32288.fb2
Корб-Варановіч спыніўся і ганарыста ўскінуў галаву.
– Я не магу бяззуба ўсміхацца на абразы. Леанід Калантай мае рацыю – я мушу абараняцца! Даводзіць сваю навуковую праўду! Вы проста не разумееце майго становішча…
– Вы так лічыце? – сумна прамовіў дэкан.—Ну, так, ваш Калантай падкажа… Прабачце, але гэта не той чалавек, парады якога варта слухаць. А памятаеце, як на нядаўнім банкеце, калі святкавалі юбілей Ігнатоўскага, да мяне падсеў гэты тып, былы падпольшчык з Наркамасветы? Вы яшчэ пыталіся, пра што мы з ім гаварылі?
– Н-ну… Памятаю...
– Дык вось, ён назваў мяне свіннёй, таму што я не падзяляю іх лінію, ваджуся з такімі, як Корб-Варановіч, і яны мяне “шыбануць”.
Дацэнт збялеў.
– Я вас падстаўляю… Навошта вы прыйшлі сюды?
Суразмоўца супакаяльна працягнуў даланю.
– Ціха, ціха… Я ведаю, што раблю. Усё роўна я – сын святара. Паповіч. Гэты “грэх” мне не выкупіць нічым, таму ўсё астатняе не мае вялікага значэння. Калі мяне захочуць прыбраць, знойдуць за што. А вы так і не адказалі на маё пытанне пра Карыбутовіча. Як ваш непасрэдны начальнік, я павінен ведаць, што гаварыць у вашую абарону. Як вы самі тлумачыліся з чэкістамі?
Дзверы грукнулі – нейкі студэнт сунуў у аўдыторыю віхрастую галаву, сустрэўся з сярдзітым позіркам дэкана і зараз жа схаваўся. На калідоры пачуліся хуткія крокі і вясёлы смех, яны аддаляліся, нібыта ў іншым свеце. Корб-Варановіч нават не павярнуўся, ён стамлёна абапёрся аб кафедру, нібыта збіраўся чытаць дзесятую за дзень лекцыю, і схіліў галаву з акуратнай цёмнай стрыжкай. Па шыбах цякла ўжо сапраўдная залева, скажаючы абрысы дрэваў за вакном так, што яны здаваліся водарасцямі, якія павольна выгінаюцца ў глыбінных хвалях. Паглынулі мяне воды Твае…
– Я адказваў так: у мяне быў цёзка. Штабс-капітан Корб-Варановіч. Але я бачыўся з ім толькі адзін раз, у Клецку, у 1918-м, на балі ў гімназіі, дзе служыў настаўнікам. Мяне пазнаёміў з ім стрыечны брат маёй жонкі Сяргей Паўлючыц. Сяргей быў зусім малады. Яго, відаць, ачмурылі гераічнымі расповедамі, усёй гэтай ваўкалацкай сімволікай, якую любіў Карыбутовіч, і ён уступіў у банду і ў тым жа годзе загінуў, падрабязнасцяў не ведаю. Пасля згаданага выпадку ні я, ні мая жонка ні з тым Корб-Варановічам, ні з Сяргеем Паўлючыцам не бачыліся. Пра лёс Корб-Варановіча нічога не ведаю.
Голас лінгвіста гучаў глуха, нежыццёва, нібыта кожную фразу перад гэтым ён ужо прагаварыў разоў сто.
Дэкан паківаў галовой, падышоў да дацэнта, які так і не скрануўся з месца і не падняў галавы, паклаў на імгненне руку яму на плячук і выйшаў з аўдыторыі. Мудры ідзе за сваім лёсам. Нямудрага лёс валачэ за сабой.
Што ж, гады рэвалюцыі кідалі людзей, як трэскі ў віры. Нават пралетарскі пісьменнік Максім Горкі тады жахнуўся і ў 1918 запісаў у сваіх “Няўчасных думках”: “Грабят и продают церкви, военные музеи, – продают пушки и винтовки, разворовывают интендантские запасы, – грабят дворцы бывших великих князей, расхищают все, что можно расхитить, продается все, что можно продавать, в Феодосии солдаты даже людьми торгуют: привезли с Кавказа турчанок, армянок, курдок и продают их по 25 руб за штуку. Это очень “самобытно”, и мы можем гордиться – ничего подобного не было даже в эпоху Великой Французской революции”.
Дождж суцішваўся, хаваючыся ў маладой лістоце, як падлетак, які нашкодзіў, накрычаў, а тады крадма залез на гарышча роднай хаты, спалоханы сваім свавольствам і пакрыўджаны на свет, які за гэтае свавольства неадменна пакарае.
Алесь Вяжэвіч ад дажджу не бараніўся ніколі – гэта быў ягоны сябар і брат, гэтак жа, як вецер ці снег. Паэт мусіць адчуваць роднасць з вольнымі стыхіямі! Таму і ішоў зараз у Татарскі канец Менску, дзе на кватэры ў Аўтуха Папара збіралася студэнцкая грамада, шчодра вымачаны “вольнай стыхіяй” – хаця дождж ужо ператварыўся ў незаўважную імжу, з валасоў капала, а з чаравікаў пры кожным кроку вылівалася халодная вада. Алесь шыбаваў, горда закінуўшы галаву. І, вядома, і ценю думкі не ўзнікала, што выглядае ён смешнавата і нават жаласна – пінжак, абвіслы ад вады, доўгі чуб прыліп да ілба… А побач шкандыбае, схаваны пад кяпуркаю з вялікім брылём, наставіўшы каўнер скуранкі так, што вушы схаваліся, жыўчык П’янкоў. Хведар, як заўсёды, размахваючы рукамі, не пераставаў бубнець:
– І нашто перціся было ў самую залеву? Перачакалі б ва універсітэце… Не хапала застуды ў самую сесію…
– Не цукар, не размокнем! – адрэзаў Алесь.—Калі застудзімся – дык у таты майго спірытусу мора, з бальнічных запасаў. Хлопнуць па кубку – і ўсё. А тырчэць ва універсітэце, які спаганены прысутнасцю гэтага чарнасоценца…
П’янкоў, смаргануўшы носам, асцярожліва папытаўся:
– Слухай, Алесь, а чаго ты так Корб-Варановіча ненавідзіш? Не, я сам яго не зношу, і ўсе сумленныя беларусы… Але ж цябе проста перасмыкае пры найменшай згадцы пра яго. А мы ж напачатку, між іншым, думалі, што ты ягоны сваяк. Ты ж да яго падобны, як два яблыкі з адной яблыні, толькі ў цябе валасы светлыя, а ў Варановіча – цёмныя. А вось бацька твой з ім дык увогуле – дзве кроплі вады… Можа нейкія рахункі ў вас з ім асабістыя?
Хведар прагна чакаў адказу, нават ягоны худы твар, здавалася, яшчэ больш выцягнуўся. Алесь злосна фыркнуў:
– Калі б я ведаў, што ў ва мне ёсць частка ягонае крыві, я б яе сам сабе выпусціў! Я яго як класавага ворага ненавіджу! Яго продкі, між іншым, панамі ў маіх прадзедаў былі. На стайню, як відаць, пасылалі. І багацця мелі нямерана, пасля, праўда, зусім згалелі. Але ж сутнасці сваёй гнілой не змянілі! Паглядзі, як ён часам трымаецца – быццам роднага брата забіў, і цяпер сумленне заглушыць хоча.
– Я-асна… – працягнуў сябрук. – А да Язэпа Лёсіка як ты ставішся?
– Спадар Язэп сапраўдны беларус!—прасвятлеў твар Алеся.—Паболей бы такіх!
– А Вацлаў Ластоўскі табе як? Кажуць, ён масонам быў…Ты чуў штосьці пра гэта?
Вяжэвіч страсянуў з валасоў дождж.
– Можа, і быў… У яго пярсцёнак такі дзіўны ёсць, на мезенцы носіць. Пры царскім рэжыме людзі блыталіся, кожны па-свойму да рэвалюцыі ішоў. Вось мой бацька, напрыклад, з эсэрамі калісьці звязаўся… Толькі пра гэта, браце, вядома, нікому не расказвай. Бацьку і так цяжка. Праца ў яго цяпер – не кожнаму па сілах, у турэмнай бальніцы. З арыштаванай контрай ён справу мае.
– І што, расказвае дома пра сваю працу?
Цяпер у голасе Хведара з’явілася нейкая штучная абыякавасць, але Алесь нічога не заўважыў. Загаварыў здушана, як пра даўнюю хваробу.
– Ды нічога не распавядае. Ні слова. Прыйдзе дадому, усіх з пакою выгане, спірт глохча. Ведаеш, зусім іншым чалавекам зрабіўся. Не памятаю, калі апошні раз ён смяяўся, ці на піяніна граў, ці маці кветкі дарыў… А раней, калі ў чыгуначным шпіталі працаваў, кожны дзень цягаў ёй хоць рамоначак які! А ўзімку, уяўляеш, у сябе ў кабінеце ў слоік з вадой ставіў галінкі бярозы і вярбы, і як зазелянее галінка – прыносіў маці замест кветак.
Твар Алеся зрабіўся зусім хлапечы, шэрыя вочы свяціліся – вось такім ён быў, калі да яго прыходзілі тыя вершы, якія ён лічыў сваёй слабасцю ў адрозненне ад радкоў, што пакутліва выштукоўваў, услаўляючы камсамол, фабрыкі і трактары… А ў гэтых, нязваных, серабрыўся туман над поплавам, пагойдваўся арэлямі месяц, і самая прыгожая ў свеце дзяўчына з рысамі Веранікі Манцэвіч расплятала косы над люстэркавай ціхай вадой…
Ганьба для камсамольскага паэта. Правільна яго лаялі ва універсітэцкай насценгазеце, і на паседжаннях “Маладняка”, і ў часопісе “Полымя”. І незразумела, чаму і адкуль прыходзяць яны, такія няправільныя вершы, і ад іх гэтак салодка-пакутна, гэтак нясцерпна-ўзвышана, як ніколі не бывае ад патрэбных радкоў пра станкі, заводы і камсамол. І, калі ўдумацца, чым ён, падлеглы сентыментальным буржуазным улывам паэт Алесь Вяжэвіч, лепшы за таго Корб-Варановіча?
Але ўспамін пра дацэнта, які, у прынцыпе, нічога кепскага яму, Вяжэвічу, не зрабіў, зноў пагнаў дрыготку нянавісці па целе…
– Што, ужо ліхаманіць? — буркатліва заўважыў П’янкоў. – Будзеш ведаць, браце, як цягацца пад “вольнай стыхіяй”… Крочым хутчэй, а то без нас усё віно пап’юць.
Алесь нічога не адказаў, толькі прыспешыў крок. У небе між хмар паказалася маленькая сіняя лапінка, але да чыстага неба было яшчэ далёка.
За шыбамі кабінета на трэцім паверсе наркамата замежных справаў неба было зусім шэрым, і ніякіх дрэваў пад вакном. Калі не ведаць, які сёння дзень, можна было падумаць, што гэта не травень, а кастрычнік ці нават лістапад. На стале з цёмнага дрэва, магутным, як пастамент для статуі Юпіцера, і шчодра пакрытым бліскучым лакам, стаялі два парцалянавыя кубкі, такія пяшчотна-блакітна-ружовыя, з танесенькімі пазалочанымі ручкамі, што страшна было браць у рукі, здавалася, заверашчаць ад жаху, што іх раздушаць грубыя пралетарскія пальцы.
Хведар асцярожна паставіў свой кубак на гэткі ж далікатны сподачак, нібыта ён быў да краёў поўны, хаця насамрэч Хведар ужо выхлябтаў усю гарбату, нязвыкла салодкую.. Цукру ў гэтым кабінеце не шкадавалі. Напэўна, не скупіліся й на іншае… Свецкую ідылію псавалі ледзь прыкметныя, але ўсё-ткі бачныя паралельныя драпіны на лакавай паверхні стала: нібыта нехта ў смяротным адчаі хапаўся пазногцямі за гладкую паверхню, яго цягнулі назад, а ён зноў вырываўся і ламаў пазногці аб цёмнае дрэва… П’янкоў нібыта наяве пачуў крыкі…
Вось дурныя фантазіі… Гэта ж не турма, не следчы кабінет ГПУ – наркамат замежных спраў. Пазногцямі добры мэблевы лак не падрапаеш. Хведар дакладна гэта ведаў – у дзяцінстве давялося дапамагаць бацьку-цесляру. П’янкоў страсянуў галавой і, каб адагнаць морак, аддана ўтаропіўся ў мудрыя вочы намаляванага Леніна – вялізны партрэт у цяжкой багетнай раме вісеў, як мае быць, на сцяне за спінай гаспадара кабінета… Добра, што таварыш Калантай не валодае здольнасцямі чытаць думкі. Хаця для важнай справы, якой яны абодва займаюцца, гэтая якасць вельмі прыдалася б.
Таварыш Леанід Пятровіч Калантай, акуратны да лялечнасці мужчына гадоў трыццаці, апрануты ў дыхтоўны гарнітурчык з дыяганалі, з прылізанай валасок да валаска доўгай грыўкай, што акуратным трохкутнікам закрывала палову гладкага ілба, нарэшце адарваў вочы ад аркуша, спісанага дробным почыркам.
– Што, і праўда Ластоўскі носіць на мезенцы пярсцёнак?
Хведар паціснуў плячыма.
– Сам не бачыў. Але, думаю, Вяжэвіч не стаў бы прыдумляць.
– Магчыма… А вось інфармацыя пра тое, які вялікі ўплыў мае на студэнтаў Лёсік, нас даўно трывожыць. Гэта выразны нацыянал-буржуазны ўплыў. І шавініст Корб-Варановіч нам у нейтралізацыі гэтага ўплыву дапаможа.
– Як? – здзівіўся П’янкоў. – Я ж думаў, дацэнт – наш вораг!
– Вядома, вораг, – ласкава пацвердзіў гаспадар кабінета. – І вельмі зацяты. У маладой савецкай дзяржавы шмат ворагаў – з усіх бакоў. Разумееш? З розных бакоў! Усе гэтыя закаханыя ў Лёсіка, Ластоўскага і Ігнатоўскага нападаюць на Корб-Варановіча? Але яны ж не таму на яго нападаюць, што за Савецкую ўладу хварэюць душою, а таму, што ён не згодны з іхняй пальшчызнай. Яны тым выяўляюць сваю гнілую сутнасць. З другога боку, змагаючыся з нацдэмамі, Корб-Варановіч ды іншыя вялікадзяржаўнікі таксама сваю гнілую сутнасць выяўляюць… Вось няхай яны адзін аднога і выкрыюць. Вось што, Хведар…
Таварыш Калантай устаў з крэсла, прайшоўся па кабінеце, важна заклаўшы за спіну рукі – выглядала б гэта й зусім салідна, калі б не малы рост, не ратавалі нават высокія абцасы бліскучых ботаў, пашытых на замову.
– У хуткім часе Корб-Варановіч выступіць з дакладам на паседжанні Акадэміі навук. – Калантай па-змоўніцку пасміхнуўся.—Думаю, яго будзе не цяжка пераканаць, што абавязкова трэба публічна выказаць свае погляды, агучыць аргументы… Ён, вядома, усё і выкажа… А ты, Хведар, павінен паклапаціцца, каб у асяродку студэнтаў правільна ацанілі ягоныя шавіністычныя выказванні. Знайдзі некалькі чалавек – магчыма, тых жа Вяжэвіча, Папара, гэтую прыгажуньку Манцэвіч… Прапануй ім з’ездзіць у Ленінград, дзе вучыўся Корб-Варановіч, пагаварыць з ягонымі былымі аднакурснікамі, знаёмымі – сабраць доказы, што ён добра замаскаваны вораг. Я падкажу, каго наведаць… Запэўніваю – звесткі будуць найцікавыя! Ад Корб-Варановіча застануцца рожкі ды ножкі. А потым настане чарга ягоных апанентаў. І мы ачысцім савецкую навуку ад буржуазнага шалупіння! Ясна?
Худы твар Хведара пайшоў чырвонымі плямамі.
– Можа, не трэба Манцэвіч? Яна… дурнаватая.