32155.fb2
- Ну, з якою ты танцаваў. Зграбная дзяўчына, вельмі зграбная. Ты быў крышку закаханы ў яе, наколькі я магу меркаваць.
- Хіба ты з ёю знаёмая?
- Чаму не, мы з ёю блізка знаёмыя. Яна цябе вельмі цікавіць?
- Яна мне спадабалася, і я быў рады, што яна была такая спагадлівая да таго, як я танцую.
- І толькі гэта! Ты павінен прывалакнуцца за ёю, Гары. Яна слічная і танцуе слічненька, ды ты ж ужо закаханы ў яе. Я думаю, ты мецьмеш поспех.
- Ай, я не такі славалюбны.
- Ах, ты манюка! Я ж ведаю, што ў цябе недзе засталася каханая, і ты наведваеш яе раз у паўгода, каб зноў з ёю пасварыцца. Разумею, гэта вельмі міла, калі ты хочаш быць верным сваёй дзіўнай прыяцельцы, але не дапусціся, каб я прымала гэтага надта сур'ёзна. Я наогул падазраю, што ты прымаеш каханне занадта ж бо сур'ёзна. Ну, кахай сабе на здароўе сваім ідэальным парадкам колькі табе заўгодзіцца, гэта твой клопат, за гэта мне галава не баліць. Мой жа клопат - каб ты трошкі набраўся спрыту ў маленькіх, лёгкіх, жыццёвых спанатрах і гульнях, у гэтым я твая вучыцелька і буду табе вучыцелькай лепшай за тваю ідэальную каханую, і не сумнявайся! Табе не шкодзіла б паспаць з якой-небудзь прыгожай дзяўчынай, Стэпавы воўча.
- Герміна, - усклікнуў я стомлена, - паглядзі на мяне, я ж стары чалавек!
- Маленькае хлапчаня - вось хто ты. І гэтак сама, як ты, гультаіна, ленаваўся вучыцца танцаваць, пакуль ледзь-ледзь не ўпусціў часу, ты ленаваўся вучыцца кахаць. О, кахаць ідэальна, трагічна - гэта ты, дружа мой, умееш, вядома, як лепш і не бывае, не сумняваюся, што ўжо так, дык так! Цяпер жа ты навучышся кахаць і звычайна, па-людску. Пачатак ужо зроблены, неўзабаве цябе можна будзе запусціць на баль. Толькі вось бастон яшчэ трэба будзе адолець, гэтым заўтра і зоймемся. Я прыйду а трэцяй. Дарэчы, як табе тутэйшая музыка?
- Вельмі спадабалася.
- Ну, вось бачыш, гэта ўжо поступ, сяго-таго ты ўжо навучыўся. Дагэтуль ты трываць не мог усёй гэтай «скочнай» і джазавай бразгатні, яна была табе недастаткова сур'ёзная і глыбокая, а цяпер ты ўбачыў, што яе і не трэба прымаць на сур'ёзе, але што яна можа быць і без таго мілай і сімпатычнай. Між іншым, без Пабла ўся гэтая аркестрада - нуль. Ён яе вядзе, ён бадзёру паддае!
Калі грамафон знішчаў атмасферу аскетычнай духоўнасці ў маім кабінеце, калі амерыканскія танцы ўрываліся ў мой цывілізаваны музычны свет, як нейкая завада мне, як нешта чужое і разбуральнае, дык і ў маё дакладна акрэсленае, строга замкнутае дагэтуль жыццё адусюль урывалася нешта новае, страшнае і зварушлівае. Трактат пра Стэпавага ваўка і Герміна мелі рацыю ў сваім вучэнні пра тысячу душаў, побач з усімі ранейшымі ўва мне штодня выяўляліся нейкія новыя душы, яны выстаўлялі ўмовы, чынілі вэрхал, і я ясна, як на карціне, убачыў, у якой самаашуцы дыгэтуль жыў. Надаючы значэнне адно тым лічаным здольнасцям, у якіх я з чыстага выпадку быў моцны, я намаляваў партрэт Гары і жыў ягоным жыццём, а ён быў усяго толькі тонкім фахоўцам у паэзіі, музыцы і філасофіі, а ўсё астатняе ў сваёй асобе, увесь хаос сваіх здольнасцяў, інстынктаў, памкненняў успрымаў як лішнюю навалач і назваў Стэпавым ваўком.
Тым часам гэты наварот ад самападману, гэты распад маёй асобы зусім не былі толькі прыемнай і пікантнай прыгодай, наадварот жа, яны былі часам горка балючыя і амаль невыносныя. Грамафон часта гучаў пякельна ў гэтым атачэнні, дзе ўсё было наладжана зусім на іншыя тоны. І часам, калі ў якім-небудзь модным рэстаране сярод усіх гэтых закурдаяў і авантурнікаў я выдыгаў уанстэпы, дык сам сабе здаваўся здраднікам, які запрадаў усё, што было ў мяне святога і дарагога ў жыцці. Калі б Герміна пакінула мяне аднаго хоць на тыдзень, я не марудзіў бы доўга і даў бы цекача ад гэтых смешных патугаў на бонвіванства. Але Герміна ўвесь час была побач; хоць я бачыў яе не кожан дзень, затое яна мяне бачыла, накіроўвала, папраўляла, ахоўвала, разглядвала - і ўсе мае шалёныя думкі пра бунты і ўцёкі з усмешкай чытала з майго твару.
У працэсе таго, што я раней называў сваёй асобай, я пачаў разумець, чаму я, нягледзячы на ўсю сваю роспач, так вусцішна баяўся смерці, і пачаў заўважаць, што і гэты ганебны і гнюсотны страх быў часткаю маёй старой, мяшчанскай натуры. Гэта ранейшы гер Галер, творчы здольнік, знаўца Моцарта і Гётэ, аўтар цікавых развагаў пра метафізіку мастацтва, пра геніяльнасць і трагізм, пра чалавечнасць, тужлівы пустэльнік у сваёй заваленай кнігамі келлі, быў аб'ектам паслядоўнай самакрытыкі і не вытрымаў яе. Гэты здольны і цікавы гер Галер ваяваў, праўда, за розум і чалавечнасць і пратэставаў супроць жорсткасці вайны, аднак падчас вайны ён не даў сябе паставіць да сцяны і расстраляць, што было б лагічным вывадам з ягоных думак, а знайшоў нейкі там спосаб ператрываць, спосаб, зрэшты, прыстойны і высакародны, але ўсё-такі нейкі-такі кампрамісны. Далей: ён быў супраціўцам улады і эксплуатацыі, аднак у банку ў яго ляжала шмат акцый прамысловых прадпрыемстваў, і працэнты з гэтых акцый ён бессаромна праядаў. І так было ва ўсім. Спрытна выстаўляючы сябе пагарднікам свету, тужлівым анахарэтам і абураным прарокам, Гары Галер быў па сутнасці буржуа, лічыў Гермініна жыццё вартым асуды, сушыў сабе скрухаю сэрца за ночы, прамантачаныя ў рэстаранах, за грошы, якія там прасадзіў, адчуваў згрызоты сумлення і зусім не памыкаўся вызваляцца і ўдасканальвацца, а наадварот, як мог рваўся назад у тыя лафовыя часіны, калі яго духоўнае самацацканне яшчэ давала яму асалоду і славу. Гэтак жа сама ўздыхалі па даваеннай ідэальшчыне пагарджаныя і высмейваныя ім чытачы газет, бо так было зручней і лацвей, аніж прымаць навуку з выпакутаванага. Цьфу, каб ты спрахла, ад яго ванітавала, ад гэтага Гары Галера! І ўсё-такі я чапляўся за яго альбо ж за ягоную маску, якая ўжо спадала, за ягонае какецтва з духоўнасцю, за ягоны мяшчанскі страх перад непарадкам і ўсім выпадковым (у гэта ўпісвалася і смерць) і з'едліва, зайздросліва параўноўваў новага Гары, гэтага крыху нясмелага і смешнага дылетанта танцзалаў, з тым ранейшым ілжыва-ідэальным вобразам Гары, у якім ён, новы Гары паспеў ужо знайсці ўсе непрыемныя рысы, якія так абурылі яго тады, у прафесара, у партрэце Гётэ. Ён сам, ранейшы Гары, быў такі самы па-мяшчанску ідэалізаваны Гётэ, гэткі, бачыце, герой з залішне высакародным кругаглядам, свяціла, якое блішчала велічнасцю, інтэлектам і чалавечнасцю, як брыльянтынам, і мала што не расчулена ад высакародства сваёй душы! Добранька ж такі ён, аднак, злядашчыўся, няма на яго халеры, гэты міленькі вобраз, бо надта ж бо развянчаным выглядаў сёння ідэальны спадар гер Гары! Ён быў падобны на вяльможу, абабранага бандытамі, які застаўся ў падраных портках і зрабіў бы куды разумней, калі б цяпер увайшоў у ролю абадранца, але замест гэтага носіць на сабе транты з такім форсам, быццам на іх усё яшчэ вісяць ордэны, і плаксіва прэтэндуе на страчаную вяльможнасць.
Я даволі часта сустракаўся з музыкантам Пабла, і маё меркаванне пра яго варта было перагледзець хоць бы ўжо таму, што Герміна вельмі любіла яго і як магла шукала ягонай кампаніі. Пабла запомніўся мне як гладзенькая нікчэмнасць, крыху славалюбны красунчык, вясёлае і бяздумнае дзіця, якое радасна дудзіць у сваю дудачку і якое лёгка купляецца на пахвалу і шакаладку. Але Пабла не пытаўся маёй думкі, яна была яму гэтак сама да аднаго месца, як і мае музычныя тэорыі. Ён слухаў мяне ветліва і ласкава, з нязменнай усмешкай, але шчырага адказу ніколі не даваў. Тым не меней здавалася, што я ўсё-такі цікавіў яго, ён яўна стараўся спадабацца мне і паказаць мне сваю сімпатыю. Калі я аднаго разу падчас такой бясплённай гутаркі ад раздражнення зрабіўся амаль што грубы, ён збянтэжана і сумна паглядзеў мне ў твар, узяў маю левую руку, пагладзіў яе і падаў мне залачоную табакерку з нейкім нюхальным парашком: гэта, бач ты, паможа. Я недаўмёна паглядзеў на Герміну, яна згодліва кіўнула галавой, і я пачаставаўся шчэпцяй. І сапраўды пасвяжэў і падбадзёрыўся - у парашку, відаць, быў дамесак какаіну. Герміна сказала мне, што ў Пабла шмат такіх сродкаў, ён дастае іх нейкімі таемнымі шляхамі, часам дае сябрам і добра ведае сумесі і дазіроўкі ўсіх гэтых панацэяў - ад болю, снатворных, для добрых сноў, вясёлых, любоўных.
Аднойчы я сустрэў яго ў горадзе на набярэжнай, і ён адразу далучыўся да мяне. Гэтым разам мне нарэшце ўдалося падбіць яго на гутарку.
- Гер Пабла, - сказаў я яму, калі ён пачаў пакручваць чорна-срабрыстай лёсачкай, - вы сябар Герміны, вось прычына маёй да вас цікавасці. Але вы, скажу вам, не надта спрыяеце гутарцы. Я шмат разоў спрабаваў пагаварыць з вамі пра музыку - мне было б цікава пачуць вашу думку, вашы пярэчанні, вашы меркаванні. Але вы не дарылі мяне нават самым скупым адказам.
Ён ветліва засмяяўся і гэтым разам пакінуў мяне без адказу, а спакойна сказаў:
- Бачыце, па-мойму, пра музыку няма чаго і гаварыць. Я ніколі не гавару пра музыку. Ды і што я мог бы вам адказаць на вашыя вельмі разумныя і правільныя словы? Вы ж гаварылі абсалютна слушна ўсё, што гаварылі. Але, ведаеце, я музыкант, а не вучоны, і я не думаю, што ў музыцы рацыя нечагась вартая. У музыцы важна не тое, што ты маеш рацыю, што ў цябе ёсць густ, ёсць адукацыя, і ўсё такое далей.
- Ну так. А што ж важна?
- Важна іграць, гер Галер, іграць як мага лепш, як мага больш і як мага мацней! Вось у чым штука, мсье. Калі я трымаю ў галаве ўсе творы Баха і Гайдна і магу сказаць пра іх самыя разумныя рэчы, дык ад гэтага яшчэ няма нікому ніякай карысці. А калі я вазьму сваю трубу і сыграю моднае шымі, дык гэта шымі, добрае яно ці благое, усё роўна прынясе людзям радасць. Ударыць ім і ў ногі і ў кроў. Толькі гэта і важна. Зірніце як-небудзь на бале на твары ў той момант, калі пасля доўгага перапынку зноў загучыць музыка, - як тут жа заблішчаць вочы, уздрыгваюць ногі, пачынаюць смяяцца твары! Вось дзеля чаго граеш.
- Выдатна, гер Пабла. Але, апрача пачуццёвай, ёсць яшчэ і духоўная музыка. Апрача той музыкі, якую граюць у гэты вось момант, ёсць яшчэ і несмяротная музыка, якая жыве, нават калі яе і не граюць у гэты момант. Можна адзінока ляжаць у сябе ў ложку і ў думках паўтараць якую-небудзь мелодыю з «Чароўнай флейты» альбо з «Цярпенняў паводле Мацвея», і тады музыка адбудзецца без флейты альбо скрыпкі.
- Вядома, гер Галер. І «Знемажэнне», і «Валенсію» таксама кожнай ночы моўчкі ўзнаўляюць многія адзінокія летуценнікі. Самая бедная машыністачка ўспамінае ў сябе ў канторы апошні ўанстэп і адстуквае на сваіх клавішах яго такты. Ваша праўда, хай у гэтых адзінокіх людзей будзе свая нямая музыка, хай тое «Знемажэнне», хай «Чароўная флейта», хай «Валенсія»! Але адкуль жа бяруць гэтыя людзі сваю адзінокую, нямую музыку? Яны атрымліваюць яе ў нас, у музыкантаў, спачатку яе трэба сыграць і пачуць, спачатку яна павінна ўвайсці ў кроў, а потым ужо можна вымройваць яе сабе дома, у сваёй каморцы.
- Згода, - сказаў я холадна. - І ўсё-такі нельга ставіць на адну ступень Моцарта і найноўшы факстрот. І не адно і тое самае - граць людзям боскую і вечную музыку альбо танныя аднадзёнкі.
Заўважыўшы хваляванне ў маім голасе, Пабла адразу ж скроіў самую мілую фізіяномію, ласкава пагладзіў мяне па плячы і надаў свайму голасу неверагодную мяккасць.
- Ах, дарагі мой, наконт ступеняў вы, мабыць, цалкам слушны. Я анічога не маю супраць таго, каб вы ставілі і Моцарта, і Гайдна, і «Валенсію» на якія заўгодна ступені! Мне гэта зусім не абыходзіць, вызначаць ступені - не мая справа, у мяне пра гэта не пытаюцца. Моцарта, магчыма, будуць граць і праз сто гадоў, а «Валенсію» не будуць - гэта, я думаю, мы можам спакойна аддаць Госпаду Богу, Ён справядлівы і распараджаецца тэрмінамі, якія наканавана пражыць нам усім, а таксама кожнаму вальсу і кожнаму факстроту, Ён напэўна зробіць правільна. А мы, музыканты, павінны рабіць сваё, выконваць абавязкі свае і задачы: мы павінны граць тое, чаго якраз у дадзены момант хочацца людзям, і граць мы гэта павінны як мага лепш, прыгажэй і энергічней.
Я ўздыхнуў і здаўся. Гэтага чалавека нельга было ўзяць нічым.
У некаторыя моманты старое і новае, боль і весялосць, страх і радасць на дзіва змешваліся. Я быў то на нябёсах, то ў пекле, часцей тут і там адначасова. Стары Гары і новы жылі адзін з адным то ў жорсткім разладзе, то ў міры. Часам здавалася, што стары Гары зусім ужо мёртвы, што ён памёр і пахаваны, і раптам ён аказваўся тут, загадваў, тыраніў, браў безапеляцыйны тон, а новы, маленькі, малады Гары канфузіўся, маўчаў і дазваляў прыпіраць сябе да сцяны. Іншым часам малады Гары хапаў старога за горла рэзкай хваткай, і тады стаяў стогн, ішла барацьба не на жыццё, а на смерць, настырна вярталіся думкі пра брытву.
Часта, аднак, боль і шчасце залівалі мяне адной хваляй. Так было ў тое імгненне, калі я праз некалькі дзён пасля свайго танцавальнага дэбюту ўвайшоў увечары да сябе ў спальню і на вялікае здзіўленне, страх, жах і радасць застаў у пасцелі прыгажуню Марыю.
З усіх неспадзяванак, якія мне дагэтуль падносіла Герміна, гэта была самая неспадзяваная. Бо ў тым, што прыслала мне райскую птушку менавіта яна, я ні секунды не сумняваўся. Той вечар я, як выключэнне, правёў не з Гермінай, я слухаў у кафедральным саборы добрае выкананне старадаўняй царкоўнай музыкі - гэта была мілая і смутная вылазка ў маё ранейшае жыццё, на нівы маладосці, у сферы ідэальнага Гары. У высокай гатычнай зале храма, прыгожыя сетчатыя скляпенні якое, прывідна ажыўшы, калыхаліся ў гульні нешматлікіх свяцільняў, я слухаў п'есы Букстэхудэ, Пахельбеля, Баха, Гайдна, я хадзіў па сваіх любімых старых дарогах, я зноў чуў выдатны голас вакалісткі, якая спявала Баха, з якою калісьці сябраваўся і перажыў мноства незвычайных канцэртаў. Галасы даўняе музыкі, яе бясконцая вартаснасць і святасць выклікалі ў маёй памяці ўсе ўзлёты, экстазы і захапленні маладосці, сумна і задуменна сядзеў я на высокім клірасе госцем у гэтым высакародным, шчасным свеце, які колісь быў маёй радзімай. Пад гукі гайднаўскага дуэта ў мяне раптам паліліся слёзы, я не стаў чакаць канца канцэрта, адмовіўся ад сустрэчы са спявачкай (о, колькі прамяністых вечароў бавіў я колісь з артыстамі пасля такіх канцэртаў!), ціхенька выйшаў з сабора і стомлена паплёўся па начных вулках, дзе паўсюль за вокнамі рэстаранаў джаз-аркестры наярвалі мелодыі маёй цяпершчыны. О, якая атрымалася з майго жыцця змрочная блытаніна!
Доўга думаў я, сноўдаючыся той ночы, пра свае адносіны да музыкі і зноў нагледзеў у гэтых такіх кранальных, такіх ліхашчасных адносінах да яе лёс нямецкай інтэлігентнасці. У нямецкай душы пануе мацярынскае права, сувязь з прыродай у форме гегемоніі музыкі, невядомая ніякаму іншаму народу. Замест каб па-мужчынску паўстаць супроць гэтага, прыслухацца да інтэлекту, да логасу, да слова, мы, людзі інтэлігентныя, усе запар трызнім моваю без слоў, здольнаю выказаць невыказнае, выказаць тое, чаго выказаць нельга. Замест каб як мага правільней і сумленней граць на сваім інструменце, інтэлігентны немец заўсёды франдыраваў супроць слова і розуму, заўсёды какетнічаў з музыкай. І растварыўшыся ў музыцы, у дзівосных і шчасных гукавых вобразах, у дзівосных і салодкіх пачуццях і настроях, якія ніколі не ператвараліся ў рэчаіснасць, нямецкі розум праспаў большасць сваіх сапраўдных назначэнняў. Мы, людзі інтэлігентныя, усе не ведалі рэчаіснасці, былі ёй чужыя і варожыя, а таму і ў нашай нямецкай існасці, у нашай гісторыі, у нашай палітыцы, у нашай грамадскай думцы роля інтэлекту была такой жалю вартай. Так яно, вядома, я часта прадумваў гэтую думку, знемагаючы часам ад палкага жадання стварыць сабе нарэшце рэальнасць, зрабіцца нарэшце сур'ёзным і дзейсным чалавекам, замест таго каб вечна займацца эстэтыкай і прыкладным мастацтвам у вобласці духу. Але гэта заўсёды канчалася прызнаннем сваёй духоўнай немачы, капітуляцыяй перад лёсам. Мелі рацыю геры генералы і прамыслоўцы: ад нас, «інтэлігентаў», не было толку, мы былі непатрэбнай, адарванай ад рэальнасці жменькай дасціпных пустабрэхаў. Цьфу, каб ты звялося! Брытву!
Увесь і цэлы ў такіх думках, у адгалосках музыкі, з ацяжэлым ад скрухі сэрцам, ад тугі па жыцці, па рэальнасці, па сэнсе, па непапраўна страчаным я нарэшце вярнуўся дамоў, адолеў свае лесвіцы, запаліў у гасцёўні святло, паспрабаваў нешта там чытаць, успомніў пра ўмову, якая вымушала мяне заўтра ўвечары з'явіцца на віскі і танцы ў бар «Сесіль», я адчуваў злосць і прыкрасць не толькі на самога сябе, але і на Герміну. Якія б добрыя і чыстыя памкненні ні кіравалі ёю, якой бы цудоўнай істотай яна ні была - няма каб яшчэ тады даць мне загінуць, яна штурхала, яна папіхала мяне ў гэты бесталковы, чужы, мітуслівы, цацачны свет, дзе я ўсё адно заўсёды буду чужы і ўсё лепшае ўва мне зачаўрае і загіне.
І я сумна патушыў святло, сумна ўвайшоў у спальню, сумна пачаў распранацца, але тут мяне збянтэжыў нейкі нязвыклы пах, пахла парфумай, і, азірнуўшыся, я ўбачыў, што ў маёй пасцелі ляжыць прыгажуня Марыя, ніякавата ўсміхаючыся вялікімі блакітнымі вачыма.
- Марыя! - сказаў я. І першай подумкай было, што мая гаспадыня папросіць мяне з кватэры, калі пра гэта даведаецца.
- Я прыйшла, - сказала яна ціха. - Вы на мяне серду не маеце?
- Не, не. Я ведаю, Герміна дала вам ключ. Ну так.
- О, вы сярдуеце за гэта. Я пайду.
- Не, мілая Марыя, заставайцеся! Толькі якраз сёння, сама ўвечары, мне вельмі журботна, сёння я не магу быць вясёлым, але, можа, змагу заўтра.
Я крыху схіліўся да яе, яна абхапіла маю галаву абедзьвюма далонямі, вялікімі, моцнымі, падцягнула да сябе і пацалавала ўзасос. Потым я сеў да яе на ложак, узяў яе за руку, папрасіў гаварыць ціха, каб нас не пачулі, і пачаў глядзець на яе прыгожы, поўны твар, які дзівосна і незнаёма, як нейкая вялікая кветка, ляжаў перад мною на маёй падушцы. Яна павольна пацягнула маю руку да сваіх вуснаў, пацягнула яе пад коўдру і паклала на свае цёплыя з ціхім дыханнем грудзі.
- Можаш не быць вясёлым, - сказала яна. - Герміна мне ўжо сказала, што ў цябе гора. Гэта кожны зразумее. А я табе ўсё яшчэ падабаюся, га? Таго разу, калі мы танцавалі, ты быў вельмі закаханы.
Я пачаў цалаваць яе вочы, рот, шыю і грудзі. Толькі што я думаў пра Герміну, горка і з дакорам. А цяпер я трымаў у руках яе дарунак і быў ёй удзячны. Марыіны пяшчоты не прычынялі болю цудоўнай музыцы, якую я чуў сёння, яны былі вартыя яе і былі яе ўвасабленнем. Я павольна сцягваў коўдру з прыгажуні, пакуль не дабраўся, цалуючы, да кончыкаў яе ног. Калі я лёг да яе, падобны на кветку твар яе ўсміхнуўся мне з разуменнем і прыхільна.
У гэтую ноч побач з Марыяй я спаў нядоўга, але моцна і хораша. Як дзіця. А ў прамежках сну я піў яе цудоўную, вясёлую маладосць і пазнаваў у ціхай балбатні мноства цікавых рэчаў пра жыццё яе і Герміны. Пра жыццё гэтага роду я ведаў вельмі мала, толькі ў тэатральным свеце трапляліся мне часам раней такія істоты, і жанчыны, і мужчыны, паўмастакі-паўпрайдохі. Толькі цяпер я крыху заглянуў ў гэтыя цікаўныя, гэтыя дзівосна мілыя, гэтыя дзівосна распусныя душы. Усе гэтыя дзяўчаты, звычайна з беднаты, надта ж бо разумныя і надта прыгожыя, каб аддавацца ўсё сваё жыццё толькі якой-небудзь кепска аплачванай і бязрадаснай службе дзеля кавалка хлеба, жылі то на выпадковаыя заробкі, то на капітал сваёй прывабнасці і прыемнасці. Часам яны сядзелі месяцамі за пішучай машынкай, часам бывалі палюбоўніцамі заможных жуіраў, атрымлівалі кішэньковыя грошы і дарункі, часам хадзілі ў футрах, раз'язджалі на аўтамабілях і жылі ў гранд-гатэлях, а часам туліліся ў паддашках, і хоць часам, пры вельмі ўжо снаднай прапанове, згаджаліся на шлюб, увогуле ж да яго не гарнуліся. Некаторыя з іх не былі ў каханні палкія і саступалі дамогам толькі з агідай, і тое за самую высокую плату. Іншыя, і да іх належала Марыя, вызначаліся нязвыклай здольнасцю да кахання і патрэбай у ёй, большасць ведала толк у каханні да абодвух полаў; яны жылі адзіна дзеля кахання і заўсёды, апрача афіцыйных і плацёжаздольных сяброў, мелі ўсякія іншыя любоўныя сувязі. Апантана і дзелавіта, трывожна і легкадумна, разумна і ўсё-такі неўсвядомлена жылі гэтыя матылькі сваім дзіцячым, але вытанчаным жыццём, жылі незалежна, прадаючыся не кожнаму, чакаючы сваёй долі шчасця і добрага надвор'я, закаханыя ў жыццё і ўсё ж прывязаныя да яго менш, чым мяшчане, жылі ў заўсёднай гатовасці ісці за казачным прынцам у ягоны замак, з заўсёднай, хоць і паўусвядомленай упэўненасцю ў цяжкім і сумным канцы.
Марыя навучыла мяне - у тую незвычайную першую ноч і пазней - многаму, не толькі мілым новым забавам і здалікачанасці пачуццяў, але і новаму разуменню, новаму ўспрыняццю, новай любові. Свет танцавальных і забаўляльных установаў, кінематографаў, бараў і чайных залаў пры гатэлях, які для мяне, самотніка і эстэта, усё яшчэ заставаўся нейкім непаўнавартасным, нейкім забароненым і прыніжальным, быў для Марыі, для Герміны і для іх сябровак светам наогул, ён не быў ні добры, ні злы, ні ненавісны, у гэтым свеце квітнела іх кароткае, поўнае палкага чакання жыццё, у ім яны пачуваліся як рыба ў вадзе. Яны любілі шампанскае альбо якую-небудзь фірмовую смажанку, як мы любім якога-небудзь кампазітара альбо паэта, і якой-небудзь моднай танцавальнай мелодыі альбо сентыментальна-саладжавай песеньцы яны аддавалі такую самую даніну захаплення, хвалявання і расчуленасці, якую мы - Ніцшэ альбо Гамсуну. Расказваючы мне пра свайго знаёмага красунчыка саксафаніста Пабла, Марыя загаварыла пра адзін амерыканскі зонг, які Пабла ім часам спяваў, і гаварыла яна пра гэта так натхнёна, з такім запалам, з такой любасцю, што словы яе кранулі і ўсхвалявалі мяне куды мацней, чым экстазы якога-небудзь эрудыта з прычыны якога-небудзь рафінавана-высакароднага мастацтва. Я гатовы быў захапляцца разам з ёю, які б гэты зонг ні быў, поўныя любові словы Марыі, яе палкі погляд прабілі ў маёй эстэтыцы шырокія прагалы. Заставалася, вядома, прыгожае, тое нямногае непераўзыдзена прыгожае, што не падлягала, па-мойму сумненням і спрэчкам, найперш Моцарт, але дзе ж тут была мяжа? Хіба ўсе мы, знаўцы і крытыкі, не любілі ў маладосці твораў мастацтва і мастакоў, якія сёння здаюцца нам сумніўнымі і непрыемнымі? Хіба не так было з Лістам, з Вагнерам, а ў многіх нават з Бэтховенам? Хіба дзіцяча-палкая расчуленасць Марыі ад амерыканскага зонга не была такім самым чыстым, цудоўным, не падлеглым ніякім сумненням суперажываннем мастацтва, як усхваляванасць якога-небудзь дацэнта «Трыстанам» альбо захапленне дырыжора пры выкананні Дзевятай сімфоніі? І хіба не было ў гэтым вартай подзіву суадпаведнасці з поглядамі сеньёра Пабла і пацвярджэння ягонай праўды?
Гэтага красунчыка Пабла Марыя таксама, здаецца, вельмі кахала.
- Ён прыгожы чалавек, - сказаў я, - мне ён таксама вельмі падабаецца. Але скажы мне, Марыя, як можаш ты кахаць разам з ім і мяне, старога нуднага буркалу, які прыгажосцю не пахваліцца, які пачаў ужо сівець і не ўмее ні граць на саксафоне, ні спяваць па-англійску любоўныя шлягеры?
- Не гавары так гадка! - абурылася яна. - Гэта ж вельмі натуральна. Ты таксама мне падабаешся, у табе таксама ёсць нешта прыгожае, вабнае і адмысловае, табе не трэба быць іншым, чым ты ёсць. Не варта гаварыць пра гэтакія рэчы і патрабаваць адказу. Разумееш, калі ты цалуеш мяне ў шыю альбо ў вуха, я адчуваю, што ты мяне кахаеш, што я табе падабаюся. Ты ўмееш неяк так цалаваць, крыху нясмела, ці што, і гэта мне падказвае: ён цябе кахае, ён удзячны табе за тое, што ты прыгожая. Гэта мне вельмі, вельмі падабаецца. А ў якім-небудзь іншым мужчыне мне падабаецца якраз усё наадварот - што ён мяне як бы ні ў што не ставіць і цалуе так, як міласціну падае.
Мы зноў заснулі. Я зноў прачнуўся, усё яшчэ абдымаючы яе, маю цудоўную, цудоўную кветку.
І дзіва - гэтая цудоўная кветка так і заставалася ўсё ж дарункам Герміны! Яна так і стаяла за ім, ён быў маскай, за якою была яна! І раптам, між іншым, я падумаў пра Эрыку, пра маю далёкую злую каханку, пра маю няшчасную сяброўку. Прыгажосцю яна, мабыць, і не саступала Марыі, хоць і не была такая краска, такая раскаваная, такая вынаходліва-ўмелая ў каханні, і яе вобраз, яе любімы, глыбока ўплецены ў мой лёс вобраз выразна і пакутліва стаяў перад мною некалькі секундаў, а потым зноў знік, апусціўся ў сон, у забыццё, у тужлівую далеч.
І карціны майго жыцця ў мностве сваім паўставалі перад мною ў гэтую цудоўную, пяшчотную ноч, а я ж так доўга жыў пуста і бедна і без карцін. Цяпер, па знаку Эраса, карціны закрынічылі, і сэрца замірала ў мяне ад захаплення і ад тугі з прыгоды таго, як багатая была карцінная галерэя майго жыцця, як поўная была вечнымі зоркамі і сузор'ямі душа беднага Стэпавага ваўка. Пяшчотна і прасветлена, як далёкія, злітыя з бясконцай сінечай горы, глядзелі на мяне дзяцінства і маці, металічна гучаў хор маіх дружбаў, які пачынаўся з казачнага Германа, звязанага з Гермінай душэўным братэрствам; пахкія і незямныя, як вільготныя азёрныя кветкі з водных глыбіняў, усплывалі вобразы многіх жанчын, якіх я кахаў, якіх я жадаў, якіх апяваў, - мала катораю з іх я валодаў і толькі нямногіх спрабаваў займець у поўную ўласнасць. Паявілася і мая жонка, з якою я пражыў шмат гадоў, якая навучыла мяне таварыскасці, нязгодзіцы, пакоры, жонка, да якое, нягледзячы на ўсе нашыя закалоты, у мяне захаваўся глыбокі давер да таго дня, калі яна, захварэўшы, раптам узбунтавалася і не тое што пайшла ад мяне, а ўцякла - і я зразумеў, як моцна кахаў яе і як глыбока давяраў ёй, калі, падмануўшы мой давер, яна нанесла мне такі цяжкі ўдар на ўсё жыццё.