32288.fb2 Сутарэнні Ромула - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Сутарэнні Ромула - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Раман

Ён ведаў, што іншай працы ў яго ўжо ніколі не будзе. Занадта шмат бачыў і чуў за апошнія гады. Такі, як ён, можа толькі падзяліць лёс тых, каго лячыў у турэмнай бальніцы.

“Лячыў”… Звычайныя словы ў ягоным цяперашнім жыцці набывалі новы злавесны сэнс. Нібыта пачварна скажаліся абрысы прадметаў, упушчаных у брудную цвілую лужыну: што там паблісквае на дне – лыжка? Скальпель? Абцугі? Паламаныя акуляры?

Лекар пацяжэлай рукой прысунуў да сябе жалезны кубак – той шоргнуў па стальніцы, як гераічны пратэз інваліда Грамадзянскай вайны аб брукаванку. Та-ак, гэта табе не бардо ў крышталёвым келіху рэстарана менскага гатэлю “Еўропа” ды пад гранне венскага дамскага аркестра… Зрэшты, ён тады быў зусім юны, і даваенна-рэвалюцыйныя ўспаміны расплываюцца ў памяці вясёлкавым туманам.

Затое гэты жалезны, пакарабачаны кубак са спіртам – дужа рэальны.

Лекар паднёс кубак да вуснаў, не адрываючы пагляду ад падлогі, нібыта шэрыя масніцы, раздзеленыя тонкімі роўчыкамі гразі, былі ягоным ратункам. Роўныя, падагнаныя адна да адной, пакорлівыя і надзейныя. Узор для грамадства новага тыпу.

Спірт звыкла апёк горла. Свет зачыніўся, як ракавінка, з якой дасталі перліну.

Падалося, ці не, што цёмныя роўчыкі паміж масніцамі рассунуліся, і адна з масніцаў стала шырэй за іншыя на два пальцы?

Уздзеянне алкаголю на мазгі і ягоныя сімптомы… Ён усё яшчэ памятаў нешта са сваёй прафесіі. Хаця навошта? Усё, што ад яго патрабавалася – не вылечыць, а зрабіць так, каб вораг народа мог зноў адчуваць боль – і гаварыць. А значыць, крычаць, благаць, вішчэць, гарлаць, стагнаць, верашчаць… А таксама маліць, прасіць, запэўніваць, згаджацца – і называць, называць, называць… Імёны, адрасы, заданні…

Часам каты прыносілі ў турэмную бальніцу непрытомных вязняў, нічога не тлумачачы, але з такімі паганымі і грэблівымі ўсмешкамі, што лекар адразу разумеў: давядзецца самому здагадвацца, як напаўжмурыка катавалі, бо нават каты не хочуць гэта агучваць. Словы – гэта ж з чалавечага свету. А тое, што яны толькі што рабілі – нават не быдлячае, а... Жывёлы не могуць вытвараць тое, што адно з адным людзі.

У лекара дасюль пачыналі дрыжэць рукі пасля такіх абследванняў.

Да чаго каты былі вынаходлівыя! Божа мой, ды калі б хоць доля тае вынаходлівасці людзям, якія прыдумваюць новыя лекі…

На хвілю лекар адарваў позірк ад масніцаў, адсалютаваў жалезным кубкам вусатаму партрэту на сцяне з зялёнымі, як раска на паверхні дрыгвы, шпалерамі, адсёрбнуў…

Гэта ўжо падобна да праўдзівых глюкаў. Падазроная масніца зрабілася шырэйшай за суседнія ўжо на цэлую даланю. Ці ён проста раней гэтага не заўважаў?

Лекар быў яшчэ не стары. Прыемны інтэлігентны твар, высокі белы лоб, іранічны выгін броваў і асаблівая, даверліва-датклівая, складка вуснаў… З якой шалёнай надзеяй пазіралі на яго вочы скалечаных людзей! Але побач пільна пазіралі іншыя вочы – так званых “калегаў”. І лекар, “аскалёпак старога рэжыму”, прывучыўся глядзець на сваіх пацыентаў, як колісь ягоныя сярэднявечныя субрацці па цэху на пракажоных. Падлеглыя смерці, праклятыя, амаль што не людзі… І яшчэ горш – часам яго самога змушалі быць катам. А клятвай Гіпакрата заставалася выцерці вусны падчас гэткіх самотных вячэраў, асобна ад сямейнікаў, перапалоханых метамарфозамі калісьці вясёлага і далікатнага гаспадара. Скарыстаць, скамечыць, як брудную сурвэтку, і кінуць у кут… Паўгода таму давялося “лячыць” трох былых аднакурснікаў сына, задзірыстага паэта Алеся… Яны пазналі яго… І таксама надзея ўскалыхнулася ў запалых, чырвоных ад бяссоння і пабояў, вачох… А што – ён? Крыху паблажлівасці – і Алесь ляжа побач з гэтымі, на жалезны ложак, засланы шэрай прасціной у іржавых плямах… Ужо ледзь так не атрымалася, і дарагой цаной удалося выцягнуць яго з турмы. Але ці надоўга?

Лекар кожны дзень зноў чакаў страшнага. І гатовы быў зрабіць усё, каб гэта адцягнуць. Што ён сам тут апынецца – наўрад. Яго ніхто лячыць не будзе. Кулю ў патыліцу – і на Месяц, як кажуць вязні…

І ён нічога не мог патлумачыць сыну, які, чым далей, паглядаў з грэблівасцю, а часам з нянавісцю, змяшанай са шкадобай, і мімаволі хацелася збіць яго самому, зламаць дурную ганарыстасць, змусіць зашыцца ў куток… Абы застаўся жывы.

Роўчыкі паміж масніцамі паціху распаўзаліся ў бакі…

А лекар думаў пра свайго апошняга пацыента. Ён не мог не пазнаць яго. Як не мог не пазнаць самога сябе ў люстэрку. Такі ж высокі белы лоб – толькі ў крывападцёках ад падзенняў на каменную падлогу, просты нос, асаблівы мяккі выраз вуснаў – праўда, цяпер яны, запеклыя крывёй, былі скажоныя крыкам. Бач ты, пагалілі вязня… Яшчэ нядаўна зарос валасамі, як дзікун. А цяпер адразу відаць – паніч. У ягоных продкаў продкі лекара служылі спаконвек – ляснічымі, аканомамі, леснікамі... Служылі – і ненавідзелі. Нянавісць была ўзаемнай, але ні ў водным пакаленні традыцыя не парушалася, нібыта яе змацоўвала нешта вышэйшае за звычайныя чалавечыя пачуцці: гэты род – верныя слугі, а гэты – паблажлівыя гаспадары. Лекар ніколі не даруе пагардлівых позіркаў на сябе і сваю радзіну – род прыслугі з пакалення ў пакаленне абразліва выяўляў прыўлашчаныя калісьці рысы арыстакратычнага роду… І што з таго, што апошняму панічу ўжо не дасталося і следу колішняга багацця, і нават ягоны бацька быў, бадай што, бяднейшы за лекаравага бацьку. Што паніч пайшоў у навуку, бадзяўся, як апошні валацуга, па наваколлі, запісваючы з вуснаў былых “хлопаў” прыпавесці і былічкі, не зважаючы на пасміханні. Нянавісць засталася, як застаецца соль у марской ракавінцы – колькі яе ні адчышчай, а толькі паднясі да вуснаў – адчуеш смак мора.

Цяпер надарылася магчымасць адпомсціцца. Але сэнсу ў помсце не было. З чалавекам зрабілі ўжо ўсё, што мог прыдумаць самы горкі мсцівец.

Вязень бесперапынна крычаў ад болю. Калі не змог крычаць – хрыпеў.

А лекар па загадзе следчага стаяў са шпрыцам, напоўненым марфінам, навідавоку, і вязню крычалі на вуха, што вось ён, ягоны ратунак, як выцягнуць руку. Адзін укол – і балець зусім перастане. Трэба толькі назваць імёны… адрасы… заданні… Асабліва дапытваліся пра нейкае таемнае сховішча ў царкве.

Чалавек на ложку хрыпеў. Лекар бачыў, што ён пакуль пры свядомасці, і глядзіць на напоўнены марфінам шпрыц з неверагоднай тугою… Але следчаму так і не надарылася падаць лекару знак. Крыкі заціхлі, таму што болевы шок – ён і для графскага адроддзя болевы шок. А сэрца мае межы трывушчасці. Калі высокі белы лоб з крывападцёкамі схаваўся пад чыстай прасцінай, следчы няўважна папытаўся ў лекара:

– Ваш сваяк?

І лекар з зусім натуральнай нянавісцю змог выгукнуць:

– Не!

А масніца ўсё пашыраецца, пашыраецца… Вось яна ўжо шырынёй з вечка труны… Вусаты партрэт гарэзна падміргвае, апусцелы жалезны кубак падскоквае на стале, адбіваючы такт падыспаню… Глухія ўдары з-пад масніцы – нібыта нешта просіцца вонкі… Ці нехта… Вось масніца прыўзнімаецца…

Чаму так хутка закончыўся спірт?

Лекар устае на непаслухмяныя ногі, б’ючыся аб стол, сцены, шафу, як сляпы матыль, спрабуе знайсці на паліцах яшчэ не апусцелы слоік… І ён не ў змозе азірнуцца, пабачыць, як выраслая масніца прыўзнімаецца, і ў шчыліне паказваецца скрываўлены белы лоб…

Раздзел 1. Шэрая Будыніна форэва

Выбуху зноў не адбылося.

Ася нават на нейкі час затрымалася, каб свядомасць прымірылася з тым, што пачварная шэрая будыніна, у якой месцілася ейная ўстанова, усё гэтак жа – не, не ганарліва, хутчэй бяздумна-бязлітасна – высіцца спаміж хрушчовак, і жнівень пакорліва згортвае свае апошнія дні ў сухое лісце ліпаў, што выжылі ў вязніцы з бетону і асфальту. Гмах-абеліск у памяць гадоў, праведзеных у ім. Ненажэрны шэры стод, які прагне ахвяраў.

А дзе, дзе, дзе столькі разоў уяўляная на гэтым месцы куча друзу? І каб над гэтай кучай з бездапаможнымі дрыготкімі вусікамі дроту спаныла луналі паперкі з набраным Асяй чарговым разбітым на акуратныя параграфы тэкстам…

Не, Ася не крыважэрная. Па ёй, няхай бы ўсе з Шэрай Будыніны паспелі эвакуявацца. Разпаўзціся па бяспечных шчылінах. І ветлівыя маладыя міліцыянты, што дзяжураць на першым паверсе, сочачы, каб не спазняўся народ у Шэрую Будыніну, каб не прасачыўся ў яе запаветнасць якісь зладзюга ці дурань, што не разумее, якія важныя справы тут робяцца. І цётка-буфетчыца з вечна санлівымі вачыма, падобная да апасума, у якой Ася кожны працоўны дзень купляе кавалак заліўной рыбы і бутэльку “Актывілу”, які карысны пры сядзячай працы. І Асіны калегі, усе мілыя, душэўныя людзі, вінаватыя толькі ў тым, што патрапілі працаваць разам з Асяй у адным выдавецтве, якое спецыялізуецца на выпуску брашураў з нормамі, правіламі, зводамі стандартаў ды іншымі рэчамі, якіх Ася аніяк не спадзявалася сустрэць у гэтым жыцці ў такой колькасьці з прычыны ўласнае хранічнай неўнармаванасці.

Але вось ужо чатыры гады пасля інстытута пяць дзён на тыдзень яна іх рэдагуе да шэрых пчолак у вачах, ненавідзячы саму сябе за няздольнасць пайсці адсюль, з грашовай працы… Як яна ненавідзіць гэтую працу, як ненавідзіць сцены, у якіх праводзіць большую частку жыцця!

Ды ўсё, на што Асі хапіла пасля размеркавання сюды – гэта на знак пратэсту зрабіць тату на правым плечуку ў выглядзе жабкі. Але ж не будзеш круглы год за выняткам выходных хадзіць па калідорах з аголенымі плячыма, а ўлетку ў Шэрай Будыніне было горача, як у пазасветнай лазні, супрацоўнікі соўгаліся ў мятых ільняных касцюмах, з апухлымі вачыма, нібыта пакрытымі ільснянай плёнкай, і на татушкі маладых супрацоўніцаў увагі не звярталі. Магчыма, падсвядомым жаданнем абараніцца тлумачылася і Асіна цяга да пярсцёнкаў і бранзалетаў… Яе тонкія пальцы былі закаваныя ў бразготкую браню метала і камянёў: вядома, не золата-дыяменты, а камяні напалову высакародныя, напалову простыя. Бастарды ў свеце каштоўнасцяў. Яшма, сердалік, лазурыт, змеявік, кашэчае вока, хрызапраз, аванцюрын… Несуразмерна ейным танклявым рукам вялікія, але кожны – са сваім каменным сэрцам, закаваным у не самыя вытанчаныя аправы… Ну і набор бранзалетаў – плеценыя са скуры, мядзяныя, набраныя з камянёў жа… Часам, калі Ася глядзела на свае складзеныя на стале рукі, са дна свядомасці ўсплывала скептычнае: “Нацюрморт “Мара геолага”. Калі – вельмі рэдка – Ася, прыйшоўшы на працу, усведамляла, што забылася надзець свае “цацкі”, пачувалася, як пазбаўлены ракавінкі смоўжык.

Яшчэ другакурсніцай Ася спакусілася прапановай: ехаць з супрацоўнікамі знакамітага выдавецтва “Сокал-прынт”, якое праславілася выданнем шыкоўных альбомаў па мастацтве, на пленэр. Выдавецтва адзначала юбілей, і вырашана было зрабіць гэткі ўікэндны бівуак на маляўнічай лясной палянцы ля возера, з шашлыкамі, са спартыўнымі спаборніцтвамі кшталту перацягвання канату і пляжнага валейбола. А для пантоў – свая газета, у якой бы паведамляліся навіны свецкага мерапрыемства. За тое, што Ася будзе рабіць гэтую сцёбную газетку, абяцалі сто даляраў. Але будучы літрэдактар не ўлічыла маштабу карпаратыву. На палянцы яе чакаў асобны фургон з кампутарным начыннем. Газету пад назвай “Пікнік на ўзбочыне” належала выпускаць шэсць разоў на дзень, браць рэальныя інтэрв’ю ў пераможцаў спаборніцтваў, змяшчаць фотаздымкі… Хуценька раздрукоўваць на каляровым прынтэры… Як Ася намучылася, спрабуючы выцягнуць хоць пару слоў з пераможцы па шпурлянні бервяна – той, здаровы, як бэля, напалову лысы і зусім бухі, ляжаў у зарослым малінай роўчыку і толькі мыкаў, і на ягонай спіне, на калісьці белай майцы плямы рознага паходжання ўтваралі карту абодвух Амерык. А апошнія нумары газеты ніхто ўжо не хацеў браць, і Ася дарэмна ўсоўвала дыхтоўныя аркушы з яркімі ілюстрацыямі ў абвялыя, перапэцканыя кетчупам рукі выдавецкіх…

Тады жыццё “Сокала-прынта” здавалася ёй суцэльнай казкай. А кіраўнік аддзела навуковых выданняў пранікся да неверагодна працаздольнай студэнтачкі шчырай павагай. І ў хуткім часе Ася атрымала запрашэнне на практыку. Так і пайшло…

Вось толькі пікнікоў такіх больш не здаралася. Рынак рабіўся ўсё болей жорсткім, эканоміка рыпела іржавымі канструкцыямі… Прадпрыемствы зачыняліся, зарплаты змяншаліся. “Сокал-прынт” перастаў друкаваць альбомы па мастацтве і засяродзіўся на ўсё больш патрэбнай дзяржаве нарматыўнай літаратуры. З яго бесперапыннай папяровай ракой цяклі ідэалагічна правільныя падручнікі і брашуркі, кодэксы і зводы, ілюстраваныя альбомы з выявамі камбайнаў на палях, шахцёраў у шахтах і ветэранаў на парадах. Забяспечаны “Сокал-прынт” заставаўся марай для многіх. І Ася пасля вучобы пайшла туды.

А ўсяму віной была Кватэра. Асобная. Зусім асобная ад усіх Кватэра, пра якую Ася марыла, напэўна, ад тае пары, калі ўвогуле навучылася марыць. Гэта няпраўда, што чалавек – калектыўная жывёліна. Іначай чаму ён увесь час здабывае адгароджаную прастору дзеля сябе? Зайсці, замкнуцца – і каб ніхто, ніводзін любячы, дабразычлівы бліжні без твайго дазволу туды не ўвайшоў.

Можа, дзесьці малады спецыяліст і здольны набыць Кватэру на свой заробак… Але Асі давялося браць крэдыт, а ўзяць крэдыт у гэтай краіне – здацца ў амаль пажыццёвае рабства. І ў вечны страх: а калі раптам цябе звольняць, ты захварэеш, збяднееш да макаронаў, і не зможаш кінуць у пашчу банка-рабаўладальніка чарговую порцыю валюты… Асю ванітавала пры адной думцы, што ў такім выпадку давядзецца вярнуцца ў “двушку” – хрушчоўку, у адным пакоі якой жыла сястра Маргарыта з мужам і сынам, у другім – маці і бабуля, у гэты адурэлы ад вечнага гуду і начнога храпу вулей… Бабуля пагардліва заяўляла, што, маўляў, не бачылі вы сапраўднай цеснаты. Вось пасля вайны ў іхняй камуналцы ў падвальным паверсе… Але Ася задыхалася. Яна адчувала сябе півоняй, якая апякаецца ўласнымі апалымі пялёсткамі – калі такі пяшчотны ружовы пялёстак прыліпае да цёмна-зялёнага лісця, за некалькі дзён там утвараецца агністая пляма – апёк. Калі б памеры кухні дазвалялі, Ася ўплішчыла б туды сваю канапу… Але кухня ўся была памерам з раскладзеную канапу, і пад яе распісанай пісягамі, як карціна імпрэсіяністаў, столлю ў вечным штылі абвісалі ветразі пялюшак, начных кашуляў і хустак.

“Ідзі на балкон сачыняць, Пушкін!”.

А, яшчэ асобнае дзякуй за імя Арсенія, народжанае ў нетрах гэнай хрушчоўкі. Што гэта імя самадайкі з аповеду Мерыме, якая памірае ад сухотаў, радзіну не бянтэжыла.

Напэўна, імя вынайшла маці – яна абкладалася кнігамі, як зацяты іпахондрык лекамі. Ася сама фанацела ад чытання, але ў маці гэта было нешта хваравітае, кожны блякла-ружовы томік чарговага жаночага рамана, на вокладцы якога жарсна абдымаліся кудлатыя дзевы ў дэкальтэ і чарнявыя мача ў расхрыстаных на грудзях кашулях, ставаўся цаглінкай паралельнага сусвету, з якога маці выходзіла вельмі неахвотна. І, вядома, уласнае прасцецкае імя Марына ахвотна памяняла б на Марыяну. Працавала яна са сваёй хімічнай адукацыяй кантралёрам на заводзе па вырабе шасцяронак. Кантралявала вышэйзгаданыя шасцяронкі – ці правільны сплаў, ці няма трэшчынаў. Часта ў начную змену. Гісторыі пра спакушаных сіротак Мэры і неўтаймаваных піратак С’юзан грувасціліся ружовымі сумётамі ў прыбіральні, на кухонным стале, на падваконнях, спаміж падушак на канапе. Бабуля Ірына, якая амаль не выходзіла з хаты ўжо тры гады, бо яе вечна распухлыя ногі набылі проста пачварныя абрысы, страціўшы падабенства з часткай чалавечага цела, пасміхалася, папыхваючы цыгарэтай:

– Няхай бы лепей кулінарныя кнігі чытала. Больш было б карысці, чым ад гэтых ружовых сопляў.

Асіна бабуля дыміла, як паравоз. Танная цыгарэта нібыта й не знікала з ейных тонкіх пажаўцелых пальцаў, якія так і не сталіся з узростам вузлаватымі. Арсенія не адразу даведалася, што бабуля ў юнацтве была балерынай. Але таньчыла нядоўга – траўма, яшчэ ў вучэльні, і давялося перакваліфікавацца ў швачку. Машынка “Зінгер”, дарэвалюцыйная, урачыстая і надзейная, стварала калыханкі Асінаму дзяцінству. Бабуліны рукі таньчылі над тканінай хуткі грацыёзны танец. Усе цяперашнія Асіны доўгія спадніцы і кофты з высокімі таліямі былі пашытыя на гэтай бліскуча чорнай, з трохі аблезлымі залатымі гербамі машынцы “Зінгер”… І ўвогуле – усё ў доме. Нават накрыўкі на канапы – з непатрэбных кавалачкаў тканін, але падабраных так, што гэта нагадвала не звычайны для народных вырабаў стракаты россып “вырві вока”, а далікатны ўзор на спіне марской жывёліны, ці восеньскае перапляценне голляў, з якіх амаль абляцела лісцё. Калісьці ў дом часта прыходзілі заказчыцы, бабуля называла іх усіх “генеральшы”, і Ася магла падзівавацца на неверагодныя тканіны – крэпдэшын, крэпжаржэт, натуральны шоўк, каралеўскі аксаміт… Разгорнутыя адрэзы нагадвалі сны пра балі, абрэзкі ад іх можна было займець, разглядаць і гладзіць, нібыта фотаздымкі краінаў, дзе не пабываеш ніколі. “Генеральшы” патрабавалі дэкальтэ і фальбонаў, рукавоў “ліхтарыкам” і спадніц “гадэ”…

Арсеніі часам здавалася, што бабуля Ірына здольная пашыць сабе новых сваякоў замест іх, няўдалых. І ў дзяцінстве нават вельмі баялася, атрымаўшы змайстраваную бабуляй ляльку-Золатавалоску, што хутка пад дробнае стукатанне голкі “Зінгера” з’явіцца і новая Ася. Прыгожая, залатакосая...

Цяпер прыходы “генеральш” у залатых завушніцах змяніліся рэдкімі візітамі “дваровых”, гэта значыць, суседак. “Дваровыя”, немаладыя, з гаспадарчымі сумкамі са штучнай скуры звычайна прасілі падшыць куплёныя на рынку спадніцы ці нагавіцы, пераліцаваць жакет, а калі й прыносілі ў дом свае тканіны, гэта былі вельмі практычнага колеру альбо прастадушна стракатыя адрэзы, ад якіх думалася не пра баль, а пра цырульню, пральню, гастраном… Але бабуля ніколі не скардзілася і не крытыкавала “кантынгент”.

Ася была мала падобная да бабулі Ірыны. Больш – да маці. А шкада. Хаця ногі бабулі пад старасць распухлі, цела заставалася хударлявым, твар – з рэзкаватымі рысамі, але прыцягальны, энергічна-іранічны… А матчыны (і ўласныя Асіны) рысы выяўлялі якасці, якія Арсенія ненавідзела: датклівасць, наіўнасць і чысціню, што межавала, на яе погляд, з дурноццем. Высокі лоб, асаблівая, нейкая дзіцячая, датклівая складка вуснаў… Так і хочацца самой сабе заехаць у фізіяномію. Як выглядаў іхні з сястрой бацька, Ася нават не ведала. Пасля таго, як ён яшчэ да нараджэння малодшай дачкі сышоў з сям’і, каб з’яднацца з чарговым палкім каханнем дзесьці ў Мардовіі, у доме былі старанна панішчаныя ўсе выявы “тхара”, як называлі блуднага татачку маці і бабуля. І – ніякіх згадак! Асіна старэйшая сястра Маргарыта таксама не магла ўнесці яснаты, бо цьмяна памятала тату, які бавіў болей часу ў камандзіроўках, чым дома, дый было ёй годзікі чатыры, калі ён знік. Запомніла толькі, што ўвесь час патрабаваў акуратнасці і цішыні, бо яму трэба дапрацоўваць чарговы праект чарговага сельскага клуба.

Марго, прадавачка ў краме таннай і карыснай беларускай касметыкі, проста злосна змахвала матчыну “макулатуру” кудысь у кут, як смяццё. Нічога дзіўнага, для злосці меліся прычыны – бо восем год таму прывяла ў хату яшчэ аднаго чытача. Муж Марго з народным імем Гоша быў маладзей за яе на год, а як па мазгах – дык і на ўсе дзесяць. Ён сядзеў на фэнтэзі. Прычым самым “шарачковым”. Там, дзе галоўны герой – прынц і маг адначасова, і змагаецца з драконамі, а тут жа і іншапланецяне прыляцелі, і прынцэсу трэба ратаваць, і дэман з невымаўляльным імем кшталту Буувафру вырваўся з нетраў планеты…

Акрамя фэнтэзі Гоша сядзеў на піве. Бутэлька ў ягонай руцэ была гэткай жа звыклай рэччу, як у пальцах бабулі – цыгарэта.