32155.fb2 Стэпавы воўк - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

Стэпавы воўк - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

- Не ведаю, - сказаў Густаў. - Мой сябар Гары ласы на прыгожых жанчын; ён пасябруецца з вамі.

- Але ж яны вернуцца з паліцыяй і салдатамі і пазабіваюць нас.

- Паліцыі і ўсяго такога іншага больш няма. У нас ёсць выбар, Дора. Альбо спакойненька чакай тут угары і расстрэльвай усе машыны, што праязджацьмуць міма, альбо сядай у якую-небудзь-каторую, шуруй адсюль, і хай цябе расстрэльваюць іншыя. Няважна, на чый бок мы станем. Я за тое, каб заставацца.

Унізе зноў паявілася машына, да нас даляцеў яе зычны сігнал. Ёй мы таксама спраўненька далі рады, і яна засталася ляжаць дагары нагамі, пардон - коламі.

- Чысты смех, - сказаў я, - што ад стральбы можа быць столькі кайфу! А раней жа я быў зацяты праціўнік войнаў!

Густаў усміхнуўся.

- То ж бо тое й яно, надта шмат людзей распладзілася на свеце. Раней гэта не так вочы парола, а цяпер толькі вокам кінь - і кожны хоча дыхаць чыстым паветрам, і кожнаму дай аўтамабіль, а ўсім жа не дагодзіш. Ясна, тое, што мы цяпер робім, - неразумна, гэта шалапайства, ды і вайна была вялікім шалапайствам. З часам чалавецтва хоч-не-хоч навучыцца абмяжоўваць сваё размнажэнне разумнымі спосабамі. Пакуль мы рэагуем на невыносны стан даволі неразумна, але робім, па сутнасці, тое, што трэба, - рэгулюем колькасць.

- Так, - сказаў я, - тое, што мы робім, мабыць, неразумна, і ўсё ж, бадай, гэта добра і патрэбна. Нядобра, калі чалавецтва перанатужвае свае глузды і спрабуе з іх дапамогай упарадкаваць рэчы, якія ніякім глуздам недаступныя. Тады ўзнікаюць розныя ідэалы... яны вельмі разумныя, і ўсё ж страшэнна гвалцяць і абіраюць жыццё, бо надта ж такі спрашчаюць яго. Вобраз чалавека, колісь высокі ідэал, пагражае ператварыцца ў стэрэатып. Мы, вар'яты, магчыма, зноў увысакароднім яго.

Густаў засмяяўся і адказаў:

- Стары, ты гаворыш куды к чорту як разумна, чэрпаць з такога калодзежа мудрасці - раскоша. І, магчыма, ты нават маеш нейкае каліва рацыі. Але, зрабі ласку, зарадзі цяпер сваю фузею, ты, па-мойму, перазалетуценіўся. У любы момант можа нахапіцца якая-небудзь казуля, а яе філасофіямі не возьмеш, патрэбны ўсё-такі кулі.

Пад'ехаў аўтамабіль, і адразу скапыціўся, дарога была цяпер запруджана. Тоўсты рыжы чалавек, які застаўся жывы, дзіка размахваў рукамі каля абломкаў, зіркаў уніз і ўгору, змеціў нашу схованку, пабег з рыкам у наш бок і давай страляць па нас з рэвальвера.

- Адваліцеся, а то бабахну, - крыкнуў Густаў уніз.

Рыжы ўзяў яго на прыцэл і стрэліў. Тады мы ўрымсцілі яго двума стрэламі.

Мы далі рады яшчэ двум машынам, якія пад'ехалі крыху пазней. Пасля дарога апусцела, аціхла - відаць, разышлася пагалоска, што яна небяспечная. У нас было яшчэ колькі часу папасвіць вочы на краявідах. Па той бок возера ляжаў у даліне невялікі гарадок, там падымаўся дым, і неўзабаве мы ўбачылі, як там з даху на дах пераскоквае агонь. Чулася і страляніна. Дора зарумзала, я пачаў гладзіць яе па мокрых шчоках.

- Няўжо мы ўсе павінны памерці? - спытала яна.

Ніхто не адказаў. Тым часам унізе паказаўся нехта пешы, убачыў барыкаду разбітых аўтамабіляў, абнюхаў іх з усіх бакоў, нагнуўся, сунуўся ў адзін з іх, выцягнуў адтуль стракаты парасон ад сонца, дамскую сумачку, бутэльку віна, спакойна сеў на парапет, адпіў з бутэлькі, з'еў нешта там з сумкі, загорнутае ў фольгу, дапіў бутэльку да дна і весела рушыў далей у дарогу з парасонам падпахай. Ён спакойна ішоў наперад, і я сказаў Густаву:

- А вось ці мог бы ты цяпер стрэліць па гэтым мілым хлопцы і прадзіравіць яму конаўку? Бог сведка, я не змог бы.

- А яно ж і не трэба, - буркнуў мой сябар.

Але і ён адчуў сябе несамавіта. Варта нам убачыць чалавека, які яшчэ паводзіўся бясхітрасна, мірна, па-дзіцячы, які жыў яшчэ ў стане нявіннасці, як усе нашыя такія на погляд пахвальныя і такія патрэбныя ўчынкі здаліся нам раптам дурнымі і агіднымі. Цьфу, каб ты звялося, колькі крыві! Нам зрабілася сорамна. Але кажуць, што нават генералы перажывалі час-парою на вайне нешта такое.

- Хадземце адгэтуль, - заныла Дора, - сыдзем уніз, у машынах напэўна знойдзецца што-небудзь з'есці. Няўжо вы не прагаладаліся?

Унізе ў горадзе ўдарылі ў званы - усхвалявана і спалохана. Мы падрыхтаваліся да спуску. Дапамагаючы Доры пералезці цераз загародку, я пацалаваў яе ў калені. Яна звонка засмяялася. Але тут дошкі не вытрымалі, і мы з ёю рухнулі ў пустату...

Я зноў быў у круглым калідоры, яшчэ не астылы ад прыгоды з паляваннем. І адусюль, з усіх дзвярэй заклікалі надпісы:

Мутабор[3]

Ператварэнне ў любыя жывёлы і любыя расліны

Камасутра

Навучанне індыйскаму мастацтву кахання

Курс для пачаткоўцаў: 42 розныя спосабы кахання

Асалода ад самазабойства!

Ты даканаеш сябе смехам

Хочаце ператварыцца ў дух?

Мудрасць Усходу

О, калі б я ведаў тысячу моваў!

Толькі мужчынам

Закат Еўропы

Цэны паніжаны. Усе яшчэ па-за канкурэнцыяй

Увасабленне мастацтва

Час ператвараецца ў прастору з дапамогай музыкі

Сляза, якая смяецца

Кабінет гумару

Гульні пустэльніка

Паўнацэнная замена любых зносінаў

Рад надпісаў цягнуўся бясконца. На адным было:

Урок пабудовы асобы

Поспех гарантуецца

Мне здалося гэта вартым увагі, і я ўвайшоў у дзверы.

Мяне прыняў змрочны, ціхі пакой, дзе без крэсла, на ўсходні манер сядзеў на падлозе чалавек, а перад ім ляжала нешта накшталт вялікай шахматнай дошкі. У першы момант мне здалося, што гэта быў мой сябар Пабла, - прынамсі, на ім была такая самая стракатая шаўковая курта і ў яго былі такія самыя цёмныя прамяністыя вочы.

- Вы Пабла? - спытаўся я.

- Я ніхто, - ветліва патлумачыў той. - У нас тут няма імёнаў, мы тут не асобы. Я шахматыст, хочаце ўзяць урок пабудовы асобы?

- Бадай што, калі ласка.

- Тады, будзьце ласкавы, дайце мне дзесятак-другі вашых фігурак.

- Маіх фігурак?..

- Фігураў, на якія, як вы бачылі, распалася ваша так званая асоба. Бо тое ж без фігураў я не згуляю.

Ён паднёс мне да вачэй люстэрка, я зноў убачыў, як адзінства маёй асобы распадаецца ў ім на мноства «я», колькасць якіх, здаецца, нават павялічылася. Але фігуркі былі цяпер вельмі малыя, памерам са звычайныя шахматныя. Ціхімі ўпэўненымі рукамі пальцаў гулец выбраў некалькі дзесяткаў і паставіў іх на падлогу побач з дошкай. Пры гэтым ён манатонна, як паўтараюць добра завучаную прамову альбо лекцыю, сказаў:

- Вам вядома памылковае і злашчаснае ўяўленне, нібыта чалавек ёсць нейкае пастаяннае адзінства. Вам вядома таксама, што чалавек складаецца з мноства душаў, з вялікага мноства «я». Расшчапленне ўяўнага адзінства асобы на такое мноства фігураў лічыцца вар'яцтвам, навука прыдумала гэтаму назву - шызафрэнія. Навука мае ў гэтым рацыю таму, што ні з якім мноствам нельга ўправіцца без кіравання, без пэўнага ўпарадкавання, пэўнай групоўкі. Няслушная ж яна ў тым, што лічыць, быццам магчымы толькі адзін, раз назаўсёды дадзены, нязменны, пажыццёвы парадак мноства падвідаў «я». Гэта памылка навукі мае масу непрыемных наступстваў, каштоўная ж толькі тым, што спрашчае службова-дзяржаўным настаўнікам і выхаваўцам іх працу і пазбаўляе іх ад неабходнасці думаць і эксперыментаваць. У выніку гэтай памылкі «нармальнымі», нават сацыяльна высокагатунковымі часта лічацца невылечныя вар'яты, а як на вар'ятаў, глядзяць, наадварот, на некаторых геніяў. Таму недасканалую навуковую псіхалогію мы дапаўняем паняццем, якое называем мастацтвам пабудовы. Таму, хто зведаў распад свайго «я», мы паказваем, што кавалкі яго ён заўсёды можа ў любым парадку скласці нанава і тым самым дамагчыся бясконцай разнастайнасці ў гульні жыцця. Як пісьменнік складае драму са жмені фігураў, так і мы будуем з фігураў нашага расшчэпленага «я» ўсё новыя групы з новымі гульнямі і напружаннямі, з вечна новымі сітуацыямі. Глядзіце!

Ціхімі, разумнымі пальцамі ён узяў мае фігуры, усіх гэтых старых, юнакоў, дзяцей, жанчын, усе гэтыя вясёлыя і сумныя, моцныя і далікатныя, спрытныя і няўклюдныя фігуры, і хутка расставіў з іх на сваёй дошцы партыю, дзе яны адразу пасталі ў групы і сем'і для гульняў і барацьбы, для дружбы і варожасці, утвараючы свет у мініяцюры. Перад маімі вачыма ён прымусіў гэты жывы, але ўпарадкаваны маленькі свет рухацца, гуляць і змагацца, заключаць саюзы і весці баталіі, рабіць аблогі любоўю, браць шлюбы і размнажацца, гэта была і праўда шматперсанажная, бурлівая і цікавая драма.

Пасля ён весела правёў рукою па дошцы, асцярожна паваліў фігуры, згроб іх у кучу і задумліва, як пераборлівы мастак, пабудаваў з тых самых фігур зусім новую партыю, з цалкам іншымі групамі, сувязямі і перапляценнямі. Другая партыя была сваячка першай: гэта быў той самы свет, і пабудавана яна была з таго ж самага матэрыялу, але памянялася танальнасць, памяняўся тэмп, перамясціліся акцэнты матываў, сітуацыі набылі іншы выгляд.

І вось так гэты разумны будаўнік будаваў з фігураў, кожная з якіх была часткай мяне самога, адну партыю за адной, усе яны зводдаль былі падобныя, усе яўна належалі да аднаго свету, мелі адно і тое самае паходжанне, але кожная была цалкам новая.

- Гэта і ёсць мастацтва жыць, - павучальна казаў ён. - Можаце далей на ўсе лады развіваць і ажыўляць, ускладняць і ўзбагачаць гульню свайго жыцця, гэта ў вашых руках і ў вашай волі. Гэтак сама як вар'яцтва ў вышэйшым сэнсе ёсць пачатак усякай мудрасці, так і шызафрэнія ёсць пачатак усякага мастацтва, усякай фантазіі. Нават вучоныя гэта ўжо напалавіну прызналі, пра што можна прачытаць, напрыклад, у «Чароўным рогу прынца», мілай кніжэнцыі, дзе карпатлівая і руплівая праца вучонага ўвысакародніваецца геніяльным супрацоўніцтвам некалькіх вар'ятаў-мастакоў, пасаджаных у псіхіятрычныя бальніцы. Вазьміце з сабой вашыя фігуркі, гэтая гульня не дасць вам радасці. Фігуру, якая сёння вырасла ў жахлівае страшыдла і псуе вам усю партыю, заўтра вы панізіце ў статусе, і яна зробіцца бяскрыўднай другараднай фігурай. А з мілай, беднай фігуркі, асуджанай, здавалася б, на суцэльныя няўдачы, вы зробіце ў наступнай партыі прынцэсу. Зычу вам добра павесяліцца, спадару мой.

Я нізка і ўдзячна пакланіўся гэтаму таленавітаму актору, сунуў фігуркі ў кішэню і выйшаў праз вузкія дзверы.

А ўвогуле я думаў, што адразу ж сяду ў калідоры на падлогу і буду гадзінамі, цэлую вечнасць, гуляць са сваімі фігурамі, але ледзь толькі я вярнуўся ў гэты светлы круглы калідор, як мяне падхапілі новыя плыні, якія былі мацнейшыя за мяне. Перад вачыма ярка ўспыхнуў плакат:

Цуд дрэсіроўкі стэпавых ваўкоў

Мноства пачуццяў абудзіў ува мне гэты надпіс; усякага роду страхоцці і ліхоты з майго былога жыцця, з пакінутай рэальнасці пакутліва сціснулі мне сэрца. Адчыніўшы дзверы дрыготлівай рукою, я ўвайшоў у нейкі кірмашовы балаган, дзе ўбачыў жалезныя краты, якія і аддзялялі мяне ад жалю вартага памостка. А на памостку стаяў утаймавальнік, пыхлівы, падобны на шарлатана гер, які, дарма што насіў вялікія вусы, магутныя біцэпсы і крыклівы цыркацкі касцюм, нейкім падступным і агідным чынам быў падобны на мяне самога. Гэты дужы чалавек трымаў на павадку, як сабаку, - жалю вартае відовішча! - вялікага, прыгожага, але страшэнна худога ваўка, у паглядзе якога відна была рабская слухмянасць. І гэтак жа агідна, як і цікава, гэтак жа мярзотліва, як і ўпотай соладка было назіраць, як гэты жорсткі ўтаймавальнік дэманстраваў такога высакароднага і ўсё ж такога ганебна паслухмянага звера ў серыі трукаў і сенсацыйных сцэн.

Свайго ваўка гэты мой кляты карыкатурны блізнюк выдрэсіраваў, нічога тут не скажаш, проста выдатна. Воўк дакладна выконваў кожны загад, рэагаваў, як сабака, на кожную каманду, на кожны ляск біча, падаў на калені, служыў, паміраў, паслухмяна насіў у зубах то яйка, то кавалак мяса, то кошык, больш за тое, падымаў біч, упушчаны з рук утаймавальнікам, і насіў яго за ім у пашчы, падлыжна пры гэтым віляючы хвастом. Да ваўка наблізілі трусіка, а пасля белае ягня, і звер, хоць і шчэрыў зубы, хоць у яго і пацякла сліна ад неспатольнай пацягі, не крануў ні таго, ні другога, а далікатна пераскочыў па загадзе цераз абодвух, якія ад страху мала што не ўціскаліся ў падлогу, больш за тое, улёгся паміж трусікам і ягнём і абняў іх пярэднімі лапамі, утвараючы з імі мілую сямейную кампанію. Пасля ён з'еў з рук чалавека плітку шакаладу. Пакута была глядзець, да якой фантастычнай ступені навучыўся гэты воўк выракацца сваёй прыроды, - у мяне валасы дыбам уставалі.

За гэтую пакуту, аднак, і ўсхваляваны глядач, і сам воўк былі ўзнагароджаныя ў другой частцы прадстаўлення. Па заканчэнні гэтай вытанчанай дрэсіравальнай праграмы, пасля таго як утаймавальнік пераможна, з салодкай усмешкай, схіліўся над воўча-ягнячай кампазіцыяй, ролі памяняліся. Утаймавальнік, падобны на Гары, раптам з нізкім паклонам паклаў свой біч да лап ваўка і пачаў гэтак сама дрыжаць і сцепвацца, прыняў такі самы няшчасны выгляд, як раней звер. А воўк толькі аблізваўся, усякая вымучанасць і несамавітасць прапалі як і не было іх, ягоны пагляд засвяціўся, усё цела падцягнулася і расквітнела ў зноў здабытай дзікасці.

Цяпер загадваў воўк, а чалавек слухаўся. Па загадзе чалавек кленчыў, строіў з сябе ваўка, салопіў язык, рваў на сабе пламбаванымі зубамі вопратку. Хадзіў, у залежнасці ад волі ўтаймавальніка людзей, на сваіх дваіх альбо ракам, служыў, паміраў, вазіў ваўка на сабе вярхом, насіў за ім біч. Вынаходліва і з сабачай гатовасцю аддаваў сябе самым вычварным прыніжэнням. На сцэну выйшла прыгожая дзяўчына, падышла да дрэсіраванага мужчыны, пагладзіла яму падбародак, пацерлася шчакой аб яго шчаку, але ён па-ранейшаму стаяў ракам, заставаўся зверам, матляў галавой і пачаў шчэрыць на прыгажуню іклы, пад канец настолькі грозна, настолькі па-воўчы, што тая аж уцякла. Яму давалі шакалад, але ён грэбліва абнюхваў яго і адпіхваў. А надосталь зноў прынеслі белае ягня і тлустага пярэстага трусіка, і пераемлівы чалавек выканаў апошні свой намер, сыграў ваўка так, што любата была глядзець. Схапіўшы вісклівых жывёл пальцамі і зубамі, ён вырываў з іх шэрсць і мяса, жаваў, выскаляючыся, жывое іх мяса і самазабыўна, ап'янёна, заплюшчыўшы вочы, піў іх цёплую кроў.

Я ў жудасці выбег за дзверы. Гэты магічны тэатр не быў, як я ўбачыў, чыстым раем, за яго прыгожай паверхняй тоіліся ўсе мукі пекла. О Госпадзе, няўжо і тут не было збавення?

У страху бегаў я туды-сюды, адчуваў у роце смак крыві і смак шакаладу, аднолькава агідныя, і, страсна імкнучыся ўвільнуць ад гэтай каламутнай хвалі, сіліўся вырваць з самога сябе больш спакойныя, больш прыветлівыя карціны. «О сябры, даволі гэтых гукаў!» - спявала ўва мне, і я з жахам успомніў пра тыя мярзотныя фотаздымкі з фронту, што часам пападаліся на вочы пад час вайны, - беспарадкавыя груды трупаў, чые твары ператвараліся процівагазамі ў нейкія д'ябальскія патарочы. Які ж яшчэ дурны і наіўны быў я той парою, калі мяне, чалавекалюбнага праціўніка вайны, жахалі такія карцінкі. Сёння я ведаў, што ніводзін утаймавальнік, ніводзін міністр, ніводзін генерал, ніводзін вар'ят не здольны дадумацца ні да якіх карцін, якія не жылі б ува мне самім, такія ж самыя гнюсныя, дзікія і злыя.

З уздыхам палёгкі я ўспомніў надпіс, які выклікаў на пачатку спектакля такі энтузіязм у таго прыгожага юнака, надпіс:

Усе дзяўчаты твае -

і мне здалося, што ўвогуле нічога іншага не варта і жадаць. Радуючыся, што зноў уцяку з праклятага воўчага свету, я ўвайшоў у дзверы.

О, дзіва, - гэта было так незвычайна і разам з тым так знаёма, - на мяне тут павеяла маёй маладосцю, атмасферай дзяцінства і падлеткавасці, і ў маім сэрцы пацякла кроў тых часоў. Усё, што я яшчэ толькі рабіў і думаў, усё, чым і кім я толькі што быў, звалілася з мяне, і я зноў памаладзеў. Яшчэ гадзіну, яшчэ хвіліну таму назад я лічыў, што даволі добра ведаю, што такое каханне, жаданне, паваба, але гэта былі любоў і паваба старога чалавека. Цяпер я зноў быў малады, і тое, што я ў сабе адчуваў, гэты гарачы, цякучы агонь, гэтая неадольная панада, гэтая свабодная, як вільготны сакавіцкі вецер, палкасць, быць маладым, новым і сапраўдным. О, як загарэліся забытыя агні, як магутна і глуха загучала музыка былога, як зайграла ў крыві, як закрычала і заспявала ў душы! Я быў хлапчуком пятнаццаці-шаснаццаці гадоў, мая галава была набітая лацінай, грэцкай і вершамі цудоўных паэтаў, мае думкі поўныя славалюбных памкненняў, мае фантазіі напоўнены марай пра мастацтва, але нашмат глыбей, мацней і страшней, чым усе гэтыя агні, гарэлі і ўспыхвалі ўва мне агонь любові, голад полу, знемагальнае прадчуванне асалоды.

Я стаяў на скалістым пагорку над маім родным гарадком, пахла вільготным ветрам і першымі фіялкамі, унізе, у гарадку, блішчала рака і вокны майго бацькоўскага дома, і ва ўсім гэтым відовішчы, ва ўсіх гэтых гуках і пахах была тая бурная паўната, навізна і першароднасць, тая зіхатлівая каляровасць, усё гэта дыхала на вясновым ветры той незямной прасветленасцю, што бачыліся мне ў свеце калісьці, у самыя багатыя, паэтычныя часіны маёй першай маладосці. Я стаяў на пагорку, вецер варушыў мае доўгія валасы; заглыблены ў мройную любоўную тугу я рассеяна сарваў з нейкага ўжо крыху зазелянелага куста маладую, покнутую пупышку, паднёс яе да вачэй, панюхаў (і ўжо ад гэтага паху мяне апалілі ўспаміны пра ўсё, што было тады), узяў у губы, якія яшчэ не цалавалі ніводнай дзяўчыны, гэты зялёны камячок і пачаў жаваць яго. І варта было мне адчуць яго церпкі, духмяна-горкі смак, як я раптам ясна зразумеў, што са мной адбываецца, усё зноў вярнулася. Я нанава перажываў адну гадзіну з маёй позняй хлапецкасці, адзін нядзельны дзень ранняй вясны, той дзень, калі я, гуляючы ў адзіноце, сустрэў Розу Крайслер і так нясмела павітаўся з ёю, так ачмурэла закахаўся ў яе.

Тады я з баязлівым чаканнем глядзеў на гэтую прыгожую дзяўчыну, якая, яшчэ не заўважаючы мяне, адзінока і замроена падымалася ў мой бок, бачыў яе валасы, заплеценыя ў тоўстыя косы і ўсё ж растрапаныя каля шчок, дзе плылі па ветры вольныя пасмы. Я ўбачыў першы раз у жыцці, якая здатная гэтая дзяўчына, якая прыгожая і пазорная гэта гульня ветру ў мяккіх яе валасах, як далікатна аблягае тонкая сіняя сукенка яе юнае цела, і дакладна гэтак, як ад горка-церпкага смаку разжаванай пупышкі мяне праняла ўся соладка-жудасная, уся злавесная радасць вясны, так пры гэтай дзяўчыне мяне ахапіла, ва ўсёй яго паўнаце, смяротнае прадчуванне любові, уяўленне пра жанчыну, дзівоснае прадчуванне велізарных магчымасцяў і абяцанняў, невыказных радасцяў, непамысных узрушэнняў, страхаў, пакутаў, найвялікшага вызвалення і найглыбейшай віны. О, як гарэў гэты горкі вясновы смак на маім языку! О, як плыў гуллівы вецер праз валасы, што распушыліся каля яе шчок! Потым яна наблізілася да мяне, падвяла вочы і пазнала мяне, на імгненне крыху пачырванела і адвяла позірк; потым я павітаўся з ёю, зняўшы канфірмандскі капялюш, і Роза адразу авалодала сабою, усміхнулася і, крышку па-дамску задраўшы галаву, адказала на маё вітанне і павольна, цвёрда і напыжана пайшла далей, авеяная тысячамі любоўных жаданняў, патрабаванняў, захапленняў, якія я пасылаў ёй услед.