хоць бы ведаць, дзе яна жыве, мне ўсё яшчэ не было дазволена.

Гэты дамаскарадны час, каля трох тыдняў, прайшоў надзіва добра. Марыя здавалася мне першай у маім жыцці сапраўднай каханкай. Ад жанчын, якіх я раней кахаў, я заўсёды патрабаваў розуму і адукаванасці, не зусім усведамляючы, што нават вельмі разумная і адносна вельмі адукаваная жанчына ніколі не адпавядала патрабаванням майго розуму, а заўсёды ім супроцьстаяла; я прыходзіў да жынчын са сваімі праблемамі і думкамі, і мне здавалася немагчымым кахаць больш нейкага часу дзяўчыну, якая не прачытала амаль ніводнай кніжкі, амаль не ведае, што такое чытанне. І не магла б адрозніць Чайкоўскага ад Бэтховена. У Марыі не было ніякай адукацыі, ёй не было патрэбы ні ў якіх вакольных дарогах у эрзацсвеце, усе яе праблемы вырасталі непасрэдна з пачуццяў. Дабіцца як мага большага пачуццёвага і любоўнага шчасця адпушчанымі ёй пачуццямі, сваёй адмысловай постаццю, сваімі фарбамі, сваімі валасамі, сваім голасам, сваёй скурай, сваім тэмпераментам, знайсці, выдабыць чарамі з каханага водгук, разуменне, міладайную гульню ў адказ на кожную сваю панаду, на кожны выгін сваіх ліній, на кожны звіў свайго цела - вось што было яе мастацтвам, яе задачай. Ужо падчас таго першага нясмелага танца з ёю я адчуў гэта, ужо тады пачуў гэты водар геніяльнай, вытанчанай пачуццёвасці і быў зачараваны ім. І не выпадкова, вядома, ва ўсім абазнаная Герміна падвяла мне гэтую Марыю. У яе пахошчах, ва ўсім яе вобліку было нешта ад лета, нешта ад ружаў.

Я не меў шчасця быць адзіным каханкам Марыі альбо карыстацца яе выбарам, я быў адзін з многіх. Часта ў яе не было часу на мяне, часам яна ўдзяляла мне якую-небудзь гадзіну ў другой палове дня, зрэдзь - ноч. Браць грошы ў мяне яна не захацела, за гэтым, мабыць, крылася Герміна. Але дарункі прымала ахвотна, і калі я дарыў ёй, напрыклад, новы кашалёк з чырвонай лакіраванай скуры, туды дазвалялася папярэдне пакласці некалькі залатых манетак. Дарэчы, за гэты чырвоны кашалёк яна падняла мяне на смех! Кашалёк быў цудоўны, але ўжо састарэлага, нямоднага ўзору. У гэтых пытаннях - а датуль я петрыў у іх менш, чым у якой-небудзь эскімоскай мове, - я шмат чаго ўведаў ад Марыі. Найперш - што ўсе гэтыя непатрэбіцы, усе гэтыя модныя раскошнасці зусім не драбяза, зусім не прыдумка карыслівых фабрыкантаў і гандляроў, а паўнапраўны, цудоўны, разнастайны маленькі альбо, правільней сказаўшы, вялікі свет рэчаў, якія маюць адну прызначанасць - служыць каханню, абвастраць пачуцці, ажыўляць мёртвую атмасферу, надзяляючы яе органамі кахання, - ад пудры і парфумы да бальнай туфелькі, ад пярсцёнка да партсігара, ад пражкі на пояс да сумкі. Гэтая сумка не была сумкай, гэты кашалёк не быў кашальком, кветкі не былі кветкамі, веер не быў веерам, усё было пластычным матэрыялам кахання, магіі, чараўніцтва, было ганцом, кантрабандыстам, зброяй, баявым поклічам.

Я часта думаў - каго, зрэшты, кахала Марыя? Больш за ўсіх, па-мойму, кахала яна юнага саксафаніста Пабла, з яго чорнымі вачыма і доўгімі, бледнымі, высакароднымі і меланхалічнымі рукамі. Я лічыў гэтага Пабла крыху сонным, спешчаным і пасіўным у каханні, але Марыя запэўніла мяне, што ён хоць і павальней загараецца, затое потым бывае больш напружаны, цвярдзейшы, больш мужны і патрабавальны, чым які-небудзь баксёр альбо наезнік. І вось так я ўведаў таемныя рэчы пра розных людзей, пра джазіста, пра актора, пра многіх жанчын, пра дзяўчат і мужчын нашага кола, уведаў рознага роду таемнасці, заглянуў пад паверхню сувязяў і непрыязі, паступова зрабіўся - і гэта вам я, зусім чужы ў гэтым свеце, хто ніяк і нічым не дакрануўся да яго! - прысвечанай і прыналежнай яго асобай. Шмат чаго даведаўся пра Герміну. Асабліва ж часта сустракаўся я цяпер з сеньёрам Пабла, якога Марыя вельмі кахала. Часам яна карысталася і ягонымі таямнічымі сродкамі, мне таксама выпадала ад гэтага свая радасць, і Пабла заўсёды асабліва парываўся дагадзіць мне. Аднойчы ён сказаў без ніякіх ухілак:

- Вы такі няшчасны, гэта нядобра, так не трэба. Мне шкада. Выкурыце люлечку опіуму.

Мая думка пра вясёлага, разумнага, дзяцінлівага і пры тым неспасцігальнага чалавека ўвесь час мянялася, мы пасябравалі, нярэдка я частаваўся яго лекамі. Мая закаханасць у Марыю яго крыху забаўляла. Аднойчы ён зладзіў «свята» ў сваім пакоі, мансардзе нейкага прыгараднага гатэля. Там было толькі адно крэсла, Марыі і мне давялося сядзець на ложку. Ён даў нам выпіць - злітага з трох пляшачак, таямнічага, цудоўнага лікёру. А потым, калі я спадобіўся добрага гумору, ён, з палкімі вачыма, прапанаваў нам учыніць утраіх любоўную оргію. Я рэзка адмовіўся, пра такое не было ў мяне ані подуму, але ўсё-такі скасавурыўся на Марыю, каб праверыць, як там яна наконт..., і хоць яна адразу далучылася да майго адказу, я ўбачыў, як загарэліся яе вочы, і адчуў яе шкадаванне, што оргіі не будзе. Пабла быў расчараваны маёй адмовай, але не пакрыўджаны.

- Шкада, - сказаў ён. - Гары надта непакоіцца за мараль. Што тут зробіш. А выдатна было б, вельмі міла было б! Але ў мяне ёсць альтэрнатыва.

Мы зрабілі па некалькі зацяжак і нерухома, седзячы з расплюшчанымі вачыма, перажылі ўтраіх прапанаваную ім сцэну, прычым Марыя дрыжала, як апантаная. Калі пасля гэтага я адчуў лёгкую знямогу, Пабла паклаў мяне ў ложак, даў мне некалькі кропляў нейкіх лекаў, і, заплюшчыўшы на хвіліну-другую вочы, я адчуў эфірна-лёгкае дакрананне нечыіх вуснаў спярша да аднаго, пасля да другога павека. Я прыняў гэта так, быццам лічыў, што мяне пацалавала Марыя. Але я ўсё-такі ведаў, што пацалаваў мяне ён.

А аднойчы ўвечары ён здзівіў мяне яшчэ больш. Ён паявіўся ў маёй кватэры, сказаў мне, што яму патрэбны дваццаць франкаў, што ён просіць у мяне гэтую суму і прапануе мне ўзамен, каб сёння ноччу Марыю меў не ён, а я.

- Пабла, - сказаў я спалохана, - вы самі не ведаеце, што кажаце. Саступаць за грошы сваю каханую іншаму - гэта лічыцца ў нас верхам ганьбы. Вы нічога не казалі, я нічога не чуў, Пабла.

Ён паглядзеў на мяне спагадліва.

- Вы не хочаце, гер Гары. Добра. Вы заўсёды самі сабе чыніце завады. Што ж, не спіце сёння ноччу з Марыяй, калі вам так прыемней, і дайце мне грошай проста так, вы атрымаеце іх назад. Мне яны вельмі патрэбныя.

- Навошта?

- Для Агасціньё - ведаеце, маленькі такі, другая скрыпка. Ён ужо другі тыдзень нядужыцца, і ніхто яго не даглядае, грошай у яго няма, а тут і ў мяне ўсе выйшлі.

З цікаўнасці, ды і на кару сабе, я выправіўся з ім да Агасціньё, якому ён прынёс у ягоную каморку, жалю вартую каморку пад дахам, малако і лекі, падбіў пасцель, праветрыў пакой, паклаў на гарачачны лоб прыгожы, падрыхтаваны па ўсіх правілах кампрэс - усё гэта спорна, пяшчотна, умела, як добрая сястра міласэрнасці. Таго ж вечара, я бачыў, ён іграў на саксафоне ў бары «Сіці», іграў да раніцы.

З Гермінай я часта доўга і грунтоўна гутарыў пра Марыю, пра яе рукі, плечы, сцёгны, пра яе манеру смяяцца, цалавацца, танцаваць.

- А гэта яна табе ўжо паказала? - спытала аднойчы Герміна і апісала мне нейкую адмысловую гульню языком пры пацалунку. Я папрасіў яе, каб яна сама паказала мне гэта, але яна з самым сур'ёзным выглядам асадзіла мяне. - Яшчэ не час, - сказала яна, - я яшчэ не твая каханая.

Я спытаўся ў яе, адкуль ёй вядомыя гэта Марыіна майстэрства і шмат якія тайныя падрабязнасці з яе жыцця, пра якія прыстойна ведаць толькі каханаму і закаханаму мужчыну.

- О, - усклікнула яна, - мы ж сяброўкі. Няўжо ты думаеш, што ў нас могуць быць сакрэты адной ад адной? Я даволі часта спала і іграла з ёю. Так, ты злавіў харошую дзяўчыну, яна ўмее больш за іншых.

- Думаю, усё ж, Герміна, што ў вас ёсць сакрэты. Альбо ж ты расказала ёй усё, што ведаеш?

- Не, гэта іншыя рэчы, якіх ёй не зразумець. Марыя цудоўная, табе пашанцавала, а паміж табою і мною ёсць рэчы, пра якія яна ведам не ведае. Я шмат чаго расказала ёй пра цябе, дзіва што, куды больш, чым тое прыпала б табе да густу - я ж не павінна была спакушаць цябе для яе! Але зразумець, дружа мой, як я цябе разумею, ні Марыя, ні якая-колечы іншая ніколі не спраможацца. Ад яе я даведалася пра цябе і яшчэ сёе-тое, я ведаю пра цябе ўсё, што пра цябе ведае і Марыя. Я ведаю цябе амаль гэтак сама добра, як калі б мы ўжо часта спалі адно з адным.

Калі я зноў сустрэўся з Марыяй, мне было дзіўна ведаць, што Герміну яна туліла да сэрца гэтак сама, як і мяне, што яе валасы і скуру яна гэтак сама адчувала, цалавала і гладзіла, як і мае. Новыя, няпростыя, складаныя адносіны і сувязі ўсплылі перад мною, новыя магчымасці любіць і жыць, і я думаў пра тысячу душ трактата пра Стэпавага ваўка.

У той кароткі прамежак паміж маім знаёмствам з Марыяй і вялікім баль-маскарадам я быў проста шчаслівы, і ўсё ж мяне ні разу не наведвала адчуванне, што гэта і ёсць збавенне, дасягнутае шчасце, не, я вельмі выразна адчуваў, што ўсё гэта - толькі зачэпка і падрыхтоўка, што ўсё шалёна парываецца наперад, што самае галоўнае якраз яшчэ наперадзе.

Танцаваць я навучыўся настолькі, што мне здавалася цяпер магчымым удзельнічаць у бале, пра які з кожным днём талкавалі ўсё больш і больш. У Герміны быў сакрэт, яна так і не адкрывала мне, у якім маскарадным строі паявіцца. Сваім часам даведаюся, казала яна, а не даведаюся, - сама дапаможа, але загадзя нічога казаць не будзе. З другога боку, і мае планы наконт касцюма не выклікалі ў яе аніякай цікавасці, і я рашыў наогул ні ў кога не пераўбірацца. Марыя, калі я пачаў запрашаць яе на баль, заявіла, што на гэтае свята яна ўжо завяла сабе кавалера, і ў яе ўжо сапраўды быў білет, і я крыху нават засмуціўся, зразумеўшы, што давядзецца ісці аднаму. Касцюмаваны баль, які кожны год ладзілі ў залах «Глобуса» людзі мастацтва, быў самы арыстакратычны ў горадзе.

У гэтыя дні я мала бачыўся з Гермінай, а напярэдадні балю яна пабывала ў мяне - зайшла па білет, які я купіў ёй. Яна мірна сядзела са мною ў маім пакоі, і тут адбылася адна цікавая размова, якая моцна ўразіла мяне.

- Цяпер табе жывецца, увогуле, няблага, - сказала яна, - танцы ідуць табе на карысць. Хто месяц цябе не бачыў, не пазнаў бы цяпер.

- Так, - прызнаўся я, - мне ўжо шмат гадоў не жылося так хораша. Гэта ўсё дзякуючы табе, Герміна.

- О, а ці не дзякуючы тваёй цудоўнай Марыі?

- Не. Бо і яе падарыла мне ты. Яна дзівосная.

- Яна - тая каханка, якая была патрэбна табе, Стэпавы воўк. Прыгожая, маладая, заўсёды ў гуморы, вельмі разумна дасведчаная ў каханні і не кожны дзень даступная. Калі б табе не даводзілася дзяліць яе з іншымі, калі б яна была ў цябе заўсёды толькі мімалётнай госцяй, так хораша не атрымалася б.

Так, я мусіў прызнаць і гэта.

- Значыцца, у цябе ёсць усё, што табе і трэба?

- Не, Герміна, гэта не так. У мяне ёсць нешта вельмі прыгожае і чароўнае, вялікая радасць, вялікая ўцеха. Я проста шчаслівы.

- Ну, вось! Чаго ж табе бракуе?

- Хачу большага. Мне мала таго, што я шчаслівы, я для гэтага не створаны, гэта не маё пакліканне. Яно - у процілеглым.

- Значыцца, - каб быць няшчасным? Ну, гэтага табе хапала і раней - памятаеш гісторыю з брытвай, як ты не мог вярнуцца дамоў.

- Не, Герміна, не тое. Правільна, тады я быў вельмі няшчасны. Але тое было дурное няшчасце, няплённае.

- Чаму ж?

- Бо інакш у мяне не было б гэтага страху перад смерцю, якое я жадаў! Патрэбнае мне няшчасце, па якім я сумую, зусім іншага роду. Яно такое, што дае мне пакутаваць прагна і памерці з асалодай. Вось якога няшчасця альбо шчасця я чакаю.

- Разумею цябе. У гэтым мы брат і сястра. Але чаму ты супроць таго шчасця, якое знайшоў цяпер з Марыяй? Чаму ты не рады?

- Я нічога не маю супроць гэтага шчасця, о не, я люблю яго, я ўдзячны яму. Яно цудоўнае, як сонечны дзень мокрым летам. Але я адчуваю, што яно недаўгавечнае. Гэта шчасце таксама няплённае. Яно робіць задаволеным, але быць задаволеным - гэта не па мне. Яно закалыхвае Стэпавага ваўка, робіць яго сытым. Але гэта не тое шчасце, каб ад яго памерці.

- А паміраць, значыцца, трэба, Стэпавы воўк?

- Па-мойму, трэба! Я вельмі задаволены сваім шчасцем, я здольны трываць яго і далей яшчэ доўга. Але калі маё шчасце дае мне гадзіну-другую пасумаваць, прачнуцца, дык увесь мой сум скіраваны тады не на тое, каб назаўсёды ўтрымаць гэта шчасце, а на тое, каб зноў пакутаваць, толькі цудоўней, і не меней шкада, чым раней. Я сумую па пакутах, якія далі б мне гатоўнасць і ахвоту памерці.

Герміна пяшчотна паглядзела мне ў вочы - тым цёмным позіркам, што часам паяўляўся ў яе так неспадзявана. Раскошныя, страшныя вочы! Павольна, падбіраючы кожнае слова асобна, яна сказала, так ціха, што я мусіў напружыцца, каб пачуць:

- Сёння я хачу сказаць табе нешта такое, што даўно ведаю, ды і сам ты ўжо гэта ведаеш, але яшчэ, можа, сабе не прызнаўся. Я скажу табе зараз, што я ведаю пра сябе і пра цябе і пра наш лёс. Ты, Гары, быў мастаком і філосафам, чалавекам, поўным радасці і веры, ты заўсёды імкнуўся да вялікага і вечнага, ніколі не абмяжоўваўся прыгожым і малым. Але чым больш будзіла цябе жыццё, тым больш вяртала яно цябе да цябе ж самога, тым большала твая бяда, тым глыбей, па самае горла, апускаўся ты ў пакуту, страхату і роспач, і ўсё тое цудоўнае і святое, што ты калісьці ведаў, любіў, шанаваў, уся твая ранейшая вера ў людзей і ў нашу высокую прызначанасць - усё гэта зусім не пасабляла табе, яно разбілася і рассыпалася. Тваёй веры не стала чым дыхаць. А задыхнуцца - страшная смерць.

Я ківаў, ківаў, ківаў.

- У цябе было нейкае сваё ўяўленне пра жыццё, была нейкая вера, нейкая задача, ты быў гатовы да подзвігаў, пакутаў і ахвяраў - а потым спакваля разгледзеў, што свет не вымагае ад цябе ніякіх подзвігаў, ахвяраў і ўсяго такога, што жыццё - гэта не велічная паэма з гераічнымі ролямі і ўсякім такім, а мяшчанскі спакой, дзе задавальняюцца ежай і пітвом, кавай і вязаннем панчохі, гульнёй у тарок і радыёмузыкай. А каму трэба і хто носіць у сабе іншае, нешта гераічнае і прыгожае, павагу да вялікіх паэтаў альбо пашану да святых, той дурань і донкіхот. Вось так. І са мною было тое самае, дружа! Я была дзяўчынка з добрымі задаткамі, створаная дзеля таго, каб жыць па высокім узоры, выстаўляць сабе высокія патрабаванні, выконваць вартасныя задачы. Я магла ўзяць на сябе вялікую долю быць жонкай караля, каханкай рэвалюцыянера, сястрой генія, маці пакутніка. А жыццё толькі і дазволіла мне зрабіцца куртызанкай з больш-менш добрым густам, ды і гэта далося з вялікай цяжкасцю! Вось як сталася са мною. Адзін час я не магла суцешыцца і доўга шукала віну ў самой сабе. Бо жыццё, думала я, увогуле заўсёды мае рацыю, і калі жыццё пасмяялася з маіх лятункаў, значыцца, думала я, мае мроі былі дурныя, няслушныя. Але гэта не дапамагло. А як што ў мяне былі добрыя вочы і вушы, ды і пэўная цікаўнасць таксама, я пачала прыглядвацца да так званага жыцця, да сваіх знаёмых і суседзяў, да больш чым пяці дзесяткаў людзей і лёсаў, і тут я ўгледзела, Гары, што мае мары былі правільныя, тысячу разоў правільныя, гэтак сама як і твае. А жыццё, а рэальнасць былі няправільныя. Калі такой жанчыне, як я, заставалася альбо нэндзіцца і бяссэнсава старыцца за пішучай машынкай на службе ў якога-небудзь здабытчыка грошай, альбо дзеля ягоных грошай выйсці за яго замуж, альбо зрабіцца нечым накшталт прастытуткі, дык гэта было няправільна, як і тое, што такі чалавек, як ты, павінен у адзіноце, у нясмеласці, у роспачы хапацца за брытву. Мая бяда была, магчыма, больш матэрыяльная і маральная, твая - больш духоўная, але дарога была адна і тая самая. Думаеш, мне не зразумелы твой страх перад факстротам, твая агіда да бараў і танцзалаў, твая грэблівасць да джазавай музыкі і да ўсёй гэтай непатрэбшчыны? Не, - яны мне больш чым зразумелыя, і гэтак жа сама зразумелыя твая агіда да палітыкі, твая скруха з прычыны балбатні і безадказнай тузаніны і грызні партый, прэсы, твая роспач з прычыны вайны - і той, што была, і той, што будзе, і з прычыны цяперашняй манеры думаць, чытаць, будаваць, рабіць музыку, святкаваць святы. Адукавацца! Твая рацыя! Стэпавы воўк тысячу разоў мае рацыю, і ўсё ж табе не мінуць пагібелі. Ты надта патрабавальны і галодны як на гэты просты, разгультаены, да ўсяго абыякавы сённяшні свет, ён адкіне цябе, у цябе на адно вымярэнне больш, чым яму трэба. Хто хоча сёння жыць і радавацца жыццю, таму нельга быць такім чалавекам, як ты і я. Хто патрабуе замест пілікання - музыкі, замест асалоды - радасці, замест цацкання - сапраўднай жарсці, таму гэты мілы наш свет - не радзіма.