32155.fb2 Стэпавы воўк - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Стэпавы воўк - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

- Цябе завуць Герміна?

Яна радасна запрамянілася, задаволена кіўнула, што я ўгадаў. Тут якраз падалі суп, мы пачалі есці, і яна развесялілася, як дзіця. Самае прыгожае і своеасаблівае, што мне падабалася ў ёй і чаравала, была гэтая здольнасць неспадзявана пераходзіць ад глыбокай сур'ёзнасці да пацешнай гуллівасці і наадварот, прычым яна пры гэтым зусім не мянялася і не крыўлялася, гэтым яна і была падобная на адоранае дзіця. Цяпер яна весялілася, падражнівала мяне факстротам, нават раз-поразу штурхнула нагой, горача хваліла ежу, заўважыла, што я лепш апранены, але знайшла яшчэ кучу недахопаў ў маёй знешнасці.

Гамонячы з ёю, я спытаўся:

- Як гэта ў цябе так атрымалася, што ты раптам зрабілася падобнай на хлопчыка і я адгадаў тваё імя?

- О, гэта атрымалася ў цябе самога. Як жа ты, вучоны муж, не разумееш, што я таму табе і падабаюся і важная табе, што я як бы люстэрка, што ўва мне ёсць нешта такое, што табе адказвае і цябе разумее? А ўвогуле ўсім людзям не зашкодзіла б быць адзін аднаму такімі люстэркамі, трэба было б так адказваць, так адпавядаць адно аднаму, але такія дзівакі, як ты, - рэдкія і лёгка збіваюцца на іншае: яны, як зачараваныя, нічога не могуць убачыць і прачытаць у чужых вачах, яны ні да чога не прычыняюцца. І калі такі дзівак раптам ўсё-такі знаходзіць твар, які шчыра на яго глядзіць і ў якім ён чуе нешта падобнае на адказ і роднасць, ну, тады ён, вядома, радуецца.

- Ты ўсё ведаеш, Герміна! - усклікнуў я здзіўлена. - Усё дакладна так, як ты кажаш! І ўсё ж ты зусім-зусім іншая, чым я! Ты мая процілегласць, у цябе ёсць усё, чаго няма ў мяне.

- Табе здаецца так, - сказала яна лаканічна, - і гэта добра.

І тут на яе твар, які сапраўды быў мне нейкім чароўным люстэркам, набегла цёмная хмара сур'ёзу, раптам увесь гэты твар задыхаў толькі сур'ёзнасцю, толькі трагізмам, бяздонным, як у пустых вачах маскі. Павольна, быццам праз сілу вымаўляючы слова за словам, яна сказала:

- Слухай, не забывай, што ты сказаў мне! А сказаў ты, каб я табе загадвала, а табе будзе радасць - слухацца маіх загадаў. Не забывай гэтага! Ведай, маленькі мой Гары: гэтак сама, як я хвалюю цябе, як мой твар дае табе адказ і нешта з мяне ідзе табе насустрач і пасяляе ў табе давер, - акурат так і ты хвалюеш мяне. Калі я таго разу ўбачыла, як ты паявіўся ў «Чорным арле», такі змораны, такі адсутны, такі няўвесь, нібыта быў ужо на тым свеце, я адразу адчула - гэты будзе мяне слухацца, ён прагне, каб я загадвала, і я буду яму загадваць! Таму я і загаварыла з табой, таму мы і паладзілі па-сяброўску.

Яна гаварыла з такой цяжкай сур'ёзнасцю, з такой душэўнай натугай, што я не зусім разумеў і паспрабаваў супакоіць яе і адвесці ад тэмы. Яна толькі адмахнулася ад гэтых маіх спробаў рухам броваў і гаварыла далей ледзяным голасам:

- Ты павінен стрымаць сваё слова, маленькі, так і ведай, а то пашкадуеш. Ты будзеш прымаць ад мяне шмат загадаў і будзеш ім падпарадкоўвацца, выдатных загадаў, табе будзе поўная асалода іх слухацца. А напаследак выканаеш і мой апошні загад, Гары.

- Выканаю, - сказаў я амаль бязвольна. - Што ты загадаеш мне напаследак?

Але я ўжо даўмеўся - што. Бог ведае чаму.

Яна сцялася, быццам яе праняло лёгкім марозцам, і, здаецца, павольна выходзіла са сваёй забыццёвасці. Яе вочы не адпускалі мяне. І раптам яшчэ больш азмрочылася.

- Разумна было б, каб я ўвогуле не казала табе нічога. Але я не хачу быць разумнай, Гары, гэтым разам - не. Я хачу чагосьці іншага. Будзь уважлівы, слухай! Ты пачуеш гэта, зноў забудзеш, пасмяешся, паплачаш. Будзь уважлівы, маленькі! Я хачу пагуляць з табой, браток, не на жыццё, а на смерць, і, перш чым мы пачнём гуляць, хачу адкрыць табе свае карты.

Які прыгожы, які незямны быў у яе твар, калі яна гэта прамаўляла! У яе вачах, халодных і светлых, плыла мудрая журба, гэтыя вочы, здавалася, адпакутавалі ўсе магчымыя пакуты і прынялі іх. Вусны яе гаварылі цяжка, як бы нешта ім перашкаджала, - так гавораць на моцным марозе, калі дубянее твар, але паміж губамі, у куточках рота, у гульні ледзь бачнага кончыка языка праскоквала, насуперак позіркам і голасу, нейкая мілая, гуллівая пачуццёвасць, нейкая шчырая жарсць. На яе ціхі, роўны лоб звісаў кароткі завітак, і адтуль, з таго боку лоба, дзе ён звісаў, вылівалася зрэдзьчасу, як жывое дыханне, хваля хлапецкасці, двухполай магіі. Я слухаў яе спалохана і ўсё ж нібыта пад наркозам, як усё роўна напалавіну адсутна.

- Ты сімпатызуеш мне, - сказала, - з прыгоды, якую я ўжо адкрыла табе: я прарвала тваю адзіноту, я пераняла цябе каля самай брамы пекла і ажывіла. Але я хачу ад цябе большага, нашмат большага. Я хачу прымусіць цябе закахацца ў мяне. Не, не пярэч мне, дай даскажу! Ты вельмі сімпатызуеш мне, я гэта адчуваю, і ўдзячны мне, але ты не закаханы ў мяне. А я хачу зрабіць так, каб ты закахаўся, гэта ўваходзіць у маю прафесію, я ж бо жыву на тое, што прымушаю мужчын кахаць мяне. Але май наўме, я хачу зрабіць гэта не таму, што лічу цябе такім ужо чароўным. Я не закаханая ў цябе, Гары, як і ты не закаханы ў мяне. Але ты патрэбен мне гэтак сама, як патрэбная табе я. Я патрэбная табе цяпер, у гэтую хвіліну, бо ты ў роспачы і табе патрэбен штуршок, які кіне цябе ў ваду і верне да жыцця. Я патрэбная табе, каб ты навучыўся танцаваць, навучыўся смяяцца, навучыўся жыць. А ты спатрэбішся мне - не сёння, пазней - таксама дзеля нечагась важнага і цудоўнага. Калі ты будзеш закаханы ў мяне, я аддам табе свой апошні загад, і ты паслухаешся, і гэта будзе на карысць і табе, і мне.

Яна падняла ў шклянцы адну карычнева-фіялетавую з зялёнымі пражылкамі архідэю, на імгненне нахілілася над ёю і ўгледзелася ў кветку.

- Табе будзе нялёгка, але ты гэта зробіш. Ты выканаеш мой загад і заб'еш мяне. Вось у чым усё маё. І больш не распытвай!

Усё яшчэ гледзячы на архідэю, яна змоўкла, яе твар перастаў быць напружаным, ён расправіўся, як распраўляецца кветка, і раптам на вуснах у яе паявілася ўсмешка, хоць вочы яшчэ імгненне ашклянела глядзелі ў адну кропку. А потым яна страсянула галавой з маленькім хлапечым завіткам, выпіла глыток віна, успомніла раптам, што мы вячэраем, і з вясёлым апетытам паднасела на ежу.

Я ясна чуў кожнае слова яе жахлівай прамовы, адгадаў нават яе «апошні загад», перш чым яна адкрыла яго, і ўжо не быў спалоханы словамі «ты заб'еш мяне». Усё, што яна сказала, прагучала пераканаўча, як непазбежнае наканаванне, я прыняў гэта без ніякага супраціву, і тым не меней, дарма што яна гаварыла жахліва сур'ёзна, усё гэта здалося мне не зусім рэальным і сур'ёзным. Адна частка маёй душы ўбірала яе словы і верыла ім, другая частка маёй душы супакойліва ківала і прымала да ведама, што і ў такой разумнай, здаровай і ўпэўненай Герміны таксама, аказваецца, ёсць свае вычуды і бзікі. Ледзь толькі было прамоўлена апошняе слова, як уся гэтая сцэна зацягнулася флёрам нерэальнасці і прывіднасці.

І ўсё ж я не мог з такой самай эквілібрыстычнай лёгкасцю, як Герміна, адскочыць назад у праўдападабенства і рэальнасць

- Значыцца, калі-небудзь я цябе заб'ю? - спытаў я ў паўзабыцці, хоць яна ўжо смяялася, энергічна разбіраючы птушынае мяса.

- Вядома, - кіўнула яна нядбала, - хопіць пра гэта, пара вячэраць. Гары, будзь ласкавы, замові мне яшчэ крышачку зялёнага салату! Што, не смакуе? Здаецца, табе трэба вучыцца ўсяму, што ў іншых само сабою выходзіць, нават мець радасць ад ежы. Глядзі ж, маленькі, вось качыная полачка, і калі адкалупваеш смакату, белае мяса ад костачкі, дык гэта свята, і тут чалавек павінен адчуваць прыліў апетыту, павінен перажываць хваляванне і ўдзячнасць, як закаханы, калі ён упершыню здымае кофтачку са сваёй дзяўчыны. Зразумеў? Не? Ты авечка. Чакай, я дам табе кавалачак ад гэтай смакавітай полачкі, сам убачыш. Вось так, давай роцік!.. О, якая ж ты пачвара! Божа, цяпер ён касавурыцца на іншых людзей, ці не бачаць яны, што я кармлю яго з відэльца. Не турбуйся, блудны сыне, я не зганю цябе. Але калі табе канечне патрэбен нечы дазвол на тваю ж асалоду, тады ты сапраўды бедалага.

Усё больш нерэальнай рабілася нядаўняя сцэна, усё больш неверагодным здавалася, што толькі некалькі хвілін назад гэтыя вочы глядзелі так цяжка і холадна. О, у гэтым Герміна была як само жыццё: заўсёды толькі імгненне, якога наперад нельга ўлічыць. Цяпер яна ела, і качыная ножка, салат, торт і лікёр прымаліся сур'ёзна, рабіліся прадметам і прысуду, і гутаркі, і фантазіі. Як толькі выносілі талерку, пачынаўся новы раздзел. Гэтая жанчына, якая разгледзела мяне наскрозь, якая ведала пра жыццё, здавалася, больш, чым усе мудрацы разам узятыя, дзяцінілася, жыла і гуляла імгненнем так па-майстэрску, што адразу ператварыла мяне ў свайго вучня. Ці тое было высокай мудрасцю, а ці простай наіўнасцю, але ж хто ўмеў да такой ступені жыць імгненнем, хто аж так жыў цяперашнім, так па-сяброўску ашчадліва цаніў любую кветачку ўскрай дарогі, самую малую магчымасць гульні, закладзеную ў імгненне, таму не было чаго баяцца жыцця. І гэты свавольны дзіцёнак са сваім добрым апетытам, са сваім гарэзлівым гурманствам быў адначасова летуценніцай і істэрычкай, якая прагне сабе смерці, альбо звабніцай, сама сабе наўме, з разлікам, яна свядома і з халодным сэрцам хоча дабіцца, каб я закахаўся і сам запісаўся да яе ў рабы? Гэта было неверагодна. Не, проста яна так цалкам аддавалася імгненню, што з такой самай гатовасцю, як любую вясёлую думку, упускала ў сябе і перажывала любы цёмны страх у глыбінях душы.

Гэтая Герміна, якую я сёння бачыў другі раз, ведала пра мяне ўсё, мне здавалася немагчымым нешта ад яе ўтоіць. Можа, яна не зусім разумела маё духоўнае жыццё; у мае адносіны з музыкай Гётэ, з Навалісам альбо Бадлерам яна, магчыма, і не магла пранікнуць - але і гэта было пад вялікім пытальнікам - што ўжо там засталося ад майго «духоўнага жыцця»? Хіба ўсё гэта не развалілася і не страціла свайго сэнсу? Але іншыя мае, самыя інтымныя мае праблемы і клопаты, - іх яна ўсе зразумела б, у гэтым я не сумняваўся. Неўзабаве я пагутару з ёю пра Стэпавага ваўка, пра трактат, пра ўсё, што пакуль існуе ўва мне адным, пра што я нікому яшчэ ані словам не заікнуўся. Я не ўтрымаўся ад спакусы пачаць зараз жа.

- Герміна, - сказаў я, - нядаўна ў мяне была дзіўная прыгода. Нейкі незнаёмы даў мне друкаваную кніжку, нешта накшталт кірмашовай брашуркі, і там дакладна апісана ўся мая гісторыя і ўсё, што да мяне. Скажы, хіба ж гэта не цікава?

- І як называецца твая кніжка? - спытала яна як бы між іншым.

- «Трактат пра Стэпавага ваўка».

- О, стэпавы воўк - гэта велічна і прыгожа! І стэпавы воўк - гэта ты? Гэта, па-твойму, ты?

- Так, гэта я. Я напалавіну чалавек і напалавіну воўк, так, у кожным разе, мне здаецца.

Яна не адказала, а толькі дацекліва паглядзела мне ў вочы, паглядзела на мае рукі, і на момант у яе паглядзе і твары зноў з'явіліся, як і раней, глыбокая сур'ёзнасць і змрочная жарсць.

Калі я правільна перахапіў яе думкі, дык думала яна пра тое, ці дастаткова я воўк, каб выканаць яе «апошні загад».

- Гэта, вядома, твая фантазія, - сказала яна, зноў павесялеўшы, - альбо, калі хоч, паэтычная выдумка. Але нешта ў гэтым ёсць. Сёння ты не воўк, а вось таго разу, калі ты ўвайшоў у залу, як з каноплі выскачыўшы, у табе сапраўды было нешта звярынае, якраз гэта мне і спадабалася.

Яна раптам спахапілася, запнулася і, як бы нават сумеўшыся, сказала:

- Як па-дурному гучаць словы «звер», «драпежная жывёла»! Не трэба так гаварыць пра жывёлаў. Вядома, яны часта бываюць страшныя, але ўсё-такі яны больш сапраўдныя за людзей.

- Што значыць «больш сапраўдныя»? Як ты гэта разумееш?

- Ну, глянь на якую-небудзь жывёлу, на ката альбо на сабаку, на птушку альбо нават на якіх-небудзь вялікіх прыгожых жывёл у заапарку, на пуму альбо на жырафу! І ты ўбачыш, што ўсе яны сапраўдныя, што няма жывёлы, якая бянтэжылася б, не ведала б, што рабіць і як паводзіцца. Яны не хочуць ліслівіць табе, не хочуць рабіць на цябе нейкага ўражання. Нічога паказнога. Якія ёсць, такія і ёсць, як камяні і кветкі альбо як зоркі на небе. Разумееш?

Я разумеў.

- Жывёлы часцей за ўсё бываюць маркотныя, - сказала яна далей. - І калі чалавек вельмі маркотны, маркотны не таму, што ў яго баляць зубы альбо ён згубіў грошы, а таму, што ён раптам адчувае, якое яно ўсё, якое ўсё жыццё, і маркота яго сапраўдная, - тады ён заўсёды крыху падобны на жывёлу, тады ён выглядае маркотна, але ў ім больш сапраўднага і прыгожага, чым зазвычай. Так ужо павялося, і калі я ўпершыню ўбачыла цябе, Стэпавы воўк, ты быў менавіта такі.

- Ну, а што, Герміна, ты думаеш пра тую кніжку, дзе я апісаны?

- Ах, ведаеш, я не люблю ўвесь час думаць. Пагаворым пра тое іншым разам. Можаш мне даць яе пачытаць.

Яна папрасіла кавы і здавалася нейкі час няўважлівай і рассеянай, а потым раптам прасвятлілася і, відаць, дасягнула нейкай мэты ў сваіх роздумах.

- Ах, - усклікнула яна радасна, - нарэшце дайшло!

- Што - дайшло?

- Што да факстрота, у мяне гэта ні на хвіліну не выходзіла з галавы. Скажы, ці ёсць у цябе пакой, дзе мы маглі б часам патанцаваць удваіх? Хай маленькі, гэта няважна, толькі б не было пад табою жыльца, які падымецца і наробіць гвалту, калі ў яго ледзь-ледзь задрыжыць столь. Што ж, добра, вельмі добра! Тады ты можаш дома вучыцца танцаваць.

- Так, - сказаў я нясмела, - тым лепей. Але я думаў, што на гэта спатрэбіцца і музыка.

- Вядома, спатрэбіцца. Ну, дык музыку ты сабе купіш, гэта каштуе самае большае столькі ж, колькі курс у настаўніцы танцаў. На настаўніцы ты ашчадзіш, ёю буду я сама. Значыцца, і музыка будзе ў нас заўсёды, да таго ж у дадатак у нас застанецца грамафон.

- Грамафон?

- А як жа ж. Ты купіш невялічкую такую машынку і некалькі танцавальных плытак...