32288.fb2
Зацікаўлены голас бабулькі-наглядчыцы ледзь не змусіў Асю падскочыць.
– Вы, выпадкова, не з Корб-Варановічаў?
– Не… нічога я пра гэтых… Корб-Варановічаў… не ведаю! – знервавана прамовіла Арсенія і памкнулася прэч, пакуль яшчэ хто не заблукаў на нешчаслівы паверх. Прэч, далей ад ненавіснага аблічча.
– А як падобныя! – крычала ўслед бабулька, але Ася ўжо ірванула на сябе дзверы галерэі.
Міргатлівыя лямпачкі над ліфтамі сведчылі, што кабіны паволі кіруюцца на першы паверх, а чакаць хацелася не больш, чымся драпаць пазногцямі бетонную сцяну. Ася, прытрымліваючы рукой доўгую спадніцу, імкліва пабегла ўніз па “чорнай” лесвіцы, вечна пракуранай настолькі, што варта было спусціцца на суседні паверх, і валасы двое сутак патыхалі табакай. Хаця Ася пару разоў сфоткала паветра, абазначанае цыгарэтным дымам, але гэта было паветра не для яе дыхання.
На кожнай лесвічнай пляцоўцы блішчэлі мадэрновыя попельніцы на высокіх жалезных ножках, падобныя ці да металёвых грыбоў, ці то да маленькіх робатаў. Але падваконні былі застаўленыя звычайнымі бляшанкамі з-пад кавы і марынаваных алівак, якім курцы “Сокала-прынта” аддавалі перавагу, пра што сведчылі горы недапалкаў у бляшанках і сіратлівая пустэча, парушаная некалькімі пляўкамі, у попельніцах на жалезных ножках. Паміж сёмым і шостым паверхамі на лесвічнай пляцоўцы злева ад вакна мелася глыбокая ніша, а ў ёй – вузкія дзверы, абабітыя бляхай, без аніякай шыльды. Нейкае тэхнічнае памяшканне. Аб гэтыя дзверы супрацоўнікі любілі гасіць недапалкі, спаборнічаючы ў мастацкасці чорных сыпкіх росчыркаў.
На шчасце, курцы на гэты раз не тоўпіліся перад вакном. Але калі Ася, спяшаючыся, прабягала паўз нішу з дзвярыма, нехта моцна схапіў яе за перадплечча, ірвануў убок – і Арсенія апынулася ў нішы, прыціснутая да нападніка, як у перапоўненым ліфце.
– Тс-с-с… Ціха…
Арсенія ледзь стрымала абураны крык… Перад ёй стаяў Вячка Скрыніч уласнай літаратарскай персонай! І нават моцна трымаў яе за руку (між іншым, на Асінай далікатнай скуры неадменна ўтворыцца сіняк). Худы твар Скрыніча здаваўся яшчэ больш напятым, чым звычайна, зялёныя вочы гарэлі, як у дзіцёнка, якога зараз тата пасадзіць у вагончык амерыканскіх горак. Прамыя цёмныя валасы зблытаныя, як быццам уладальнік толькі што прабег не адну літоўскую вярсту, ноздры драпежнага носа раздзімаюцца… Вочы Асі апынуліся на ўзроўні Скрынічавага падбароддзя, на дзіва паголенага (дзе ж рамантычнае шчэцце?). І паху алкаголю не адчувалася, толькі гаркавата-палыновая парфума… Ад шалёнага Вячкі можна чакаць, чаго заўгодна. Арсенія, праўда, ужо гады з два яго не сустракала, бо зусім перастала цягацца па літаратурных тусоўках. Толькі інтэрнэт час ад часу абурана гуў вакол абвестак, што Вячку, які славіўся незалежніцкай пазіцыяй, не пусцілі некуды выступаць ці не надрукавалі артыкул са станоўчай рэцэнзіяй на ягоны раман. Хаця курсавых і дысертацый па ягонай творчасці, Ася дакладна ведала, абаранялі шмат.
Скрыніч нідзе не працаваў. Адны казалі, што ён някепска зарабляе тым, што піша сцэнарыі серыялаў для расейскіх кінастудый, таму й можа пачувацца незалежна. Другія пляткарылі, што ён проста зусім апусціўся, спіўся, скалоўся, галадае, жыве на міласціну прыхільнікаў… Іначай даўно з’ехаў бы за мяжу, на які літаратурны грант. Можа, і праўда падсеў на якія наркотыкі? Вунь што вытварае… Як яго толькі ў “Сокал-прынт” прапусцілі?
Скрыніч, відаць, збаяўся, што ягоная “ахвяра” як відаць заверашчыць і пачне вырывацца, таму ўмольна і хутка зашаптаў:
– Ціха, калі ласка… Не бойся… Проста паслухай мяне…
Арсенія тузанулася, вызваляючыся ад скрынічаўскага захопу. Пачаліся няёмкасць і боязь. Наўрад гэта спроба аднавіць забыты раман. Хутчэй на бутэльку не хапае беднаму генію, ці ў геніяльную галаву ўзбрыла мара выдацца ў “Сокале-прынце”… Піетэт перад Скрынічам Ася страціла якраз два гады таму, калі Скрыніч на прэзентацыі сваёй кнігі ў галерэі “Падземка” халодна запатрабаваў у абмен на інтэрв’ю ў Асінай сяброўкі Волькі, сімпатычнай студэнтачкі журфаку, правесці ноч у ягонай спальні. І не проста так, а з наручнікамі. Дасюль, маўляў, не апрабаваў. А такія наручнікі файныя, сталёвыя, бліскучанькія… І ложак з жалезнымі парэнчамі ёсць, зручны для такой насалоды. Скрыніч стаяў пад карцінай з намаляванымі вачастымі сперматазоідамі ў сваёй чорнай кашулі і джынсах, дэманічна скрыжаваўшы на грудзях рукі, пазіраў нахабна-пагардліва некуды ў верхні кут столі, толькі час ад часу кідаючы літасцівы позірк на студэнтачку з тоненькім лічбавым дыктафонам, заціснутым у наманікюраных пальчыках – нібыта птушка трымалася за галінку, і лена распавядаў пра тое, што наручнікі – гэта высокі сымболь энэргіі дзэн… Усе вакол разумелі, што Скрыніч сцябаецца, і ціха весяліліся, толькі дзяўчо з дыктафонам не разумела і не ведала, куды падзецца ад сораму. І Ася не ведала, што рабіць. Бо яшчэ ўчора на фуршэце пасля адкрыцця выставы знаёмага мастака Скрыніч нібыта ўсур’ёз з ёю размаўляў, і праводзіў дахаты, і дужа цікава распавядаў пра шляхецкія двубоі, і запрасіў на гэтую прэзентацыю... Прычым наказваў прыйсці абавязкова. На развітанне пяшчотна пацалаваў руку, закаваную ў пярсцёнкі, і здавалася, нават камяні іх заззялі ад радасці… Усё, як у ягоных кніжках! Неверагодна! І Ася, забыўшыся на свае комплексы, млела ад шчасця, і не спала ўсю ноч, соладка шчыміла пад лыжачкай, і ніяк не верылася, што яна – няўклюдная дзеўчынёха з шэрымі валасамі – прыцягнула ўвагу самога Вячкі… Які нават за яе сястрой Маргарытай не стаў упадаць. Не, так не бывае, ён абавязкова ў Арсеніі расчаруецца…
Так тады і выйшла. Было бачна – забыўся, што запрасіў. Нават не глядзіць. Вусны пагардліва крывіць. Вось, прычапіўся да ейнай сяброўкі. А што ты хацела, пачварына…
Ася сышла, не дачакаўшыся нават, калі Скрыніч пачне чытаць урыўкі з новай кнігі, пакінуўшы разгублена-шчаслівую Вольку вырашаць, ці згаджацца на наручнікі, і потым доўга сама сябе пераконвала, што пісьменнік і тое, што ён з сябе ўяўляе ў штодзённым жыцці, могуць не толькі не супадаць, але быць процілегласцямі. І ад гэтага якасць твора не пагоршыцца, бо толькі яна й мае значэнне. А Скрыніч ужо напісаў пяць выдатных раманаў, за якія ў лепшыя часы, ды пры спагадлівых адносінах дзяржавы да нацыянальнай літаратуры быў бы забяспечаны да канца дзён сваіх, і на вуліцах яго пазнавалі б не толькі студэнты філфака…
Але – што там… Усё перагарэла. Праўда, і сяброўства з Волькай пасля той прэзентацыі растала, як снег на далані.
Не, Арсенія ўжо не тое наіўнае дзяўчо, пасля школы “Сокала-прынта” яе не збянтэжыш.
– Калі хочаце размаўляць – пойдземце ў мой кабінет.
А там на стале гара тэчак…
Скрыніч раздражнёна пакруціў галавой.
– “Кабінет…” Зусім ачыноўнічылася, паненка. Не пра тое думаеш… Не пра тое… На партрэт свой паглядзела?
Арсенія здрыганулася.
– Адкуль вы ведаеце пра партрэт?
– У Кнізе так напісана…– будзённа прамовіў Скрыніч нешта абсалютова шаманскае і зноў напяўся: – Ш-ш-ш…
На лесвіцы чуліся крокі. Вячка штурхануў абабітыя бляхай дзверы, і яны раптам расчыніліся. Патыхнула сутарэннем. Ася не паспела абдумаць, што адбываецца, як Скрыніч уцягнуў яе за сабой у вузкі, з тры локці, паўцёмны калідор і зачыніў дзверы – электрычнае святло працэджвалася скрозь круглыя маленькія адтуліны ў гіпсакардонавых плітах правай сцяны – нібыта волат відэльцам папароў. Што за гульні ў шпіёнаў? Але Ася, як і Вячка, паслухмяна чакала, пакуль на лесвіцы сціхнуць крокі.
– Пайшлі...—шапнуў Скрыніч, і Ася рушыла за ім углыб таямнічага пакоя, спатыкаючыся аб старыя транспаранты і шчыты для кніжных экспазіцый, сама не разумеючы, чаму. Можа, таму, што на стале чакалі рукапісы, і гэта было мацней за ўсялякі іншы страх? Ці таму, што гэта быў Скрыніч, які хоць, кажучы велягурыста, і разбіў калісьці яе сэрца, але чые гераічныя фэнтэзі сніліся ёй па начах? Дый так хвалююча было залезці ў вантробы ненавіснай Шэрай Будыніны, нібыта гэтым зрабіць ёй балюча…
Дзесьці, зусім побач, праляскатаў ліфт… Спадніца зачапілася за пыльны планшэт… Усё, будзе нітка вісець на крысе. Калідор скончыўся трохі шырэйшым тупіком. Тут усё было застаўлена старымі маніторамі, і Вячка махнуў рукоў, запрашаючы Асю сесці.
І яна села проста на пажаўцелую спіну вялізнага старога манітора, як на які-небудзь чэрап дыназаўра, і адчула – упершыню за столькі гадоў – волю. Самае лепшае адчуванне ў свеце. Можа быць, нават лепшае за пачуццё кахання для тых, хто здольны цаніць падобныя рэчы. Як быццам збегла з урока перад кантрольнай. Шэрая Будыніна больш не выклікала нянавісці – у яе аказаліся свае кулісы, сваё патаемнае жыццё, далёкае ад афіцыйнага фасаду… А Вячка пазіраў нахабнымі светла-зялёнымі, з чорнымі доўгімі вейкамі вачыма на Арсенію.
– Сёння ты пабачыла партрэт свайго двайніка. Так мусіла быць – бо я так напісаў.
Манія вялікасці? Прароцтвы Скрыніча? “Тканіна загаварыла”—як у тупым галівудскім баявіку пра таемную суполку ткачоў, якія вылічваюць нябёсныя пасланні па вузельчыках, што ўтвараюцца на сувоі, а пасланні ўсё нейкія аднастайныя: таго забіць, гэтага забіць. А Скрыніч ужо даставаў з чорнай джынсавай сумкі, што боўталася ў яго на плячы, рукапіс – раздрукаваныя на прынтэры старонкі, падшытыя ў сіні файл. Вось як выглядае сёння аракул…
– Не смейся…– сурова папярэдзіў ён Асю, у якой на твары заўсёды было напісана, што яна думае пра гэты варты жалю свет і сваіх дарагіх бліжніх, вартых гэтага свету.—Я заўсёды ведаў, што думка матэрыяльная. Здаралася ў мяне – напішу, а яно і спраўдзіцца… І вось цяпер…
Вячка таксама ўсеўся на манітор-дыназаўр насупраць Асі, блізка-блізка – каб і надалей гаварыць ціхутка, палыновы пах ягонай парфумы нагадваў пра стэпы, і, па асацыяцыі са стэпавымі прасторамі, пра тое, што трэба збягаць падалей ад маньякаў, якія зацягваюць малазнаёмых дзяўчатаў у кладоўкі паміж паверхамі. Хаця больш за ўсё Вячка нагадваў не маньяка, а пераваратня. Ваўкалака. Ваўка. Жылістага, напятага, вясёла-шалёнага…
– Я напісаў пяць раманаў,—змрочна прамовіў Вячка, нібыта прызнаваўся, што пахаваў пяць жонак.—Гэта было… файна, пісаць іх… Ведаеш, мне тады па барабане ўсё, што адбываецца вакол, я паміраю, нараджаюся, забіваю, атрымліваю ўдары, кахаюся, здраджваю – разам са сваймі героямі. Аднойчы, як у Максіма Горкага, застаўся шнар на грудзях – калі выпісаў сцэну, дзе князя Барыса Глінскага забіваюць ударам корда ў сэрца. Крыві ў мяне не было – чырвоны след, нібыта апёк, і шнар застаўся, як ад апёку… Вось… – Вячка на імгненне расшпіліў чорную джынсавую кашулю. – Ведаеш, у маім свеце цікавей, бясконца цікавей, чым у вашым… Але рэальным ёсць усё-ткі ваш... Гэты… Я не магу больш трываць гэтай рознасці.
Скрыніч уздыхнуў, нібыта перад скачком з парашутам.
– Я напісаў раман… І я хачу яго пражыць.
Ася не стрывала і засмяялася.
– Гэта называецца ролевая гульня, спадар Вячаслаў. У асноўным падлеткі захапляюцца.
Вячка не пакрыўдзіўся, наадварот, нібыта супакоіўся, збліснуў гарэзна вачыма.
– Ты думаеш, у мяне дах паехаў, ці я па пялюшках і бразготках занастальгаваў? Не. Як гэта ні прыніжальна – я надзіва неарыгінальны. Калісьці Пятроній, арбітр элегантнасці ў Неронавым Рыме, напісаў раман і таксама захацеў яго пражыць – бо сам у рэальным жыцці нічога падобнага не меў. І яны з сябрам-вольнаадпушчанікам селі на аслоў і адправіліся ў падарожжа, паўтараючы прыгоды герояў. Блыталіся па прытонах, разбойніцкіх сховішчах, оргіях…
Арсенія паспрабавала ўтульней усесціся на жорсткім чэрапе манітора – не ўдалося. Вось жа няёмкасць – усебаковая. Знізу – вострая грань манітору, мазгі кампасціруе літаратурны геній, і ці не лепей вярнуцца да тэчак? Оргіі, прытоны… Ася выдатна памятала сюжэты Вячкавых раманаў: рыцары з гатычных замкаў шукаюць цмокаў у вазёрах Віцебшчыны, замкнутыя ў сутарэннях паненкі адмаўляюцца ад шлюбаў па прымусе, яшчэ абавязкова скарбы трэба адшукваць – і скарбы абавязкова праклятыя… А яшчэ Вячка любіў падарожжы ў часе. Змешваць эпохі, перакідаць туды-сюды герояў, ды каб у прышэльца з іншага часавага вымярэння надарылася рамантычнае каханне… А яшчэ хтосьці з герояў сабой ахвяруе, на пакутніцкую смерць дабраахвотна пойдзе, ворагам у пашчу… А каханая, што яго пры жыцці мучыла, тады валасы на сабе ірве і светлую памяць захоўвае. А антураж які: палац візантыйскага імператара, пячора ў вампірскіх Карпатах, зал у Нясвіжскім палацы, нетры Белавежскай пушчы, рымскія катакомбы… І як Вячка збіраецца гэта пражываць? Арсеніі зрабілася нудна, як заўсёды, калі да яе прарываўся аўтар, якога трэба было, асабліва не крыўдзячы, адправіць з Богам і з ягоным абсалютова “Сокалу-прынту” і асабіста Асі непатрэбным рукапісам.
– Ведаеце, гэта, напэўна, цікава, але я не захапляюся ролевымі гульнямі.
– Позна, – твар Вячкі перакрывіўся не самай лагоднай усмешкай.—Ты ўжо ў гульні. Думаеш, я да цябе выпадкова прыйшоў?
Побач ізноў прагудзеў-праляскаў ліфт. Вячка адкрыў рукапіс на пачатку і зачытаў спалатнелай Асі ўрывак:
– “Яна моўчкі глядзела на твар намаляванай дзяўчыны, і ёй здавалася, што яна глядзіць на самую сябе. Можа, нехта са знаёмых па студэнцкім юнацтве мастакоў намаляваў яе па памяці ў старажытным строі? Але выратавальную думку адпрэчыла шыльдачка пад партрэтам: “Графіня К., 19 стагоддзе, мастак невядомы”. Гэты высокі белы лоб, расчасаныя на прабор гладкія, як шоўк, валасы, вялікія цёмныя вочы… Незвычайны для нашага часу выраз рахманасці і чысціні. А яшчэ яна адчула, што шалёна ненавідзіць намаляваную дзяўчыну – і не разумее, чаму…”
– Выходзіць, вы пісалі пра мяне? – прагаварыла Ася.
Вячка раздражнёна ссунуў бровы, як настаўнік над вучнем, што ніяк не можа скласці два і два.
– Я пісаў раман. Я ўсё гэта ўявіў – на архіўных матэрыялах пра род Корб-Варановічаў. Напачатку дзеянне адбывалася толькі ў першай палове дваццатага стагоддзя. А тады я зразумеў, што яно павінна працягнуцца ў сучаснасць. І ў рэальнасць… Мусіць жа быць кропка сыходу, з якой усё пачнецца? І вось учора ўвечары мастак Андрусь Камароўскі, сябра мой, распавёў, што на прэзентацыі бачыў партрэт, страшэнна падобны да адной дзяўчыны, да якой калісьці… прабач, ён назваў гэта “клеіўся”. І дзяўчына, трэба ж, робіць у будынку, дзе й галерэя. Шкада, не прыйшла. Цікава было б пабачыць яе каля партрэта. Бо на прэзентацыі, хто з “Сокала-прынта” быў, усе гэта абмяркоўвалі – ці сваячка Ася Вяжэвіч графам Корб-Варановічам… І я зразумеў – гэтак жа ясна, як поўху – гэта і ёсць мой шанец… Ты.
Светла-зялёныя вочы Вячкі гарэлі драпежным энтузіязмам, і ён яшчэ больш, чым заўсёды, нагадваў Асі ваўка – у якога ніколі не будзе сваёй зграі.
– А што там далей, у кнізе? – асцярожна папыталася Ася.