32288.fb2
Але, як кажа бабуля, свой лёс на кані не аб’едзеш. Ася ў свае дваццаць пяць дасюль баіцца сур’ёзных адносінаў і “спажывае” мужчын у разумных межах, абы самота зусім не заела. А Маргарыце падчас сумеснага турпаходу па Карпатах заімпанавала эрудыцыя маладога земляка ў акулярах, ягоная здольнасць прамаўляць бясконца, павучальна-пераканаўча і пра ўсё, што заўгодна. І бацькі Гошыны ёй пасля, па прыездзе ў Мінск, спадабаліся. Інтэлігентныя, вясёлыя… Абодва ў тэхнікуме выкладаюць.
І Марго трохі разгубілася, калі за два дні да вяселля інтэлігентныя выкладчыкі згрузілі Гошу са сваёй машыны перад нявестчыным пад’ездам з усім ягоным пасагам: чамаданчыкам з майткамі, стосам кніжак і магнітафонам “Самсунг”. З’ясавалася, што прымаць нявестку ў сваёй кватэры, таксама “двушцы”, яны не разлічвалі. Праз год Маргарыта нарадзіла Косціка. А Гоша страціў працу трэці раз – і апошні. Бо дасюль шукае вартае сваёй выбітной эрудыцыі месца.
Таго, што пісала Ася, Гоша, вядома, не прачытаў, апраўдваючыся, што яму цяжка чытаць па-беларуску. Хаця два часопісы з яе аповедамі стаялі за шклом галоўнай шафы, побач з улюбёнымі бабулінымі парцалянавымі статуэткамі ў стылю “нямецкі кіч”. Можа, і лепей, што не чытаў, а то паздзекваўся б… Першы аповед называўся ”Закінутая хата” і распавядаў пра прывід маладога інсургента, які ў згаданай закінутай хаце праліваў начыма слёзы па сваёй каханай, якая ўцякла з расейскім жандарам. Другі аповед, “Зруйнаваны палац”, апісваў каханне юнага князя і прыгоннай актрысы, якую закатаваў бацька княжыча… Прывіды таксама меліся ў наяўнасці, у эпілогу яны, як належыць, луналі, стагналі і заклікалі да нашчадкаў… Твор-р-рчасць… Вартае жалю перайманне вядомага аўтара беларускага фэнтэзі Вячкі Скрыніча, у даславутым дзяцінстве, якое прайшло ў адным класе з Асінай сястрой, Славіка Скрынкіна. Славік, будучы Вячка, па ўспамінах Марго, нават на ўроках увесь час нешта запісваў у агульны сшытак… А Ася? За чатыры апошнія гады – адны накіды, дзесяці старонак няма. Нібыта набрала поўныя лёгкія паветра, стоячы над глыбокай ракой, а тая раптам узяла – ды ўся высахла. А няўдалая плыўчыха ўсё чакае, пакуль можна будзе даць нырца. Як казаў Асі адзін стары паэт, які даўно не піша вершаў: мордай аб асфальт табе трэба пару разоў, тады зможаш нешта вартае напісаць.
Ася не была ўпэўненая, што гэта правільны рэцэпт, старому паэту ён жа не дапамог, але правяраць на сабе неяк не хацелася.
Яна неяк чытала, што мастацтва развівалася па такой схеме: напачатку – мегалаграфія, захапленне агульным, адлюстраванне велічнага і вялікага. Потым – ропаграфія. Выяўленне дробных прадметаў, захапленне сузіраннем, разглядваннем, медытацыяй… І непазбежна ўсё сыходзіць да рыпараграфіі – адлюстравання адкідаў, усяго агіднага і заганнага.
Большасць Асіных аднагодкаў, што сцвярджаліся ў літаратуры, адзін за адным кідаліся найперш у абдоймы апошняй стадыі, спаборнічаючы ў скептыцызме, цынізме і цытаванні філосафаў, і назаўсёды замураваўшы ў школьных сшытках наіўныя меладычныя радкі пра любоў да радзімы і супрацьлеглага полу.
Ася не любіла кідацца некуды разам з усімі. А куды ёй хочацца самой – не ведала. Таму пакуль што яна фатаграфавала… паветра. Свой асабісты прывід. А што – паветра ж таксама матэрыяльнае… Трэба толькі, каб яму трошкі нехта падыграў – сухое лісце, пыл, вада, снег, пара – і ягоныя абрысы рабіліся відочнымі нават для недавяркаў. Вось, напрыклад, гэтае жнівеньскае паветра ля Шэрай Будыніны выяўляў першы сухі лісток, што зляцеў з таполі і лена кружляў, і яшчэ не ведаў, што ён памёр…
Калі Ася паведаміла сваім сямейнікам, што яе ўласную кватэру ўжо пабудавалі, і яна збіраецца хутка туды пераехаць, маці крыўданула, што дачка не дзялілася з ёй навінамі пра будоўлю, але ўсё-ткі накрыла ўрачысты стол… Бабуля паглядала на малодшую ўнучку з прыхаваным гонарам – яна цаніла ў людзях самастойнасць. А Гоша, падвыпіўшы, пачаў гучнагалосна наракаць на несправядлівасць – вось, Ася адзінокая, і ў яе цяпер будзе асобная кватэра. А яны з Марго – сямейныя, дзіця малое… І няхай бы Ася засталася тут, а іх пусціла пажыць у новую хату “по родственному”, альбо яны згодныя застацца тут, а няхай Ася забярэ з сабой маці і бабулю…
– Самыя ж блізкія твае людзі! – пранікнёна гарлаў Гоша, а Марго маўчала, гледзячы ўбок, нібыта гэта яе не тычылася, але ўсё-ткі дзесьці, падобна, спадзявалася – а раптам у буржуйскай душы сястры прачнецца мецэнацтва. Косцік, хударлявы і пракудны, як гарадскі верабей, першакласнік, меланхалічна жаваў скрылёк сыравэнджанай каўбасы і паныла пазіраў у бок калідору – як і цётка, ён пры найменшай магчымасці намагаўся ўцячы з дому.
– Гэта мая кватэра! –скрозь зубы прамовіла Ася і пайшла на балкон – адзінае месца, дзе магчыма было хоць сімвалічна адасобіцца. А пасля ўсю ноч ціха плакала ў падушку, не ў змозе перамагчы адначасова пачуццё віны і крыўду. І не выратоўвала, што маці і бабуля доўга адчытвалі Гошу на кухні: лайдак, труцень, пасаромеўся б рот раскрываць, жывеш у чужым доме, на чужым хлебе, хто табе не дае крэдыт узяць ды кватэру пабудаваць, дзяўчына сваім гарбом кватэру займела, мае права на асабістае жыццё.
Пасля пераезду Ася дужа рэдка заходзіла да радзіны. І да сябе не запрашала. Не дужа спяшалася і з уладкаваннем асабістага жыцця. Сядзела ў свядомасці стрэмкай: вядома, на гатовую кватэру любы паквапіцца… А каханне? У каханне Ася звыкла не верыла – прынамсі, у тое, што могуць пакахаць яе. Мужчыны прыходзілі, абувалі скураныя чорныя пантофлі з вышываным надпісам “Speed”, незадаволена адзначаючы, што яны ў гэтым доме не першыя. Пілі прынесенае імі віно, гаварылі прыемнае, ну, кшталту, што яна падобная да прыгажунь дзевятнаццатага стагоддзя з партрэтаў Карла Брулова… Цалаваліся… Часам чыталі вершы, часам спрабавалі расшпіліць на Асі спадніцу… Ага, разбегліся. Хопіць з яе “мордай аб асфальт”, што яна сабе ўсё-ткі зарганізавала на васемнаццацігоддзе, пайшоўшы “паслухаць музыку” з нейкім падобным да Анатоля Сыса ў маладосці пэтэвушнікам на хату да ягонага сябра… Выдатна разумеючы, чым усё закончыцца, але жадаючы раз і назаўсёды пазбавіцца ад рамантычных мрояў у духу матчынага чытва і займець “сур’ёзны жыццёвы досвед”, які неабходны пісьменніку. Эксперымент прайшоў удала. Не, хлопец быў, як умеў, пяшчотны, і нават напаіў яе шампанскім. Але Ася толькі пасля пачала ўсведамляць, што нарабіла. І што цнатлівасць – гэта больш, чым маленькая фізіялагічная падрабязнасць, забабоны і стэрэатыпы. У адсутнасці кахання атрымалася адчуванне такой страшэннай згубы і ганьбы, што Арсенія нават бачыла ў дальнім куце пакоя празрыстую белую постаць свайго анёла-ахоўніка, які ў адчаі захінаў твар тонкімі рукамі, аплакваючы сваю дурную падапечную. І цэлы год не праходзіла насланнё, нібы яна ўся запэцканая, забруджаная, і гэта заўважаюць.
Пэтэвушніку яна нават імя свайго не сказала. Але цяпер не трымцела па-дзявочы ў прысутнасці чарговага самца, і ўжо ніяк не жадалася паўтарэння тае… агіды. Мужчыны крыўдзіліся, здзіўляліся, раздражняліся. Называлі гаспадыню дзікункай і ганарліўкай і сыходзілі. Але, самае дзіўнае, усе ўрэшце прапаноўвалі замуж. Хто з першага ж спаткання, хто – паразважаўшы. Двое нават вельмі настойліва. Ася лена вызначала, каго спартыўны азарт “заеў” – заваліць фанабэрыстую дзеўку нават цаной штампа ў пашпарце, каму заімпанавала мець жонку з “высокімі маральнымі прынцыпамі”, каму – проста жонку з кватэрай.
Якія прынцыпы могуць быць у супрацоўніка “Сокала-прынта”!
Колькі разоў Ася ўяўляла сваю будучую працу! Яна – “літаратурны рэдактар”. Спрычыняецца да з’яўлення ў свет новых “Каласоў пад сярпом тваім” і “Людзей на балоце”. О, як яна будзе шанаваць пісьменнікаў, як беражліва адносіцца да вытанчаных метафараў і смелых думак! І, вядома, сярод кніг, што становяцца на паліцы кнігарняў і бібліятэк, будуць і кнігі Арсеніі Вяжэвіч… Гістарычныя раманы. Не горшыя, чым у Вячкі Скрыніча, куміра рамантычна настроеных дзяўчатак… Нават у сумачцы Асінай сястры Маргарыты апошнім часам можна было знайсці томікі ягоных раманаў з аўтографамі аўтара.
Але каб Вячка патрапіў у Шэрую Будыніну, і яго наўрад хапіла б нават на адзін раман. У “Сокале-прынце” лайдакоў не трымалі. Каб паспець прачытаць усё, што належыць па нарматывах, ды яшчэ зарабіць прэміяльныя, заседжваліся да ночы, хапаліся за дадатковыя рукапісы, бралі працу дахаты.
Сяброўка Аксана з маленькай, беднай, але гордай, рэдакцыі даўно на Асіна выццё-ныццё адказвала раздражнёна: “Ніхто цябе там не трымае. Цяжка, нецікава – сыходзь, свет клінам на тваім “Сокале-сцярвятніку” не сышоўся”.
Ася згодна ківала, заядала слёзы куды больш салёным сушаным кальмарам, якога яны з Аксанай абодва любілі, ды яшчэ пад піва “Тубарг-Грын”… А нараніцу, падвіўшы попельныя, а калі дакладней, шэрыя валасы плойкай, каб атрымалася прычоска “а ля паж”, піліла на прыпынак – тралейбус-метро-прахадная-другі паверх-кабінет-і ў рукапіс “Сборника уточнений и дополнений к указу бла-бла-бла”. Здаць у карэктуру да абеду.
Людзі лічаць, што шэры – гэта пераходны паміж белым і чорным, іхняя сумесь. Колер ніякі, аморфны, дэпрэсіўны. Але насамрэч ён складаецца з роўнай долі трох яркіх фарбаў – чырвонай, зялёнай і сіняй.
Праўда, чалавек, які выбірае шэры, па меркаванні псіхолагаў, ніколі не будзе першым. Затое гэты колер дае моц слабым і датклівым.
Шэры – колер пакарання.
Можа, таму за савецкім часам наш горад быў цалкам шэры?
Колер пакарання не адпускаў Асю. І ўсё часцей здавалася, што ў ёй жывуць два чалавекі. Славутыя “дзве душы” беларуса, пра якія пісалі Ігнат Абдзіраловіч і Максім Гарэцкі. Вядома, трэба нешта мяняць, так далей нельга – кажа адна твая палова. Але ці не стане горш? Усё-ткі ўжо прыцярпеліся…—адразу палохаецца другая.
Арсенія ўсё больш упэўнівалася, што не толькі адна жадае смерці Шэрай Будыніны. А што, калі ўсе-ўсе, хто разам з ёю соўгаецца праз гэтую прахадную і спрыяе выпуску ў свет джамалунгмаў правільных брашурак, у душы ненавідзяць Будыніну не менш за яе, Асю, і гэтаксама кожную раніцу спадзяюцца ўбачыць замест яе кучу друзу… І чаго тады варты Асін унутраны пратэст, гэты ганарлівы метраном “я-не-такая-як-вы”, які толькі й дае моцы выжываць?
Але сёння давялося ў чарговы раз сунуць у металёвую шчыліну прахадной пластыкавую картку колеру замерзлай жабы, і дазволіць паралелепіпеднаму цмоку паглынуць сябе на дзевяць гадзінаў.
Праз дзевяць гадзінаў яго табою званітуе. І ты пацягнешся дадому. І нібыта наяве пабачыш за сабою след шэрай слізі…
Калі маленькая птушачка бачыць побач з сабой вялікую, драпежную, якая задумліва пазірае жоўтымі круглымі вачыма, і невядома, ці нападзе, ці ўжо наелася іншымі маленькімі птушачкамі, але ўцякаць па-любому позна, – у маленькай пачынаецца эфект замяшчэння.
Ну, тыпу, яна не заўважае пачварыны, смерці сваёй патэнцыйнай.
Птушачка адварочваецца, пачынае старанна дзяўбсці каменьчыкі, шчыкаць дзюбай зусім непатрэбныя сухія травінкі. Удаваць пільны клопат…
Гэтак і Ася, калі сядала ўранку на працоўнае месца, пачынала, пагрукваючы бранзалетамі, перастаўляць на стале “фенечкі” – так яна для зручнасці называла ўсе гэтыя аловачніцы-каляндарыкі-візітоўніцы, канцылярскае начынне. Бралася рапараваць якую-небудзь старую паламаную дыскету, якая незразумела адкуль узялася, ці ішла перамываць кубкі для гарбаты. Пасля наставала чарга Інтэрнэту. Праверыць паштовыя скрынкі – адну, другую, трэцюю (хіба гэта можна параўнаць з адчуваннем у руках сапраўдных канвертаў?). Прагледзець сайты навінаў (“Пасмяротнае адкрыццё Вангі: іншапланецяне рыхтуюць вялікую падзею!”, ”У шасі расейскага самалёта знайшлі труп!”). Хуценька, каб не заўважылі супрацоўнікі, зазірнуць на ўлюбёны сайт фэнтэзі – так, дзеля разгрузкі мазгоў, як Ася сама сабе апраўдвала такі правал густу. (Ага, новы фанфік пра Гары Потэра: “хлопчыка, які выжыў” нізавошта садзяць у магічную турму Азкабан, ён уцякае, пачынае помсціцца былым сябрам, што яго туды і запраторылі, але сустракае былое каханне, а ён жа так і застаўся цнатліўцам з-за “адсідкі”…).
А побач чакае стос рукапісаў. Здавалася, ён нават пазірае няўмольнымі немігучымі вачыма, жоўтымі і круглымі… Яшчэ трохі – і дзюбу можа ўявіць… Пачвара з гравюры Гоі.
А верхнюю тэчку трэ здаць у карэктуру сёння. Да канца працоўнага дня. І Ася ведала, што здасць – нікуды не дзенецца. Ні разу шчэ не пратэрмінавала, нават з тэмпературай. За тое і трымаюць. А за што яшчэ? Літаратурныя здольнасці для рэдагавання якога-небудзь “жыллёвага кодэксу” ці падручніка па ідэалогіі не патрэбныя.
Вось, яшчэ хвілінак дзесяць “пазамяшчаецца”, гарбаткі пап’е, і… “Работай, работай, работай, ты будешь с уродским горбом за долгой и честной работой, за долгим и честным трудом..” – пісаў самы рамантычны на свеце паэт Аляксандар Блок, астэнічнага целаскладу прыгажун, што так зацята намагаўся давесці маладой жонцы Любові Мендзялеевай, як гэта здорава – платанічнае каханне, а яна, небарака, так і не ўцяміла. Ледзь не звар’яцела, а тады палюбоўнікаў завяла.
Толькі драматычных любошчаў Асі і не хапала… Хопіць дурной школьнай закаханасці ў маладзенькага віхрастага настаўніка па гісторыі, ды яшчэ няўдалага рамана з самім Вячкам Скрынічам, растаптанага апошнім на стадыі бутона. Гэта было “мордай аб асфальт” дубль-два…
Апошнія дні жніўня, водпускі адгуляныя, наперадзе – час, калі вяртанне з працы будзе адбывацца ў халоднай цемры, як, зрэшты, і прыход на яе… Бр-р-р…
– Там твой партрэт вісіць! Уй! Як жывая!—у пакой уварвалася Асіна аднакабінетніца, фарбавана-брунэтная дама-вамп Валянціна. За ёй, трохі адстаўшы, у кабінет запоўз шлейф густога паху парфумы “Жадарэ”, лена скруціўся кольцамі, як пітон, і ўлёгся на шэры палас. Усё, цяпер праветрывай, не праветрывай…
– Які партрэт? – няўважна перапытала Ася, якая ледзь паспела выйсці з сайту фанфікаў і цяпер удавала сваю зацікаўленасць стужкай навінаў.
– Ну ты зусім між папераў засохла, хоць зараз у гербарый, – абурылася Валянціна. – У галерэі выставу павесілі! Ужо ўвесь наш паверх збегаў паглядзець – адна ты не далучылася! Ідзі неадкладна, палюбуйся! Можа, таемна закаханы ў цябе мастак маляваў?
Нават у пячоры Цыклопу, напэўна ж, меліся куточкі, дзе хавалася прыгажосць – ну там раслі ў расколінах між камянёў бляклыя вытанчаныя кветачкі, ці складаліся ў выпадковы незвыйчаны малюнак каменьчыкі… На дзесятым, апошнім, паверсе Шэрай Будыніны была Галерэя.
Напачатку гэты паверх лічыўся нешчаслівым. Яго здавалі ў арэнду, але колькі ні засялялася ўстановаў – усе неяк хутка і непрыкметна прагаралі. Шыльды не паспявалі мяняць. Даўжэй за ўсіх пратрымалася турыстычная фірма “Сонечный рай”. Але і рай ляснуўся, і дырэкцыя будыніны, змахнуўшы апошнія анёльскія пёркі з канцылярскіх сталоў, вырашыла адкрыць на нешчаслівым паверсе выставачную залу. Прычым грошай убухалі туды, як нявопытная гаспадыня солі ў боршч: сігналізацыя, кандыцыянеры, увільгатняльнікі… А навошта? Ася пару разоў схадзіла на прэзентацыі – супрацоўнікам “Сокала–прынта“ ўваход быў бясплатны, але абодва разы няўдала. Адзін раз гэта аказалася выстава сына вядомага памерлага мастака. Нябожчык калісьці згубіў капялюш і частку інтэлекту ў эзатэрычных завіхрэннях. Сын, маладзён з пячаткай алкагалізму на капрызлівым прыгожым твары, старанна пераймаў бацьку, спрабуючы пераўзысці яго яркасцю колераў, экспрэсіўнасцю сюжэтаў і касмічнымі азарэннямі, і выглядала гэта да агіды непамысна, як гульня школьнікаў у морг. Другі раз Ася патрапіла на выставу твораў людзей з “асаблівасцямі псіхікі”. Арт-тэрапія справа добрая, але маладую рэдактарку канкрэтна пачало ванітаваць – асабліва перад карцінай алеем пад назвай “Перст”: на палатне быў намаляваны жоўты палец, велічынёй з батон, які ляжаў зусім асобна на шорсткай зялёнай траве, а з яго раслі чырвоныя кветачкі, страшэнна падобныя да крывавых пырскаў. Штопраўда, была магчымасць зняць стрэс: арганізатары выставы рыхтавалі фуршэт. Пасярод залы цягнуліся вузкія сталы, а раскладзеныя на іх прадукты былі накрытыя блякла-юлёвымі абрусамі… Вядома, пад тканінай знаходзіліся рэчы зусім звычайныя – бутэлькі з напоямі, талеркі з горамі бутэрбродаў і садавіны, кубкі… Але на фоне пранізліва-яркіх, да галаўнога болю, карцін пад абрусам, які распяльваўся на нябачных формах, угадвалася немаведама што, ледзь не кавалкі трупаў ці прылады для катавання. А пабачыўшы, як прывялі самадзейных мастакоў, у прынцыпе, звычайных людзей, зусім не страшных, толькі задужа спакойных, Ася ганебна збегла… І болей на дзесяты паверх не хадзіла.
Зараз яна ўспомніла, што бачыла ў вестыбюлі афішкі з рэпрадукцыямі зялёна-блакітна-жоўценькіх пейзажыкаў на сінім фоне. Учора ўвечары ў галерэі адчынілася выстава-алаверды з нейкім музеем з расійскай глыбінкі. Цікава, яны – калекцыю жывапісу дзевятнаццатага стагоддзя, а што павезлі нашыя ўзамен? Алкагольна-касмічныя азарэнні альбо жывапіс пацыентаў псіхушкі?
Што ж, затое гара тэчак яшчэ пачакае… І Арсенія панеслася да ліфта, разганяючы пыльнае паветра ветразем чорнай спадніцы – вось добры выйшаў бы здымак тутэйшага паветра, мімаволі адклалася ў галаве: пыл казённага дывана, узмах чорнай тканіны...
На дзесятым паверсе нікога не было. Адна цётка-наглядчыца, сівенькая, як восеньскі туман, сядзела ў куце і вязала бэзавы шаль.
На сценах перамігваліся сонечнымі зайчыкамі пейзажы: бярозкі, хваінкі, аблачынкі… Цямнела некалькі старых партрэтаў – сурдуты, ордэнскія стужкі, капоты, каптуры… Але Арсенія бачыла толькі адну карціну. Проста насупраць уваходу, на супрацьлеглай сцяне… Партрэт у поўны рост. Дзяўчына ў цёмнай сукенцы з вузкім белым каўнерам, валасы гладка расчасаны на прабор, рукі цнатліва складзеныя пад грудзямі… Арсенія павольна падыходзіла бліжэй, і немажліва было пазбавіцца адчування, што набліжаешся да люстра…
На адлегласці шэпту ад карціны Ася замерла. Намаляваная дзяўчына паглядала зверху вялікімі цёмнымі вачыма гэтак рахмана і даверліва, яе тварык з высокім белым ілбом, маленькімі, амаль дзіцячымі вуснамі выпраменьваў асаблівую чысціню… “Мордай бы цябе аб асфальт!” – недарэчна прагучаў у Асінай галаве звяглівы голас старога паэта, які развучыўся пісаць вершы.
Не. Палохацца не варта. Што тут асаблівага? Чалавечы мозг так зладжаны, што ва ўсім шукае падабенства. У тосце з сырам бачаць партрэт Багародзіцы і прадаюць яго на аўкцыёне за шалёныя грошы… У воблаку ўгадваюць абрысы самога д’ябла, і ў паніцы рыхтуюцца да канца свету. А Уладзімір Караткевіч, між іншым, пазнаваў сваё аблічча ў партрэце хлопчыка работы італьянскага мастака эпохі Адраджэння Пінтурык’ё. І праўда, падабенства незвычайнае. А тут… нічога звышнатуральнага. У дзяўчыны на партрэце і вусны меншыя, чым у Асі. І вочы больш цёмныя, і нос… вось тут, пасярэдзіне, трошкі танейшы… І прыгожая, не тое, што Арсенія. І… урэшце, гэта сапраўды мог намаляваць колішні знаёмец – упадалі за Марго студэнты з Акадэміі мастацтваў, адзін дамоў да іх хадзіў, здаецца, яго звалі Андрусь Камароўскі. І ўсё спрабаваў з малодшай сястрой сваёй дамы загаворваць, некуды запрашаць, толькі Ася, вядома, палохалася і бянтэжылася, што абражае мастакоўскае вока сваім страхавітым абліччам (прынамсі, на гэта намякала Марго). Але, можа, хто з гэтых мастакоў мімаволі і выкарыстаў Асін вобраз, калі ўяўляў старасвецкую паненку?
Рэдактарка з палёгкай уздыхнула. Ніякай таямніцы. І перавяла вочы на шыльдачку ля багетнай рамы: “Партрэт графіні Марыі Корб-Варановіч. Невядомы мастак, пач. XIX ст.”.
Усё, цяпер ніякага ратунку ад містычнага жаху… Адкуль ён толькі ўзяўся? У прынцыпе, нічога ж страшнага не адбылося – падумаеш, убачыла намаляваную падобную да сябе дзяўчыну… Гэта ж забаўна… А за сэрца нібыта нехта халоднай рукой крануў. І сціснуў… Так.
Бо Арсенія шалёна ненавідзела гэтую намаляваную дзяўчыну, такую чыстую, датклівую, рахманую...
Выплеск нейкай інстынктыўнай, незразумелай да містыкі нянавісці…